Доўга, доўга стаяў пад вакном…

Доўга, доўга стаяў пад вакном…
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1928
Крыніца: Узвышша. – 1928. – № 1. – С. 115.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




* * *


Доўга, доўга стаяў пад акном я і марыў.
Беглі хмары кудысьці на поўдзень і ўсход.
Дарагія, як песні, празрыстыя хмары,
Ап’янялі вы грудзі нязнанай тугой.

Захацелася жыць, і імкнуцца, і верыць.
І пражытага раптам мне стала шкада,—
Нехта стукае ўпарта ў дубовыя дзверы,
Нехта просіць мяне сваю песню аддаць.

Уваходзьце усе. Ёсць віно і гарэлка,
Буду ўсіх дарагіх частаваць давідна.
Калі нехта ў жыцці перавёў адну стрэлку,
То нахлынуўшых мук не жадаю кранаць.

Сёння свята маё. Сёння я багацейшы
Ў сотні раз гэтых буйных трывожных людзей.
Не шкада мне для іх, ў барацьбе дагарэўшых,
Ні жыцця, і ні дум, і ні песні надзей.

Ад мяне не пасмее ніхто прыгажосці
Гэтай любай прыроды і песні забраць…
Я між іншых прайду зачарованым госцем,
Беручы, што дае мне мой бацькаўскі край…