Драматычныя паэмы (Клімковіч, 1947)/Георгій Скарына/Частка другая

Частка першая Георгій Скарына. Частка другая
Драматычная паэма
Аўтар: Міхась Клімковіч
1947 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ДРУГАЯ


AKT І

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ.

Георгій Скарына — доктар медычных навук.
Товій — яго памочнік.
Якуб Бабіч — старшыня Віленскага магістрата.
Юрый Адвернік — лаўнік таго-ж магістрата.
Маргарыта — яго жонка.
Дарота — яе маці.
Багдан Онькаў — лаўнік, член магістрата.
Вартаўнік магістрата, былы скамарох.
Сцяпан, таксама былы скамарох, яго прыяцель.
Айцец Мацей — легат праваслаўнай епіскопіі.
Айцец Сіман — яго памочнік.
Ёган фон-Шпілер — легат каталіцкай епіскопіі.
Мардахай — падручны Адверніка.
Віленскія радцы праваслаўнай і каталіцкай веры.

Вільня, 1514 год. Зала паседжанняў магістрата. Падтрыманыя калонамі цяжкія каменныя скляпенні і сцены распісаны народнымі арнаментамі і гербамі гарадоў, з якімі Вільня вядзе гандаль. У глыбіні сцэны, пасярод невысокае ўзвышэнне. На ім сталы бургомістра і піcapa, масіўныя, дубовыя, з выразанымі ножкамі, і такія-ж крэслы з выразанымі спінкамі. На бургомістравым стале фаліянты гандлёвых метрык, выразаныя ступкі з пукамі гусінага пер’я, аздобленыя ўзорамі скрыначкі, — дзе, магчыма, хаваюцца пячаці, — пясок для прысыпкі напісанага, чарніла. Асобна пясочны гадзіннік. Вышэй стала герб горада Вільні, выразаны на дубовай дошцы, а з абодвух бакоў два кіёты, праваслаўны і каталіцкі, бо лаўнікі Вільні выбіраліся ў роўнай колькасці ад католікаў і праваслаўных. Бліжэй да авансцэны — рады лавак, месцы лаўнікаў, членаў магістрата.
Раніца прабіваецца сонечнымі промнямі праз шматкаляровыя шыбы стрэльчатых вокнаў. За сталом бургомістра у крэслах спяць два не бог ведае як апранутых чалавекі. Їхнія ногі, дзве босыя і дзве ў лазовых лапцях, зручна размясціліся на бургомістравым стале паміж гандлёвых метрык і іншых аздоб гэтага стала. На выразанай спінцы пісаравага крэсла вісяць лапці, а на яго стале — кадушачка з-пад піва, коўш і шматкі ад закусі: відавочна гэтыя людзі, перш чым заснуць, добра выпілі і падсілкаваліся. Сонныя — гэта былыя скамарохі, а зараз — адзін з іх вартаўнік магістрата, а другі яго госць, Сцяпан. Вартаўнік, што ў лапцях, нарэшце прачынаецца, пацягваецца, расплюшчвае вочы.

Вартаўнік.
Цьфу, цьфу, каб ты згарэла з магістратам разам!
Ну і заснулі, як пшаніцу збыўшы!..
А ўжо раз’яснела, бы у ксяндза на цемю,
I хутка можа сам бургомістр надыйсцi…
Гэй, гэй, Сцяпан! Прачнiся, каб ты спух,
I памажы мне лапці зняць з стала,
За ім-жа ясныя паны усёй Вiльняй правяць.

(Сцяпан нешта мармыча, дрыгае босымi нагамі, але не прасынаецца).

Не хочаш? Ну дык сам здыму.
Хоць я і вартаўнік галоўны магістрату,
Але ад працы не адвык яшчэ.

(Бярэ рукой за верхняе вушка лапця і пераносіць нагу з iм праз рэчы на стале, прыгаварваючы).

Ты, левы лапаць, лезь сюды пад стол,
Ты, правы лапаць…

(Спыняецца, узіраецца ў лапаць, пакручваючы яго з нагой разам).

Пачакай!
Вiдовiшча, яй-права, не з благiх:
Лазовы лапаць на стале сталiцы,
Разлёгся, як купец славуты!
Хай пакрасуецца яшчэ хвіліну.

(Раптам мяняе тон, крычыць голасна).

Сцяпан! Пажар! Ратуйся!
Сцяпан. (ускочыў).
Па-жар?! Дзе? Што гарыць?
Вартаўнік. (запявае).
На гары святлела, святлела:
Камарова хата гарэла, гарэла.
А згарэла дабра шмат,
З павучыння шаўковы плат,
Арэхавая чашка мёду згарэла,
Мушыная лытка мяса сатлела!..
Сцяпан. (заспакоіўся і пачаў абувацца):
Каб ты ўжо сам сатлеў, няйначай,
Во, госпад надзяліў каго удачай:
Без скамарошаства не ступіш кроку.
Так напужаў!..
Вартаўнік.
А што-ж рабіць, як не смяяцца, браце,
За смех нам ― скамарохам плацяць,
А слёз, брат, у людзей сваіх хапае,
Не натаргуеш з іх.
Сцяпан.
Як бачу,
З купцамі ты павёўшыся, і сам
Купцом быць лучыш…
Вартаўнік.
Ды ўжо-ж!
Ля млынара патрэшся, будзеш у муцэ.
Вось так i я: каля купцоў патруся, —
Тады-сяды і мне што-што перападзе:
То зубатычына, то падзатыльнiк, то каршня
У тое месца, дзе ўсадзіў бог ногі…
Сцяпан.
Ну й чарка часам ў зубы…
Вартаўнік.
I чарка часам, хоць не надта часта.
Не так, як колісь, у часы пахода
З Міхайлам, князем Глінскім! Вось тады
I папiлi мы, браце! Як успомніш, —
Аж сліну гоніць…
Сцяпан.
Папілі, ты кажаш?
Ну й прапілі паход.
Вартаўнік.
Як прапілі?!
Ну, а Смаленск? А Северскія землі?
Хто iх з-пад ляхаў вырваў? Ды чакай,
Былі тут весткі, што каля Дняпра
Маскоўскiя пасталi ваяводы,
Што Глінскі з iмi зноў?
Сцяпан.
Не цеш дарэмна думкі, браце.
Цар вывеў войска — незлічоны свет,
Ды ваяводы царскія, як ракі,
Куды хто хоча, той туды паўзе,
Пазабываліся, як цар іх супраць шэрсці гладзіў.
I Глiнскi твой, пакуль не знаў, не ведаў
Парадкаў царскіх, быў як чалавек,
З Літвой і з Польшчай біўся ён сумленна,
Смаленск узяць нам дапамог.
Пасля-ж пабачыў, што Масква — дзяржава,
Што не баяры правяць там, а цар, —
I завiляў хвастом перад панамі.
Вартаўнік.
Адкуль ты ведаеш?
Сцяпан.
Паранены баярскі сын казаў,
Што перабегчы зноў маніўся
Сюды твой Глiнскi, к Сiгiзмунду-каралю.
Вартаўнік.
О, каб ён ногі паламаў!.. Ну й як? Злавілі?
Павесiлi?
Сцяпан.
Злавіць злавілі, толькі і цару шкада
Такую галаву, як порхаўку, каб сцялі,
Бо нездарма-ж яе назад палякі вабяць
I вiны ўсе даруюць…
Вартаўнік.
Ты не кажы пра гэта тут: не трэба
Народ палохаць весткай нежаданай.
Ты ад каго сюды, адкуль прыбрыў?
Сцяпан.
Андрэя-знахара у Полацку ты помніш?
Я ад яго.
Вартаўнік.
А дзе ён?
Сцяпан.
Над рэчкаю Бабром
Лячыў ён вояў раненых маскоўскiх зеллем,
I сам паранены сканаў, паслаўшы
Мяне сюды да Скарыны… Ці чуў такога?
Вартаўнік.
Ну, як не чуў? Ён тут бывае часта
У апошнія часы, і сёння
Напэўна будзе.
Сцяпан.
То добра я патрапіў да цябе,
І як пазнаў, не ўцямлю: ты-ж кульгавы.
Вартаўнік.
З часоў паўстання закульгаў
I кiнуў скамароства. Дзякуй радцам —
Вартаўніком сюды ўзялі. Ну, браце, годзе
Язык аб зубы бiць,
Давай-ткi прыбярэм свiнушнік гэты,
Што настаялі мы за ноч, каб ён не трапіў
На вочы пану Бабічу і радцам.

(Яны прыбіраюць са стала і накіроўваюцца да ўваходных дзвярэй).

А самi сыйдзем да мяне ў камору:
Там заваляўся недзе піва добры гляк.

(Здымаюць засоў з дзвярэй і выходзяць. Праз нейкі час уваходзяць Дарота і Маргарыта. Абедзве жанчыны ў чорным, з накінутымi на плечы поўфутрамі. Дарота апіраецца на кіëк).

Маргарыта.
Я-ж вам казала, маці, яшчэ рана.
Дарота.
Для тых, каму патрэба ёсць,
Нiколi не бывае рана. Вось для тых,
Патрэбу маеш да каго, бывае рана.
Заўсёды раніцой тут менш народа,
А мне, каб вiжаваць i дом і спадкі
Ў сваім лісце задушным на цябе,
Не трэба лiшнiх сведак.
Маргарыта.
Спяшацца з тым няма патрэбы.
Дарота.
Я не пыталася ў смерці, а яна
Зайсці заўсёды можа мiмаходам.
Маргарыта.
Навошта вам аб смерці думаць, мацi?
Дарота.
Вось і шкада, што чалавек не дбае
Пра смерць амаль нiколi, усё здаецца,
Што будзе век і малады і дужы.
I я не думала пра смерць, пра старасць,
Пра тое, дзе, куды я галаву схілю…
Не! Думала і я, цябе аддаючы
За шляхціца Адверніка, за скарбы,
Што буду мець прытулак свой на старасць,
Што на пярыне буду спаць,
На золаце, на срэбры буду есці…
Маргарыта.
Дарэмна раны кратаеце, мацi,
Сабе і мне…
Дарота.
Казніць сябе хачу за тое,
Што не паслухала цябе,
Жыццё табе разбiла.
Маргарыта.
Не трэба, маці. Што карысцi з казні,
Калi назад не вернеш?
Дарота.
Знаю.
Калі-б магла вярнуць, я на сваю душу
Грэх найвялікшы узяла-б, дачушка.
(Нахіляецца да яе, гучным шэптам.)
Нічога, пацярпі… Стары Адвернiк, чуеш?
Дык не Кашчэй ён несмяротны, — луне…
Маргарыта.
Не верне Юрку мне і смерць яго.
Дарота.
Дык iншы знойдзецца. Таму й хачу
За часам перадаць табе хоць тое,
Чаго не выманіў Адвернік у той час,
Калі вакол мяне й майго здабытку,
Як ліс каля гусей, круціўся.
Глядзi-ж, каб ён ні лёсткамі, ні грозьбай
I шэляга не вырваў з гэтых скарбаў,
Хіба што на пятлю сабе.
Маргарыта.
Не вырве, маці, нават на пятлю.

(Уваходзiць Адвернік і спыняецца здзіўлены).

Адвернік.
Вось не чакаў каго спаткаць…
Дзень добры, цешча! (Да жонкі.) Ты-ж чаго
Крадком ад мужа, блудная авечка,
Ледзь золак выскачыла ў людзі?
Дарота.
Яна са мной і па маім загаду.
Адвернік.
Ці не спазнілася ты, цешча, на загады?
Загады маці — дзеўцы да вяселля,
Пасля замужжа — муж загадчык.
Дарота.
Не на благое загадала й я.
Адвернік.
Я ведаю… Ды ў сэрцы запякло,
Што у мяне дазволу не спытала…
Чаго вы тут, калi сказаць мне можна?
Дарота.
Па справе, па сваёй.
Адвернік.
Дарэмна, маці, ад мяне ў таямніцы
Трымаеце свае вы справы:
Хто, апроч мяне, дапамагчы
Вам можа добраю парадай?
Вось і зараз… Спаткаў вас незнарок
I думаю: а што калi
Мне цешчу далучыць да добрай справы?
Дарота.
Да якой?
Адвернік.
Да залатой ракі,
Якая так праз год
Набіць гатоўкай можа сундукi
I не малыя, мацi!
Дарота.
Якая-ж гэта справа?
Адвернік.
Кнiгi!
Ты-ж ведаеш сама, як мала кніг на свеце,
Якая ў іх патрэба для ксяндзоў,
Для шляхты маладой, для дзетак.
А тут з’явіўся гэты… Скарына
Георгій, а цяпер Францышак, доктар.
Дарота.
Чакай! Той самы сын Скарыніч з Полацка, якi…
Адвернік.
Той самы, маці, што калісьці
Няўдала сватаў вось яе, аб чым
Яна й дагэтуль усё забыць не можа.
Маргарыта.
Мой бог!
Адвернік (захоплена).
Дык вось хачу
Яго я ў свой хамут упрэгчы.
Ён магістрату Вільні прапануе
Пабудаваць друкарню, словалітню,
Каб кнiгi бiць, а не пiсаць, як зараз
Манахі пішуць ад рукі. Ты разумееш?
Кнiг сотню, тысячу адбіць за год!
А кнiга кожная каштуе грошы колькі!
Маргарыта.
Прычым тут ты?
Адвернік.
Разумны чалавек прычым заўсёды.
У магістрата гэту справу я перахвачу.
Мне трэба толькі дом асобны для яго,
Бо я сабак, здаецца, з ланцугоў
Спушчу, калі у браму ён паткнецца.
Дарота.
І з прыязню такой
Табе служыць ён будзе?
Адвернік.
Ён блазан боскі і яму ўсёроўна,
Каму сваё умельства нi прадаць.
Ты адступі свой дом мне, цешча, для яго.
У долю я цябе прыму.
Дарота.
Сама-ж куды?
Адвернік.
Ка мне хаця-б. Табе заўсёды месца
I цёплы кут і хлеб знайду я.
Маргарыта.
Дзякуй!
Адвернік.
А не, — пакой у даму гасцінным,
Дзе ты жыла калісьці, твой заўжды.
Адвернік (смяецца).
А што калі сама, адна яму аддам я
Свой дом, Адвернік?
Не, мацi, — быў калісь канёк,
Ды з’ездзіўся. Ты ў справах больш не цяміш.
Дом — толькі чвэртка справы, трэба грошы.
Маргарыта.
I шмат?
Адвернік.
Што, можа ты дасi? Мо’ ля касцёла
З працягнутай рукой iх назбіраеш?
Не забывайся, Маргарыта, што прад богам
Звянчалi нас ксяндзы на векi векаў. Амэн!
I зрэшты рэшты справа не твая!
Ідзі дамоў, глядзi дзяцей, гасподы,
I ведай, — вось прад маткаю кажу, —
Што кожны крок твой буду я сачыць,
Як не сачыў яшчэ дагэтуль.
Маргарыта.
Пойдзем, маці.
Дарота.
Чакай… хвіліну.
(Адверніку.) Ты думаеш, што лаўнікі твае —
У бога дурні, што табе кавалак гэткі
Аддадуць без бою?
Адвернік (упэўнена).
Вырву!
Бо без мяне не дасць дазволу біскуп,
Так мне казаў фон-Шпілер, мой супольнік.
Дарота.
Цяпер хадзем, дачка.
Адвернік.
А як-жа з домам, маці?
Дарота.
Падумаю, разважу, памяркую.

(Яны збіраюцца выходзiць, але уваходзіць вартаўнік).

Вартаўнік.
Дзень добры, пан Адвернік! Мардахай
Прасіў сказаць, што ён навiны мае.
Адвернік.
А гэта я к памоцніку Францышка, к iудзею,
Свайго быў падаслаў. (Вартаўнiк.) Вядзі ў камору.
Што злева ад уваходу. Стой, я сам iду!
(Цешчы.) Дык памяркуйце добра, маці.
Справа — шкелка!

(Вартаўнік прапускае яго ў дзверы i кажа).

Вартаўнік.
Ды ўжо-ж,
Дзе пан Адвернік, там барыш заўсёды…

(А калі той знiк за дзвярыма, прадоўжвае).

Як там, дзе падла, — воўчы след.

(Выходзіць услед за Адвернікам).

Маргарыта (хутка падаецца да Дароты).
Мама!
Я застануся тут, хачу пабачыць
Хоць вокам, хоць адным! Хачу пачуць
Хоць слова з яго вуснаў…
Дарота.
Цс-с-с!
Ты хочаш сораму на галаву сваю?
Маргарыта.
Я ля дзвярэй стулюся у куточку,
Зірну і выйду, маці…
Дарота.
Убачаць людзі, бы у званы зазвоняць.
Маргарыта.
Што я людзям? Прышла сюды за справай,
А мук душы маёй ніхто не знае.
Дарота.
Муж ведае. Ты хочаш пекла у доме?
Маргарыта.
Там пекла ўсё адно.
Дарота.
Сталейшай будзь. Хто знае, ён якім
Сюды вярнуўся? Чула-ж, доктар
І кнігапісец слынны… На цябе
Mo’ і зірнуць ён не захоча болей.
Жаніўся мо’ даўно…
Маргарыта (упаўшым голасам).
Я згодна… пойдзем.
Дарота.
Уто-ж бо то. Раней я распытаю,
Прачую між людзей, і калі што якое,
Знайду сама вам час і месца лепей…
Хай будзе грэх той на маёй душы.

(Уваходзіць Товій).

Товій.
Дзень добры вам! (Узіраецца ў Маргарыту.) Даруйце…
Дарота.
Дзень добры. Хто ты?
Товій (Маргарыце).
Даруйце мне, але, здаецца, бачыў
Я вас калісьці? Вы — не пані Маргарыта?
Маргарыта.
Я вас не помню…
Товій.
Я — Товій, я — слуга і друг
Францышка Скарыны, слаўнейшага між слаўных.
О, як мой пан быў рад-бы вас пабачыць!
Маргарыта (ціха). Мяне ён помніць?
Товій.
Як прававерны бога, штохвілінна!
Маргарыта (таксама).
І не кляне?
Товій.
Благаслаўляе!
Дарота (перапыняе).
Вы колькі тут, у Вільні?
Товій.
Тыдзень.
Дарота (строга). І ён не мог…
Товій.
Ён не хацеў спакой яе трывожыць,
Пакутваў сэрцам сам. Ён мне казаў:
«Калі-б я мог яе пабачыць, Товій,
Пачуць з каханых вуснаў яе: «Юрка» —
Ўсе дзесяць год пякельнае пакуты
Ў адзіны міг з душы-б маёй зляцела!“
Маргарыта.
Замоўкніце… Не, не! Кажыце!
Товій.
Што ні скажы я, будзе ўсё не тое,
Што скажа ён вам поглядам сваім.
Дзе ён пабачыць вас?
Маргарыта.
Пабачыць? Божа!
Дарота.
Скажы Георгію, няхай ён зойдзе
У дом Дароты, што на рынку, сёння
У час нешпара… па справе пільнай
Яго друкарні… Не забудзеш?
(Да Маргарыты.) Пойдзем,
Бо зараз вернецца Адвернік.

(Яна амаль сілком выводзіць Маргарыту. Товій стаіць ашаломлены).

Товій.
Як расцвіла яна за гэтых дзесяць год!
А суму у вачах!.. Мадонна Рафаэля!
Я сам, падхоплены нябачнай хваляй,
Гатоў за ёю плыць… Прэч, прывід, прэч!
Развейся у паветры! Не, не хоча…
Заплюшчу вочы, — ззяе ў поўным бляску,
Гарыць душа агнём мне невядомым,
Праменіць з воч, і вабіць, цягне…
Здаецца, падыйдзі, рукой даткніся, —
І цеплыня і шоўк адзеж яе апаліць…

(Ён заплюшчыў вочы, працягнуў руку, зрабіў некалькі крокаў да дзвярэй, услед Маргарыце і… натыкаецца на ўвайшоўшых у гэты час Адверніка і Мардахая).

Адвернік.
Варожыш, іудзей?
Товій.
Не, малюся!
Мардахай.
Ён моліцца, вяльможны пан Адвернік,
Бо звычай ёсць у нас маліцца богу
У пачатку добрай справы… Значыць, добра
Нам справа ручыць, дружа Товій?
Адвернік.
Згадзіўся доктар нам сваё умельства перадаць?
Товій.
На тое, каб была друкарня у Вільні,
Каб магістрат валодаў ёй супольна
З самім Францышкам, згодзен ён, але…
Ці будзе згода біскупаў абодвух
На адчыненне гэтакай друкарні?
Мардахай.
А трэба яшчэ згода?
Товій.
Яму, як доктару сямі мастацтваў вольных
І доктару у лекарскіх навуках,
На публікацыю яго высокай працы
Не трэба згоды уладароў зямных,
Але ў супольніцтва з ім пойдуць людзі,
Падлеглыя звычайнаму закону,
Таму…
Адвернік.
Не права трэба ў першую чаргу, а грошы.
Товій.
На справу добрую хто іх не дасць?
Адвернік.
Не кожны можа выняць іх са справы.
Товій.
Дазвол патрэбен у першую чаргу.
Адвернік.
Даходзіць буду я таго дазволу,
Калі мне доктар слова цвёрда дасць,
Што буду я друкарняй з ім валодаць.
Товій.
Нашто спяшацца мець гаспадара,
Калі няма яшчэ дазволу?
Мардахай.
І я кажу, вяльможны пан Адвернік,
Хай паспяшае той, каму прыспела.
Грош не шукае дзіркі для сябе,
І за сябе не ходзіць сам у сваты.
А пану доктару, ой, будзе трэба грош
На дом, начынне, на паперу,
На фарбу, шмарбу, на халеру,
Я ведаю навошта? Вось тады
Хай слова дасць рэб Товій, што падкажа
Ён доктару, дзе трэба вольны грош шукаць.
Товій.
Рэб Мардахай, слуга я доктару і толькі,
І як слуга, я маю паўнамоцтвы
Сказаць ад доктара, слаўнейшага між слаўных,
Што той, хто ў справе дапаможа нашай,
На лёс не будзе наракаць і клопат свой
Акупіць золатам стократы.

Уваходзіць бургомістр Вільні Якуб Бабіч, Багдан Онькаў і яшчэ некалькі радцаў)

Якуб Бабіч (Адверніку).
Дзень добры пану Юр’ю.
Што так рана?
Адвернік.
Дзень добры, пан Якуб і паны радцы!
Хто рана устае, таму і бог дае,
Я гэты запавет заўжды спаўняю.
Бабіч.
Нядрэнны запавет. (Да Мардахая.) Ты к нам?
Адвернік.
Не, гэта я зазваў.
Мардахай.
Дык я пайду?
Адвернік.
Ідзі.
Мардахай.
Хай будзе панству спешна ў працы.
(Мардахай выходзіць).
Бабіч (Товію).
Пан доктар хутка будзе?
Товій.
Думаю, што зараз: ён заехаў
Да біскупа, даць зелле нашча.
Багдан Онькаў.
Ты з Юр’ем быў ў Італіі?
Товій.
Так, быў.
Як цень яго, да Падуі я йшоў,
Крупіцы беручы, з дазволу пана Юр’я,
З раскошнага стала ягоных ведаў.
Багдан Онькаў.
Якою мовай там навукі выкладалі?
Товій.
Ён знае дзевяць моў і біблію чытае
На старай іудзейскай мове так, як я,
На грэцкай ён гавора, нібы грэк з Афінаў,
Ў латыні рымскіх схоляраў ён кідаў за сабой,
Ў нямецкіх гарадах — вёў дыспут на нямецкай,
Усе славянскія ён знае дасканала,
Нібы валодаў імі з год малых.
У Падуі яго слаўнейшыя між слаўных
Вялікіх дактароў пыталіся навукі
І, здзіўленыя ведаў глыбінёй,
У мантыю яго, як брата, апранулі,
Прасілі ў іх прафесарам застацца.
Прыдворны цэзара, калі былі мы у Вене,
Прапанаваў застацца лекарам цэсарскім,
І тое самае было у Празе Чэшскай.
І ўсім адмовіў пан Георгій Скарына,
Бо ён хацеў сюды, у Вільню, на радзіму,
Каб разам з вамі паслужыць
Свайму народу.
Бабіч.
Што-ж, земляка славутага такога
Прыняць заўсёды рады мы, панове.
Я думаю, што будзе і епіскап з намі,
І біскуп рымскай веры супярэчыць
Не будзе славе места Вільні.
Радцы.
І нам здаецца так.
Хто-ж справе добрай вораг?
Багдан Онькаў.
Тым больш, народ яго ўжо знае, любіць
І хворых да яго нясуць, вязуць штодзень.
Сам бачыў я.
Адзін з радцаў.
Аднак не ўцямлю я, якое дачыненне
Да бітых кніг ўсё гэта мае, радцы?
Другі радца.
І нам карысць якая з гэтых кніг?
Товій.
А вось якое, дастаслаўны радца:
Калі былі мы у чужых краінах,
Георгій пільна прыглядаўся да ўсяго,
Што даць магло карысць яго народу,
Што пераняць было-б карысна, ці няшкодна.
Адно з апошніх дзіваў, што на свеце ёсць
І што найкарысней для людцаў паспалітых,
Дык гэта друкаванне кніг.

(Дастае некалькі друкаваных кніг).

Зірніце!
Вось венецыйскі друк, вось з Прагі Чэшскай,
Вось нюрэнбергскі, аўсбургскі — нямецкі.
Каб не было карысці з бітых кніг,
Не друкавалі-б іх заморскія купцы.
Радцы.
Вядома.
Товій.
I не трымалі-б спосаб той у таямніцы.
Аднак наш доктар розумам сваім
I гэтага дасяг.

(Пакуль радцы, згрудзiўшыся, разглядаюць кнігі, Адвернік адводзіць убок Бабіча).

Адвернік.
Паслухай, пан Якубе, прымаўку успомні:
Рука руку шаруе, і абедзве чысты.
Так мы з табой. Я ўзяў ад магістрата
Суконніцу, гасцінныя дамы, млыны,
Камору пастрыгальную. Мой клопат,
А вам даход. Хачу узяць друкарню.
Бабiч.
Яшчэ не вырашана як і што, пан Юрый…
Адвернік.
Кiм вырашана? Гэтым стадам?
Галовы мы з табой. Як скажам, так і будзе.
Праз два гады (сам ведаеш, — выдаткі!)
Я дам даход у скарбніцу магістрата.
Бабiч.
Дык не згадзіцца-ж могуць…
Адвернік.
Хто?
А з Глiнскiм былі ў згодзе?
Бабiч.
Ц-с-с!
Адвернік.
Вось тое-ж! «Ц-с-с»… Напомнi, хто не згодзен,
Што за мяцеж, за Глінскага дасталі-б,
Каб я сказаў, не шыбельню, дык дыбу.
Маўчанне — золата… для iх… i для мяне.

(Уваходзіць у сваёй доктарскай адзежы Георгій Скарына. Усе сустракаюць яго нiзкiм паклонам).

Георгій.
Дзень добры вам, сябры мае, дзень добры!
Радцы.
Вітанне шчырае табе, славуты доктар!
Прыезд твой на радзіму у здароўі добрым
Мы рады бачыць сёння.
Георгій.
I я вас бачыць рад, высокiя мужы
I прыяцелі мне у добрай справе!
Вітанне разам ўсім і кожнаму у асобку.
Табе, Якубе, прэзус магістрата,
Табе, Багдане, добры, слаўны радца,
Што справядлівасцю і розумам найсветлым
Ўсе сэрцы віленчан к сабе схіліў.
І вам, і вам, панове і сябры!
Радцы.
Цябе вітаем, слаўны муж навукі!
Бабіч (у дзверы).
Гэй, Іване! Служка!
Дай крэсла ганаровае для госця!

(Вартаўнік і Сцяпан уносяць крэсла, абітае чырвоным сукном і ставяць яго ля бургомістравага стала. Вартаўнік і Сцяпан абменьваюцца поглядамі і словамі: «Гэты?» — «Гэты»).

Бабіч.
Сядай, высокі госць наш!

(Скарына садзіцца).

Бабіч.
Сядайце й вы, панове радцы!

(Радцы садзяцца. У гэты час Сцяпан неўзаметку кладзе ў рукі Георгія Скарыны ліст).

Бабіч (да слуг).
Яшчэ два крэслы прынясіце і пастаўце
Вось тут і тут — для двух легатаў
Ад епіскопій грэцкае і рымскай веры.
Георгій.
А іх няма яшчэ?
Бабіч.
Чакаем, будуць зараз.
Георгій.
Тады прабачце мне, я прачытаю ліст, Што прачытаць не меў дагэтуль часу.

(Ён паглыбляецца ў чытанне ліста. Вартаўнік са Сцяпанам прыносяць крэслы. Адвернік згрупоўвае вакол сябе некалькі радцаў).

Адвернік (групе радцаў).
Ну як, сябры? Ці думалі, адкуль
Узяць магчыма грошы на друкарню?
Радца.
Калі не шмат…
Адвернік.
Не шмат не выйдзе у справе невядомай,
Да таго-ж
Не кожны грош у справу лучыць проста:
Тут рызыка і пошук, — зробіш, ды не так,
Тады перарабляй, а грош тымчасам згінуў.
Радца (упоўголаса).
Ну, гэткі грош хай плаціць ён…
Адвернік (таксама).
Як ёсць з чаго…
Радца (таксама).
Ты думаеш?
Адвернік.
І думаць нечага.
Нам трэба пашукаць такога чалавека,
Які-б пайшоў на рызыку сваім дабром,
А магістрат у страты каб не ўводзіць.
Радца.
Ці знойдзецца такі?
Адвернік.
Свет не без добрых душ. Не толькі-ж каліта,
А й слава горада свайго, сталіцы, быць павінна
Для сэрца блізкай кожнаму між нас,
Ну, разумеецца, прынамсі тым, хто лішні
Грош мае у кішэні.

(Уваходзяць Ёган фон-Шпілер з сваім пісцом, а за ім айцец Мацей з айцом Сіманам).

Бабіч.
Сардэчнае вітанне вам, легаты епіскопій,
Ад магістрата Вільні. Добры дзень!
Ёган.
Дзень добры, гэр бургомістр!
Адвернік.
Дзень добры вам, гэр Ёган!
Ёган.
Гэр Юрый, добры дзень!
Айцец Мацей.
Праслаўным радцам града Вільні,
Што пад апекай боскаю квітнее,
Kіp Ёсіп перадаў праз нас смірэнных
Сваё высокае благаславенне.
Айцец Сіман.
Здраў будзь, Георгій сын Скарыніч!
Георгій.
Як бацьку роднага, вітаю, ойча Сіман!

(Ён раскрыў абдымкі, але Сіман прытрымаўся).

Айцец Сіман.
Не блудным сынам ты прышоў к нам на радзіму?
Георгій.
Не, ойча мой!
Айцец Сіман.
Тады здраў будзі, сын мой!

(Абнімаюцца і тройчы цалуюцца).

Георгій (у перамешку з пацалункамі).
Ну што, стары?
Гара з гарой не сходзіцца, як кажуць,
А людзі сходзяцца… Здраў будзі!
Ёган.
І нам сыйсціся давялося, гэр Францышак,
Пасля разлукі доўгай. Спадзяюся,
Што вас жыццё таму-сяму наўчыла.
Георгій.
О, разумеецца, гэр Ёган. Буду рад,
Калі і вас яно адвучвацца вучыла.
Бабіч.
Я думаю, пачаць нам можна. Справа
Вядома вам усім. Славуты доктар
Францыск-Георгій сын Скарыніч з Полацка прасіў
Абмеркаваць, ці можа магістрат наш стольны
Узяць на ратушу патрэбныя выдаткі
На друкаванне кніг. Майстэрства гэта
За межамі пазнаў ён дасканала.
Майстэрства й працу ўласную па перакладу кніг
Як роўную ён ставіць долю к тым выдаткам.
Хто хоча што сказаць, хай скажа.
Ёган.
Па праву старшага хачу спытаць,
Якія мэты ставіць ён у працы гэтай,
Якія кнігі будзе друкаваць?
Бо рэч адна — святыя кнігі для касцёла,
У гэтым мы яму маглі-б дапамагчы,
Рэч іншая — друк кніжак ерэтычных.
Айцец Мацей.
І мы пачуць хацелі-б аб прычынах
Такое навізны: кір Есіп Солтан
Апостальскую працу разгарнуў
Як ні адзін ўладыка папярэдні:
Усе манастыры стварылі кнігапісьні,
Дзе шмат дзякоў, як послух богу, пішуць
Што дня і што начы пісьмо святое.
Здаецца нам, што ў святую справу
Грахоўнымі рукамі вам, міранам, не ўтыкацца-б.
Георгій.
Я растлумачу вам, гэр Ёган, папярэдне.
Каб меу намер я біць латынь, навошта
Было-б мне кідаць Падую, ці Вену,
Нашто было-б мне ехаць у Вільню,
Дзе ворагі мае, як вы і тыя,
Хто вас паслаў, мне крыссі ўсе
Памкнуцца абарваць, як псы ліхія
У старца падарожнага, калі не мае кія.
Не, гэр фон-Шпілер, я не для таго
Еўропу пешкі абышоў,
Чэз за скарынкай хлеба,
Чытаў пры месяцы ўначы,
Згубіў спакой і шчасце,
Каб замест хлеба
Камень за пазухай
Прынесці для свайго народа!
Пазбаў нас бог ад вашай дапамогі!
Хачу біць кнігі рускія для браціі маёй,
Для рускага народа, бо з той мовы
Ўсясільны бог пусціў мяне на свет.
Ёган.
Ты-ж чуеш сам, — твайму народу
Няма патрэбы ні ў табе,
Ні ў кнігах блазенскіх тваіх.
Георгій.
Наадварот! Каб не было патрэбы,
Не пнулі-б спіны тысячы дзякоў,
І юнакі-паслушнікі гарбы-б не нажывалі
За перапіскай кніг. Не сталі-б
З такой любоўю, з захапленнем шчырым
Над кожнай буквіцай, над кожнаю застаўкай
Гадзіны лепшыя жыцця не сталі-б траціць!
І нездарма, калі закончыць працу
Евангелле раб божы Цімафей, Чэцы-Мінеі
Бярозка, сын паповіч, з Новаградка,
Ці дзяк Арцемі з Віцебска псалтыр,
Яны імя сваё смірэнна ставяць
У канцы пісьма свайго, як якар
Кідае мораплаўца ў ціхай бухце
Ў канцы далёкага, цяжкога вандравання.
Смірэнства тут дарэмнае: яны —
Не сціплыя пісцы, а ваяводы,
Якія супраць Рыма і захопнікаў чужых
Яшчэ адну, другую перамогу здабылі
Свайму народу. Болей! —
Яны цары славутыя, хоць царства
Іх не ад света гэтага, бо войска думак
Яны ў паход пусцілі, зваяваць
І цемру невука, і дрэнны нораў злыдня,
І ябеду «сяброў», і ворагаў падманы!
Ім герб павінны-б даць найвысшы каралі
І архібіскупы іх працу славіць
Былі-б павінны ў казаннях святочных
З апостальскаю уровень!
Ёган.
Ты памыляешся, герэтык! Я шкадую,
Што апаганіў слых размоваю з табой.
Загадваю усім, хто нашай рымскай веры,
Пакой пакінуць гэты зараз. Не, не будзе,
Пакуль мы, слугі божага прастола,
Мы — слугі Рыма, у Вільні сілу маем,
Тваёй друкарні ерэтычнай. Амэн!
Георгій.
І жаба квакала ў балоце ноччу,
Што сонца больш не узойдзе.

(Ёган, а за ім палова радцаў напыжана выходзяць з пакою).

Айцец Мацей.
Мне смеласць падабаецца твая, Георгій.
Яна напомніла мне маладыя годы,
Калі адзін між дзесяці сыноў у бацькі,
Я не схацеў ісці ў манахі і пайшоў
У грэшны свет. Пазнаў я асалоду
І бою жаркага і добрага віна
І пекнага паненскага кахання.
Пяці замежным каралям служыў мой меч,
А мне служыла слава. Ў мірныя гады
Я славен стаў умельствам дасканалым
Пісьма парсун прыгожых і ікон.
І ўсё-ж пустой была душа мая,
Душа мая, абнятая гардыняй!
І я пакінуў свет, пайшоў у манастыр,
Каб рэшту дзён маіх аддаць «Дзесяціглаву».
І кожны раз, калі святое кнігі
Закончваў я главу, здавалася, у той час
Я галаву зразаў яшчэ адну
Дзесяціглаваму гардыні змію,
Бо подзвіг я рабіў, сам безымянны,
Ўкладаючы душу ў святую справу.
І праца лекамі была душы маёй.
Чаму ты хочаш вырваць з рук людзей
Магчымасць подзвіга і шчасця асалоду?
Чаму ты хочаш каменем або жалезам
Душу людскую замяніць? О не, не бог,
А вораг божы кажа вуснамі тваімі
І імя ворагу — гардыня!
Айцец Сіман.
Ты гэта, поп, занадта! Не гардыня
І не карысць свая рукой яго вадзіла.
Георгій.
Счакай ты, ойча Сіман…
Вось маю я пісьмо ад знахара Андрэя,
Ад лекара маскоўскай раці з палачан.
Ён піша мне, што здрадай ваявод
Разбіта войска рускае, што Глінскі,
Незадаволены ўзмацненнем самаўладства
Цара Васілія, хацеў назад да караля
Пераляцець ізноў. Вось гэта й ёсць гардыня
Гардыня тых, хто адарваўся ад народа
І ад патрэб яго. І той гардыні голас
Я чую ў словах і тваіх, айцец Мацей,
Хоць напісаў ты дзесяць глаў «Дзесяціглаву».
Я працу шчырую тваю, айцец Мацей,
І кнігапісьні вашы паважаю, —
Я чачавіцу ем, калі не маю бобу,
Яны карысць сваю прыносяць для народа.
Але не для яго вы пішаце, — сваю
Душу вы здавальняеце, сабе
Шукаеце збавенне й асалоды.
А Глінскаму і вам, айцы святыя,
Народ патрэбен толькі для таго,
Каб ён ішоў за вамі, як авечка,
Хаця-б пад нож. А я хачу другога,
Каб асалоду творчасці маёй,
Мёд працы шчырых рук маіх
Піў не адзін, а тысячы. Вы падзяліце
На усіх людзей усё тое, што пісалі
Усе манастыры, — па літары адной
Не давядзецца, мабыць, кожнаму на долю.
А я хачу, каб не манахі, не паны,
А й просты люд уразумеў навуку.
Айцец Мацей.
Ім перакажа поп.
Георгій.
А як яго ксяндзом заменяць?
Айцец Мацей.
Пан праваслаўны не дапусціць.
Георгій.
А калі й пан ад веры адрачэцца?
Айцец Мацей.
У абарону стане сам епіскап.
Георгій.
„Cujus regіo, ejus relіgіo“, як кажуць.
Ды і епіскап можа адыйсці ад веры.
Ці-ж не было таго? Вам прыкра чуць,
Што каменем нібыта замяню я
Святое працы хараство жывое?
Няпраўда! Гэта ваша праца — камень,
Хай самацвет каштоўны, толькі ён для вас,
А для народа ëн чужы, далёкі, ледзьве бачны,
Бо у ім няма душы — ні мар, ні мук народа.
Вы гордыя патрыцыі царквы, але сляпыя:
На крыж лацінскі, на Галгофу
Вы ведзеце народ, хоць вы і супроць Рыма.
Я іншага хачу, хачу знайсці апору
Народу нашаму супроць лацінскае спакусы,
Што к нам прышла у вопратцы прывабнай
Навук сваіх. Не можа чалавек
Сядзець у цемры невуцтва, ён пойдзе
На гэтае святло, калі не даць другога,
І не заўважыць сам, як пападзе
У стан варожы ён, ці у пасткі Рыму.
Айцец Мацей.
Мы і нясем яму святло.
Георгій.
Мо’ зернятка адно, — народ тым не накорміш,
Ты поўнай жменяй сей, ды па усёй краіне.
У гэтым шчасце й хараство жывое!
Айцец Сіман.
Ты верыш словам іхнім? Ну й дзіўны!
Не хараство ім трэба, трэба грошы,
І не карысць людская, а свая.
Пра хараство спяваюць, нібы птахі,
А кнігі, — пот наш, працу і гарбы,
На золата мяняюць, — хто дасць болей!
Айцец Мацей.
Не багахульствуй, не кашчунствуй, ёлуп!
Айцец Сіман.
Калі пайшло на тое, не, Мацей,
Не я кашчунствую, а вы — папы!
Іх абманіць ты можаш, а не мяне!
Я наглядзеўся на жыццё святое
Не звонку, а з сяродку. Знаю!
Ігумены, манахі — пустасвяты, ліхвяры!
Ці меў Хрыстос рабоў? А вы, вы сёлы
Трымаеце, як скот які, у ярме,
Вам малака птушынага адно што нехапае,
А за мякіны гарнец вы ў галодныя гады
Сям’ю сялян у няволю берыцё,
Не горш паноў вы шкуру дзерыцë,
Не з вамі бог, а з ім… Вазьмі мяне, Георгій!
Я кнігі ведаю, і хлеб дарэмна
Не буду есці твой.
Айцец Мацей.
За словы гэтыя ты будзеш закаваны
І клобук згубіш назаўсёды.
Айцец Сіман.
Вазьмі яго з сабою зараз!

(Ён зрывае клобук і кідае пад ногі Мацею)

Айцец Мацей.
Вось бачыце, к чаму прыводзіць багахульства?
Ад блага адыйдзі і зробіш добра.

(Георгію).

Пакуль ты нам як след не давядзеш,
Што ад тваіх навін карыснасць будзе для царквы
Датуль няма табе благаславення
Уладычняга на друкаванне кніг у Вільні.

(Айцу Сіману).

А ты-ж, чарвяк, паўзі за мной
І пылам пасыпай дурную галаву,
Каб вымаліць у бога дараванне
Грахоў сваіх!
Айцец Сіман.
Паўзці няёмка ў расе. Ты вазьмі яе,
Аддай там пустасвятам!

(Кідае ўслед вышаўшаму айцу Мацею расу).

Дай мне сціло, Георгій!
Георгій.
Сціло я дам, а толькі ты дарэмна
Пад ногі, ойча Сіман, кінуў расу:
Не ён табе даваў, не ён з цябе і здыме.
Вазьмі і апрані.
Ну, зараз зразумелі, другі,
Што нам рабіць, адкуль чакаць збавення?
Не епіскопія, а вы і ваша брацтва —
Апора моцная і веры і асветы,
Не епіскопія, а вы павінны будаваць
Бальніцы, школы пад сваім наглядам,
Не епіскопія, а вы павінны множыць
Лік брацтваў, стаць патронамі царквы.
Ці так, Якубе?
Бабіч.
Мабыць, так.
Георгій.
А як-жа з друкам?
Мо’ кінем і яго на божы лёс, ці як?

(Радцы сумеліся ў нерашучасці).

Мо’ й праўда, непатрэбны
Ні я, ні веды, што збіраў па кроплі
Я для сваіх людзей у чужых краінах?

(Радцы ўздыхнулі, але маўчаць).

Мо’ й сапраўды іх несці і прадаць
Таму, хто скарыстае іх насупраць
І вас, і веры нашай і самой Русі?

(Зноў маўчанне. Скарына ўдарыў кулаком па стале).

Не дачакае вораг! Буду паміраць
Ад голаду, калець пад плотам,
А не прадам я ім адной крупіцы,
Што сабіраў я браціі маёй — Pycі!
Як Глінскі, не збягу, пакінуўшы народ.
З зямлі сваіх карэнняў я не вырву!
Бабіч.
Ты не крыўдуй на нас, Георгій сын Скарыніч.
Сам бачыш — не пара… А да таго-ж Адвернік
Даносам грозіць усё за Глінскага…
Дарэчы,
На Глінскага крыўдуеш мо’ дарэмна:
Яго знарок сюды, здаецца, вабяць,
Каб галаву адцяць… Я чуў такое.
Георгій.
А што-ж, таму даць веры можна:
На хітрасць подлую — мастак «яснавяльможны»!
Эх, папярэдзіць вам-бы Глінскага тады!
Дзе вораг хітры — хітрым быць належыць.
Ўсё гэта бачу я. Падумаю, разважу,
Скажу пасля, што трэба нам рабіць.
А покуль што мы справу скончым. Товій,
Айца Сімона адвядзі у нашу келлю
Задворкамі як-небудзь. Я счакаю тут.
Радцы (развітваючыся).
Падумаем і мы, і кожны паасобку
К табе мы прыдзем, скажам што і як.
Бунт Глінскага наўчыў: рабі так, каб не знала
І левая рука, што правая дае ці дзее.

(Усе выходзяць. Георгій застаецца ў глыбокай задуме. Здаецца, што ён нават заснуў, заплюшчыўшы вочы. Дзверы ціха адчыняюцца і на парозе з’яўляецца Маргарыта).

Маргарыта (ціха).
Юрка…
Георгій (падняў галаву, не выходзячы з аслупянення).
Мар…га…рыта?

(Ён кінуўся да яе. Яна ўпала на калені і абняла ногі яго).

Маргарыта. Мой любы, родны мой…
Георгій (паднімае яе).
Устань, пакутніца мая, мой жомчуг…
Дай паглядзець табе у вочы, дай пачуць
Яшчэ раз словы гэтыя, каб к небу
Душа мая узляцела…

(Ён падводзіць яе да крэсла і садзіць, не выпускаючы з сваіх рук яе рукі).

Скажы мне, месячык мой ясны
Маргарыта.
Што мне сказаць табе, мой Юрка?
Георгій.
Ты помніла мяне?
Маргарыта.
І днём і ноччу. Я праз сон
Імя тваё шаптала… Я ў гарачцы
Ўсё клікала цябе…
Георгій.
А ён?
Маргарыта.
Ён біў мяне тады смяротным боем,
А я смяялася, бо мне было салодка:
Я за цябе пакуты несла.
Георгій.
Ёсць дзеці?
Маргарыта.
Ёсць… двое… Я ў бога смерці
Прасіла, іх раджаючы. Я знала,
Ты будзеш ненавідзець іх.
Георгій.
Яны твае,
Як я магу іх ненавідзець?
Маргарыта.
А я іх часам ненавіджу з-за яго…
Мой Юрка, забяры мяне з сабой!
Ты дужы, ты разумны, адшукай законы,
Каб вырваць з пекла цела і душу маю.
Георгій.
Я не хачу падаць табе й сабе надзею
Уяўную: яна парвецца хутка,
І сэрцы нашы могуць яшчэ раз
Не вытрымаць пакуты, Маргарыта.
Католікаў развесці можа толькі папа…
Маргарыта.
Я уцяку з табой.
Георгій.
Цябе з дарогі вернуць к мужыку.
Маргарыта.
Тады… я атручу яго!
Георгій.
Ты гэтага не зробіш.
Аднойчы бачыў я — жанчыну катавалі,
Што мужа атруціла. Сярод плошчы
Яе жывой зарылі. Толькі галава
Была паверх зямлі. Вар’яцкімі вачыма
Яна вакол вадзіла.
Ў пякельнай смазе вусны языком
Сухім лізала. Вартавы хадзіў
І дзень і ноч вакол яе кругамі.
І мне здалося — гэта ты!..
Сам звар’яцелы, рынуўся я к ёй,
І страж руку мне раніў алябардай.
Вось бачыш — гэты знак?
Апомніўся ў турме, маліўся богу,
Каб ён адвёў цябе ад гэтай думкі.
Не, Маргарыта, не!
Калі не хочаш ты пагібелі сваёй…
Маргарыта.
Мне усёадно… Смерць будзе паратункам.
Георгій.
Маёй пагібелі калі не хочаш,
Ты патрывай яшчэ хоць невялікі час.
Я буду ў біскупа, прасіць яго я буду,
Каб вам дазволіу толькі жыць асобна…
Маргарыта.
А калі не?..
Георгій.
Аддай ты дзецям сэрца,
Чакай і вер, што наша шчасце прыдзе.
Маргарыта.
О, як мяне ты мала любіш, Юрка!
Георгій.
О, Маргарыта, не!
Калі-б маім каханнем свет трымаўся,
Калі-б сваімі мукамі здабыць я мог
Табе збаўленне ад тваёй нядолі,
Павер, — ты вольнаю была-б сягоння!
Я гэткіх сіл не маю, я не бог.
Я толькі аблягчыць магу пакуты радай:
Успомні так, як я успамінаю,
Што не адна пакутуеш. Ёсць большыя пакуты
У нашага народа, у людзей.
І каб лячыць яго пакуты, я павінен
Паехаць зноў… у Прагу. Ты рабі
Таксама для яго што толькі можаш.
Маргарыта.
Ты зноў паедзеш, Юрка? Зноў?
Загіну я…
Георгій.
Калі ты любіш, не загінеш.
Маргарыта.
Я ведаю, табе патрэбны грошы
На друкаванне кніг. Вазьмі
Усё, што маю я. Я прынясу маністы,
Пярсцёнкі, плацці, хутры. Дом
Мне маці аддае у задушным, і яго вазьмі,
Рабі у ім друкарню, Юрка.
Адно — не едзь! Дай быць паблізу
І адчуваць, што ты дзесь тут…
Хай гэта поўніць сілай жыць…

(Вартаўнік, які, відавочна, ахоўваў спатканне, з’яўляецца ў дзвярах).

Вартаўнік.
Сюды ідзе Адвернік, маладзіца.
Хадзі хутчэй, схавайся у камору,
Пакуль ён пройдзе.
Маргарыта (хуткім шэптам).
У час нешпара сягоння ты прыходзь Да маці у дом. На рынку. Знойдзеш.
Бывай!

(Вартаўнік і яна знікаюць).

Георгій (адзін).
Якую-ж ты гару ўзвярнуў, мой бог,
На плечы ёй, не даўшы
Ні сіл, ні спосабу замест яе плячэй
Свае падставіць пад цяжкі той камень…

(Уваходзіць Адвернік).

Адвернік.
Вярнуўся я, пан доктар, каб сказаць,
Што мы з фон-Шпілерам гешэфт зрабілі:
Даў згоду ён на друк. Ну, не дарма, вядома:
Я грошы пасуліў. Дам і табе, з адной умовай.
Ты мовы рускай прагнеш? Што-ж, друкуй на ëй,
А толькі кнігі уніі Фларэнцкай і цану
Я ставіць буду, пакрываць выдаткі.
Георгій (доўга глядзіць на яго, пасля ціха пытаецца).
А Маргарыту
Адпусціш з мірам к мацеры тады?
Адвернік (мяняецца).
Ты для яе прыехаў? Кнігі
Не больш, як засланка, якой агонь
Распусных дзей хацеў схаваць
Ад вока мужа? Гэта знаў я!
Георгій.
Каб ты праз ката вывеў Маргарыту
К ганебнаму слупу на плошчу? Не!
Яе люблю я болей, як ты мысліш,
І гэткай радасці табе не дам убачыць,
Пакуль ты жыў.
Адвернік.
Вы змовіліся атруціць мяне? Дык ведай,
Што я, адсюль прышоўшы, напісаў
Задушны запавет і на выпадак смерці
Гвалтоўнай, двух забойцаў паказаў:
Цябе й яе, каб вам суда не збегнуць!
Георгій.
Ты розум страціў! Над табой апеку
Прызначыць буду я прасіць у караля.
Ідзі і знай, што волас не спадзе
Па нашай волі з галавы тваёй, і чэсці
Тваёй не пагражае нават слова.
Адвернік (раптам мякчэе, кідаецца цалаваць руку Георгію).
Я веру, цёзка, веру! Дзякуй!
Вер, я яе люблю, і ненавісць ідзе
З маіх пакут, з майго кахання толькі!..

(Ён хутка знікае. Георгій выцірае абмусленую пацалункам руку з такой агідай, нібыта да яе дакрануўся слімак. Уваходзіць Товій).

Товій.
Ты так расчуліў гэтага вужаку,
Што ён ледзь з ног мяне не збіў.
Бяжыць і плача і не бача сцежкі.
Чым гэта, пан Францышак?
Георгій.
Я прыпадняў заслону, за якой
Убачыў пекла ëн, што, не счакаўшы смерці.
Лёс прысудзіў яму жывому.
Товій.
Спаліў-бы я і след яго.
Я Маргарыту бачыў.
Георгій.
Зараз?
Товій.
Не, раніцой.
Георгій.
Яна была тут толькі што.
Товій.
Дык будзеш
Ты ў часе нешпара ў Дароты?
Георгій.
Не, не буду.
Мы сёння з Сіманам паедзем у Прагу.
Ты заставайся тут і пойдзеш да Дароты,
Я напішу пісьмо.

(Уваходзіць Бабіч).

Георгій.
Вось што, Бабіч:
Няма прарока у сваёй айчыне.
Я еду у Прагу. Там — сябе прадам,
А кнігі буду друкаваць. Друкарню зладжу —
Тады сюды перанясу. Будзь сёння у Дароты,
Яе задушнае пісьмо у кнігі завіжуй:
Дом Маргарыце аддае, у гэтым доме
Друкарня наша будзе потым. З кожным
Між лаўнікаў пагавары, збірай па грошу
На друкаванне кніг і з Товіем ка мне
У Прагу пасылай. Не, чорныя сутаны Рыма,
Друкарня будзе тут! Асвета люду будзе!

Заслона.

АКТ ІІ

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Георгій Скарына.
Товій.
Айцец Сіман.
Ёган фон-Шпілер.
Андржэяка — прыяцель Георгія.
Марта — яго сястра.
Вацлаў Сова — адзін з выдаўцоў чэшскай бібліі 1506 года.
Мікулаш Конач - чэшскі паэт і кнігавыдаўца.
Мікулаш Клаўдзіян — доктар і кнігавыдаўца.
Рэб-Нохім — памочнік Скарыны па перакладах бібліі.
Адам — крэдытор.
Штольц — немец.
Базыліянскі манах — немец.
Вацлаў — пастух.
Некалькі манахаў базыльянцаў.

1519 год. Прага Чэшская. Павернутая тылам да гледача частка двух суседніх двароў: двара Андржэякі, у якога кватаруе Георгій Скарына, і яго суседа немца Штольца. Паміж дварамі нізкая агарожа, абсаджаная кустамі, з патайной форткай у ëй. Злева відаць частка дома Андржэякі са шкляной верандай. Абстаноўка на верандзе такая, як на старыннай гравюры з партрэтам Скарыны: гэта рабочае месца доктара, дзе ён займаецца перакладамі кніг. Побач з верандай уваход у дом, а над ім лесніца з парэнцамі на балкончык, прылеплены да паддашша. На балкончыку ўсторкнуты на спецыяльнае прыстасаванне дайні́ца і некалькі гладышоў. Дом справа іншай архітэктуры: відаць востраверхая кутняя вежа. На вільчыку яе флюгер у выглядзе чорнага ката і каваная стужка з надпісам-прораззю па-нямецку: «Адкуль вецер, адтуль шчасце». Каля вежы таксама леснічка на паддашша і балкончык. З другога боку вежы шырокае акно і ўваход у дом. Паміж дамамі — на заднім плане — жалезная агарожа, брама і фортка ад вуліцы. Відавочна агарожа агібае дамы і канец яе відаць злева. Толькі тут яна каменная па грудзі чалавека і праз частакол над мураванай часткай, калі праходзіць чалавек, відаць яго галава. У двары некалькі дрэў і кустоў у вясновай квецені, склеп і дворныя будоўлі. Але ўсё гэта ў ранішнім змроку і толькі паступова вырысоўваецца па меры світання. Усё больш і больш ружавее неба. Дзесьці паблізу залопаў і праспяваў певень. Яму азваўся другі. На далёкай званіцы бомкнуў звон і, нібы спрасонку, неахвотна, раз-по-разу бомкае яшчэ некалькі разоў. Ціха расчыніліся дзверцы на правым паддашшы і на балконе паказалася жаночая постаць. Відаць, як нейкія рукі (сам чалавек стаіць у цемры дзвярэй паддашша) трымаюць
маюць яе, цягнуць для развітальнага пацалунку. Нарэшце постаць выслізнула з абдымкаў, чуваць гучны шэпт.

Марта.
Бывай да вечара, мой любы Ёган!
Ёган (з дзвярэй).
Да пабачэння, Марта. Прыдзеш?
Марта.
Прыду. Андржэй таксама начаваць,
Напэўне, будзе у сваёй друкарні.

(Рукі невідочнага чалавека яшчэ раз прыцягнулі Марту к сабе і адпусцілі. Марта азіраецца зверху і хуценька спускаецца ўніз. На апошніх ступенях яна знаходзіць свае чаравікі, надзявае іх і з разбегу, саскочыўшы з лесніцы, натыкаецца на ногі чалавека, які ляжыць галавой пад лесніцу).

Марта (адхіснулася). Святая маці! Хто тут?

(Яна схілілася, але яшчэ раз адхіснулася і машынальна кінулася на лесніцу, поўная жаху).

Марта (гучным шэптам).
Ёган, Ёган! Тут ляжыць забіты!

(Ёган паяўляецца ў дзвярах паддашша, але у гэты час бразнула уваходная фортка з вуліцы, і Марта, не паспеўшы нічога сказаць Егану, саскочыла з лесніцы, нырнула ў патайную фортку на свой двор, праскочыла за кустамі на лесніцу свайго паддашша, узбегла на яго, схапла дайніцу і гладыш. Праз калітку ўвайшоў пастух).

Пастух.
Нех бендзе Хрыстус взвелебёны.
Марта (спускаючыся з паддашша).
Амэн.

(Ёган, пачуўшы чужы голас, знік у паддашша).

Пастух.
Дзень добры, Марта!
Марта.
Добры дзень, Вацлаў! Я зараз.
Пастух.
Заспала нешта, гаспадынька.
A Андржэй дзе?
Марта.
У друкарні, разумеецца, як штоначы.
Пастух.
І доктар з ім?
Марта.
Не, доктар дома сёння.
Не спаў ён тры начы падрад
І сёння спіць, нібы забіты.
Ідзі, будзі другіх, я зараз.
Пастух.
Эх, Марта, Марта…
Марта.
Што?
Пастух.
Круглець ты нешта стала.
Марта (успыхнула). Глядзі сваіх кароў, пастух!

(Яна хутка вышла).

Пастух (адзін).
Каровы што? Тут пра бычкоў гаворка.

(Развёў рукамі ў бок аднаго і другога дома).

Каторы з двух мне шчасце загубіў?
Каб доктар, не… Занадта паважаны…
Хаця і ў караля-ж бываюць дзеці,
Не кажучы ужо пра біскупаў святых…
І брат сляпы, ці што?..

(Ён ідзе да брамы і спатыкае ўзрадаванага Андржэяку, які цягне цэлае бярэма кніг).

Пастух.
Дзень добры, Андржэяка.
Андржэяка.
Як не жартуеш, добры дзень.
Што нешта пастуху не спіцца?
Пастух.
Не спіцца і табе. Нажаль, не дома.
Андржэяка.
Мне — рэч інакшая. Вось бачыш — кнігі?
Панюхай, фарбай пахнуць!
Толькі што з друкарні.
Пастух.
Што фарба? Пахне, як няшчасце.
Андржэяка.
Ды што ты, дружа? Ўнюхайся як след.
Нос не вярні, бо д’ябал зарагоча:
Пісьмо святое, вось зірні…

(Ён паклаў бярэма кніг на лаўку і разгортвае кнігу якраз на партрэце Скарыны).

Пастух.
Абраз у кнізе? Што-ж то за святы?
Такога я ў касцеле штось не бачыў.
Андржэяка.
Яго ў касцёл і пугай не загоніш.
Пастух.
Чаму?
Андржэяка.
Няма чаго яму рабіць там:
Ён свяцей святога.
Пастух.
Няўжо?
Чакай! Ды гэта-ж пан Францышак!
Няўжо яго ў святыя залічыў
Айцец наш Рымскі?
Андржэяка (смяецца).
Папа Рымскі?
Так, залічыў…
Пастух.
А я падумаў, грэшны…
Андржэяка.
Што ты падумаў?
Пастух.
Не… нічога, так.
Андржэяка.
Кажы, бо дзеці заікацца будуць.
Ты-ж заляцаешся да Марты. Не хачу
Пляменнікаў — заік. Адмоўлю зразу.
Пастух.
Я… я хацеў сказаць, чаму
За кнігамі глядзіш пільней ты, Андржэяка,
Чым за сястрой сваёй?
Андржэяка (здзіўлена ўскрыквае).
За Мартай?

(Гэты вокліч чуе Марта, якая гоніць карову па-за агарожай, — відаць рогі. Марта перапыняе адказ пастуха сваім воклічам).

Марта.
Ідзі, Вацлаў, займі карову! Часу
Няма мне!
Андржэяка.
А што за ёй глядзець, дзівак ты?
Яна сама, брат, вочы мае.
Пастух (адыходзячы).
Ды не, я так. (Марце.) Іду!

(Пастух выходзіць праз брамку у агарожы).

Андржэяка (сам сабе).
Глядзець за Мартай?
Што ён дзе пачуў?
Спытацца хіба у яе? (Збіраецца паклікаць.) Ма…
Ды не… Ён з рэўнасці, бо ведае: дарэмна
Сніць мёд, — і дуб высокі, і вулей чужы.
Пайсці, узрадаваць Францышка.

(Андржэяка забірае кнігі і ідзе праз веранду у дом. Праз нейкі час, азіраючыся, убягае Марта і зразу кідаецца на лесніцу да Ёгана, які ўжо сам спускаецца ўніз).

Марта (шэптам).
Тут чалавек забіты, Ёган.
Ёган.
Забіты, кажаш? Што за насланнë?
Учора з кляштара ішоў я п’янаваты,
Штурхнуў кагосьці ноччу плечуком
І лаянку яго спыніў ударам шаблі…
Дык то ж было далёка. Прыпаўзці
Не мог сюды ён: не такі удар быў!
Марта.
Загінулі мы, Ёган. Прыдуць людзі…
Ёган.
Чакай! Схаваць да вечара. А ноччу мніхі
Укінуць у раку і дамавіна скрые…
Марта.
Ужо развіднела і брат мой дома.
Ёган (азірнуўся і бачыць, што ў склепе тырчыць ключ).
Ключ у дзвярах падвала… Бачыш, бог
Стаіць на абароне нашай.
Цягні.

(Яны цягнуць мёртвае цела у склеп і закрываюцца там. Праз калітку ўваходзіць рэб Адам і пачынае гучна кашляць. На веранду выходзіць з кнігай у руках Андржэяка).

Андржэяка.
Не кашляй, друг! І так паверым — хворы.
Адам.
Не, гэта я, пан Андржэй. Добры дзень!
Андржэяка.
А, рэб Адаме! Добры дзень, калі
Яго не сапсуеш сваім з’яўленнем.
Ты к доктару? Ён спіць.
Адам.
Хай на здароўе спіць, калі душа
Не чуе, як бяда (на лес яна няхай)
У браму грукае.
Андржэяка.
Вось бачыш, я й казаў,
Што добры дзень ты сапсуеш, мой рэбе.
Якое-ж ліха веснікам сваім
Цябе абрала сёння?
Адам. Крый нас бог!
Дай бог палову мне таго, што вам я зычу.
Купец з Масквы (вай, вай, якая далеч!)
Прыехаў кнігі ў вас купіць…
Андржэяка.
То-ж добра!
Адам.
З ім з Вільні ліст прыслаў мне Мардахай…
Вы зналі Мардахая?
Андржэяка.
Знаў аднаго, якога ў Бабілоне
Павесіць думаў Гаман. Калі твой
Вяшчае нам бяду, то я шкадую,
Што ён не той.
Адам.
Не, не, не той.
У Вільні зяць мой, Мардахай, ён піша,
Што крэдыторы Товія сюды
Не пусцяць з Вільні, хай ім ліха!
Андржэяка.
Ну, Товій тут пакуль што і не трэба:
Для кніг наступных выразаў ён буквы,
Застаўкі і малюнкі, месяцы на два
Нам хопіць без яго. А залатыя рукі
Ён прынясе і ў час, калі патрэба будзе.
Зірні, парсуна доктара Францышка,
Якую выразаў нам Товій па малюнку
Айца Сімона.
Адам.
Прыгожа! Я такіх не бачыў.
А колькі кніга ўся каштуе ваша?
Андржэяка.
Грош літоўскі.
Адам.
Прабачце мне, я чуў, што пан Францышак
З купцоў купец… Але не веру.
Андржэяка.
Чаму?
Адам.
З купцоў купец, такую справу меўшы,
Набіў-бы залатымі скрыню,
Не ён-бы к нам, а мы-б к яму хадзілі
Штодня у пазыкі. І не грош,
А дзесяць грошаў браў-бы ён за кнігу.
Андржэяка.
А хто-б яе купляў?
Адам.
Ай-вай! Купцу якая справа,
Каму патрэбна, той-бы і купіў.
Андржэяка.
Ён так і робіць, рэб Адам. Танней пускае,
Каб кнігу мог купіць усякі,
Каму яна патрэбна.
Адам.
Прымаўка такая:
Як хоча хто, той так і вар’яцее.
Не разумею толькі, што вам за выгода?
Пазыкі аддаваць вам трэба?
Андржэяка.
Трэба.
Адам. Бо пойдзем мы ў бургомістра прасіць загаду —
На кнігі і друкарню арышт налажыць.
Андржэяка.
Ды што вы, звар’яцелі?
Зарэзаць курыцу, якая залатыя
Нясе вам яйкі? Вось дык розум!
Ты-ж бачыш, кніжку мы надрукавалі,
Купец прыехаў, хутка будзе Товій,
І грошы будуць…
Адам.
Товій не прыедзе.
Андржэяка.
Хто? Товій? Ты — аматар жартаў!
Ён будзе сёння тут, калі захоча.
Ты галавы яго не знаеш, спрыту?
Не злуй мяне, рэб Адам, атрымаеш
Ты першы, што павінны мы, палову.
Адам.
Палову з чвэрткаю…
Андржэяка.
На гэты раз — палову,
А чвэртку потым. Толькі — ц-с-с!
Нікому каб ні слова,
Бо долю я тваю, рэб Адам, падзялю
Паміж усімі, хто услед прывалачэцца
За доўгім языком, які ты не стрымаеш.
Адам.
Хай мой язык тады адсохне.
Андржэяка.
Амэн.
Ідзіце, рэб Адам, людзям на вочы
Не вытыркайцеся занадта. Сёння ў шэсць.

(Ён выправаджвае крэдытора і калі зачыніў фортку за ім і вярнуўся на веранду — засмяяўся).

Андржэяка.
Пазбыўся аднаго. А колькі іх за дзень
Яшчэ прывалачэцца, калі грошы счуюць?
Бр-р-р! Пайду будзіць Францышка!

(Андржэяка выходзіць праз веранду. Тады са склепу паказваецца Марта, за ёй Ёган. Ёган замыкае склеп і дае ключ Марце).

Ёган.
Вазьмі, схавай. Пад вечар пакладзеш
За брамай пад шуло ты неўзаметку,
А я паведамлю айца Базылія за дзень.
Марта.
А як спатрэбіцца што Штольцу у склепе?
Ёган.
Ключа не знойдзе ён і покуль новы ключ
Даробіць да замка — мінецца дзень напэўне.
Марта.
Другога ён ключа не мае?
Ёган.
Здаецца, не. Ці можа й ёсць…
Калі-ж ён знойдзе…
Чакай… Якую-ж радасць даў
Я ў рукі ворагу Францышку!
Марта.
Ён знаць не будзе, для яго вакол
Свет не існуе апроч кніг. Святы ён.
Ёган.
Ён не святы, ён д’ябала слуга.
Ён грэшны. Каб нам у рукі
Не ў гэтай Чэхіі гусісцкай трапіў ён,
А у Бранденбургу — ëн-бы згінуў
Як вораг Рыма на кастры. Завабіць
Яго ў Нямеччыну сюды я ехаў
І вось… Я ведаю, што ён, —
Законазнаўца слынны, — калі знойдуць труп,
На мой на след асочных накіруе
І нас пагубіць, Марта, нават па злабе.
Марта.
Тады нам трэба з’ехаць з Прагі, Ёган.
І як мага хутчэй.
Ёган.
Ён гэта скарыстае,
Як доказ нашае віны. Хацеў
Звянчацца я у гэтую нядзелю
З табою, Марта.
Марта.
Любы мой, мой Ёган!
Мне сорамна было аб тым прасіць.
А людзі заўважаюць. Сёння
Пастух Вацлаў сказаў пра гэта брату.
Ёган.
Вось бачыш, ён — Францышак разаб’е
І гэта шчасце наша.
Марта.
Што-ж рабіць нам, Ёган?
Ёган.
Калі-б я верыць мог, што любіш ты мяне,
Што для мяне ты усё, ты усё зрабіць гатова…
Марта.
Я ўсё зраблю, усё зраблю, мой Ёган!
Ёган.
Тады… вазьмі вось гэты ключ і пакладзі
Між кнігамі Францышка Скарыны,
Любой крывёю вымаж яго шпагу.
Калі-ж спытаюцца — ты скажаш: «Ноччу чула
Я нейкі шум і крык. Пасля
Прайшоў Францышак у свае пакоі»…
Марта.
А ты? Ты гэта чуў? Ты скажаш?
Ёган.
Я сёння начаваў у базыльянцаў
І толькі што прышоў. Пацвердзяць
Прысягай гэта мніхі.
Марта.
О, загадай, мой Ёган, іншае! Яго
Абвінаваціць не магу я.
Ёган.
Калі не хочаш бачыць смерць маю,
Калі мне жонкай хочаш быць, ідзі,
Зрабі, што я сказаў без слова, без развагі.
Твой грэх даруецца касцёлам: ты
Ерэтыка нам дапаможаш знішчыць.
Я сёння выеду у суседні кляштар. Там
Чакаць цябе я буду. Мніх Базілій
Цябе туды даставіць. Я скажу.
Марта.
Мне не павераць, Ёган. Ён святы,
Яму і ў вочы глянуць не змагу я.
Ёган.
Зможаш, калі любіш. Запомні: ноччу
Праз сон ты чула стогн і грукат,
І крокі доктара. Нічога болей
Я не прашу… І ключ пакласці.
Марта.
Дык пакляніся яшчэ раз ты, Ёган,
Вось гэтым перстнем, на якім ты кляўся,
Душою мацеры сваёй, сваёй айчыны лёсам,
Што ты мяне не кінеш, возьмеш шлюб.
Ёган.
Клянуся я усім святым і родным,
Што не далей таго, як Скарына
Апынецца ў турме у якасці забойцы,
Вазьму я шлюб і у Бранденбургу
Мы будзем жыць з табою. Амэн.
Марта.
Амэн.

(Яна выходзіць. Ёган глядзіць ёй услед і, калі яна знікла, кажа пагардліва.)

Ёган.
О, чэшская авечка!

(Ёган грукае ў акно гаспадара. Праз некалькі хвілін выходзіць Штольц з піпкай у зубах і моўчкі спыняецца ў дзвярах).

Ёган.
Гэр Штольц, я сёння у базыльянцаў
Заначаваў і толькі што вярнуўся.
Штольц.
А мне здавалася — я чуў у вежы крокі.
Ёган.
О, гэта пацукі, гэр Штольц. Іх процьма
У паддашшы вашым. Спаць мне не даюць.
Я выеду па даручэнню брацтва
У Вільню зноў. Тавар вам пакідаю
ў аплату харчу і кватэры. Хопіць?

(Штольц ківае сцвярджальна галавой).

Дарэчы, можаце паслаць за адвакатам.
Не сёння-заўтра доктар гэты знікне
І апісаць маёмасць застаецца вам.
Штольц.
У гэта можна верыць?
Ёган.
Як і ў тое, што прад вамі Ёган
Фон-Шпілер, рыцар. Спадзяюся,
Што пісьмы вы заëмныя скупілі?

(Штольц моўчкі вымае «грос-бух»).

Штольц.
Па той ацэнцы, аб якой я мыслю,
Яму і крэдыторам іншым застанецца
Не больш, як дваццаць марак. Дзе іх дзець?
Ёган.
Аддайце Марце ад мяне у дарунак.
Штольц (дастае грошы).
Аддай іх сам, а мне пішы распіску.
Ёган.
Я пастараюся яе не бачыць… Грошы,
Што я даваў на скупку вексалёў,
Вы аддасцё у кляштар скарбніку.
Штольц.
Гэр Еган, тут прыехаў Шульц,
З Нюрнберга доктару прывёз паперу
І жмут заëмных пісем для аплаты.
Ёган.
А ён у вас? Гукніце на два словы.
Штольц.
Не, ён пайшоў да кума на бяседу,
Павінен быў вярнуцца — не вярнуўся,
Відаць, падпіў і ў кума ён начуе.
Ёган.
А пісьмы дзе?
Штольц.
Паклаў ка мне у шафу.
Ёган.
Паперу выкупіць вазьміце ў скарбніка,
Ён грошы дасць вам па майму загаду.
На ёй мы будзем друкаваць, гэр доктар,
Такія кнігі для тваёй, для Белай Русі,
Што знікне й след тваёй атруты ў ёй.
Штольц.
Але я гаспадар друкарні буду?
Ёган.
Так.
Заказчыкамі толькі будуць базыльянцы.
Калі не вернецца гэр Шульц…
Штольц.
Чаму?
Ёган.
Я не кажу — не вернецца наогул,
А толькі сёння, зараз — вы яго паперы
Аддайце адвакату. За адно з сваімі.
Штольц.
Але я іх павінен паказаць Францышку,
Мо’ ён заплаціць?
Ёган.
Пакажыце,
Калі закон такі. Бывайце. Я паеду.
Вось і айцец Базыль. Ён рэчы занясе.

(Штольц ідзе у дом. Праз фортку уваходзіць манах).

Манах.
Слава Іісусу.
Ёган.
Амэн, мой брат.
(Адводзіць яго ўбок.) У імя бога…
Манах.
Амэн. Чакаю я загаду, рыцар.
Ёган.
І пад прысягай нават гаварыць
Павінны мніхі кляштара, што сёння
Я начаваў у вас і вышаў за вароты
Пасля малітвы ранняй.
Манах.
Амэн. Так.
Ёган.
Занёсшы рэчы з гэтай вежы ў кляштар,
Ты знойдзеш кума Штольца.
Манах.
Знаю.
Ёган.
Там немец з Нюрнберга быў — Шульц.
Калі ён позна вышаў стуль учора,
Закажаш месу па яго душы.
Манах.
Хай упакоіць бог яго ў раю.
Ёган.
Вазьмі падводу у час абеда… Трое
З маімі рэчамі дарогаю на Вільню
Паедзеце… Узяць з сабой гасцінцы.
Манах.
Я разумею, рыцар.
Ёган.
На дзесятай міле
Чакаць вас буду верхам. Па дарозе
Нагнаць вы можаце каго-б то ні было
З ерэтыкаў, вось тых… калі ратунку
Шукаць яны ў уцечцы будуць… Іх
Правесці да мяне.
Манах.
Загад прыняў у Езуса імя.
Ёган (дае золата).
Вазьмі задатак.
Манах.
Дзякуй. Да пабачэння вечарам.

(Ёган выходзіць на вуліцу. На верандзе паяўляецца Марта і кладзе ключ паміж кніг).

Манах (адзін).
Дзяўчына… з тых… (паказвае ў бок веранды) мяне прасіла
Дастаць ёй пару індульгенцый.
За кухаль піва выманіў у мніха…
Аддаць-бы ёй…

(Тут ён бачыць Марту, якая паднялася на паддашша).

Манах.
Эй ты, красуня, ластаўка! Спусціся
З падстрэшнага гнязда свайго сюды.

(Марта варочаецца і падыходзіць да яго).

Манах.
Я індульгенцыі прынёс. Хадзі ў цянёк.

(Адыходзіць за кусты).

Вось на вялікі грэх, а вось на меншы.

(Аглядае яе).

Гэ-гэ! На грэх які бярэш, я знаю.
Марта.
Не для сябе бяру… а для папа Сямёна
Манах.
Для рускага папа?!
Марта.
Вазьміце залаты.
Не ўсёадно вам, хто грашыў —
Ці поп, ці д’ябал?
Манах.
А хочаш, каб твае грахі таксама
Той індульгенцыяй былі
Аплочаны прад богам?
Марта.
Што мне зрабіць для гэтага, манах?
Манах (працягвае да яе рукі).
Не быць упартай, козачка.
Марта (адстраняе рукі).
Цьфу!

(Яна рэзка павярнулася і пайшла. Манах аблізаўся, паглядзеў ёй услед і пайшоў на паддашша Ёгана. Тым часам на веранду вышаў Георгій Скарына ў доктарскай мантыі, у бярэце. З варот выходзіць з тоўстай кнігай пад пахай белы і велічны, як патрыярх, рэб Нохім і накіроўваецца на веранду. Марта пайшла на паддашша).

Георгій.
Што рана так турбуеце сябе,
Шаноўны дружа мой, рэб Нохім?
Вітанне шчырае, вітанне!
Нохім.
Як рана ні прыду, вас застаю за працай,
Шаноўны доктар, як жняю на полі.
Вітанне й вам, хай бог прадоўжыць годы
І вам, і вашаму патомству!
Ваш выклад з грэцкага
Я параўнаў з гебрэйскім.
Георгій.
І як?
Нохім.
Ён адэкватны, доктар. Толькі параўнанні
Вы ужываеце такія, аб якіх
Не меў век старажытны уяўлення.
Георгій.
А сэнс дакладна імі перададзен?
Нохім.
А сэнс той самы.
Георгій.
К прыкладу, рэб Нохім?
Нохім.
У кнізе царстваў: «Сотнік іх
Цару прысягай завязаў».
Георгій.
Так «завязаў» — не тое слова, так…
А сэнс дакладны. Хай так застанецца.
Яшчэ?
Ноxім.
«У радасць іх, нібы іголкай ткнуў».
Георгій.
О, я хацеў яшчэ дадаць «у скулу»,
Каб той, хто прачытае, сам адчуў
Раптоўнасць болю й яго сілу!
Яшчэ?
Ноxім.
Вось тут: «рабы на конях, а баяры пешкі».
Георгій.
А што благога тут? Калі-б так і было?
Ноxім.
Баяр не знала старажытнасць.
Георгій.
Так,
Але іх ведае сучаснік і яму
Лягчэй убачыць справядлівасць кары
Не пад начальнікам, па назве невядомым,
А пад баярынам, крыўдзіцелем штодзённым.
Я думаю, што ў гэтым мэта наша,
Каб не мужы навукі, дактары, магістры,
А й просты паспаліты люд, чтучы,
Мог разумець пісьмо святое
І распазнаць ад крыўды праўду,
Каб ведаў ён законы і правы,
Якімі людзі на зямлі імаюць справавацца.
І філозофіі навуку добранраўнай
Ад Арыстотэля да нашых дзён пазнаў.
Аб гэтым я пішу у сваіх прадмовах.
І я хацеў-бы думкі дзве данесці Да кожнага, хто кнігу возьме у рукі.
Ноxім.
Якія думкі, доктар?
Георгій.
Любіць зямлю сваю і свой народ,
Як птушка польная — гняздо сваё,
Як рыба — вір, як звер — сваю бярлогу.
І бараніць яго, як пчолы вулей
Бароняць ад чужых і сквапных лап.
Другая думка — аб карысці працы,
Ахвярнай працы на карысць народа,
На колькі сіл стае, наколькі служыць розум.
Каб, паміраючы, свой шлях жыццёвы
Маглі мы азірнуць спакойна і сказаць:
«Жыццё маё не стала пустацветам,
А рунь пасеваў спажываюць людзі».
Нохім.
У гэтым мудрасць і жыцця і працы.
Георгій.
Давайце выклад прытчаў параўнаем.
Люблю я прытчы: мудрасць захавана
У іх — як прыгажосць у самацвеце,
Ці золата ў зямлі, або ядро ў арэсе.
Міне і сто і тысяча гадоў,
А мудрасць мудрасцю. Яе ні тля,
Ні тлён, ні час не точыць, ні цары,
Ні сейм забараніць не могуць.

(Скарына садзіцца ў сваё крэсла, так як гэта бачна на гравюры. Рэб Нохім і ён паглыбляюцца ў злічэнне перакладу. З свайго дому выходзіць Штольц. Ён зазірнуў праз кусты на веранду, але, відаць, не адважваецца зразу ісці да Скарыны і накіроўваецца да склепа).

Штольц.
Для смеласці глынуць піўца?
Здаецца, я учора ключ тут кінуў?
Няма?! Замкнёна? Што за ліха?
Няўжо на месцы ключ?

(Ён варочаецца назад у дом. За кожным яго рухам назірае з свайго паддашша збялелая ўсхваляваная Марта. У гэты час шпарка ўваходзіць, абціраючы лысіну, Адам).

Адам.
Дзень добры, доктар. Я не к вам,
Я к пану Андржэяку на хвіліну.
Георгій.
Дзень добры, Адам. Андржэяка!
К табе рэб Адам на хвіліну. Выйдзі!

(Выходзіць Андржэяка. Адам цягне яго ўбок).

Андржэяка.
Што здарылася, рэбе? Ты змяніўся з твару!
Адам.
Не ведаю, што думаць. Заёмныя лісты
Ва ўсіх заёмадаўцаў зніклі.
Андржэяка.
Ц-сс! (Адводзіць яшчэ ўбок.) Як гэта?
Адам.
Так.
Адам.
Ад вас пайшоў да Іцкі я…
Андржэяка.
Я так і знаў,
Што балбатлівей ты за бабу. Ведай:
Я падзялю, што абяцаў табе адному,
На сотню Іцак, што ідуць услед
За рэб Адамам…
Адам.
Не, ніхто не прыдзе.
Абегаў я усіх: усе лісты прадалі.
Андржэяка.
Каму?
Адам.
Не ведаю. Не кажуць. Ім забаранілі.
Андржэяка.
Ты, разумеецца, узнаў…
Адам.
Калі пан дакляруе
Аб гэтым не сказаць на споведзі ксяндзу
І абяцае выплаціць маю пазыку.
Андржэяка.
Я слова даў. А шостай сёння
Палову атрымаеш… Хто?
Адам (шэптам).
Базыліяне.
Андржэяка (задумаўся).
Гэта вораг моцны… Слухай, брат,
Найдзі мне пакупца на дом вось гэты…
Адам.
Я пашукаю… Я прыду а шостай.

(Ён пастаяў, пайшоў, пасля збочыў у фортку паміж дварамі і пайшоў да Штольца).

Андржэяка.
Бой пачынаецца. Трымайся, Андржэяка.

(У гэты час да брамы падыходзяць: рабочы, які вязе на двухколцы кнігі, айцец Сіман і тры мужы вучоныя Прагі: Вацлаў Сова, Мікулаш Конач і Мікулаш Клаўдзіян. Айцец Сіман расчыняе шырока браму).

Айцец Сіман.
Прашу, прашу вас, госці дарагія!
Вацлаў Сова.
Няёмка трохі гэтак рана…
Мікулаш Клаўдзіян.
Пан Скарына — падвойны мой калега:
І выдавец і доктар — да турбацый,
Я думаю, прывык. Ды ён за працай.
Дзень добры, наш субрат славуты!

(Скарына выходзіць ім насустрач. Андржэяка, пакланіўшыся гасцям, выходзіць).

Георгій.
Бог ласку мне зрабіў, паслаўшы
Мужоў такіх высокіх пражскіх
У сціплы мой прытулак. Рад,
Сардэчна рад вітаць вас з добрым раннем!
Вас, пан Вацлаве, — біблія чыя
Была для нас грунтоўнаю крыніцай
Дакладных тэкстаў і майстэрства слова!
Вацлаў Сова.
Прыемна чуць, славуты наш Скарыніч,
Ад вас такую хвалу, і сказаць,
Што ваша біблія — дачка маёй выходзіць,
І прыгаством і працай матку абагнала!
Георгій.
Вітаю Вас, Мікулаш Конач, дружа,
Славутай Чэхіі славутага паэта!
Па вашай «Кроніцы», па вершах і прадмовах
Вучуся я любіць вялікі розум
Вялікага нам брацкага народа.
Мікулаш Конач.
Як мы па вашых кнігах, доктар,
Русь Белую, айчыну вашу.
Георгій.
Вас, пан Мікулаш Клаўдзіян, ад сэрца шчыра
Абняць гатоў, як медыка-субрата,
Як выдаўца штукоўнага, выданнямі якога
Я захапляюся да глыбіні душы.
Мікулаш Клаўдзіян.
Акраса чалавеку сціпласць, дружа. Толькі
Мы і паловы не зрабілі, нават,
Таго, што робіце вы сёння. Мы прышлі,
Каб прывітаць вас з поспехам сардэчна.
Мікулаш Конач.
Так, так, шаноўны доктар. Паглядзіце!
У Празе Чэшскай мы, мы — чэхі,
Ў апошнія гады амаль што не друкуем,
А ён прышоў і… колькі ўжо?
Георгій.
Пад дваццаць кніжак будзе.
Мікулаш Конач.
Дай абніму цябе! Да д’ябла бляск прамоў!
Як сына абніму, — прабач мяне старога…
Георгій.
З вялікаю прыемнасцю, настаўнік.
Не захваліце толькі. Па еліку
Мы браціі не можам у вялікім
Чым паслужыці, люду паспалітаму Русі
Сіі малыя кніжкі працы нашай
Прыносім у дар. Я знаю, што пан Сова,
Калі не меў магчымасці у Празе,
Ён біблію сваю у Венецыю павëз
І там надрукаваў, і што мужы
Старое слаўнай Прагі ў працы гэтай
Яму дапамаглі. Яго слядамі
І я ішоў. Я знаю, што пан Конач
У Нюрнбергу у Гелцля друкаваў,
Каб павялічыць славу чэшскага народа.
Я вучань ваш.
Мікулаш Конач.
Дай бог такіх нам вучняў болей,
Тады-б і нам, настаўнікам, было
Пазычыць у каго і розуму і ўмельства.
Зірніце вы на літары! Такіх
Прыгожых я нідзе не бачыў і ніколі.
Зірніце толькі, колькі навіны
Увёу у друк Францышак Скарына!
Вось старонкі — друкарам у прыклад
Пранумярованы усе, вось верш ад верша
Адлучаны двукроп’ем, каб лягчэй
Было чытаць і разумець іх сэнсум.
Застаўкі дзіўныя. Партрэт выдаўцы!
Хто гэткі майстра у цябе, мой сыне?
Георгій.
Памочнік мой і друг мой Товій.
Мікулаш Клаўдзіян.
Яго няма тут?
Георгій.
Ён y Вільні.
Майстэрству гэтаму я сам крыху
Навучаны.
Вацлаў Сова.
О, вашае «крыху» вялікшае за «шмат»
У вельмі, вельмі многіх. Прадракаю,
Што на узорах друку Скарыны
Вучыцца будуць у Еўропе, што ў вякі
Увойдзе ён, як прыклад дасканалай
І шчырай працы на карысць асветы.
Георгій.
Маёй тут працы менш. Вось ойча Сіман —
Настаўнік мой з юнацтва — залатыя рукі!
Ніхто на свеце так, здаецца, дасканала
Не ведае майстэрства, прыгажосці
Ручнога кніг пісання. Ён уклаў
Сюды душу сваю.
А. Сіман (які дапамагаў увесь час рабочаму пераносіць у дом кнігі).
Ты не хвалі занадта,
Бо сурочыш.

(У гэты час Андржэяка з Мартай уносяць падносы з віном і закускамі).

Георгій.
Вось мой памочнік трэці і мой сябра,
Які друкарню ўсю трымае на сабе,
І ноч не спіць і дзень ён за работай,
Мой добры Андржэяка. То — сястра яго —
Анёл ахоўнік наш, яна, як маці,
Жыццёвы клопат з нашых душ здымае.
Прашу садзіцца, другі, у застолле,
Чым бог паслаў — хачу адзначыць свята
Я вашых водведаў.
(Андржэяку і Сіману.)
Сядайце й вы, сябры.
Андржэяка (бачачы, што Конач хоча паставіць на месца кнігу, якую ён разглядаў).
Дазвольце, я пастаўлю.

(Пакуль рассаджваюцца і наліваюць чаркі, ён ставіць кнігу і скідае з паліцы ключ. Марта уздрыгнула, бо бачыць, як да веранды накіроўваецца Штольц, які вышаў з сваіх дзвярэй).

Андржэяка (нагінаецца і падымае ключ).
Адкуль тут гэты ключ? Ты, Марта,
Не ведаеш адкуль ён трапіць мог?..
Марта (спалохана).
Не ведаю.

(Уваходзіць Штольц).

Штольц.
Гут морген, доктар і шаноўныя паны!
Георгій.
Гэр Штольц? Гут морген! Я прашу ў бяседу.
Сядайце тут, суседзе!
Штольц.
Па справе я, гэр доктар.

(Андржэяка накіроўваецца да яго, трымаючы ключ у руках. Штольц узіраецца ў ключ, але да яго свядомасці яшчэ не даходзіць, што за ключ у руках Андржэякі).

Андржэяка.
Мо’ справу адкладзем, гэр Штольц,
На час большш зручны?
Штольц.
Не!
Іду я к адвакату, доктар, прад’явіць
Вось гэтыя заёмныя лісты, што ласку
Вы мелі падпісаць у розных крэдытораў.
Іх тэрмін скончыўся. Калі я зараз
Не атрымаю ўсё гатоўкай, я арышт
На кнігі вашы і друкарню накладу.
Андржэяка.
Адкуль у вас лісты?
Штольц.
Скупіў!
Андржэяка.
Навошта?
Штольц.
Для гешефта, гэр.
Георгій (госцям).
Прашу я не зважаць і сілкавацца.
Прабачце мне, я зараз.
(Выходзіць з-за стала).
Мікулаш Клаўдзіян (таксама).
Касцёл нямецкі,
Я пазнаю тваю руку, якую
Ты да славянскай глоткі прагна цягнеш!
Залетась архібіскуп Майнцскі
Забараніў у Нюрнбергу майму выдаўцу Гелцлю
Друк чэшскіх кніжак, пад пагрозай
Выгнання з горада. Сюды, у Прагу,
Дайсці яго не можа забарона.
І вось інакшы ход!
Георгій (разглядаючы прад’яўленыя вексалі).
Заёмныя лісты сапраўдныя, гэр Штольц.
Я аплаціць магу іх… праз поўгода…
Часткова — і раней. А як папалі
У вашы рукі гэтыя лісты
Ад папяровай фабрыкі з Аўсбурга?
Штольц.
Учора іх прывёз гэр Шульц
Ад Шонтнергера з Аўсбурга з паперай.
Паперу я забраў сабе, бо ведаў,
Што аплаціць яе няма вам чым.
Георгій.
Умове згодна заплаціць павінен
Я ў Аўсбургу па гэтаму лісту.
Рамана я, пляменніка, туды прасіў паехаць.
Штольц.
Раман ваш у турму папаў.
Георгій.
Раман? У турму?
Штольц. Шонтнергеру быў ліст такі
Ад адваката з Рыгі.
Георгій (спахмурнеў, падумаў).
Так…
Я ў Аўсбург сёння выеду…
Штольц.
Калі
Не затрымае вас да выплаты пазыкі
Турма, аб чым я клапаціцца буду.
Андрэяка.
Вазьміце, прагная душа, мой дом
Або у заклад, або і назаўсёды.
Георгій.
Не, не, мой друг! Навошта? Дом не твой.
Ён твой і Марты…
Мікулаш Конач.
Мы выдадзім заручнае пісьмо.
Штольц.
Пісьмо пісьмом, гатоўкі ў вас няма.
Андржэяка.
Ідзі адсюль, гэр Штольц, іначай
Я гэтым вось ключом праб’ю твой чэрап.

(Тут толькі да Штольца дайшло).

Штольц.
Адкуль у вас мой ключ ад склепа?
Я ранне усё яго дарэмна прашукаў.
Андржэяка.
Бяры, калі ты да яго прызнаўся.
І як мага хутчэй знікай, а то…

(Штольц бярэ ключ, сыходзіць з веранды. Даходзіць да вежы, машынальна верцячы ключ у руках. Марта выслізвае услед і сочыць за ім праз кусты. Гэта заўважае айцец Сіман і неўзаметку выходзіць, нібы задумаўшыся. Георгій паміж тым зноў усаджвае гасцей).

Георгій.
Даруйце мне вы, дарагія госці,
Што нечакана так бяседа
Рукою невідочнай спынена была.
Я п’ю за тое, каб і гэту перашкоду
Пераадолеў розум і цярплівасць.
Мікулаш Клаўдзіян.
За свет, што нішчыць цемру, п’ю я.
Мікулаш Конач.
За перамогу сонца над агідай ночы.
Адсюль мы пойдзем к бургомістру Прагі,
Дадзім пісьмо… Яно адтэрмінуе плату.
Георгій.
Тым часам я… я вызвалю Рамана,
І грошы будуць. Налівайце чашы.

(Пакуль заціхшыя пад цяжарам думак госці прадаўжаюць бяседу, да Штольца, што стаіць ля вежы, падыходзіць Адам: ён, не дачакаўшыся Штольца ў яго хаце — вышаў на двор).

Адам.
Ну як, гэр Штольц, купілі дом?
Штольц.
Я думаю… што ўзяць выгодней:
Ці іх друкарню з кнігамі, ці дом?
Адам.
У вас заёмныя лісты?! Не ў базыльянцаў?
Вазьміце й мой. Адсоткаў дзесяць скіну.
Штольц.
Не, рэбе, скінеш — семдзесят. За гэта
Цябе я пачастую добрым півам.

(Ён ідзе да склепа, за ім подбегам бяжыць Адам, памыкаючыся нешта сказаць. Марта схапілася за сэрца, да яе кінуўся айцец Сіман).

А. Сіман.
Што сталася, дачка? Ты нездарова?
Марта.
Не, не… здарова я… Я ўспомніла…

(Яна шукае нейкую прычыну і не знаходзіць нічога, апрача індульгенцыі, якая зашуршэла за карсажам).

Вазьміце, ойча, індульгенцыю… дастала
Па вашай просьбе я у мніха-базыльянца
Для тэй… Дароты з Вільні.

(Айцец Сіман бярэ індульгенцыі і гэта адцягвае яго думку, тым больш, што ён, будучы за сталом, перакуліў чарку).

А. Сіман.
Ну зараз можна бабе будзе
Хоць біскупа зарэзаць: дараваны грэх.
Ці-ж гэта вера? Цьфу! Прыедзе Товій,
Дык перашлю старой дурніцы. Цешся!
І то, за тое толькі, што часамі чарка,
Калі тамілася душа, мне ад Дароты
Перападала…

(Ён хавае індульгенцыі).

«За грэх малы», «за грэх вялікі». Цьфу!..

(Узнімаецца размова за сталом. Вацлаў Сова паднімае чарку).

Вацлаў Сова.
Ля Грунвальда змагаліся мы поплеч,
Супроць захопнікаў нямецкіх, як браты.
П’ю за сям’ю славян, за дружбу у нашай хаце!
Мікулаш Конач.
За лепшага між нас, мудрэйшага між нас,
Крынічна чыстага душою чалавека
І працавіцейшага паміж слуг народа,
За друкара і доктара, Францышка Скарыну!
Георгій.
Удзячан вам, настаўнікі мае,
За слова шчырае аб люду паспалітым
Маëй радзімы, і аб працы сціплай
Мяне самога… Я прашу напамяць
Узяць па кнізе гэтай. Выбачайце,
Я дапішу адно… Не мог надрукаваць
З прычын нявольных… «Кніга гэта
Адбіта з дапамогай брацтва Вільні,
Багдана Онькава і Бабіча Якуба».

(Пакуль ён робіць надпіс, з склепу выбягае страшэнна спалоханы Штольц і Адам).

Штольц.
Мой бедны Шульц… забіты і схаваны
У склепе, у маім… Ключ быў у іх.
Яны, яны, праклятыя славяне!
Рэб Адам, будзеш сведкаю… Чакай!

(Ён кідаецца ў вароты, Адам за ім, атрасаючы рукі).

Адам.
Гэр Штольц, на чорта быць мне сведкай!

(Марта бездапаможна апусцілася на зямлю. Айцец Сіман зноў нахіліўся да яе і відавочна зразумеў, у чым справа).

A. Cіман.
Зноў дрэнна? Даць вады?

(Марта адмоўна ковае галавой).

Ох, дзеўкі, дзеўкі! А ці будзе
На вашу дурасць і даверлівасць калі
Хоць звод які?
(Марта заплакала).
Не плач! Брат ведае?
Марта.
Нікому не казала. Сорам мне!
Я лепш у Влтаву!
A. Cіман.
Цыц, дурніца!
Скажы к каму — і я пайду за свата.
Ды толькі хто? Здаецца-ж на вачах…
А можа ён… Георгій? Што маўчыш?

(Марта нічога не адказаўшы, устала і плачучы вышла).

Не можа быць, каб сын духоўны мой…
Хаця… а каб ты спух, сынок…
У ціхай завадзі чарцям раздолле…

(У гэты час варочаецца назад Штольц і з ім некалькі мніхаў-базыльянцаў. Відавочна, ён іх спаткаў па дарозе: яны ішлі шукаць Шульца, накіраваныя праз Базыля Ёганам Шпілерам).

A. Cіман.
Разбегалася нешта немчура?
Напіцца-б мне цяпер… Крычаць яны…
Штольц.
Айцы святыя, вось прашу сюды,
У склеп. Тут цела захавалі
Нябожчыка гэр Шульца. Ключ
Знайшоў я раніцой пры сведках
У руках суседа Андржэякі, на верандзе.
А хто забойца, я не ведаю, не знаю.
Марта.
Ідзіце вы да іх, а я забыўся шпагу
Гэр Ёгана… вазьму, іду да вас.

(Уся гурба мніхаў з Штольцам увальваецца на веранду. Насустрач ім узняліся вучоныя. Падышоў а. Сіман).

А. Сіман.
Во вараньë зляцелася! Чаго?
Штольц.
Айцы святыя, будзьце сведкамі! Сусед,
Вось гэты ключ я з рук тваіх узяў
Сягоння раніцой?
Андржэяка.
З маіх, а што?

(Манах Базыль са шпагай спускаецца зверху і далучаецца да іншых).

Штольц.
Вы чулі?
Манахі.
Чулі.
Штольц.
Ключом замкнуты склеп…
Андржэяка.
Склеп абакралі?
Штольц.
Не.
Андржэяка.
Чаго-ж тады такі вялікі галас?
Штольц.
У склепе Шульц.
Андржэяка.
Ну, значыць, ён залез і папрасіў замкнуць,
А хто замкнуў, спытайцеся у Шульца.
І мне цікава будзе знаць — навошта
Ён ключ засунуў аж у кнігі.
Штольц.
Гэр Шульц забіт, зацягнут ў склеп і кінут.
Андржэяка.
Пра гэта я вось зараз толькі чую.
Манах.
Ты дома начаваў?
Андржэяка.
Я начаваў ў друкарні.
Манах.
Хто дома начаваў?
Георгій.
Я дома начаваў і Марта… ў гэтым доме,
А у доме тым — гэр Штольц, напэўна, знае,
Хто начаваў, апроч яго й забітага гасця.
Манах.
І вы не чулі ні крыку, ні мальбы?
Георгій.
Я тры начы не спаў і сам спаў, як забіты.
Манах.
Дзе Марта?

(Марта ўваходзіць).

Марта.
Я тут, айцец святы.
Манах.
Ты знаеш гэты ключ?
Марта.
Цяпер я знаю.
Манах.
Як трапіў ён да вас?
Марта.
Яго паклала я. Знайшла уранні
І запытаць хацела чый… Ноччу я не спала,
Але нічога чуць не чула. Усё?
Манах.
Ты чула, як памосніцы скрыпелі,
Як доктар ноччу па двару хадзіў…
Марта.
Не, не чула, святы айцец, хаця не спала.
Мікулаш Конач.
На доктара паклёп узводзіць сорам.
Манах.
Апроч яго, карысці у забойстве
Гэр Шульца хто тут мае?
Прапаную, пад арыштам завесці у турму.

(Не дачакаўшыся адказу, ён вымае шпагу).

Марта.
На шпазе кроў.

(Манах збянтэжыўся, падняў шпагу. Усе бачаць крывяныя плямы).

Мікулаш Клаўдзіян.
Адкуль тут кроў?
Манах.
Не ведаю, бо шпага не мая. Нясіце
Сюды вы шпагу доктара.
Яна ў крыві таксама.

(Не марудзячы часу, прынеслі і абнажылі шпагу).

Мікулаш Клаўдзіян.
На шпазе кроў. Адкуль яна, Францышак?
Георгій.
Не ведаю, яе не вынімаў
Напэўне тры гады я.
Манах.
Я ведаю адкуль:
Сягоння пеўня рэзала я, ён
З рук вырваўся. І шпага тут была, —
Яе хацела я пачысціць, — я схапіла
І шпагай дакалола. Певень там ляжыць.
Мікулаш Клаўдзіян.
Давайце шпагі.
Ідзем, айцы святыя, ў магістрат.
Вы, Вацлаў Сова, тут застанецеся.
Каб непарушана было нічога, покуль следчы
Не прыдзе сам сюды. Ідзем!

(Ён выводзіць усіх, апроч Скарыны і Сімана. Марта таксама памкнулася пайсці за імі, але толькі для таго, каб запыніць манаха. Вацлаў Сова пайшоў агледзець месца).

Марта.
Святы айцец, хвіліну…
(Той спыняецца).
Ёган дзе?
Манах.
Цю-цю, твой Ёган, памінай, як звалі.
Ён стрымгалоў імчыцца за мяжу
І назаўсёды.
Марта.
А ён-жа кляўся, што мяне не кіне,
Ён абяцаў звянчацца.
Манах.
Абяцаў — xa-xa!

(Марта варочаецца назад. Яна становіцца на калені перад Скарыной. Той паднімае яе).

Марта.
Даруйце мне, Францышак, што я ў думках
На гонар ваш замах зрабіла.
Георгій.
Хто навучыў цябе? Не Ёган?
Марта.
Ёган.
Георгій.
І шпага Ёгана?
Марта.
Яго, але…
Прашу я вас… не помсціце яму.
А. Сіман (хлопнуў сябе па лбе).
Стары асёл, што ты падумаў?..
Даруй і мне, Георгій, заадно.
Георгій.
За што?
А. Сіман.
За дурасць галавы маëй.

(Уваходзіць Вацлаў Сова. Марта вышла).

Вацлаў Сова.
Я абышоў, праверыў, думаў моцна…
І я прышоў сказаць: Георгій,
Павінен зараз выехаць ты з Прагі.
Не для таго так крута заварылі
Базыліяне кашу, каб адстаць адразу.
Яны даб’юцца — будзеш ты ў турме.
Георгій.
Сваю невінаватасць дакажу я.
Вацлаў Сова.
Я гэта ведаю, а покуль што яны
Расцягнуць ўсю друкарню, кнігі,
Абмажуць дзёгцем чэснае імя.
Сам памяркуй, пакуль няма загада,
Каб ты не выехаў — ты вольны ўсё рабіць.
Ты выехаў. Яны прышлі з загадам.
Няма гаспадара, яны чакаць павінны
Каб суд узняць, калі прыедзеш ты.
Тым часам ты дастанеш грошы. Тут
Мы справу высветлім з забойствам Шульца,
Суду дакажам праўду без цябе.
Што лепей — ці ў турме прабыць поўгода
І, ворагаў разбіўшы на судзе,
Прыйсці сюды — і не знайсці нічога;
Ці гэты час прабыць на волі, назапасіць
І сіл і сродкаў, каб пасунуць справу
Наперад, ворагу яе не здаць?
Георгій.
Так, справа перш за ўсё і тут.
Я выеду у Аўсбург, потым ў Рыгу.
Рамана вызвалю, вазьму я грошы…
Благаслаўляеш, ойча Сіман?
А. Сіман.
Ад душы, сынок!
Георгій.
Тады… прыедзе Товій, часткай грошай
Заткніце глотку Штольцу. Рэшту ўсю
На тайны перавоз у Вільню ўсёй друкарні
І кніг усіх… усëй паперы,
Якую здольны будзеце купіць.
У Вільні, па майму загаду,
Павінна быць ужо гатова ўсё для справы.
Я Товія чакаў.
Вацлаў Сова.
Спяшайся, дружа. Коні я знайду.
Георгій.
Ды я гатоў, не ўпершыню мне ехаць,
Ісці, ці плыць, бо уся зямля — мой дом,
А розум — скарб, які пракорміць і напоіць,
Ды вось што, ойча Сіман: Товій…
Магчыма прывязе пра Маргарыту весткі…
Калі яны такія, што патрэбна знаць…
А. Сіман.
Мы знойдзем тых, якія іх даставяць.
Георгій.
Дзякуй. Ёй даставіць кнігу,
Вось гэтую. У вобліку яе
Хрыстос вянец ускладае на жанчыну —
Застаўка тут… Яна ўсё зразумее.
Свет агрубеў. Патрэбны зноў араты,
Які ўзараў-бы сэрца дзірваны,
Павырваў плевелы, спаліў агнём навукі.
Яна раджаецца у цяжкіх муках,
І болі мук мы адчуваем. Хай-жа нас
Суцешыць думка,
Што будзе свет і згіне цьма!
Благаславі нас у дарогу, ойча.
А. Сіман.
Ў імя і славу бога нашага. Амін.

(Скарына і Вацлаў Сова выходзяць. Айцец Сіман падышоў, выпіў залпам гарэлкі, сеў і грукае пальцамі па стале, на якім стаіць пясочны гадзіннік. Святло на нейкі час гасне. Калі запальваецца святло — айцец Сіман усё сядзіць у той-жа позе, але з пясочнага гадзінніка, які ён паставіў перад сабой — выцек увесь пясок: прайшло добрых 6 гадзін. Уваходзіць Товій, як быў з дарогі).

Товій.
Ну вось і я. Здароў будзь, ойча Сіман!
А. Сіман (здзіўлена і ўзрадавана).
Товій?!
(Ён узняў руку і жагнае яго).
Ў імя айца і сына…

(І, успомніўшы, што перад ім іншаверац, спыняецца).

Цьфу!
Товій.
Хрысці, хрысці ўжо да канца: усёроўна!
Бо ў Вільні, Cімане, мае адзінаверцы
Мяне на суд цягнулі ў сінагогу,
Каб нада мной анафему чытаць…
Я вырваўся, аднак армяк застаўся…
Вось дзівакі! Няўжо разумны бог
Асмеліцца быць супраць добрай справы?
А доктар дзе?
А. Сіман.
Паехаў у Нямеччыну — ні дна, ні вечка ëй!
Товій.
У Нямеччыну?! чаго? Павёз
На продаж кнігі?
А. Сіман.
Па кнігі, а за адно і па друкарню,
Прыходзілі сюды, брат, немцы самі, —
Базыліянцаў лютая арда
І гэты Штольц, сусед… Скупілі
Заёмныя лісты усе, брат, нашы…
Товій.
Я так і знаў, што вы тут селі макам.
А. Сіман.
Чаго-ж ты радуешся, ёлуп?
Товій.
Таго, што ў Вільні крэдыторам
Не даў ні грошыка, хаця ў калодкі
Мяне забіць збіраліся. Усё
Прывёз сюды! Глядзі — брат, ойча!
Вось срэбра мех, вось золата, а вось
Дарункі Маргарыты і сябровак…
Дароты нават залатыя тры…
А. Сіман.
Дароты? Стой, каб не забыцца…
Вазьмі вось для Дароты… глупства
Іx рымскае — дзве індульгенцыі. Даруе
Ёй папа два нязробленых грахі.

(Ён з відавочнай агідай выцягвае з кішэні за ражок індульгенцыі і перадае Товію. Той бярэ і хавае).

Товій.
Ага, яна пыталася пра іх.
Вось бачыш, ойца, зблыталі багоў мы…
Ты Езусу паслугу робіш, я Хрысту.
А. Сіман.
Я колькі раз прасіў…
Товій.
Ну, ну, не буду.
А. Сіман.
Базыліяне некага забілі, падсунулі у склеп
Суседу Штольцу; ключ, як поклад
Вядзьмарскі, сунулі Георгію у кнігі,
Прышлі ардой — нібыта ён — забойца.
Товій.
І неба громы не абрушыла на іх?
А. Сіман.
На гэты раз — сцярпела. Як браты,
Ўзяліся чэхі суд і справу скончыць,
А покуль што, каб у турму не трапіць,
Георгій вымушан быў з’ехаць…
Нам загадаў: употай ад усіх
Шрыфты і кнігі у Вільню перавезці.
Товій.
Ну што-ж, у Вільню дык у Вільню,
Хаця там мне даволі крута будзе…
А. Сіман.
А што у Вільні?
Товій.
Нічога… Там усё гатова,
Дароты дом чакае нас. Чакаюць
І псы на ланцугах. І першы з іх Адвернік.
А. Сіман.
Як Маргарыта?
Товій.
Ты бачыў, ойча, кветку ў дзень асенні,
Калі вакол усё пабіў зазімак,
Яна-ж адна, праз нейкі цуд жывая,
Да сонца цягнецца, бялюткія пялёсткі
Палошча ў променях апошніх развітальных?
Вось гэта — Маргарыта, ойча.
А. Сіман.
Яе ты бачыў.
Товій.
Толькі раз…
Мужык яе і к маці не пускае.
Яе парсуну я намаляваў…
(Ён дастае медальён, паказвае).
Навылет ночы я сядзеў за працай,
Яна-ж перада мной, як дзіўны дзіў стаяла…
У памяці, у зроку… Ойча, ойча,
Ці ведаў ты калі і боль, і муку,
І слодыч тайнага і безнадзейнага кахання?
А. Сіман.
Ты што здурэў, ці быў такім ад роду?
Маўчы! Забудзься! Як пасмеў ты
Падумаць гэта!
(Ён узрушана пахадзіў па пакою).
Ты пра Рамана чуў?
Товій.
Іван Скарыніч выехаў у Рыгу,
Каб выручыць Рамана. Немца
Замест яго у Полацку трымаюць.
А. Сіман.
Што выдумаў, бязглузды ты… каханне…
Не еў з дарогі? Стой! Паклічу Марту,

(Ён выходзіць, абурана бубнячы пад нос).

Товій.
Я выдумаў? Яно, як лёс,
Прышло само, як полымя пажару,
Душу маю і сэрца ахапіла,
І гора стала радасцю маёй.

(Уваходзяць Андржэяка і Штольц).

Андржэяка.
A, Товій, добры дзень! Дзе доктар?
Товій.
А што?
Штольц.
Вось позва ў суд, і на друкарню арышт.
Товій.
Дай паглядзець.

(Бярэ і, не гледзячы, рве на шматкі).

Францышак выехаў.
А арышт я здымаю, вось гэтым. Бачыў?

(Ён паказвае прывезеныя грошы. Уваходзіць айцец Сіман).

А. Сіман.
Там… Марта мёртвая… ляжыць……
Андржэяка (разгублена).
Чаму? як так?
А. Сіман (гледзячы на Товія).
І боль, і мука,
І слодыч тайнага і безнадзейнага кахання…
Андржэяка.
Хто?
А. Сіман.
Ёган.
Штольц.
Не, Ёган выехаў у Вільню.
Андржэяка.
Я… даганю яго… і вырву сэрца
З грудзей яго ваўчыных…

(Ён хутка знікае. Заслона паволі апускаецца, хаваючы засмучаныя постаці а. Сімана і Товія).

Заслона.

АКТ ІІІ

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Георгій Скарына.
Маргарыта.
Арына, яе былая мамка.
Товій.
Айцец Сіман.
Скамарох.
Якуб Бабіч.
Ёган фон-Шпілер.
Раман — пляменнік Георгія.
Пётр Мсціславец, — хлопец, вучань Скарыны.
Прося — яго каханая дзяўчына.
Старая — жанчына ў турме.
Начальнік турмы.
Суддзя.
Вартавы.
Ян — біскуп Віленскі.
Марцін Субачовіч — зяць Дароты.
Мікола Чупрын — яе пляменнік.
Манах.
Госці Скарыны і дзве «цені» у садзе.

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Поўкруглая камера у вежы турмы невялікага правінцыяльнага гарадка Нямеччыны. У вокнах камеры змрок, які раз-по-разу разрываецца далёкай бліскавіцай, і тады даносіцца прыглушаны адлегласцю гром. Па грымотах можна здагадацца, што навальніца павольна, але няўхільна пасоўваецца на гарадок. У святле бліскавіцы вырысоўваецца ўбогая абстаноўка камеры: стол, дзве табуреткі, салома на падлозе, каталіцкае раскрыжаванне у прасценку паміж вокнамі з невялікай лампадай. Над раскрыжаваннем убітае ў сцяну масіўнае колца, да якога прыкута ланцугом старая, сівая, у брудным атрэп’і жанчына. Яна, скурчыўшыся, ляжыць на саломе і уздрыгвае і хрысціцца пры ўзбліску маланкі. Пасярод камеры на табурэце сядзіць Георгій Скарына. Ён думае і сам сабе выказвае паволі, паціху свае думы.

Георгій.
Раджаецца святло ў імгле вільготных хмар,
Свет азараючы на момант, і знікае…
Хто выкрасліў яго і зноўку пагасіў?
Мо’ праў быў Геракліт: святло, як свет, —
Адзіны з усяго — не створаны нікім:
Ні богам, ні людзьмі — было і будзе вечна.
Успалымняецца яно само, само і гасне
У адпаведнасці з сваім законам, покуль што
Не разгаданым чалавекам… Тайна тайных!
Калі ўзляціць на кручу хмар наш розум,
Калі цяжкі ён скіне з шыі камень,
Што прыкавалі да яго людскія-ж рукі,
Благаслаўляючы яго і цемрай і пакутай?
Я камень колісь бачыў… Пасярод яго
Запала зерне у трэшчыну малое
I разламала камень, стаўшы дубам…

(Новы ўдар грому. Старая, звонячы ланцугом, перахрысцілася).

Старая.
Ратуй мяне, пан Езус, за малітвы
Бацькоў маіх.
Георгій (адарваўся ад дум і паглядзеў на яе).
Баішся смерці?
Старая.
Баюся, пане…
Георгій.
Каталічка?
У рай і пекла цвёрда верыш?
Старая.
Так, як казаў нам пастыр, веру.
Георгій.
Тады не бойся смерці: смерць — збавенне.
Старая.
А можа й там спаткаюць так, як тут
Зямныя суддзі? Можа не павераць,
Што на зямлі благога не рабіла?
Георгій.
За што цябе укінулі ў вязніцу?
Старая.
Нібыта ведзьма я. Не бойся, чалавеча…
Якая-ж ведзьма я?
Георгій.
Я не баюся, бачу…
Старая.
Дачка мая епіскапа нажом
У бок пырнула… Кожны год да нас
Ён прыязджае па даніну: два валы, авечкі
І для сябе дзяўчыну па выбору…
І выбар на маю Сусанну паў. Пазвалі
Мяне к каноніку, на кухні затрымалі…
Яе паклікалі… Няма гадзіну, дзве…
Як кружыць кнігаўка над купінай з гняздом,
Блукала у цемры я… Сама не помню,
Як нож я падняла, калі яе звязалі…
Георгій.
Пры чым-жа тут вядзьмарства?
Старая.
І я кажу — пры чым?
Георгій.
А што яны?
Старая.
Ды кажуць, я знарок сваю дачку
Прыслала к біскупу, каб кроў яго
На д’ябальскае зелле узяць, што нож
Я па паветру ëй у пасцель паслала,
Бо не было пры ёй нічога, што пасля
Нож у крыві яго мне вынес змей у рукі…
Георгій.
А як сюды ты трапіла?
Старая.
Мне людзі
Дапамаглі ўцячы адтуль…
Георгій.
А што з дачкой?
Старая.
Не ведаю,
Яна ў іх… Можа бог
І пакарау мяне, што я не засталася…
А я шукаць хацела праўды, ратаваць дачку…
Хутчэй-бы суд… Я на сябе віну вазьму,
Сусанна будзе жыць… Няўжо ім сэрца
Бог не даваў?
Георгій.
Ваўку іх сэрца бог скідаў відочна,
Яно-ж да біскупа папала незнарок.
Судзіць цябе у замку, пэўне, будуць…
Старая.
Казалі, павядуць не сёння-заўтра…
Георгій.
Не сёння-заўтра, кажаш? Та-ак…
Ты не баішся лютаран?
Старая.
Яны дапамаглі мне… Свят, свят, свят…
Георгій.
Яны яшчэ раз дапамогуць… ты ім трэба,
Як сведка супроць біскупа. Эй, вартавы!
Вартавы (уваходзіць).
Што трэба?
Георгій.
Не ведаеш, калі яе павінны
Да біскупа адправіць?
Вартавы.
Суседка неспакойная, ці што?
Каб не граза, адправілі-б сягоння,
А так магчыма раніцой.
Георгій.
Пакліч ка мне начальніка турмы.
Вартавы.
Ён тут якраз. Скажу.

(Выходзіць).

Георгій.
Ты не звяртай увагі, што скажу ім…
Тут хітрасць трэба. А калі удасца, —
Не бойся двух узброеных людзей,
Якія нападуць уночы на канвой…
Яны — збавіцелі…
Старая.
Хай бог аддзячыць вам…

(Скарына дастае і паліць серку. Хутка яна гасне. Уваходзяць начальнік турмы і вартавы).

Начальнік турмы.
Вы клікалі мяне? Навошта?
Георгій.
Вядома вам, што доктар я?
Начальнік турмы.
Вядома.
Георгій.
Ды вось, яна памрэ сягоння, калі вы…
Начальнік.
Таго не дай бог. За яе ў адказе
Я галавой сваёй.
Георгій.
Латынь вы знаеце?
Начальнік.
Не знаю.
Георгій.
Дык вось — рэцэпт на зелле па-латыні.

(Піша і аддае).

Пашліце вартавога ці каго
К аптэкару, што ля касцёла справа,
Дзе я спыніўся быў.
Начальнік.
Ведаю.

(Перадае рэцэпт вартавому).

Пашлі малодшага.
Вартавы.
Пашлю.

(Выходзіць).

Георгій.
Ды вось яшчэ. Я вычытаў у кнізе,
Што недзе ў Кельне, ноччу ў буру
Выпадак гэткі быў… Трымалі
Там ведзьму у турме…
Начальнік.
Як мы.
Георгій.
Яна адчула набліжэнне смерці.
А ведзьмы смерць страшная: д’яблы
Прыходзяць па душу яе у буру,
І гром і навальніца з імі йдуць.

(Блізкі гром, маланка. Вежа задрыжэла. Начальнік хрысціцца).

Манах там быў святы і папярэдзіў,
Што чуе ëн крыл Вельзевула шорах,
Што чуе серкі пах.

(Начальник турмы мімаволі нюхае паветра).

Ён раіў,
Не адкладаючы ні на хвіліну, ведзьму
З турмы адправіць, бо інакш
Згарыць турма дашчэнту… Разумееш?
Начальнік.
Я разумею, доктар… Прабачайце
Не чуе нос ваш паху серкі?..
Георгій.
Таму й паклікаў вас, што чую
І серкі пах, і крыл нібыта шум…
Начальнік.
Пайду я да суддзі, няхай адправіць
Яе хутчэй ад нас. Гэй, вартавы!
(Вартавы ўваходзіць).
Сядзь вось тут, я выйду да суддзі…
З яе вачэй не зводзь. Хрысці, калі што, крыжам.

(Начальнік хутка выходзіць. Вартавы усаджваецца на табурэт, паставіўшы яго каля дзвярэй).

Георгій.
Паслаў к аптэкару?
Вартавы.
Паслаў.
Скажы мне, чарнакніжнік…
Георгій.
Я светлых кніг і знаўца і стваральнік.
Вартавы.
Я чуў, як нейкі мніх-базыліянец
Суддзю самому пра цябе казаў,
Што ты і чарнакніжнік і забойца.
Георгій.
А ты заўсёды мніху верыш?
Вартавы.
Чорт ім верыць.
Скажы аднак мне, доктаp, —
Вось людзі баюць: надыходзіць царства
Распятага за нас на тысячу гадоў,
Што замкі будуць знішчаны, не будзе
Ні бедных, ні багатых… Праўда гэта?
Георгій.
Калі захочуць людзі — будзе праўдай,
Калі не стане чалавек рабіць таго другому,
Што сам сабе не хоча. Ты-б хацеў
На месцы быць вось гэтае жанчыны?
Вартавы.
Бог барані мяне, бо гэта-ж ведзьма.
Георгій.
Ці можа ведзьма крыж святы насіць?
Вартавы.
Каб вочы нам адвесці, — можа.
Казаў мне мніх, што гэта і не крыж,
А косткі кажана… Мы іх не бачым,
Бо вочы нам адведзены.
Георгій.
Па чым тады ты розніцу пазнаеш
Паміж манашкаю і ведзьмай?
Вартавы.
Ні па чым. Вось наша абаціса
З сваім каханкам збегла, кляштар
Пакінула. Ну чым яна не ведзьма?
Георгій.
Магчыма й так, але чаму тады
Не спаліць біскуп кляштар?..
Вартавы.
А я б іх і спаліў: распусту толькі плодзяць.
Служыў я нейк ля кляштара. У ім
Манахаў рыжых шмат было і ў вачавідкі
Насельніцтва вакол іх парыжэла.
Я-б загадаў — жаніць іх па закону,
Чым дазваляць людзей у грэх уводзіць.
Георгій.
Ты-б можа загадаў не траціць грошы
Здабытыя слязой і мазалём
На пышную касцёльную раскошу?
Вартўнік.
Ды й загадаў-бы: богу усёадно
Ці залаты ты крыж цалуеш, ці драўляны
Бо сам ён быў на смерць раскрыжаваны
На дрэве, на звычайным, еў
Драўлянай лыжкаю ў час тайнае вячэры,
Прыгоршчамі ваду з Ердані піў.
Скарына (падказвае).
Рабоў не меў…
Вартаўнік.
Не меў.
Георгій (падказвае).
Багацця не збіраў…
Вартаўнік.
Наадварот, казаў раздаць багацце,
І ў поце есці хлеб…
Георгій (падказвае).
…як есць яго епіскап?
Старая.
Наш пот крывавы есць — сто бочак збожжа.
Па два валы штогод бярэ, авечак,
Гусей, курэй — без ліку, і для блуду
Дачок астатніх…
Георгій.
Ты скажы, стары,
Каб сам ты богам быў, каго-б
Ты на касцёр адправіў:
Ці біскупа, ці гэтую старую?
Вартаўнік.
Бог сам рассудзіць.
Мяне не ўводзь у грэх.
Георгій.
Чакай!
Ці знаеш ты, што папа Юлій
Мячом сваё зямное царства шырыў,
З мячом-жа і памёр. Апостал Пётра
У рай хацеў не дапусціць такога,
Ён на апостала з мячом
Накінуўся: «Давай дарогу!»
Ці знаеш ты, што папа Леў дзесяты,
Багацце мае больш за караля любога,
Але адкрыў дамы распусты ў Рыме,
І тысячы сямей штодня знішчае
Гнілая хворасць, сеяная імі?
Наўрад, ці быў-бы ты католікам, каб ведаў
Ты гэта усё…
Вартаўнік.
А дзе-б я дзеўся?
Георгій.
Ты-б к Мюнцару пайшоў.
Вартавы.
А што ён кажа?
Георгій. Вось тое, што і ты. За гэта,
Калі-б пачуў цябе суддзя ці сам епіскап,
Ты заўтра-б з ёй загінуў на кастры.
Вартавы.
За што? За тое, што сказаў
Хрыстовы словы толькі?
Георгій.
Вось за гэта.
Вартавы.
Дык як-жа гэта так? Выходзіць…
Георгій.
Выходзіць, што калі чакаеш царства
Распятага за нас, калі сваю душу
Не хочаш у смалу пякельную укінуць,
Не памагай таму, хто божым словам
Хавае д’ябла справы, крыжам прыкрывае
Вампіра сэрца — ўсіх грахоў гняздо.
Будзь дапаможнікам не д’яблу, а Хрысту,
Не на касцёр нявінных, а на волю
Вядзі і тым ратуй сваю душу.
Вартавы.
Даўно пра гэта сам я думаў, доктар.

(Перапыняючы іх далейшую размову, уваходзіць суддзя і начальнік турмы).

Суддзя.
Клянуся я святым Францыскам, турбаваць
Не стаў сябе-б я па такой віхуры,
Каб не загад епіскага прывезці
Яму да рання ведзьму. Звездачот
Якісьці гараскоп яму саставіў,
Што будзе жыць яшчэ ён сто гадоў,
Калі яе ён спаліць заўтра ўранку.
Мніх ад яго прыехаў…
Адчапіць яе.

(Старую вызваляюць ад ланцуга, прыкутага да сцяны. Выпадковае супадзенне: якраз у гэты час самы моцны удар перуна. Начальнік турмы спалохана спрабуе выштурхнуць старую).

Начальнік турмы.
Хутчэй, хутчэй яе адсюль, іначай
Праваліцца турма у пекла, пан суддзя!

(Да вартавога).

Ты едзеш з ёй.
Вартавы.
Я старшым не паеду.
Начальнік турмы.
Паедзе мніх з табой,
І сын мой едзе з вамі — перадасць
Яе епіскапу.
Вартавы.
Тады я еду.
Да пабачэння, доктар.
Георгій.
Добры пуць!

(Старая, пагрымліваючы ланцугамі, пакланілася Георгію, шэпчучы нешта губамі, і ён адказаў ёй нахіленнем галавы. Начальнік турмы вымушан быў пайсці ўслед за арыштаванай. Суддзю спыніў забабонны страх і ён застаўся).

Суддзя (спрабуючы жартаваць).
Відаць, суддзю самому давядзецца
Ў турме перачакаць, пакуль мінецца бура.
Георгій.
Ад торбы і турмы не заракайся — кажуць
У нас, у Белай Русі, пан суддзя. Дарэчы,
Няўжо у вас сумленне спіць спакойна,
Адправіўшы на казнь старую без віны?
Суддзя.
Мой дзед і бацька суддзямі былі.
Яны, як запавет, мне перадалі:
«Ты за багатых суд судзі заўсёды
І будзеш правым перад богам і людзьмі».
Я так судзіў, і не было здарэння,
Каб памыліўся я… Сам памяркуй,
Багаты праў заўсёды: ён — не ўкрадзе, —
Бо у яго свайго хапае, — не заб’е,
Хіба баронячы жыццё сваё й набытак,
Не прысягне дарэмна — бо няма патрэбы.
А бедны што? Не ўкраў ён — дык украдзе;
Як сёння не салгаў, дык заўтра ён салжэ;
Не вінаваты ў тым, за што падсудны сёння,
Дык сто разоў раней яго судзіць я мог, —
Калі-б папаўся ён, — за гэткае-ж злачынства.
За што-ж мяне сумленне будзе мучыць?
Георгій.
Так, сапраўды, яно замкнута крэпка
І пераконанні такія не праб’е.
Суддзя.
І ў справе у тваёй да сённешняга дня
Не ведаў я — хто ты: ці бедны ці багаты.
Таму і не судзіў.
Георгій.
А сёння?
Суддзя.
А сёння знаю,
Што крэдыторамі апісана друкарня
У Празе Чэшскай у цябе, што тут
Заступнікаў не маеш ты багатых,
Што на цябе манахі точаць зубы
За друкаванне кніг, што ім не да спадобы.
Георгій.
А ці вядома
Табе, суддзя, што згодна ўсіх законаў
Мяне не маеш права ты судзіць?
Што палачанін я і доктар.
Суддзя.
Знаю.
Георгій.
Тады, ці знаеш ты, што палачане
Купца любога з немцаў закуюць
І зробяць з ім ўсё тое, да чаго
Мяне твой суд няправільны прысудзіць?
Суддзя.
І гэта мне вядома.
Георгій.
Ну і што?
Суддзя.
Таму й хачу я скончыць палюбоўна:
Што мне дасі, каб выпусціў цябе я?
Георгій.
Не больш таго, што сам я атрымаю
З цябе судом за страту ў гандлі
За час, які я тут прамарнаваў.
Суддзя.
Ого! А што, калі паклічу я
Манаха-базыльянца з Прагі
І давядзе той мніх, што чарнакніжнік ты?
Георгій.
Ты кажаш, што друкарню апісалі?
Калі ў тым спіску будзе адна кніга,
Якой няма у папы ў Вацікане,
Апроч святых славянскіх, — на касцёр
Пайду спакойна я.

(Уваходзіць начальнік турмы).

Начальнік.
Ад біскупа ганцы й сюды дапялі,
Пабачыўшы, што дома вас няма.
Суддзя.
Прасі.

(Уваходзіць Раман і Товій).

Георгій.
Рамане! Товій!
Раман.
Здароў будзь, доктар сын Скарыніч!
Здароў будзь, пан суддзя! Прымі загад
Ад біскупа, які сюды паслаў нас.
Товій.
Вось ліст ад Віленскага біскупа
І кардынала вам, слаўнейшы паміж слаўных,
Яго вялікасці прыдворнаму ўрачу,
3 наказам, як мага хутчэй з’явіцца,
Бо біскуп захварэў.
Суддзя (разгублена, чытае паперу).
Прыдворны… кардынала…
Товій (адводзячы ўбок Георгія).
Георгій, дружа! Як мага у Вільню,
Бо Маргарыта у турме за атручэнне мужа.
Судзіць збіраецца яе фон-Шпілер Ёган!
Георгій.
Іла, іла, ліма савахвані!
Суддзя. Прашу прабачыць нас, шаноўны доктар,
За наша невуцтва і непрыстойнасць.
Георгій.
Хутчэй мне коні дайце!
Суддзя.
Я сам знайду вам коні! Сам.

Заслона.


КАРЦІНА ДРУГАЯ.

Судовы пакой у палацы князя-біскупа Яна Віленскага. Пасярод-судны трон біскупа, абіты чырвоным аксамітам і аздоблены разьбой і золатам. Справа — кафедра дарадцы, а за ёй доўгі стол для манахаў-пісарчукоў. Злева — агароджанае невысокімі парэнцамі месца для падсудных і сведак. Трое дзвярэй вядуць у іншыя пакоі. Убранне пакоя багатае і падкрэслена пышнае.
Раніца. У пакоі-дарадца біскупа Ёган фон-Шпілер і манах-пісар.

Манах (дакладвае Ёгану).
Ўдава Адвернікава Маргарыта
Сцвярджае ўсё адно і тое-ж, што яна
Увесь той дзень Адверніка у вочы
Не бачыла і дзе ён быў — не знае,
А знае толькі, што яго аднекуль
Прывезлі ледзь жывым і ён
Сканаў, у памяць не прыходзячы.
Ёган.
Чаму-ж яна раптоўна знікла з дому,
Як толькі муж памёр?
Манах.
Упарта сцверджвае, што жах вялікі
Апанаваў яе душу, што не магла
Яна застацца ля нябожчыка і к маці
Пайшла хутчэй і маці не застала:
Дарота мёртваю была. Яна самлела
І засталася там.
Ёган.
Не давялося
Людзей знайсці, якім вядома,
Што ад Францышка Скарыны яна
Дары, лісты атрымлівала з Прагі?
Манах.
Такіх людзей не знойдзена.
Ёган.
Мо’ з Товіем яна спатканні мела?
Манах.
Не, у астатні час, —
Усе пасведчылі, — яна чурацца стала
І дома мацеры і Товія.
Ёган.
І ўсё-ж яна! Каму, калі не ёй
Смерць пана Юрыя была к выгодзе?
Злачынства корань там, дзе плод яго.
Яе пыталі пыткай?
Манах.
Так, пыталі.
Ёган.
Прывесці да мяне яе. Я сам
Зраблю ёй допыт. А пасля…
Пашлю на дыбу.
Манах.
Іду і прывяду.

(Выходзіць.)

Ёган (адзін).
Не, гэр Францышак Скарына, зламлю
Яе каханне я пякельнай мукай.
Шкада, што ты таго не ўбачыш! Я-б хацеў,
Каб ты быў тут, каб бачыў сам,
Як зарываць яе ў зямлю жывою будуць!
О, ты аддаў-бы нам і кнігі і друкарню!

(Варочаецца манах).

Манах.
Там баба, нейкая Арына, просіць дапусціць
Да вашай міласці.
Ёган.
Па справе…
Манах.
… Маргарыты-ж гэтай.
Ёган.
Ўпусці.
Манах (расчыняе дзверы). Уваходзь.

(Уваходзіць Арына, зусім старая, сівая).

Ёган (манаху).
Ідзі і падрыхтуй суду
Задушныя лісты Адверніка й Дароты.
Нам трэба знаць, якая доля з іх
Як вымершчына пасля казні Маргарыты
Адыйдзе у карысць высокага суда.

(Манах схіліўся і вышаў).

Ёган (да Арыны).
Што скажаш, бабка?
Арына.
Прышла я, каб сказаць высокаму суду,
Што Маргарыта не павінна ў атручэнні
Адверніка.
Ёган.
А хто-ж павінен?
Арына.
Я.
Ёган.
Ц-с-с… Ты звар’яцела, бабка? На душу
Сваю бярэш загубу? Нам вядома,
Што мужа Маргарыта атруціла
З сваім каханкам Скарыной.
Арына.
Душа мая загінула ўсёроўна,
А целу смерць прыняць ці так, ці гэтак
Усёадно прыходзіцца, дык хай
Я частку мук прыму на гэтым свеце,
Залічыцца на тым…
Ёган.
Жывеш у Маргарыты?
Арына.
У брата Юрыя-нябожчыка жыву.
Нябожчык Юрый быў там на бяседзе
Ў астатні вечар свой. Яму
Заўсёды коўш найбольшы брат падносіў
І ў гэты коўш я ўсыпала атруту.
Ёган.
За што?
Арына.
За брата. Брат яму быў вінен грошы,
Аддаць не мог, і на правëж, пад палкі,
На смерць яго хацеў паслаць пан Юрый.
Я не дала таго зрабіць…
Ёган.
Дзе зараз брат?
Арына.
Далёка, не дагоніш.
Ёган.
А хто атруту даў?
Арына.
Высока, не дастанеш.
Ёган.
Дык сведак у цябе няма?
Арына.
Сама я сведчу… Ты дазволь прысесці,
Бо галаву абводзіць…

(Яна апускаецца на табурэт. Ёган бярэ карэц, чэрпае ім ваду і, захіліўшыся, высыпае ў яго нейкае зелле).

Арына.
А Маргарыту мучыць кіньце, бо нічога
Не ведала яна.
Ёган.
Мы Маргарыту выпусцім… Вось выпі
Вадзіцы коўшык, ды ідзі дахаты:
Сама памрэш, нашто старую мучыць?

(Арына бярэ карэц і паволі выпівае).

Арына.
Вось так Адвернік піў, я назірала.
І з той пары што-б ні піла, ні ела —
У роце горка мне… І зараз горка…
Ёган.
Брат пісар!

(Манах паяўляецца ў дзвярах).

Ёган.
Правядзі яе за дзверы. Старую хіліць сон.
Арына.
Так, сон… Спаць не магла спакойна,
Пакуль быу брат… і Маргарыта
Цярпела мукі… Зараз я засну…

(Манах выводзіць Арыну. Ёган хутка выпаласквае карэц.)

Ёган.
Засні… апошні, непатрэбны сведка.

(Манах упускае праз дзверы Маргарыту. Яна ледзь ідзе, але твар яе свеціцца высокім душэўным хараством).

Ёган.
Ну што, ўдава, жыццё лягчэй без мужа?
І саладзей?
Маргарыта.
Калі-б не навялі ноч злую злыя людзі,
Маё жыццё было-б цяпер, як ранак.
Ёган.
Ідзе за ранкам поўдзень, спёка… Пачакай,
Калі ты не прызнаешся…
Маргарыта.
У чым?
Ёган.
У тым, што Скарына прыслаў табе атруту.
Маргарыта.
Няўжо не разумееш ты, — не сэрцам, галавой, —
Што за віну яго любую я сама-б
Пайшла на кару з радаснай усмешкай,
Каб вызваліць яго ад болю, ад пакут?
Дзе-ж знойдзеш сэрца ты такое, каб яно
Сваю любоў само раскрыжавала
І ачарніла сонца, што дае яму
І шчасце і жыццё? Я ведаю, я знаю,
Што ты… Ты — веснік смерці. Толькі ён, Георгій,
Не вінаваты тут ні помыслам, ні словам.
Ёган.
Ты блазанка! Калі-б яму вось так
Прапанавалі выдаць не цябе, а бога
І абяцалі не чапаць і не жыццё, а толькі кнігі,
Ён выдаў галавой-бы вас на мукі.
Маргарыта.
Лжэш! Сэрца у яго вялікае, святое,
Яно, як сонца: дзе-ж тут ценю быць?
Ёган.
Упартасць уся твая дарэмна: Скарына
На смерць засуджан сам у Празе Чэшскай.
Забіў ён чалавека.
Маргарыта.
Ён забіць не мог,
Ці чалавекам той не быў, каго забіў ён.
Ёган.
Я атрымаў пісьмо…
Маргарыта.
Калі-б сказаў, што бачыў ты, і то я не паверу,
Бо сэрца чуе: блізка ён, ён прыдзе.
Малюся аб адным, калі памерці
Мне суджана, няхай ён не прыходзіць!
Ёган.
Брат Герман!

(Паяўляецца манах).

Вывесці яе!
Манах.
На дыбу?
Ёган.
Не, гэта смерць яе прыскорыць. Не хачу!
Няхай суда чакае ў тым пакоі.
Манах.
Іх экселенцыя судзіць наўрад ці зможа:
З прыезджым лекарам сядзяць…
Ёган.
Сядзіць?
Манах.
І нават ходзіць.
Ёган.
Што дзень, то новы лекар.
Манах.
Гэты
Здалёку, кажуць, і славуты.
Ёган.
Праз поўгадзіны суд, судзіць я буду сам!

(Манах схіліўся і вывеў Маргарыту).

Ёган (адзін).
І асуджу і знішчу!

(Выходзіць. Сцэна нейкі час пустая, пасля ўваходзіць біскуп Ян Віленскі ў суправаджэнні Георгія Скарыны).

Біскуп.
Вы знаеце, мой доктар, я гатоў паверыць.
Што ўжо адна прысутнасць ваша цуд зрабіла:
Я адчуваю сілу, я хачу прайсціся…
Георгій.
Я вельмі рад, што вашай святасці лягчэй.
Я быў у біскупа Альберта, ён таксама
І ачуняў і ходзіць.
Біскуп.
А што было з ім, сын мой?
Георгій.
Так, нешчаслівы выпадак: дзяўчына
Гадоў пятнаццаці параніла яго…
Біскуп.
Іш ты, сатыр стары… усё не кідае…
Якія лекі вы ужылі, мой доктар?
Георгій.
Належу я да тых, хто сувязі шукае
Між станам цела і душы, мой ойча.
Яны павінны быць заўсёды ў роўнавазе.
Вось прыдзе хвор, пакінуць сілы цела,
Тады занудзіцца душа, прынікне, засумуе,
І адваротнае таксама назіраў я:
Засмуціць чалавек душу, панікне духам —
І цела паддаецца хворасці і вяне.
Біскуп.
Дык чым-жа вы душу узвесялілі
Айца Альберта, сын мой?
Георгій.
Добрай справай.
Я гараскоп яму злажыў цудоўны,
А ён дзяўчыну адпусціў, ёй дараваўшы грэх.
І ўвачавідкі зажываць на целе
Айца святога стала рана…
Ну разумеецца, я клаў свае прымочкі…
Біскуп.
Так, вера для душы патрэбна…
Георгій.
І справы добрыя для сэрца, бо без іх
І вера мёртвая.
Біскуп.
Да рэчы, Лютар з тым не згодзен. Чулі?
Багаадступнік той афяр не прызнае.
Георгій.
Затое той, хто йдзе за ім, бярэ
Афяры, што касцёлы накапілі.
Кум-ціхаход, — яго так Мюнцэр дражніць,
Плоць тлустую сваю між небам і зямлёй
Павесіў: богу свечка, чорту качарга.
Біскуп.
Ха-ха! Цудоўна! Чорту качарга!
Георгій.
Я рад, што вы павесялелі… Добрай справай
Вясёласць духу падтрымайце.
Біскуп.
Напрыклад, доктар?
Георгій.
Здаецца, дзень суда сягоння. Пэўне,
Па справядлівасць людзі к вам прышлі…
Біскуп.
Мне не хацелася-б займаць сябе судамі.
Георгій.
А ў свеце большай радасці няма,
Як адшукаць ў няшчасці справядлівасць.
Біскуп.
Мне-б вам хацелася аддзячыць
Чым-небудзь, сын мой, і за лекі
І за парады добрыя… Пабудзьце
Тады са мной і вы. Пісец!

(Біскуп ляснуў у далоні, з'явіўся манах). Якія справы на наш суд сягоння?
Манах.
Задушнае пісьмо на дом
Нябожчыцы Дароты.
Біскуп.
І сведкі тут?
Манах.
Тут, святы ойча.
Біскуп.
Кліч сюды.

(Біскуп садзіцца на трон. Манах уводзіць Марціна Субачовіча і Міколу Чупрына, зяця і пляменніка Дароты, і Якуба Бабіча.)

Біскуп.
Хто пошук робіць па задушным?
Манах.
Марцін Субачовіч, дароцін зяць па Ганне,
Па падчарцы, і сын Багдана Чупрына — Мікола,
Пляменнікам даводзіцца Дароце.
Біскуп.
Хто домам тым валодаў па сягоння?
Манах.
Дом Маргарыце Юравай пададзен за жыццём.
Біскуп (да істцоў).
Дык што вы хочаце?
Марцін.
Мы хочам, з вашага дазволу, ойча наш,
Каб дом, іменне й спадкі цешчы нашай
К нам адышлі, бо Маргарыце хопіць
Па мужу спадчыны.
Біскуп.
А Маргарыта дзе?
Мікола.
Яна ў вязніцы.
Біскуп.
За што?
Мікола.
За атручэнне мужа, кажуць.
Біскуп.
Хто скажа за яе?
Бабіч.
Дазвольце мне, вялебны, слова мовіць.
Біскуп.
А-а, віленскі бургомістр! Гавары.
Бабіч.
Нябожчыца Дарота, мір душы яе,
Задушны ліст на Маргарыту і дзяцей
Пры сведках віжавала ў магістраце.
Марцін.
Але у нас другі тэстамент ёсць.

(Дастае ліст).

Бабіч.
Кім віжаваны ён?
Марцін.
Нікім, бо цешча не паспела,
Але рука яе…
Георгій (падымаецца і бярэ ліст).
Пакаж. Рука чужая.
Бабіч.
Рука чужая тут не толькі ў тэстаменце…
Марцін.
А ты святы? Нябось, не бараніў-бы,
Каб не было у тым доме словалітні!
Георгій.
Друкарня не яго.
Мікола.
Чыя-ж?
Георгій.
Мая.
Святы айцец! Рука тут не Дароты.
Яе руку я ведаю: не раз
Яна лісты ка мне пісала ў Прагу.
Марцін.
Вядома, хворая была, рука дрыжэла.
Біскуп.
Вось бог паслаў выпадак, доктар мой,
Зрабіць мне справу добрую і вам прыемнасць.
Пішы, пісец: «Той дом пакінуць
За Маргарытай і дзяцьмі яе навекі,
Да спадкаў тых нічога больш не меці
Нікому іншаму». (Марціну). Вазьмі тэстамент
І дзякуй доктару, што ён абараніў
Табе язык і рукі ад сякеры ката.
Ідзіце!..

(Усе пакланіліся і вышлі).

Біскуп.
Вось бачыце, хоць трошкі пакрывіў
Душою я, але зрабіў не блага.
Георгій.
Не пакрывілі вы душой, епіскап!
Біскуп.
А Маргарыта можа і павінна у смерці
Адверніка?
Георгій.
Не!
Манах.
Наступны суд яе якраз.
Біскуп.
Хай судзіць Ёган, я стаміўся.
Манах.
Добра, ваша святасць.
Георгій.
Вас, княжа-ойча, богам я малю,
Яшчэ адно зрабіце намаганне,
Разгледзьце справу Маргарыты самі.
Біскуп.
Я давяраю Ёгану, ён добры знаўца
Юрыстыкі і цвёрды чалавек.

(Уваходзіць Еган, апрануты для суда).

Ёган.
Вітаю вашу святасць я з выздараўленнем.
Біскуп.
Вось дзякую яму! Славуты доктар,
Наш віленчанін, паміж іншым, Скарына.
Ёган.
Яго я знаю.
Георгій.
І я яго, князь біскуп, добра знаю.
Біскуп.
Вы сустракаліся раней?
Георгій.
І не аднаразова. Вось чаму
Малю вас справу Маргарыты
Самому разабраць.
Ёган.
А я малю успомніць пра здароўе.
Не доктар той,
Хто хворага гатоў замучыць,
Каб толькі…
Біскуп.
Што каб толькі?
Ёган.
Любоўніцу сваю ад смерці выбавіць!
Біскуп.
Лю-боў-ніцу? (Смяецца.) Дык вы таксама зух?
Ну што-ж, здаволіць мне ці што цікавасць
Сваю: зірнуць, што ў вас за густ?
(Манаху).
Прывесці Маргарыту.

(Манах выходзіць).

Ёган.
У гумару сягоння ваша святасць.
Біскуп.
А ўсё таму, што страўнік у парадку.
Не зразумець таму, хто гэтым не хварэў,
Што значыць тыдні мучыцца ад болю…
І раптам, пасля вашых зелляў, доктар,
Мне зразу адчыніўся свет, не трэба

Больш прыслухацца ў перапынак…
(Раптам твар яго курчыцца ад прадчування болю).

Ну вось, вярнулася… Нібы нажом
Хтось кратае вантробы…
Ёган.
Вось кошт ягоных лекаў. Княжа-біскуп,
Я давяду да ложка вас.
Георгій.
Не думайце аб болю, боль не прыдзе.
Глыніце зелле, думайце аб іншым…

(Георгій да біскупу зелле. Той выпівае).

Біскуп.
Вось адлягло… Вы цудадзей, мой сыне!
Я пастараюся не думаць, думаць аб другім…
Аб чым-жа?
Георгій.
Аб судзе.

(Уводзяць Маргарыту. Яна ідзе з апушчанымі вачамі і галавой).

Біскуп.
Ну, падыйдзі бліжэй, жанчына.

(Маргарыта паднімае вочы і бачыць Георгія. У яе вырываецца поўслова: «Юр…» і каб не падбегшы Георгій, яна-б звалілася на падлогу. Пакуль Георгій прыводзіць яе ў прытомнасць, біскуп перагаварвае з Ёганам).

Біскуп.
Яна прызналася?
Ёган.
Не вырвеш абцугамі слова у такіх.
Біскуп.
Знайшлі атруту? Сведкі давялі?
Ёган.
Няма, нажаль. Але нікому ў свеце
Так не патрэбна Юр’я смерць была,
Як ім абодвум. Я мяркую…
Біскуп.
Чакайце, Ёган, доктар быў у Празе.
Ёган.
Тут быў яго памочнік Товій.
Біскуп.
Яго на допыт бралі?
Ёган.
Вы перашкодзілі: па вашаму загаду
Ён быў паслан за Скарыной.
Біскуп.
А помню, мне параіў Бабіч.
Ёган.
Яна забойца і блудніца. Лютай смерці,
Ганебнай смерці варта яна, ойча.

(Георгію не удаецца прывесці Маргарыту да прытомнасці і ён адварачваецца да Ёгана. Спачатку ён гаворыць ціха, як чалавек, які згубіў усё, пасля ў голасе яго змешваецца гнеў і пяшчота).

Георгій.
Ідзіце, палюбуйцеся, гер Ёган,
Здаецца смерць-збавіцелька прышла за ёю.
Зірніце на афяру, рыцар Правасуддзя…
Не, рыцар ордэна Вампіра, што уеўся
У жывое цела бліжніх к вам народаў…
Скажы, нашчадак подласці бацькоў тваіх,
Што вам магла зрабіць адна жанчына?
Адна яе віна: яна мяне кахала,
Калі яшчэ ў замужжы не была…
Пятнаццаць год яна агонь насіла

У кволым сэрцы, і агонь не гас…
(Маргарыта прыходзіць да прытомнасці, але нерухома слухае словы Георгія. Заслухаўся і біскуп).

І я агонь насіў. Мы сэрцы гартавалі
У тым агні. А ён табе вядомы?
Ты звер, гер Еган! Ён табе нязнаны.
Што можа ведаць звер аб пачуцці такім,
Якое мужным робіць баязліўца,
А мужнаму дае геройства крыллі,
Павольнага на розум робіць мудрым,
А мудрага да генія узнімае,
Раба свабодным робіць, рушыць перашкоды,
І горы ў пыл расцерці можа,
Само застаючыся кволым
І чыстым, як крыніца?
Біскуп.
Здаецца мне, я чую «Песню Песняў»…
Маргарыта.
О, Юрка мой, падвойныя пакуты
За гэты міг магла-б я перанесці!

(Георгій абнімае Маргарыту і падводзіць яе да біскупа).

Георгій.
Судзіце нас абодвух, ойча біскуп,
Ды толькі за любоў, не за злачынства:
Любоў сапраўдная злачынства выключае.
Біскуп (манаху).

Дай мне справу.
(Ён павольна разрывае паперы і аддае Ёгану).

Вазьмі, гер Ёган.
Калі ўжо іх судзіць, дык хто тады
Не заслужыў чацвертавання?

(Уваходзіць Бабіч).

Бабіч.
Прабачце мне, вялебны ойча біскуп!
У магістраце я знайшоў пісьмо,
Яго трымала мёртвая Арына.
Біскуп.
Чытай, пісец!
Манах (чытае).
Я, Станіславава Дарота, сведчу гэтым
Усім, хто сесь мой ліст убачыць ці пачуе,
Што смерць Адверніка — мая віна.
За што? — нас бог рассудзіць сёння.
Ніхто, апроч мяне, не знаў, не ведаў
І задуму майго, ніжэ самога ўчынку.
Дзве індульгенцыі свяцейшага прастола
Я дадаю да гэтага на дараванне грэху:
Малую — за забойства ката,
А большую за дараванне смерці,
Што я сама сабе зрабіла. Амэн.
Хто прачытае, ці пачуе, не забудзе
Няхай узнесці шчырую малітву
Аб паздравенні панны.
Біскуп (прашаптаўшы малітву).
Вось бачыш, Шпілер, хто была Лакуста?
Ідзіце, Шпілер. Рад я, доктар,
Што к справе чорнай я не прычыніўся.
Георгій.
Тады благаславіце, ойча біскуп,
Яе на шлюб са мной і давяршыце
Тым справу добрую.
Біскуп.
Благаслаўляю… «Ubі tu, Caіus, іbі equ Caіa».
Я не заўсёды гэткі добры. Мо’ таму
З такой паўнатой я выпіў
Дабра святую асалоду і спачыць
Магу пайсці. Чакаю вас. Бывайце.
Георгій.
Бывайце, княжа-біскуп! Дзякуй!

(Манахі пад рукі выводзяць біскупа).

Маргарыта.
А помніш, Юрка, ў Полацку чытаў ты
Пра край сірэн салодкагласных,
Пра край кахання?
Мы да яго прышлі…
Якім нязмерным шляхам!
Георгій.
Ўсё помню, месячык мой ясны!
Дай мне руку.
Маргарыта.
Баляць мне рукі, Юрка, усё баліць,
І толькі сэрца у мяне лікуе,
І лёгка мне, нібы у неба
Ўзляцелі мы, і там няма нікога,
Ёсць толькі ты ды я,
Ды наша шчасце!

Заслона.


КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Вялікі прыгожы сад, абсыпаны пладамі. Ноч. З вокан дома льецца святло, чутна музыка і спевы: там ідзе вяселле Георгія і Маргарыты. З другога боку відаць рог нейкай будыніны. У ёй то разгараецца, то патухае агонь. І калі агонь разгараецца, то праз адчыненыя дзверы відаць друкарскі станок і цёмная постаць чалавека, які плавіць метал: гэта Товій працуе ў друкарні і словалітні. Недалёка ад друкарні капа сена. Зарыўшыся ў капу, спіць вартаўнік.
Госці у доме пяюць «велічанне».

Як у нашага баярына Георгія,
Слава!
Праявілася-явілася праява!
Слава!
Прыляцела на шырокі двор лябёдачка,
Слава!
А за ёю сізы сокал, сізы сокал!
Слава!
Белая лябёдачка па дворыку пахаджывае,
Слава!
Белую галовачку пагладжывае!
Слава!

(Пад гэтую песню на ганак, што вядзе у сад, выходзяць з дому малады хлопец Пётр Мсціславец і яго каханая — Прося).

Прося (саромячыся).
Навошта йсці?.. Яшчэ убачаць…
Пётр.
Ды хто убачыць?
Прося.
Гаспадыня.
Пётр.
Ёй толькі на цябе сягоння і ўглядацца.
Прося.
Ды не, я так… Куды мы пойдзем?
Пётр.
Туды, пад яблыню. А ноч, а ноч якая!
Эх, Прося!
Прося.
Што?
Пётр.
Я сёння спаць не буду!
Прося.
А заўтра будзеш акунёў лавіць
І блытаць літары, а Товій будзе
Будзіць цябе шчаўком па носе…
Пётр.
Ты бачыла?
Прося.
А то не бачыла? Яшчэ ўсе рагаталі…
Пётр.
Дык ён жартуючы… Вось авалодаю майстэрствам
І… у Маскву!
Прося.
Ў Маскву цябе не пусцяць.
Пётр.
Да князя нашага ў Амсціслаў скараход
З Масквы прыходзіў тайна, ноччу,
Каб князь людзей сваіх сюды паслаў
Навуку пераняць, якой Маскве бракуе,
Пасля ў Маскву іх пераслаў. Ім волю
Там абяцалі даць, і працу й грошы…
Яны прасілі з сем’ямі паслаць…
Прося.
Ў цябе сям’і багата?
Пётр.
Ну ты ды я.
Прося.
Якая-ж я сям’я табе?
Пётр.
Чаму?
Прося.
Мяне не аддадуць, магчыма…
Пётр.
Э, не!.. А не, дык я украду,
Схаплю вось так і панясу!

(Ён хапае яе на рук, яна нібыта бароніцца).

Прося.
Пусці, Пятрусь, пусці, дурны! Убачаць!

(Але ён выносіць яе у глыб сада. З друкарні выходзіць Товій).

Товій.
Сы-мон, го-го! Эй, вартавы!

Сышоў, ці што?
(У адказ яму чуваць храп з капы).

Ды не, заснуў…
Хапіў праз меру хмельнага. Хай спіць,
Усероўна мне няма куды падзецца…

(Ён садзіцца на лаўку пад яблыню. У гэты час у доме песня).

Госці (у доме).
Нашы пчолачкі параіліся,
Дай ім, божа, сад добры!
Нашы родныя парадніліся,
Дай ім, божа, век доўгі!
Нашым пчолачкам мёд салодзенькі!
Дай ім, божа, сот поўны!
Нашым родненькім час вясёленькі,
Дай ім, божа, лад добры!
Товій.
Гуляюць, п’юць, пяюць у весялосці,
І месца мне пакінулі ў вянку
Сваіх сяброў і думак і пачуццяў.
Я абавязан радасць іх дзяліць,
Як я дзяліў і мукі і пакуты!
А у мяне свае пакуты ў сэрцы
Не тоўпяцца, праз край ліюцца.
Я-ж не хачу яе. Я разумею,
Што немагчыма гэта. Я хачу забыць
Той пацалунак, першы і астатні,
Які быў дадзен Маргарытай у часіну,
Калі я смерць адводзіў ад яе.
Браў на сябе віну у атручэнні.
І каб не выклікаў епіскап, не паслаў
За доктарам, я — мёртвы — зараз
Спакойна іх благаслаўляў-бы шчасце…
Не, трэба уцякаць, інакш я звар’яцею…

(На ганак з дому выходзіць Маргарыта і дружка).

Маргарыта.
Дай выйдзем ў сад, абвее прахалодай,
А то ў пакоях душна.
Дружка.
Авохці мне, пярсцёнак я згубіла!
Маргарыта.
Ідзі і пашукай.

(Дружка варочаецца у дом. Товій уліп у дрэва, пад якім сядзеў).

Маргарыта (сходзіць з ганка).
Дзе-ж Товій дзеўся? Бедны хлопец…
Товій (адарваўся ад дрэва насустрач ёй).
Я тут… О, не пужайся!
Маргарыта.
Чаму не йдзеш ў пакоі, каб з людзьмі
Павесяліцца, Товій?
Товій.
Не мary…
Маргарыта.
Няўжо маё і Юркі шчасце
Не кратае душу тваю? Не веру!
Товій.
Павер мне, Маргарыта, я гатоў
За кроплю шчасця і твайго і Юркі
Ўсю кроў сваю аддаць. Я бараню
Яго і тым, што я яго не бачу.
Маргарыта.
Не разумею я.
Товій.
І я не разумею.
Ты бачыш, — я рукі сцяў, скаваў,
Інакш яны… працягнуцца да шчасця.
А шчасця мне не суджана.
Маргарыта.
Тваёй сястрой я буду, Товій.
Товій.
Аблачынкі
Далёкай цень — зямлі не ўтоліць смагу.
Ты загадай сыйсці мне на край света,
Іначай я, як Юда, задаўлюся.
Маргарыта.
Тады… ідзі, на час, які патрэбен будзе,
Каб сэрца заспакоіць.
Товій.
Дай руку.
Маргарыта.
Вазьмі, на шчасце і спакой.

(Товій прынік пацалункам да яе рукі. Яна пацалавала яго ў лоб).

Товій.
Бывайце, аблачынка!
Маргарыта.
Бывай і помні: нашы дзверы
Заўсёды для цябе адчынены. Скажу
Георгію, што ты нас пакідаеш.

(Товій нічога адказаць не можа, і яна варочаецца на ганак і знікае за дзвярыма. Той глядзіць услед).

Товій.
Вось і растала ў небе аблачынка…

(За яго спіной з’яўляюцца дзве цені, якія накідваюцца на яго, заціскаюць рот і цягнуць у кусты. Чуваць толькі шэпт).

Першы.
Рэб Мардахай, гатова…
Другі.
Не задушы, пакуль над ім
Анафему не адчыталі.

(Праз нейкі час варочаюцца Пётр і Прося. Прося спыняецца пад яблыняй і прыкладае халоднае лісце галінкі да шчок).

Прося.
Ахаладзіць расою твар, гарыць напэўна.
Ўсе здагадаюцца, мядзведзь!
Пётр.
Мядзведзь, бо мёд люблю. А чым я вінен,
Што вусны у цябе, як мёд, і не магу
Прайсці я міма, каб…

(Ён зноў прыцягвае яе к сабе. Яна адварачвае галаву).

Прося.
Хопіць!.. Надыйдзе хто…
Пётр.
Ды хто надыйдзе? Ўсе гуляюць.

(Доўгі пацалунак. Маладая пара не заўважае, што на ганак з дому вышлі Георгій і Маргарыта).

Георгій.
Дзівак! Чаму са мной не гаварыў ён? Товій!

(Спалоханая Прося пачынае біць Пётру).

Прося.
Ну вось, ці-ж не казала я, мядзведзь…
Георгій.
Хто тут?
Пётр (аж ззяючы ад задавальнення, што яго б’е каханая дзяўчына і што такім чынам зараз вырашыцца лёс і яго і Просі).
Я, пане доктар! Пётр Мсціславец.
Маргарыта.
А хто з табой?
Прося (збянтэжана).

Я, пані! Прося.
(Яна яшчэ раз пачынае частаваць Пётру гуплікам).

Казала я табе, казала,
Што ў сорам увядзеш? Казала?
Георгій.
Што робіце вы тут?
Пётр (давячыся смехам).
Яна мяне лупцуе.
Георгій (усміхаецца).
А ты?
Пётр.
А я збіраюся упасці ў ногі вам,
Бо вы ёй замест бацькі, і прасіць,
Каб вы яе мне ў жонкі далі.
Георгій (смеючыся).
Няўжо так спадабалася лупцоўка?
Вось бачыш, Маргарыта, не заўсёды
Сем бед ідуць, як гусі, чарадою,
Бывае сем вяселляў след-у-след…
Ты, Пётра, хлопец неблагі, ёсць рукі
І да майстэрства розум здатны. Засылай
Сватоў, як у людзей, чын-чынам.
А Просю пажурыць не шкодзіць: дзеўцы
Не выпадае ноччу у сад выходзіць…
Прося.
Я з Петрусём…
Георгій.
А што Пятрусь не хлопец?
Прося.
Хлопец …і… гарэза.
Георгій.
Вось бачыш…
Прося.
А толькі не такі, як іншыя.
Георгій.
Што значыць не такі? Ён лепшы?
Прося.
Лепшы.
Георгій.
І прыгажэй за ўсіх?
Прося.
І прыгажэй… Вы кпіце…
Георгій.
Ну, дык, Пятрусь, не прысылай у сваты:
Ты самы лепшы, самы прыгажэйшы,
А Прося, бачыш сам, дзяўчына не з благіх,
Ды ноччу ў сад выходзіць без дазволу…
Пётр.
Ну, гэты грэх ёй прыдзецца прабачыць:
Сам спакушаў…
Георгій.
Вось згаварыся з вамі.
(Да Маргарыты).
Як мысліш ты, галубка?
Маргарыта.
Я мыслю: Прося хай ідзе ў пакоі,
Пятрусь хай свата добрага шукае.
Георгій.
Амінь. Ідзі, дзяўчына.

(Прося подбегам ідзе на ганак і у дом, не ўтрымаўшыся, каб не сунуць гупліка Петрусю: «Усё праз цябе, гарэза!»).

Георгій.
Ты, Пётр, не бачыў Товія?
Пётр.
Не бачыў.
Георгій.
Ён недзе тут. Ідзі і пашукай.
Пётр.
Іду. (Выходзіць, гукаючы.) Товій!
Георгій.
Што за прычына ўцёкаў Товія, не разумею.
Маргарыта.
Я ведаю.
Георгій.
Скажы.
Маргарыта.
Скажу, калі злаваць не будзеш.
Георгій.
Злаваць? За што?
Маргарыта.
Ты абяцай раней.
Георгій.
О Евы, Евы!.. Абяцаю.
Маргарыта.
Ён… кахае.
Георгій.
Кахае?! Товія я знаю, як сябе.
Ён — дружба, праца, розум, нават спрыт,
Калі яны патрэбны для другога,
Для справы чыстай, паспалітай,
Але з дзяўчынай я яго не бачыў.
Ты памыляешся, галубка.
Маргарыта.
Не бачыш ты людзей, мой Юрка. Ты
Сябе самога бачыш у кожным чалавеку,
Нібы у люстэрку хто другі.
Георгій.
Не, бачу і люблю ў ім чалавека,
Любіць людзей — найбольшай асалоды
Душа мая не знае.
Маргарыта.
Але-ж і ты мяне кахаеш, Юрка.
Георгій.
Дык то-ж цябе, як тут казала Прося…
Цікава, ён каго?
Маргарыта.
Не злуйся толькі, ён мяне кахае.
Георгій.
Цябе? Ну так, каго-ж яшчэ ён мог
Тут пакахаць, апроч цябе?
Маргарыта.
Вось ты й злуешся, Юрка, і дарэмна…
Георгій.
Я… не хацеў-бы гэтага… Мне сорам…
Маргарыта.
Дык я-ж, я аднаго цябе кахаю.
Георгій.
Я гэта ведаю.
Маргарыта.
Не ведаю, а веру!
Георгій.
І веру. Але мне балюча стала.
Ты ведаеш, якая рана ў сэрцы
Пятнаццаць год балела, ныла,
І набалела так, што нават цень,
Яе даткнуўшыся, здаецца, патрывожа.
Маргарыта.
Дзіўны ты!
Георгій.
Так, дзіўны… І думкі… Часам, калі бачу,
Як бура ломіць дрэвы, як маланка
Сячэ з нябёс, я думаю, што неба
Зямлёй адвергнутую ласку спаганяе.
Любоў вялікая ў вялікую нянавісць
Ператвараецца. Інакш не можа быць.
Маргарыта.
Тады
Няхай ідзе ад нас твой Товій.
Георгій.
Няхай ідзе… Чакай, адкуль ты знаеш,
Што любіць ён цябе? Казаў ён?
Маргарыта.
Не. Сказала сэрца мне, а ў гэтым
Жанчына не памыліцца ніколі.
Георгій.
Няхай ідзе… Яму лягчэй-жа будзе.
Я ведаю,
Што значыць бачыць поблізу таго,
Каго кахаеш безнадзейна.
Маргарыта.
Ты заспакойся, Юрка, і забудзься. Сядзь.
Скажы, мяне ты помніў? і заўсёды?
Не забываўся і за працай нават?
Георгій.
Пра гэта кнігі табе скажуць. Герб
Ты бачыла, на кожнай?
Маргарыта.
Спытацца я хацела,
Адкуль той герб? Кароль падараваў?
Георгій.
Там сонца з месяцам, — яны
Не падуладны каралю зямному,
Яны вышэй палацаў і касцёлаў.
Ты помніш, мы з табой калісьці
Прад сэрцамі сваімі пакляліся
Успамінаць апошняе расстанне
І верыць, што мы сыйдземся ізноў,
Як месяц з сонейкам у небе на світанку.
У герб узяў я тую нашу веру,
Не падуладную ні каралю, ні богу —
Хай мне даруе ён. У гербе месяц —
Маё святых святое, Маргарыта, — ты,
Мой месяц ясны! Я хацеў, хачу,
Каб думку гэтую чытала ты і тыя,
Якія мо’ праз тысячу гадоў
У рукі возьмуць кнігі майго друку.
Маргарыта.
Як любіш ты мяне, каханы мой,
І як мне люб ты!

(Яна прытулілася да Георгія. У гэты час вынырае з-за кустоў Пётра, але адварачваецца і дакладвае ўбок).

Пётр.
Я Товія не бачыў… не знайшоў.
Георгій.

Ідзі, патрэба ў ім адпала.
(Пётр Мсціславец ідзе ў дом).

Маргарыта (па-жаночаму адчуваючы няёмкасць таго, што іх бачыў Пётр).
Нам час ісці таксама.
Георгій.
Пасядзім яшчэ.
Мне хочацца сказаць табе сягоння,
Што сілы у мяне на многа прыбыло,
Калі сюды прыехаў і ступіў я
На землю дзедаў, прадзедаў сваіх,
На ёй я заснаваў сваю друкарню,
Калі закончыў я змаганне з лёсам
За першае сваё, адзінае каханне.
Мне сілы трэба будуць. Знаю, выпадкова
Хвароба біскупа пралом у цытадэлі,
У варожым стане для мяне зрабіла,
І мы прайшлі без лішніх намаганняў.
Яны апомняцца і ў наступ рушаць зноў.
І мне хацелася-б, каб ты, мой месяц ясны,
Была са мной і думкамі і сэрцам,
Каб мог я чэрпаць сілы у душы тваёй,
Як воін стомлены, п’ючы ваду з крыніцы
Крыштальна чыстай, Маргарыта…
Маргарыта.
І думкай і душой да самай смерці
3 табой я буду непадзельна, Юрка.
Георгій.
Дык вось чаму і Товій…
Маргарыта. Забудзься на яго!

(Адчыняюцца дзверы на ганак, і вясёлая, падпіўшая кампанія гасцей, на чале з айцом Сіманам, вывальваецца ў сад. Сярод іх і Раман, і Бабіч, і радцы).

Айцец Сіман.
Пайдзём шукаць іх! Што за здзек з гасцей?
Князь і княгіня зніклі, а баяры
Перапіліся і ляглі пад лаўкі ўпокат.
Каму-ж крычаць, што хмель удаўся горкі?
Чакайце! 3 Товіем заморскае святло
Падрыхтавалі мы паблізу. Дайце свечку!

(Яму даюць свечку, і ён падпальвае парахавы феерверк — фантан-іскрамёт. У яго святле ўсе бачаць Георгія і Маргарыту).

А. Сіман.
А вось яны! Лавіце галубкоў!
Георгій.
Нашто лавіць? Мы самі ў рукі прыдзем,
Палонныя і дружбы і вяселля.
А. Сіман.
У карагод, у карагод, дзяўчаты!
Эх, раса мне перашкаджае, а то-б я…

(Вясельная песня дзяўчат. У гульню уступаюць вынырнуўшыя скамарохі).

Скамарох.
А вось і мы, жартаўнікі і скамарохі!
Мы абяцалі колісь, князь Георгій,
Што на вяселлі на тваім паскачам і спяём,
Што мёду моцнага і хмельнага пап’ём,
Што з маладой княгіняю павелічаем,
Жыцця, здароўя, дзетак пажадаем.
А скамарох, як бог: што скажа, тое й будзе!
Дык падтрымайце скамарохаў, людзі!

(Скокі, дудкі скамарохаў. Жанчыны і мужчыны ў вывернутых кажухах абсыпаюць Георгія і Маргарыту зярнятамі. Запальваецца батлейка з гербам Георгія Скарыны).

Скамарох.
Каб жыць,
Як вянкі віць,
Каб справу весці,
Як добры лапаць плесці,
Каб золата, як зерне рассяваць,
Гарэлку з мёдам піць — не выпіваць,
Як месяц зоркамі, абторкацца cябрамі,
А піць, гуляць і есці каб заўсёды з намі,
Ўсё гэта пану Юрыю і Маргарыце зычым.
І чашнікаў з падчашнікамі клічам!

(Чашнікі разносяць каўшы і кубкі з гарэлкай і мёдам).

Госці.
Горка! Горка!

Заслона.

Мінск–Несвіж
1946–1947 г.