Драматычныя паэмы (Клімковіч, 1947)/Гістарычныя творы М. Клімковіча

Гістарычныя творы М. Клімковіча
Крытыка
Аўтар: Пятро Глебка
1947 год
Георгій Скарына

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





ГІСТАРЫЧНЫЯ ТВОРЫ М. КЛІМКОВІЧА

Міхась Клімковіч працуе ў нашай літаратуры ў галіне драматургіі, прозы, паэзіі і крытыкі. Аднак, можна сказаць амаль беспамылкова, што яго прызванне — драматургія, і ў гэтай галіне пісьменнік дабіўся найбольшых поспехаў.

Першая п’еса Міхася Клімковіча «Кацярына Жарнасек», якую аўтар назваў драматычнай паэмай, была напісана ў 1937 годзе. З таго часу пісьменнік і працуе галоўным чынам у галіне драматургіі. Услед за драматычнай паэмай «Кацярына Жарнасек» з-пад яго пяра вышлі «Ноч перад выбарамі» (п’еса ў адным акце, напісаная ў 1938 годзе), «Лішні білет» (дзве сцэны з жыцця беларускага пагранічча, напісаныя таксама ў 1938 годзе), «На віленскм шляху» (драматычны абразок з дзіцячых год Т. Г. Шэўчэнкі, напісаны ў пачатку 1939 года) і «Апошняя ноч на хутары» (опернае лібрэта, напісанае ў 1940 годзе).

Пасля гэтых рэчаў, пераважна так званага малога жанра, Міхась Клімковіч у 1941–1943 гадах піша на гістарычную тэму п’есу «Адплата». У тым-жа 1943 годзе ён аднаўляе страчанае ў часе вайны опернае лібрэта «Кастусь Каліноўскі». Услед за гэтым пісьменнік прыступае да работы над драматычнай трылогіяй «Георгій Скарына», першая частка якой закончана ў 1945 годзе, а другая — у 1946 годзе. У 1947 годзе Міхась Клімковіч напісаў гістарычную п’есу «Уся ўлада Советам!» і цяпер працуе над трэцяй часткай трылогіі «Георгій Скарына».

Як відаць з пералічанага, асноўная частка твораў Міхася Клімковіча і самыя грунтоўныя з іх напісаны на гістарычную тэматыку. Пры гэтым не цяжка заўважыць, што драматурга найбольш цікавяць два перыяды нашай гісторыі — першая палова і сярэдзіна ХVІ стагоддзя, якім прысвечана, па сутнасці, пяць п’ес (тры часткі трылогіі «Георгій Скарына» і п’есы «Адплата» і «Кацярына Жарнасек»), і першая палова і сярэдзіна ХІХ стагоддзя, некаторыя моманты з якіх Міхась Клімковіч імкнуўся адлюстраваць у творах «Кастусь Каліноўскі» і «На віленскім шляху».

Гэты выбар у творчасці пісьменніка не выпадковы. Як першы, так і другі азначаныя перыяды гісторыі Беларусі вызначаюцца вялікімі гістарычнымі падзеямі. У пачатку і сярэдзіне ХVІ стагоддзя з аднаго боку ішла жорсткая класавая барацьба паміж сялянствам і панамі-феадаламі, а з другога — нацыянальнае змаганне супроць апалячвання і акаталічвання беларускага народа польскімі магнатамі і каталіцкім духавенствам. Гэтая барацьба вылівалася ў сялянскія паўстанні, выклікала так званы казацкі рух і вялася ў форме вострай рэлігійнай барацьбы паміж каталіцызмам і праваслаўем.

Не менш зацятая барацьба ішла і ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Даведзенае памешчыкамі да жабрацкага становішча сялянства імкнулася разарваць кайданы прыгону і атрымаць зямлю. Пад гэты-ж час пачынаецца на Беларусі і нацыянальна-вызваленчы рух, водгук якога мы маем і ў паўстанні 1863 года, па чале з Кастусём Каліноўскім.

Як бачым, гістарычныя часы, на якіх канцэнтруе ў сваіх творах увагу Міхась Клімковіч, насычаны вострай барацьбой і вызначаюцца вялікімі падзеямі. Зразумела, што бурныя эпохі ствараюць заўсёды і яркія, каларытныя гістарычныя фігуры. Усё гэта дае пісьменніку ўдзячны матэрыял, багаты драматычнымі калізіямі і моцнымі характарамі.

Не цяжка заўважыць таксама, што як у ХVІ, такі ў ХІХ стагоддзях соцыяльная барацьба ў Беларусі цесна пераплятаецца з нацыянальнай барацьбой беларускага народа за сваю мову і культуру. Не толькі соцыяльны, а і нацыянальны ўціск з боку польскіх магнатаў выклікаў у беларускага народа цягу да Масквы, да рускага народа, які быў родны яму і па мове, і па звычаях, і па рэлігіі. Гэта спрадвечная еднасць беларускага і рускага народаў, шматвяковая барацьба за яе даюць пісьменніку ўдзячны матэрыял для стварэння мастацкіх твораў, насычаных глыбокім совецкім патрыятызмам.

Усе гэтыя акалічнасці і вызначылі выбар Міхасём Клімковічам тых тэм, на якія напісаны яго гістарычныя п’есы. І трэба яшчэ раз сказаць, што выбар гэты зроблены слушна. Міхась Клімковіч упершыню ў практыцы беларускай літаратуры падняў з архіваў надзвычай багатыя і яркія матэрыялы аб жыцці і барацьбе нашага народа і на падставе іх стварыў каштоўныя па сваёй ідэйнасці і мастацкай праўдзе драматычныя творы.

Як ужо зазначалася вышэй, на матэрыялах ХVI стагоддзя Клімковіч напісаў чатыры п’есы — «Кацярына Жарнасек», «Адплата» і першую і другую часткі трылогіі «Георгій Скарына». Першаю па часу напісання з’яўляецца драматычная паэма «Кацярына Жарнасек». Але нам здаецца, што лепш будзе разглядаць іх не па часу напісання, а па храналогіі тых падзей, якія ў іх разгортваюцца.

Першая частка трылогіі «Георгій Скарына» пачынаецца 1504 годам і канчаецца 1512 годам; другая частка пачынаецца 1514 і канчаецца 1519 годам. Такім чынам, яны абдымаюць сабою пятнаццаць год жыцця і дзейнасці Георгія Скарыны — першага беларускага друкара і выдатнага чалавека, які шмат зрабіў для пашырэння пісьменнасці і асветы на Беларусі.

Няма патрэбы расказваць тут сюжэт гэтых твораў М. Клімковіча, паколькі чытач пазнаёміцца з імі сам. Куды больш важным з’яўляецца адзначыць, што ў гэтым сюжэце адпавядае сапраўдным фактам, засведчаным у гістарычных дакументах, а што з’яўляецца творчым домыслам самога драматурга.

З гістарычных дакументаў вядома, што Георгій Скарына нарадзіўся ў Полацку, у сям’і заможнага купца-мешчаніна. Дакладна час яго нараджэння не вядомы; ёсць меркаванні, што Скарына нарадзіўся 6 сакавіка 1486 года. Больш-менш цвёрда можна сцвярджаць, што час нараджэння Скарыны падае прыблізна на год блізкі да 1486 года.

Пачатковую асвету Георгій Скарына атрымаў дома. У 1504 годзе ён паступіў на філасофскі факультэт Кракаўскага універсітэта, дзе ў 1506 годзе атрымаў годнасць бакалаўра. Пасля гэтага Скарына дзесьці яшчэ вучыўся шэсць год, але дзе, — невядома. У 1512 годзе ён, маючы ўжо годнасць доктара «сямі свабодных навук», прыбыў у Італію, у горад Падую, каб трымаць экзамен на доктара медыцыны. Бацька яго — Лукаш пад гэты час памёр, і Скарына жыў, відаць, у нястачы, не меў чым заплаціць за экзамен. Віцэ-прыёр Т. Мусаці прызначыў 5 лістапада 1512. года паседжанне прафесараў медычнага факультэта, на якім Скарыне было дазволена трымаць экзамен бясплатна.

Шостага лістапада, у прысутнасці чатырнаццаці прафесараў, Георгій Скарына трымаў уступныя экзамены, а дзевятага лістапада сабралася медычная калегія падуанскага універсітэта з дваццаці чатырох асоб, пад старшынствам вікарнага біскупа П. Забарэллі, і пачаліся экзамены Скарыны на годнасць доктара. Пасля экзаменаў Скарына аднагалосна быў прызнаны варты гэтай годнасці, якую ён і атрымаў з рук прафесара Бартламея Барызоні.

У 1517–1519 гадах Скарына знаходзіцца ў сталіцы Чэхіі Празе і друкуе там сваю біблію. У 1525 годзе яго друкарня працуе ўжо ў Вільні, у доме віленскага бургомістра Якуба Бабіча. Даследчык Скарыны П. В. Владзіміраў гаворыць, што «ў Германіі хадзілі размовы аб адносінах Скарыны да Лютэра.» Некаторыя другія гісторыкі сцвярджаюць, што па дарозе з Прагі Скарына наведаў Вітэнберг, дзе тады выступаў Лютэр. Католікі абвінавацілі яго ў сувязях з Лютэрам. Скарыну арыштавалі і засудзілі на спаленне, але ён неяк апраўдаўся і прыехаў у Вільню. Тут Скарына некалькі год, пры грашовым падтрыманні Онькава і Бабіча, працуе над сваімі выданнямі. Пасля-ж таго, як Скарына кінуў друкарскую справу, ён быў сакратаром і лекарам віленскага біскупа.

Прыблізна каля 1529 года Георгій Скарына ажаніўся з удавою віленскага мешчаніна Юрыя Адверніка — Маргарытай. Пад гэты-ж час памёр брат Скарыны — Іван, які гандляваў у Пазнані шкурамі. Па яго смерці засталося шмат даўгоў, якія падалі і на Георгія Скарыну, паколькі маёмасць у іх была агульная. За гэтыя даўгі Скарыну ў 1532 годзе арыштавалі і пасадзілі ў пазнанскую турму. Аб гэтым даведаўся пляменнік Скарыны — Раман. Ён прыехаў з Гданску і пачаў дабівацца вызвалення Скарыны, які ў чэрвені месяцы і быў выпушчаны на волю. Але судовая справа цягнулася далей, і па гэтай справе ў дакументах 1535 года апошні раз упамінаецца імя Георгія Скарыны.

Вось і ўсе тыя дадзеныя, якія мы маем аб Скарыне і якія здабыты на падставе пэўных гістарычных дакументаў. Зразумела, што пісьменнік, узнаўляючы вобраз Скарыны, не можа абмежавацца гэтымі скупымі і не звязанымі паміж сабою фактамі з біяграфіі Скарыны. Ён можа і мае права дамысліць сувязі і пераходы паміж гэтымі фактамі, ажывіць іх некаторымі новымі рысамі і дапоўніць мастацкую біяграфію сваімі здагадкамі. Важна, каб усё гэта было зроблена ў духу эпохі і ў характары гістарычнай асобы, якую малюе пісьменнік.

Так паступіў і Міхась Клімковіч. Ён у першай частцы трылогіі нарысаваў нам юныя гады Скарыны, праўдзіва і ярка напісаў абставіны, у якіх жыў (ці, праўдзівей кажучы, мог жыць) Скарына ў доме бацькі ў Полацку, затым у Вільні і ў Кракаўскім універсітэце і, нарэшце, у Падуі. У другой частцы трылогіі таксама свабодна і праўдзіва намалявана жыццё Георгія Скарыны ў Вільні і яго дзейнасць у Празе.

Аднак, супроць некаторых момантаў як у першай, так і ў другой частцы трылогіі можна запярэчыць. Так, напрыклад, некалькі надуманай здаецца карціна, у якой Скарына сустракаецца ў цясніне каля Падуі з разбойнікамі — «браво». Яна, па-першае, зусім выпадковая, для яе ў біяграфіі Скарыны няма ніякіх падстаў, калі не лічыць таго, што Скарына быў у Падуі. Па-другое, яна прыгодніцкая, і таму не адпавядае ўсяму характару трылогіі.

Тое-ж самае можна сказаць і аб месцы ў п’есе князя Міхаіла Глінскага. Выклікае сумненне не столькі тое, што для ўвядзення ў п’есу Глінскага няма падстаў у біяграфіі Скарыны, колькі сама трактоўка гэтага вобраза. Міхаіл Глінскі падаецца ў п’есе як прадстаўнік рускага кірунку. Але нам вядома, што Глінскі прыняў у свой час каталіцызм, быў фаварытам караля Александра, пасля — маскоўскага князя Васлія, якому таксама здрадзіў, і хацеў пазней перайсці на бок Сігізмунда.

Праўда, праз нейкі час цар зняў з яго апалу, ажаніўся з яго пляменніцай Аленай Глінскай і нават прызначыў, паміраючы, Міхаіла Глінскага адным з апекуноў свайго малалетняга сына Івана ІV. Але папярэднія хістанні Глінскага гавораць за тое, што Глінскі не мог быць паслядоўным барацьбітом за рускую справу. А значыць і яго роля ў барацьбе сям’і Скарыны за рускую народнасць некалькі перабольшана.

Не зважаючы на гэтыя і іншыя, больш дробныя, недахопы, Міхась Клімковіч у першай і другой частцы трылогіі «Георгій Скарына» даў правільны і глыбокі паказ тагачаснай рэчаіснасці з яе вострай соцыяльнай і нацыянальнай барацьбой, якая часта прыймала тады форму рэлігійнай барацьбы.

Гісторыя і сутнасць гэтай барацьбы наступныя.

У 1386 годзе адбылася вунія Літвы і Польшчы. Беларускія вобласці, якія дагэтуль былі пад уладай Літвы, трапілі пад уладу Польшчы. Год за годам польскія магнаты ўсё больш і больш распасціралі сваё панаванне над беларускімі землямі. Найбольшы прыгнёт, зразумела, цярпеў у выніку гэтага просты народ — прыгонныя сяляне і бяднейшыя пласты гарадскога насельніцтва. У пошуках ратунку іх погляды былі скіраваны на ўсход, да адзінакроўнага рускага народа. Баючыся гэтых тэндэнцый беларускага народа, польскія паны пачынаюць праводзіць яшчэ больш жорсткую паланізатарскую палітыку. З мэтай апалячвання яны сілаю насаджваюць сярод праваслаўнага беларускага насельніцтва каталіцызм.

За сто год пасля вуніі значная частка дваранства Беларусі моцна апалячылася і прыняла каталіцызм. Вернымі старой, праваслаўнай рэлігіі заставаліся «галоўным чынам прыгонныя, у той час як іх высокародныя паны амаль усе былі рымска-каталіцкай веры» (К. Маркс, Ф. Энгельс: т. ХIII, ч. І, стар. 160).

Вось гэтыя прыгонныя, а разам з імі і дробная буржуазія гарадоў, і ўсталі на абарону сваёй рэлігіі, мовы і звычаяў, супроць апалячвання і акаталічвання. Яны і вылучылі з сваіх шэрагаў такіх барацьбітоў за рускую народнасць, як Георгій Скарына.

У п’есе Клімковіча навакол Скарыны гуртуюцца самыя адданыя прыхільнікі праваслаўнай рускай арыентацыі. Другі лагер складаюць польскія паны і каталіцкае духавенства, асабліва заядлае ў асобах немцаў, як Ёган фон Шпілер. У барацьбе супроць іх Скарыну падтрымліваюць як чэшскія, так і польскія прагрэсіўныя элементы (Глагоўскі, Андржэяка і іншыя).

Найбольш ярка напісаны ў п’есе вобраз Георгія Скарыны. Не парушаючы гістарычнай праўды, аўтар яго вуснамі выказвае нязломную вернасць беларускага народа сваёй краіне:

Не дачакае вораг. Буду паміраць
Ад голаду, калець пад плотам,
А не прадам я ім адной крупіцы,
Што сабіраў я браціі маёй Русі!
Як Глінскі не збягу, пакінуўшы народ,
З зямлі сваіх карэнняў я не вырву.

І Георгій Скарына сваё слова трымае. Упартасць, непахісная воля ў дасягненні пастаўленай мэты складаюць адну з асноўных рыс яго характару як у юнацкія, так і ў больш сталыя гады. На яго шляху сустракаюцца непераадольныя, здавалася-б, перашкоды. Яго не хочуць прыняць у Кракаўскі універсітэт, яго чарадою абступаюць крэдыторы; ён траціць каханую; ён трапляе ў турму; супроць яго ворагі плятуць дзесяткі інтрыг, — але зламаць ягонай волі нішто не можа. Ён застаецца непахісным змагаром супроць каталіцызма, не толькі як супроць «чужой» рэлігіі, а як супроць самага страшнага цемрашальства, якое глушыла ўсякую жывую думку, асвету народа.

Не, чорныя сутаны Рыма,
Друкарня будзе тут! Асвета будзе!

Магчыма, на гэтай глебе ў Скарыны вырастае калі не атэізм, дык досыць абыякавыя адносіны да рэлігіі як да такой. Рэлігія часамі служыць яму для своеасаблівай соцыяльнай прапаганды, калі ён гаворыць пра Хрыста, што той «рабоў не меў», «багацця не збіраў», і зазначае:

Ці знаеш ты, што папа Леў дзесяты
Багацця мае больш за караля любога,
Але адкрыў дамы распусты ў Рыме.

Такія выказванні, безумоўна, сведчаць, што Скарына не быў сляпым, ярым заступнікам рэлігіі. І гэта не супярэчыць гістарычнай праўдзе. Мы ведаем, што Скарына, перакладаючы кнігі святога пісьма, падкрэсліваў заўсёды не так рэлігійныя задачы, як асветніцкія. Дабро народа, яго асвета турбавалі Скарыну перш за ўсё. У п’есе гэтая рыса Скарыны, яго любоў і ўвага да народа вылучаюцца вельмі ярка.

Любіць людзей — найбольшай асалоды
Душа мая не знае, —

гаворыць Скарына і сцвярджае гэта ўсёй сваёй дзейнасцю. Тут можна прыгадаць прыведзеныя мной меркаванні некаторых гісторыкаў, што Скарына сустракаўся з Лютэрам. А Энгельс гаворыць, што «Лютэр заўсёды ставіў сабе задачай зварот да сапраўднега хрысціянства і ў вучэнні, і ў жыцці; сяляне хацелі таго-ж… Яны разумелі, што нельга звязваць рабства і падчыненне, у якім яны жылі, з вучэннем Бібліі» (К. Маркс і Ф. Энгельс, т. ІІ, стар. 402). Праўда, Лютэр потым здрадзіў сялянству; кіраўніком сялянскага руху стаў Томас Мюнцэр. І Міхась Клімковіч правільна ўкладвае ў вусны Георгія Скарыны рэпліку пра Лютэра:

Кум-ціхаход, яго так Мюнцэр дражніць, —
Плоць тлустую сваю між небам і зямлёй
Павесіў: богу свечка, чорту качарга.

Гэта ў вельмі асцярожнай форме характэрныя адносіны Скарыны да Лютэра і Мюнцэра, а значыць — і да сялянскага пытання таго часу. Аўтару трылогіі для такой характарыстыкі Скарыны даюць падставы і дзейнасць, і заўвагі апошняга, раскіданыя ў прадмовах і пасляслоўях да надрукаваных ім кніг.

Вобраз Георгія Скарыны вызначаецца яшчэ адной высокароднай рысай — самаахвярнасцю. Тут можна прыгадаць, напрыклад, цудоўны момант, калі Скарына, пачуўшы, што Маргарыце не ўдасца развесціся з Адвернікам, па сутнасці назаўсёды расстаецца з сваёй марай. Але ён не думае аб сваім шчасці, ён думае аб шчасці іншых і гаворыць Маргарыце: «Аддай ты дзецям сэрца».

Вобраз Скарыны абмаляваны ўсебакова. Весялосць і дасціпнасць, глыбокі розум і адукаванасць, любоў да таварышоў і простых людзей, упартасць і цвёрдая воля, адданасць народу і сваёй зямлі, — усё гэта арганічна спалучаецца ў вобразе Скарыны. Многія рэплікі, якія характарызуюць Скарыну, узяты Клімковічам амаль цалкам з яго прадмоў і пасляслоўяў. На пытанне, якія думкі хацеў Скарына данесці да таго, хто возьме яго кнігу ў рукі, ён адказвае:

Любіць зямлю сваю і свой народ,
Як птушка польная — гняздо сваё,
Як рыба — вір, як звер — сваю бярлогу,
І бараніць яго, як пчолы вулей
Бароняць ад чужых і сквапных лап.
Другая думка — аб карысці працы,
Ахвярнай працы на карысць народа,
На колькі сіл стае, на колькі служыць розум.

У гэтай цытаце выразна адчуваюцца сапраўдныя вядомыя словы Скарыны, і яны надаюць сапраўдны каларыт усёй асобе Скарыны.

Нядрэнна выпісаны ў трылогіі «Георгій Скарына» і многія іншыя вобразы, асабліва айцец Сіман, Дарота, Скамарох і яго прыяцель Сцяпан і суддзя. На іх ляжыць выразны адбітак іх часу. Суддзя, напрыклад, гаворыць, што праўда заўсёды ў багатага, таму што ён не ўкрадзе, не заб’е, бо яму няма ў гэтым патрэбы.

А бедны што? Не ўкраў, дык украдзе,
Як сёння не салгаў, дык заўтра ён салжэ;
Не вінаваты ў тым, за што падсудны сёння,
Дык сто разоў раней яго судзіць я мог, —
Калі-б папаўся ён, — за гэткае-ж злачынства.

Ужо з адной гэтай рэплікі відаць не толькі рысы дадзенага суддзі, а і наогул норавы і мараль суддзяў таго часу.

Наогул, трэба сказаць, што Клімковічу амаль усюды ўдалося захаваць каларыт эпохі. У п’есе прадстаўлены яркія людзі тагачаснай надзвычай пярэстай эпохі. Тут і заморскія госці, і манах-кнігапісец, і знахар, і іншыя людзі з іх адменным жыццём і побытам, з іх забабонамі і верай, з іх гарачымі рэлігійнымі спрэчкамі і рознастайнымі соцыяльнымі інтарэсамі. Складаючы ў дачыненні да галоўных дзейных асоб нібы знешняе наваколле, яны і дапамагаюць аднавіць каларыт таго часу. Гэтаму спрыяе і мова п’есы — зразумелая, сучасная, але з водарам старасветчыны.

Паводле падзей, якія разгортваюцца ў трылогіі «Георгій Скарына», таксама па сваёй ідэйнай накіраванасці і сапраўднасці гістарычных асоб у блізкай сувязі да тэтага твора стаіць п’еса Клімковіча «Адплата». Але паколькі яна не ўваходзіць у дадзены зборнік, разгляд яе можна абмінуць. Спынімся на другой п’есе, напісанай на матэрыяле сярэдзіны ХVІ стагоддзя, — на драматычнай паэме «Кацярына Жарнасек».

«Кацярына Жарнасек» — першая гістарычная п’еса Міхася Клімковіча. У ёй у пэўнай ступені адчуваецца яшчэ недастатковая спрактыкаванасць драматурга. У ёй б’ецца поўнакроўны пульс тагачаснага жыцця, але яго прыглушае часамі, сціскае літаратурная форма. Можна сказаць, што ў гэтай п’есе вельмі шмат і ад непасрэднага жыцця, і ад літаратуры — у пабудове фразы, у паасобных словах, у рытме верша. У якасці прыкладу можна назваць першую рэпліку Кацярыны, якой яна сустракае свайго каханага — Рыгора:

Ты занадта прыткі — зараз ды у сваты!
А чаго-ж, мой мілы, бродзіш каля хаты,
Ловіш чуткім вухам ціхі спеў дзявочы?
Сам ты знаеш, — з песні не выкінеш слова,
Дык не будзь на подслух гэтакім ахвочым,
Каб не чуць, Рыгорка, пра сябе благога.

Характар рэплікі, асабліва яе рытмічная будова выразна бяруць свой пачатак не ў самой стыхіі сялянскай мовы, а ў літаратурных традыцыях, яны нагадваюць некалькі формы опернай драматургіі.

Гэтае ўражанне падмацоўваюць і шматлікія фальклорныя ўстаўкі: казка пра Ліха, якую расказвае дзед Ахрэм; казка пра пчолы, што заелі мядзведзя; прыпеўкі дзеда Ахрэма; украінскія песні казакаў; беларускі і украінскі варыянты адной і той-жа песні, якую спяваюць казакі, касцы і жнеі; польская песня Ядвігі; песенька ксяндза і іншыя. Ужо адзін пералік гэтага казачнага і песеннага элемента гаворыць аб тым, што аўтар як быццам-бы браў устаноўку на драматычна-музычны твор. Але паколькі рэч, паводле свайго жанра, з’яўляецца ўсё-ж такі драмай, а не літаратурнай асновай для музычнага твора, многія фальклорна-песенныя элементы яе не заўсёды арганічныя ў тканіне п’есы. Наяўнасць іх можна апраўдаць толькі тым, што яны заўсёды нясуць соцыяльную нагрузку.

Я раблю гэтую заўвагу для таго, каб чытачу лягчэй было зразумець надзвычай складаную арганізацыю п’есы, якая названа аўтарам драматычнай паэмай, але якая з’яўляецца па сутнасці соцыяльна-гістарычнай драмай.

У адрозненне ад трылогіі «Георгій Скарына», у драматычнай паэме «Кацярына Жарнасек» няма гістарычных асоб у поўным сэнсе гэтага слова. Калі ў першай дзейнічаюць пераважна канкрэтныя гістарычныя людзі (Скарына, Бабіч, Онькаў, Глінскі і іншыя), імёны якіх запісаны ў тагачасных актах, дык у другой дзейнымі асобамі з’яўляюцца наогул людзі таго часу, імёны якіх у гістарычных дакументах альбо зусім не зафіксаваны, альбо, калі і сустракаюцца (князь Капуста), дык нічога не гавораць нашым уяўленням. Аднак, ад гэтага п’ёса «Кацярына Жарнасек» нічога не траціць у сваёй гістарычнасці, таму што ў ёй намаляваны праўдзівыя гістарычныя падзеі, якія мелі месца ў той час на Беларусі.

«Дзея адбываецца, — як гаворыць аўтар, — у сярэдзіне 16 стагоддзя. Гэта быў час, калі пры каралі Сігізмундзе-Аўгусце ІІ, апошнім з роду Ягела, узмацніўся прыток на Беларусь польскага панства, — абшарнікаў і чыноўнікаў, — які закончыўся Люблінскай вуніяй, аддаўшай Беларусь на канчатковае разграбленне польскім магнатам і шляхце».

Мы помнім, што ў трылогіі «Георгій Скарына» дзея адбываецца на пачатку ХVІ стагоддзя. Такім чынам, падзеі, якія разгортваюцца ў «Кацярыне Жарнасек», з’яўляюцца працягам падзей, пададзеных у трылогіі. І калі ў першым выпадку польскія магнаты, насаджаючы каталіцызм і змагаючыся з усім рускім, імкнуцца ідэалагічна падрыхтаваць новую вунію, дык у другім выпадку яны карыстаюць ужо з пладоў сваіх першых перамог, завяршаючы эканамічнае заняволенне беларускага народа. І таму цэнтр барацьбы ў гэтай п’есе перанесены з ідэалагічнай сферы ў сферу соцыяльна-эканамічную. Пачынаюцца сялянскія паўстанні, прыгонныя ўцякаюць на Украіну да запарожцаў, далучаюцца да казацкага руху.

Перанясенне цэнтра барацьбы з адной сферы ў другую было абумоўлена, між іншым, і тым, што пад гэты час прыгонныя трацяць нават тую мізэрную асабістую незалежнасць, якой яны карысталіся дагэтуль. Раней напрыклад, прыгонныя мелі права раз у год, на Юр’еў дзень, пераходзіць ад аднаго пана да другога. Шляхта дабілася ад караля такіх прывілеяў, якія канчаткова касавалі і гэту «свабоду» сялян.

Усе гэтыя паднявольныя ўмовы жыцця і барацьба супроць іх сялянства і складаюць змест драматычнай паэмы «Кацярына Жарнасек». У ёй паказваецца, як вяльможны князь Капуста адабраў ад сялян не толькі землі, але імкнецца адабраць і іх чалавечую годнасць. Яго натхняюць і дапамагаюць яму ў гэтым наехаўшыя з кароннай Польшчы нахлебнікі — паны Заянчкоўскі і Бобаецкі, ксёндз Антоній і іншыя.

Вобразы гэтых драпежнікаў на чале з князем Капустай выпісаны праўдзіва і ярка. Яны маюць тыповыя рысы, і ў той-жа час кожны з іх выразна акрэслены індывідуальна. Ставячы перад сабою мэту канчаткова заняволіць Беларусь і адарваць яе назаўсёды ад Масквы, яны пагрозна падыходзяць да яе вырашэння. Князь Капуста — гэта ўпэўнены ў сваёй магутнасці самадур, і ўсе яго паводзіны вызначаюцца яго-ж выразам: «У замку — я кароль; у сяле — я гаспадар».

Пан Заянчкоўскі — гэта збяднелы магнат кароннай Польшчы; ён прапіў і прагуляў свае маёнткі, але ў яго ні на кроплю не паменшала пыхі; ён храбры ў размове і баязлівы ў справе. Вобраз яго дапаўняе вобраз ксяндза Антонія — ханжы і цыніка.

Супроць гэтых магутных, але нікчэмных людзей выступаюць простыя і высокародныя людзі. Яны самааддана змагаюцца за сваё права на лепшае жыццё, за сваю чалавечую годнасць, за брацтва з рускім народам. Цэнтральнае месца сярод гэтых вобразаў займаюць вобразы Рыгора і Кацярыны. Каваль Рыгор — моцны духам просты чалавек, працавіты, поўны веры ў сілы народа і ў свае ўласныя; у яго сэрцы гарыць і не гасне імкненне да свабоды і праўды. У такім-жа плане намаляваны і вобраз Кацярыны. Рысамі, якія адцяняюць яе індывідуальнасць, з’яўляюцца шчырасць, дабрата і сардэчнасць.

Другі асноўны ў п’есе жаночы вобраз становіць Марына. Гэты вобраз напісаны ў прыўзнятым, рамантычным стылі. Часамі рэплікі Марыны залішне рытарычныя. Але вобраз яе чаруе нас вялікай сілай любві да народа і бязмежнай нянавісці да паноў. У гэтым вобразе нібы сімвалізуецца ўся векавая крыўда народа і яго прага да справядлівай помсты тым, хто заняволіў і растаптаў чалавечае жыццё.

Нельга не адзначыць у п’есе вобраза дзеда Ахрэма — лірніка і казачніка, дасціпнага чалавека, багатага жыццёвым вопытам і народнай мудрасцю. Пры ўсёй весялосці дзеда Ахрэма ў ім захаваны нейкі мудры і ўпэўнены душэўны спакой, які выражае аптымізм народа:

Сто разоў пры мне на дрэвах
Абрывала восень лісце,
А вясна іх зеляніла,
Ў ліхалецці кожным выйсце
Есць на свеце, браце мілы…

Драматычная паэма «Кацярына Жарнасек» была першым гістарычным творам Міхася Клімковіча. У ёй ёсць свае недахопы, але яна правільна вызначала кірунак пісьменніка па шляху стварэння гістарычнай драмы. Ад гэтай п’есы драматург, як мы ведаем, перайшоў да вырашэння больш складанай праблемы: адлюстраваць не толькі гістарычныя падзеі, але і канкрэтных гістарычных асоб. З’явілася «Адплата», а затым дзве часткі трылогіі «Георгій Скарына», якія ўсе разам даюць праўдзівы і выразны малюнак жыцця на пачатку і ў сярэдзіне ХVІ стагоддзя.

У некаторых сваіх іншых работах Міхась Клімковіч перайшоў з ХVІ стагоддзя да сярэдзіны ХІХ. Ён напісаў драматычны абразок «На віленскім шляху» і опернае лібрэта «Кастусь Каліноўскі». Зразумелая рэч, што невялікі эцюд «На віленскім шляху», у якім падаецца эпізод з юнацкіх год Тараса Шэўчэнкі, не можа ісці ні ў якае параўнанне з шматактавымі грунтоўнымі творамі з жыцця ХVІ стагоддзя. Мы адзначаем гэты абразок, каб яшчэ раз падкрэсліць ідэю, якую Міхась Клімковіч праводзіць праз усё свае гістарычныя п’есы. Гэта ідэя аб непераадольнай прорве, якая падзяляе прыгонных сялян і панства, і аб еднасці працоўных трох братніх славянскіх народаў — рускага, украінскага і беларускага.

У творах Міхася Клімковіча ёсць і значныя недахопы. Некаторыя з іх мы адзначылі вышэй. Тут трэба заўважыць яшчэ, што верш Клімковіча не заўсёды стаіць на належнай вышыні. Аўтар часта не зварочвае патрэбнай увагі на дасканаласць мовы. Але гэтыя недахопы не павінны і не могуць засланіць ад нас таго каштоўнага, што зроблена Міхасём Клімковічам, як драматургам гістарычнага жанра. Ён першы, па сутнасці, палажыў у беларускай літаратуры пачатак гэтаму жанру ў такіх сваіх лепшых творах, як «Георгій Скарына» і «Кацярына Жарнасек». Ён ажывіў перад намі нашу старажытнасць, узняў падзеі дзён даўно мінулых і прымусіў іх, не фальсіфікуючы гісторыі, служыць нашай сучаснасці. У гэтым яго заслуга.

Варта адзначыць, што ў апошнія часы Міхась Клімковіч з поспехам працуе і над сучаснай тэматыкай. Аб гэтым сведчыць яго новая п’еса «Уся ўлада Советам», — пра Кастрычніцкую рэволюцыю ў Беларусі і лібрэта оперы «Песня аб шчасці» — пра аднаўленне калгаса, разбуранага нямецкімі захопнікамі.

Пятро Глебка