Драматычныя паэмы (Клімковіч, 1947)/На Віленскім шляху

Кацярына Жарнасек На Віленскім шляху
Драматычная паэма
Аўтар: Міхась Клімковіч
1947 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: На Віленскім шляху.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Светлай памяці
вялікага песняра-рэволюцыянера
прысвячаю.




НА ВІЛЕНСКІМ ШЛЯХУ

Драматычны абразок
з дзіцячых год Т. Г. Шэўчэнка

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Пан Гарбуз — дваранін-аднадворац, уласнік карчмы на Віленскім шляху на Случчыне, гадоў за 40.
Пані Вонж — уласніца суседняй вёскі, гадоў за 45.
Наста — прыгонная кабета, служыць у карчме, гадоў 26, але на выгляд значна старэй.
Іван — прыгонны селянін, гадоў 40, худы, хворы.
Аленка — яго дачка, 15 год.
Тарас Грыгор’евіч Шэўчэнка — хлапец 15 год. Каранасты, крэпкі, з непакорнай чупрынай, задумлівы. Апрануты напалову казачком, напалову звычайным вясковым хлапцом.
Дзед Сямён — стары чумак, кабзар.
Вясковыя жанчыны.

ЧАС ДЗЕІ — 1829 ГОД.

На сцэне відаць рог вялікай карчмы з ганкам; у глыбіні сцэны адчыненыя дзверы ў стадолу, направа плот, за плотам вокны хаты Івана. Вечар. Праз расчыненыя вокны карчмы чутна песня і відаць постаці жанчын, якія мыюць карчму. Адна з жанчын запявае, астатнія хорам падхватваюць.

Жанчыны (пяюць).
Ой ты, поле, поле, шырокае поле!
Ой ты, доля, доля, удовіна доля!
Парасло ты, поле, палыну кустамі,
Заплыла ты, доля, горкімі слязамі.
Сусед жыта сее, сее поўнай жменяй,
А я сею слёзы на свае каменні.
Людзі просяць бога, хай жыты уродзяць,
А я прашу бога, хай слёзы не ўсходзяць.
Не ўрадзіла жыта на суседняй ніве,
А ўрадзілі слёзы ўдоўкі нешчаслівай.
Ой вы, леты, леты, маладыя леты,
Адцвілі, апалі марным пустацветам.

(Праз нейкі час з карчмы выходзіць некалькі жанчын, з імі выходзіць Наста).

Наста.
Ну, дзякуй, бабы, вам, што памаглі,
Адна-б я тут да заўтра кукавала.
Першая жанчына.
Няма за што.
Другая жанчына.
Спрабуй не памагчы, —
Гарбуз заесць.
Трэцяя жанчына.
Забраў сяло у рукі.
Другая жанчына.
Хоць пан — не пан, а пана пераважыць
Грашмі і лютасцю…
Першая жанчына (да другой).
Стрымай язык.
(Да Насты). Бывай, Настуля. Пойдзем адпачыць…
За дзень не чуеш рук.
Наста (абыякава).
Бывайце. Дзякуй.

(Жанчыны пайшлі ў сяло. Наста засталася адна. З свайго двара выходзіць, абапіраючыся на кіёк, Іван).

Наста.
І зноў брыдзеш? А ірада няма.
Іван.
Няма яшчэ? Ці будзе толк, скажы мне,
З маёй хадзьбы?
Наста.
Які у чорта толк?
Каб свет гарэў, пан, пэўна, пеў-бы песні
І з прысаку чырвонцы выграбаў.
Іван.
Ты за мяне замоў хоць слова, Наста.
Наста.
Дарэмна, дзед. Дый сэрца у мяне
З тае пары, як камень, зачарствела,
Калі сынка майго Гарбуз у свет
Малога збыў. Як цень, як здань, блукаю
Што ноч я трэці год…
Іван.
А можа утапіў?
Наста (з жахам).
Дзед, не кажы так, сэрца, дзед, не кратай…
Іван.
Я толькі к слову, Наста…
Наста.
Усю раку
Прайшла я ў тую восень. Захварэла, —
Вада была, як лёд…
Іван.
А што Гарбуз?
Што кажа ён?
Наста.
Калі старацца буду,
Ён верне мне праз год майго сынка.
Іван.
І верыш ты?
Наста.
І веру, і не веру.
Дарэмна дзед мне сэрца растрывожыў…
А Гарбузовай ласкі не прасі ты.
Гарбуз павук. Ён пані грошы даў
І вас узяў за процант на паслугі,
Каб сокі высмактаць.
Ды вунь, паўзе…
Сыйду з вачэй, каб разам нас не бачыў.
(Пайшла ў карчму.)
Іван.
Авечкам гора там, дзе воўк пастух.

(Уваходзіць Гарбуз, Іван устае і кланяецца).

Гарбуз.
Што скажаш мне, Іван? Сягоння не араў?
Іван.
Няма на кім, ды і нядзеля сёння.
Гарбуз.
А вол што? здох?
Іван.
Дзень трэці не ўстае.
Гарбуз.
А я пры чым? Па угавору з паняй
Маю зямлю павінен абараць?
Іван.
Свая ляжыць аблогай, пан ласкавы.
Гарбуз.
Сваёй зямлі у мужыка няма.
Іван.
Няма, панок, вось толькі за пазногцем.
Я паніну араць не пачынаў.
Гарбуз.
А я пры чым? Я сто рублёў заставіў
За вашу Вонжу. На сабе ары!
Ці на дачцы…
Іван.
Дачка — дзіця малое,
Пятнаццаць год.
Гарбуз.
Пакліч яе сюды.
Іван (спалохана).
Навошта, пан?
Гарбуз.
Каб дурань запытаўся.
Іван (ідучы ў сваю хату).
Бяда бядзе ступае след-у-след,
На чорта-ж бог стварыў гаротны свет.
Гарбуз (адзін).
Пятнаццаць год… прыдасца у гасподзе.

(Неўзаметку выходзіць з карчмы Наста).

Абрыдла Наста мне…
Наста.
Сынка аддай
Майго, і я пайду адсюль…
Гарбуз.
Завёз яго да бацькі у салдаты.
Наста.
Да бацькі? да чыйго?
Гарбуз.
Да Янука твайго.
Наста.
Адкуль ты ведаеш?
Гарбуз.
Ха-ха-ха!
Ў гарачцы ўсё да ніткі расказала:
І ноч… і лес… і як мяне кляла,
Што я салдатчыну твайму падстроіў.
Наста.
Не чалавек — змяя.
Гарбуз.
Сама — змяя,
Пагрэцца выпаўзла на сонца.
Такім як ты, марозна і ў Пятроўку.
Наста.
Каля змяі змяёю станеш сам.
А сына мне аддай. Нікуды не завёз,
Не ездзіў ты.
Гарбуз.
Завезлі іншыя, —
Не бачыла ў гарачцы парадзіха.
Ідзі у хлеў. Вось вілы, гной бяры.

(Выходзіць з сваёй хаты Аленка).

Аленка.
Мяне пан зваў?
Гарбуз (разглядаючы).
Ты сёння на зары
Купалася вось там?..
Аленка (спалохана).
А што? Там нельга?
Наста.
Падгледзеў чорт.

(Алена зразумела і засаромелася).

Гарбуз (грозна да Насты).
Ідзі у хлеў, кажу!

Наста, узяўшы вілы, пайшла ў стадолу, але час-ад-часу падыходзіць да дзвярэй і прыслухоўваецца.

Гарбуз (убок).
Нішто сабе… Дзяўчына, як пупушка.
(Алене.) Ці хочаш жыць па-людску?
Аленка.
Як то пан?
Гарбуз.
Цукеркі есці, гаспадыняй быць,
Бацькоў на старасць лет пакоіць. Вось як.
Аленка.
Не разумею я.
Гарбуз.
Дык зразумей:
Твой бацька пад заклад мне паней дадзен,
Рабіць, як чорны вол, павінен ён,
Бо грошыкі звярнуць не можа пані.
Калі скажу, што мне работы з вас
Няма на ногаць нават, — пані злупіць
Ўсю скуру з плеч — і з бацькі і з цябе.
Аленка.
Дык бацька хвор!
Гарбуз.
А маці?
Аленка.
Не ўстае
Каторы месяц, пан.
Гарбуз.
Дык ты не зломак.
Аленка.
Я, што магу, раблю.
Гарбуз.
Ў карчму ідзі.
Аленка.
Там хопіць Насты.
Гарбуз.
Насту праганю я.
Аленка.
Назад да пані? Дык яе-ж заб’юць.
Гарбуз.
Няхай даб’юць, ўсёроўна здохне скора.
А мы з табой…

(Працягнуў руку, Аленка адскочыла).

Не укушу, шчанё!
Наста (з дзвярэй стадолы).
Паквапіўся… А Насту на дрывотнік?
Зарэжу я, панок, цябе ў пасцелі з ёй.

(Чуваць, як спынілася брычка і выходзіць пані Вонж).

Пані Вонж.
Дзень добры, пан Гарбуз.

(Наста і Аленка нізка кланяюцца пані).

Гарбуз.
Вітаю шчыра
Паклонам нізкім пані.

(Да Насты і Аленкі).

Хамкі, ў хлеў!
Пані Вонж.
Пан патаўсцеў.
Гарбуз.
Які я пан? — Гарбуз.
Што, пані Вонж, мне скажа? Ў хату зойдзем?
Пані Вонж.
Не, лепей тут. У хаце мужыком
Смярдзіць занадта.
Гарбуз (прабачліва).
З аднадворцаў мы,
Дваране-мужыкі.
Пані Вонж.
Пан, не крыўдуйце.
Абразіць вас на мэце я не мела.
Па справе я… Мой Анатоль прыслаў
Ліста ізноў…
Гарбуз.
У карты праіграўся?
Пані Вонж (ганарліва).
О, як шляхецтва вам бракуе, пан!
У справы нашы не ўтыкайце носа!
Гарбуз (смірэнна).
Што праўда — праўда тое, пані Вонж.
Ўсёй справы мне — пад’еў ды й у хлеў. Але
Каб так мой сын, як панін Анатоль,
Ў пазыкі маці гнаў, а грошы ў чарку…
Пані Вонж (піскліва).
Ён афіцэр!
Гарбуз.
Не паглядзеў-бы я
На залаты мундзір, да лаўкі путам
Я-б прывязаў і скуру ўсю спусціў.
Пані Вонж (упікліва).
Вы дваранін!
Гарбуз (спакойна).
Па царскаму указу —
Дваране мы, хоць пані не раўня.
Пані Вонж.
Патрэбны грошы мне… (Спрабуе ўсміхнуцца).
Гарбуз.
І мне патрэбны.
А дзе іх ўзяць?
Пані Вонж (спрабуе абваражыць Гарбуза).
Сусед, і вам не сорам?
У бубен людзі б’юць, што пану грошы
Шчаслівы змей прынёс.
Гарбуз.
У морду б’юць
Няхай сабе зайздроснікі мае,
Язык аб плот, не аб мяне, — хай чэшуць.
Пані Вонж.
Вы не шляхетны…
Гарбуз.
Колькі трэба вам?
Пані Вонж.
Так… дзвесці серабром…
Гарбуз.
Не маю столькі.
Пані Вонж.
А колькі маеце?
Гарбуз (ухіляючыся ад адказу).
Я думаў — дробязь…
Убытак мне паслугі пані Вонж.
Пані Вонж.
Убы-ы-так? А Наста, як той вол,
І дзень і ноч працуе ў каго, пан?
Гарбуз.
На мізінцы спалю яе ўсю працу.
Пані Вонж.
Іван чыё, пан, поле абрабляе?
Гарбуз.
Хацеў сягоння вам абоіх я
Назад паслаць. Няхай яны згараць!
З іх працай сам у старцы пойдзеш скора.
Пані Вонж (хуценька).
Лянуюцца? Мы можам падагнаць.
Гарбуз.
Такі народ, што шагу не прыбавіць,
Хоць іх даўбнёй дзяўбі. Я тых калек
Змяніць прашу за процанты старыя,
А больш не дам, прабачце, пані Вонж.
Пані Вонж.
У сына доўг, доўг чэсці афіцэра.
Спрабуйце зразумець мяне, мужык.
Гарбуз.
Які ўжо ёсць, а грошы больш не дам
І прынясу кантракт, прасіць замены буду.
Пані Вонж.
Мне некім замяняць.
Гарбуз.
А я прычым?
Пані Вонж.
Пачуцці маці зразумейце вы!
Мой Анатоль… Яго з палка прагоняць,
Калі я сёння грошы не пашлю.
Гарбуз.
Яно і лепей будзе — кіне карты,
Прыедзе к вам…
Пані Вонж.
Ён пусціць пулю ў лоб!
Гарбуз.
У-га! То-ж бачу пастраляных многа,
Хоць гаць гаці.
Пані Вонж.
Вы — недавярак, вы…
Нягоднік!
Гарбуз.
Крыўдзіце мяне дарэмна.
Я спачуваю вам.
Пані Вонж (хуценька).
Ну дайце сто.
Гарбуз (падумаўшы).
Дачку Івана дайце мне, Алену,
На поўнае ўладанне — трыццаць дам.
Пані Вонж.
Сто пяцьдзесят.

(Аленка пачула са стадолы і выбегла ў роспачы. Яна кідаецца на калені перад паняй Вонж).

Аленка.
О пані, залатая, дарагая!
Я ногі вашы буду цалаваць.
Не прадавайце вы мяне, малую,
Загіну я…
Пані Вонж.
Сто дваццаць, пан Гарбуз!
Гарбуз.
Хай будзе сорак, ні капейкі болей.
Аленка.
Вы маці, ўспомніце сваіх дзяцей.
Пані Вонж.
Ўстань, хамка! Пакруціся! Пан Гарбуз,
Не дзеўка — золата. Сто дваццаць мала.
Аленка.
Ой, татка, татачка, ратуй дачку!

(Пабегла ў свой двор).

Гарбуз.
Хай пяцьдзесят і ні капейкі болей.
Пані Вонж (паклала рукі яму на плечы).
Сто дзесяць, пан Гарбуз…

(Перад карчмой спыняецца чумацкі воз. На возе дзед Сямён і малады Шэўчэнка).

Дзед Сямён.
Вось і прыехалі, Тарасе, на папас,
Сівыя, стой! Карчма. Дзень добры ў гаспадарку.
Ці можна стаць?
Гарбуз.
А многа вас?
Дзед Сямён.
Яшчэ пяток,
Пад’едуць хутка.
Гарбуз.
Можна. Пойдзем у хату, пані.

(Пані Вонж і Гарбуз пашлі ў карчму).

Дзед Сямён.
Ну, злазь, Тарас! (Распрагае валоў.)
Тарас.
А дзе-ж мы зараз, дзед? Далёка?
Дзед Сямён.
На Беларусі, брат, пад Слуцкам, ля карчмы,
І нос свярбіць…
Тарас.
Гарэлку чуе?
Дзед Сямён.
Мабыць, чуе.
Тарас (з хітрынкай).
Казацкі нос… Каб ён таксама грошы чуў…
Дзед Сямён.
На грошы глух. За грошы бог і чорт спрачаўся.
Бог кажа: «Чорт, ты багацей мяне жывеш,
І менш клапот: табе ні поп, ні дзяк не скруціць».
А чорт яму: «Давай мяняцца, бацька-бог,
Будуй карчму, а я царкву». Ну й ладна.
Будуе бог карчму, а чорт бярвенне крадзе
На цэркаў у яго… Не слухаеш, Тарас?
Тарас (які заглядзеўся на наваколле).
Як у Кірылаўцы, усё тут: і яр, і вербы,
І вішні. Толькі хаты не такія, дзед.
Дзед Сямён.
Затое ў хатах тут і там народ жыве
Аднолькавісенька: жыве і плача, сынку.
Тарас.
Ад панства?
Дзед Сямён.
І пан, і поп, і пекла, — ўсё тут ёсць.
Тарас.
А каб далей паехаць, дзед, мо’ набрылі-б
Зямлю, куды паны дабрацца не паспелі.
Дзед Сямён.
Няма такой зямлі. Казакі аж за мора
Плылі не раз, не бачылі такой зямлі.
Тарас.
А можа ёсць зямля такая, дзе народ
Паноў прагнаў?
Дзед Сямён.
А можа й ёсць.
Тарас.
Павінна быць ці будзе,
Іначай-бы зямля ніколі не цвіла,
Памеркла-б, дзед, ад слёз, тугі і гора.

(З сваёй хаты выходзіць Іван з Аленкай).

Іван.
Што ён надумаў, гад? О гора, маё гора!
Дзед Сямён.
Дзень добры, брат. Куды так паспяшаеш?
Ці ад бяды бяжыш, ці гора даганяеш?
Іван.
Дзе пані, чалавек?
Дзед Сямён.
А што? Паклікала? Тады сапраўды гора,
Бо на бяседу нас з табой не пазаве.
Іван.
Дзе пані, чалавек?
Тарас.
Пайшла з панком у хату.

(Іван пайшоў у карчму).

Дзед Сямён.
Знаць, дапяклі панкі: пабег без галавы…
Чаго, красуня, плачаш?
Тарас (не адводзячы вачэй ад Алены).
Вочы,
Як васількі ў расе… Каб так намаляваць!
І гора ў іх, як мора.
Дзед Сямён.
Як завуць?
Аленка (праз слёзы).
Алена.
Дзед Сямён.
Пакрыўдзіў хто, Алена?
Аленка.
Пані прадае.
Тарас.
У-у, ірады!
Дзед Сямён.
Ім чалавек, што скот…
Хоць сядзь ды плач, хоць стоячы крычы.
Тарас.
Аленка, уцякай. Як жыў я ў дзяка,
Да нас ў Кірылаўку ад пана, што з Вільшаны,
Дзяўчына уцякла…
Аленка.
Няма куды. Сто вёрст адсюль
Куліла пані нас, сюды прывезла.
Тарас.
Бяжы у свет, сястра, да нас на Украіну.
Дзед Сямён.
Ну што яна — казак? Загіне дзяўчынё…
Тарас.
Дык што-ж рабіць, дзядуля? Так і гінуць?
Дзед Сямён.
Што можам мы зрабіць, Тарас? Каб сіла й вілы,
Дык аднаго панка падняць, як жабу, можна
Цішком. А тут — карчма… Загінеш сам, як мыш.
Тарас.
Вазьмём яе з сабой у Вільню. Ў воз схаваем.
Дзед Сямён.
А ў Вільні што? Вільшанскі пан за гэтых лепш?
Тарас.
Паны, паны! Чаму я не асілак?
Дзед Сямён.
Эх, ўнуча, ўнуча!.. Была калісьці сіла,
Год шэсцьдзесят таму… устаў народ на пана,
Ўстаў Чыгірын, Умань, Кірылаўка, Лысянка,
·Па вуліцах крыві шляхоцкай беглі рэкі,
На полі вараннё падняцца не магло
Ад жыру: два гады паноў дзяўбло уволю.
Але… забыўся пан, забыўся і народ.
Тарас.
Народу ўспомніць трэба!..
Дзед Сямён (бярэ кобзу).
Хіба што песняй, ўнук.
Тарас.
Не песняй, дзед Сямён, а крыкам, гвалтам.
Каб людзі збегліся, як на пажарны звон.
Дзед Сямён.
За звон магутней песня; звон у цэркаў кліча.
А сам у ёй не быў, таму яму не вераць.
А песня у душы у кожнага бывае.

(Перабірае кобзу — у поўголаса напявае).

Ой, была на Украіне
Гадзіна ліхая,
Сабіралася па сёлах
Чорных ляхаў зграя.
Цэркві божыя палілі,
Людцаў бедных білі,
Руйнавалі, мардавалі,
У стаўках тапілі.
То не грае сіне мора,
Не вецер гуляе, —

Гайдамакаў бацька кліча.
Арлоў сазывае.
«Сыны мае, арлы мае,
Свет шырокі — воля!
Вы ідзіце, гайдамакі,
Пашукайце долі!»
І сышліся гайдамакі,
Нажы асвяцілі,
Перарэзалі ўсю шляхту,
Карчмароў пабілі.

Наста (выходзіць з стадолы і прыслухоўваецца).
Не пець стары, а плакаць трэба тут,
Як дзеўчанё вось гэтае малое.
Дзед Сямён.
Я й плачу, жынка, песняй сваёй плачу.
Наста.
Што з плачу, дзед? Раўла і я з маленства
Штогод мацней, а сёння — раз астатні.
Дзед Сямён.
Крый бог, цябе, дачка.
Наста.
Няхай яго накрые (ківае галавою на карчму)
Зямлёй навечна, як сынка Івася.
Тарас.
Твайго, ад пана? Бедная пакрытка! (К дзеду.)
Сказаў ты «пекла тут» — і праўда пекла!
Дзед Сямён.
І пан, як чорт. Чаго шалее ён?
Наста.
Ад грошай ўсё. З вялікімі грашамі
Якісьці пан прыбрыў на бунт склікаць
Паноў тутэйшых, а Гарбуз падгледзеў,
Убіўся ў дружбу, грошы ўзяў на схоў,
Панка спаіў і ў хлеве тут засіліў,
А кніжачкі яго жандарам здаў.
Дзед Сямён.
Чаму-ж жыве карчмой?
Наста.
Адводзіць вочы людзям.

(Выходзіць з карчмы пані Вонж і Гарбуз, у руках яго папера, за імі выходзіць без шапкі Іван).

Гарбуз.
Паеду з пані я: пячатку трэба
На подпіс ваш паставіць, а тады
І грошы ў рукі дам вам, пані Вонж.
Іван.
Змілуйся, пані, мацярынскім сэрцам…
Адна ў мяне дачка… Прасі, Алена.
Алена.
Пашлі на працу, пані! Самай цяжкай
Не пашкадуй, не аддавай яму ў няволю,
На здзекі… Я жыцця рашуся.
Пані Вонж.
Пасмей мне толькі! Бачыш? — Бацька твой.
Спяку яго я на агні павольным,
Калі праз смерць сваю убытак зробіш мне.
Дзед Сямён (нібы ўбок).
А кажуць, бог павінен быць у сэрцы
У кожнага, аж брэшуць, частку ён мінуў.
Пані Вонж.
Як пан гаворыць — хам маўчыць. Ты хто?
Дзед Сямён.
Я чалавек, якому бог язык прывесіў,
А цар даў пана — Энгельгардтам зваць,
У Вільні ён вялікім генералам.
Пані Вонж.
Скажы яму, што пані Вонж абразіў
Яго халоп. (Да Гарбуза.) Мой Анатоль у Вільні.
Ён знае Энгельгардта, напішу…
Гарбуз.
Ці не яму ваш сын прайграў у карты
Маю пазыку, пані Вонж?
Пані Вонж.
Маўчыце!
(К дзеду Сямёну.) Ну? скажаш, хам?
Тарас.
Калі дазволіць пані…
(Нібы блытаецца ў фаміліі). Гадзюка ці то… Вуж… Вужака, я скажу,
Як дзіцянё распусніку прадалі,
Як паліце людзей, як маці афіцэра
За грошы абнялася з карчмаром…
Пані Вонж.
Маўчы, халопскі сын! Паедзем, пан Гарбуз.
Ты, Наста, заўтра ў двор!
(З пагрозай.) Служыць не ўмела пану —
Паслужыш мне! (Да Івана). А ты…
Калі праз ноч не будзе узарана поле,
Пад бізунамі здохнеш, пёс стары.

(Хутка выходзіць, за ёй Гарбуз).

Наста.
У двор? На смерць?.. Каб знала, што памёр,
Іваська, ты…
Тарас.
І гэта справядлівасць?
Ты-ж бачыш, неба, — і вісіш пустое,
Як полаг у дзяка. Дзядусю, дзед!
Валы прысталі? Не? Я сам за дзядзьку
Ўначы пайду араць. Папросім чумакоў…
Яе у воз… Не плач, не плач, Аленка.

(Чуваць песня наязджаючага чумацкага абоза).

«Літа орэл, літа сызый
Паспід нэбэсамы.
Гуля Максым, гуля бацько
Стэпамы — лісамы.
Ой, літае орэл сызый,
А за ім орлята;
Гуля Максым, гуля бацько,
А за ім хлоп’ята,
Запорожці ці хлоп’ята,
Сыны ёго, дзіты,
Паміркуе, загадае
Чы быты, чы пыты».

(У часе песні — павольна гасне святло. Наступіла ноч — і калі ўзышоў месяц і пасвятлела — відаць цьмяныя абрысы карчмы, двара, на двары воз. На возе сядзяць Аленка і Тарас. Аленка туліцца к Тарасу. Тарас расказвае. Здалёку чуваць пануканне валоў: гэта абознікі аруць поле Івана).

Тарас.
Дрыжыш ты ўся, як ліст таполі ў полі,
Вазьмі армяк, прыкрыйся. Слухай далей:
Мне дзед казаў пра тытара Данілу
І ляха Вонжа, цёзку вашай пані.
У тытара была дачка — Аксана —
Красуня, свет якой не знаў. Любіла
Яна Ярэму казака. Ды ляху,
Вужацы той, таксама пала ў вочы.
І зграю Вонж сабраў — забіў Данілу,
Аксану сілай ўзяў і кінуў у падвал.
Алена.
Ярэма знаў?
Тарас.
Ён быў у гайдамаках,
Пачуў, прышоў, двор панскі падпаліў,
І праз агонь ў дым сваю Аксану
Ён вынес на руках з падвалаў ляха.
Алена.
Няма ў мяне Ярэмы.
Тарас.
Вер мне, будзе.
Алена.
Тараска мой, не знаеш ты, як лют
Наш пан Гарбуз. Аднойчы я ўначы
Ішла дамоў (была на полі позна)
І раптам бачу — пан адзін стаіць,
Зубамі скрыгае і іскры з воч…
Мне страшна, зараз ён мяне пакліча,
А я у вір…
Голас Гарбуза.
Алена!
Алена (хаваецца за Тараса).
Ой, Тарас!
Тарас.
Хавайся ў воз. Не дам цябе, Алена.

(Аленка хаваецца ў воз. Тарас яе пакрывае).

Гарбуз (выходзіць з карчмы).
Дзе чортава шчанё? Пасцелі не паслала.
Тарас.
Не зломак сам паслаць.
Гарбуз.
Падзякуй богу,
Што лог твае сябры аруць, а то-б я
Намяў табе хахол.
Тарас.
Крані, спрабуй.
Гарбуз.
Кінь палку… ты! Алена дзе? пад возам?
Тарас.
Няма яе, а к возу, пан, не лезь.
Гарбуз.
Я пагляджу.

(Тарас размахвае палкай. Гарбуз абходзіць воз і спрабуе вырваць кол з плота).

Тарас.
Дзядуля, дзед, сюды!
Дзед Сямён (выходзячы з пуні).
Чаго, унуча?
Тарас.
У воз пан лезе.
Дзед Сямён.
Здалося, ўнучак!
Каб пан, ды лез у воз чужы, ды ноччу?
Гарбуз. А мо’ Алена там, я-ж бачыў, — тут
Круцілася.
Дзед Сямён.
Алена ў лог панесла
Вячэру чумакам.
Гарбуз.
Вось чэрці!

(Пайшоў за стадолу. Алена садзіцца на возе. З цемры вынырае Наста).

Наста.
Схаваць на ноч — паслуга не вяліка.
Настане дзень.
Тарас.
Як маеш што, — парай,
А сэрца не грызі.
Наста.
Яе на волю
Ты выкупі.
Дзед Сямён.
Мы самі у няволі.
Наста.
Ты скарб найдзі. Зарыў-жа недзе пан
Гаршчок з грашмі.
Дзед Сямён.
А ты не падглядзела?
Наста.
Каб падглядзела, усё ўзяла-б
І на тым месцы кінула вяроўку,
Каб пан павесіўся…

(Знікла ў цемры).

Тарас.
А праўда, дзед,
Каб скарб знайсці. Я часта пастухом
Ў Кірылаўцы сядзеў над рэчкай
І марыў скарб знайсці, што казакі
Зарылі колісь, выкупіць на волю
Сястру Ярыну, брата і цябе.
Дзед Сямён.
Так, воля — скарб наш… Воля!..
Глыбока, ўнучак, волю закапалі
Панкі, глыбока.
Тарас.
Скарб знайсці… а як?
Ці ёсць той скарб?
Дзед Сямён.
Дарэмна думаць кінь.
Калі-б і быў той скарб —
Дык Гарбузу дарога
Адна к яму, а нам іх цьма,
А зараз — дзень…
Алена.
Ды й скарб зачараваў ён. Іскры з воч
Я помню, як цяпер.
Тарас.
А з чым пан быў?
Алена.
З лапатай,
Тарас.
Дзе?
Алена.
Вось тут ля клуні, тут…
Тарас (хапае вілы і з размаху ўсаджвае ў зямлю, там, дзе паказала Алена).
Глыбей, глыбей! Лапату, дзед, давай!
Дзед Сямён.
Калі і ёсць, дык пад карчом вось гэтым…

(Адцягваюць корч. Тарас зноў усаджвае вілы).

Тарас (праз хвіліну).
Ты чуеш, дзед? уперліся зубцы
У дрэва нейкае. Давай лапату.

(Ліхаманкава працуе. З цемры вынырае постаць Насты).

Тарас.
Тут скрынка, дзед. Аленка, ты на волі!
Зайшлося сэрца, дзед!
Аленка.
Тараска, любы, брат!..

(Адчыняе скрынку. Усе ў жаху адхіляюцца ад яе).

Тарас.
Мярцвяк… дзіця малое.
Наста (падае на скрынку).
Мой Івасік!

(З-за клуні шпарка выходзіць Гарбуз).

Гарбуз.
Што робіце, хам’ё? Згубілі што?
Наста (узнімаецца).
Стой пан. Дзіця нявіннае маё
Ты задушыў. Яно было
Яшчэ няхрышчаным. Хрышчу я, маці,
Яго тваёй крывёй…
Тарас.
… На імя Мсціўца.

(Наста хапае вілы і ўсаджвае іх у Гарбуза).

Дзед.
Амінь.
Тарас.
Каб так усіх паноў!..
Дзед.
Амінь яшчэ раз, ўнучак.

10–28/І 1939 г.
Мінск.