Дуда (Вацлаў Ластоўскі)

Дуда
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 3, жнівень 1923 г., б. 42-44

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВАСІЛЬ ЛЮЦЬВЯГ

Дуда.
(Гісторыка-абычаёвы нарыс).

Дуда—гэта не плаклівая старэцкая ліра, ці як мясцамі называюць яе лера, на каторай выігрываюцца жалесьліва-набожныя канты, прыкладах: „Прыповесць аб багачэю і Лазару“, „Аб сьв. Ягорью—Рыцару“, „Аляксею чалавеку божым“ і г. п. Дуда—гэта і ня гусьлі самаграі, якія ўтораць, а прынамні ўторылі, калісьці, геройскім эпопэям, гістарычным сьпевам, слаўленьню і вялічаньню жывых, знатных.

Як запамятае гісторыя дуда фігуруе ў беларусоў і фігуруе як бязклопатная „весялуха“ як іструмант наігрываючый да вясёлага танцу. Для нашых пра-прадзедаў дуда і танец былі сынонімамі. Дарэмна, начытаўшыся візантыцкіх посьнікаў граміла яе, ўвесь час, нашае духавенства, пачынаючы ад Кірылы Тураўскага, які з усім сваім красамоўствам выступае супроць дуды, а такжа: „плясанія на піру і на сьвадзьбах і на ігрышчах і ў паве чарніцах і на трапезах і на вуліцах“[1]. Андак таемную, чароўную сілу дуды разумела само, громячае яе, духавенства, У Нестараўскай летапісі, пад 1014 годам, апісана відзежа, вялікага посьніка і пустэльніка, старца Ісаакія, якому раз, кусячы яго, зьявіліся хітрыя бесы з музыкальнымі інструмантамі.

— „Вазьмеце дуду, бубны і гусьлі, і ўдарайце; хай нам Ісаакій станцуе“ — скамандаваў старшы чорту — і ўдарылі ў дуду, ў гусьлі і бубны сталі іграць“. І справядлівы старац, якога чэрці не маглі дагэтуль ніяк спакусіць нічым, ні багацьцем, ні ядой, ні пітой, ні жаночай „прэлесью“, пачуўшы дуду ня ўстояў, хоць і ведаў, што граньне гэта толькі спакуса ад беса нячыстага. Пусьціўся справядлівы ў танец пад дуду: змарыўшы яго пакінулі ледзь жывога і пашлі насьмяяўшыся над ім“.

Не дармож пяецца ў народнай песьні:

А бяз скрыпкі, бяз дуды,
Ходзяць ногі не туды;
А як дуданьку пачуюць,
Самі ножанькі танцуюць!

Праўда, беларуская прыказка: „ І Богу сьвечка і чорту дуда“ паказвае, што цешыць яна і чорта, але з другой стараны народныя легенды сьведчаць, што дуда і дудар маюць ўладу нават над чортам.

Як апавядае Шпілеўскі („Мозырщына“, ў Архіве историч. и практич. свҍд. выд. Калачевым 1859 г. стр. 2—5), ў палуднёвай часьці Меншчыны вераць, у знахараў-ваўкалакаў якія могуць абяртаць людзей у ваўкоў і перакідаць назад у людзей; знахары гэты людзі ня простыя, становяць вышэшую, як бытцам касту паміж селянаў. У склад гэтай касты ўходзяць: пастыры, млынары і дудары. У народных казках ёсьць цэлы цыкль апавяданьняў аб тым як дудар сваей ігрой заваражываў нападаючых зьвяроў, і ня толькі звычайнага чорта, але навет самога Дабрахота (Лясавіка).

Пакінуўшы ў старане легенды-басьні і кніжна-багаслоўскія мудраваньня трэба засьведчыць, што у нашых дзядоў і прадзядаў дуда, як музыкальны інструмант, цешылася вялікай пашанай, асабліва ў іх маладыя годы. Дудар быў самым пажаданым госьцям ў прыгодны час да забавы, і самай пачэстнай асобай на ігрышчах і вясельлях. Дудар замяняў ў маладой-сіраты на яе вясельлі навет бацькоў і, згодна вясельнаму рытуалу, адпраўляў маладых ў вясельную пасьцелю, пры гэтым, паміж дударом і маладой сьпяваўся ніжэйпісаны двосьпеў:

Маладая:

Дудараньку, гаспадараньку!
Ды ўжо-ж мяне зуручылі,

Дудар:

Ня бойся нябога,
Ня будзе нічога!
Я за табою,
Дуль! дуль! з дудую.

Скрыпка і дуда становяць у Беларусі неабходну прыналежнасьць наагул ўсіх вясельных цэрамоньялаў: яны сустрачаюць і праводзяць маладога і маладую да самых дзьвярэй царквы і ад царквы да дому новажэнцаў. Дудар, ці скрыпач, седзячы на павозцы за маладымі, ад вянца дудзіць „прашчальныя“ і „стрэчныя“ песьні[2]. Паводле старасьвецкай беларускай прыказкі не бывае вясельля без дуды: „што за вясельле без дуды.“

Ня толькі на вясельлі, на хрэзьбінах, але і на памінках, пасьля належнага аплаканьня і абрадовага „адтрызнаваньня“ на магілцы прынесенымі стравамі, запіўшы сьлязу чаркай водкі, беларус любіў паслухаць сваю „весялуху“, супроць чаго дужа нават востра выступала духавенства, аб чым сьведчыць адзін з артыкулаў „Стоглава“: На конадні Тройцы (Троецкія дзяды) сходзяцца мужы і жоны на жальніках і плачуць над магіламі з вялікім крычаyьнем і калі пачнуць іграць скамарохі[3] і гудцы і перагуднікі, яныж, перастаўшы плакаць, пачнуць скакаць і танцаваць і ў далоні біць і шатанінскія песьні пяяць.

Падобна памінкам дудары зьяўляліся неабходнымі учасьнікамі абрадовых сьвятаў, як, прыкладам, Купальля. У адным духоўным пасланьні з 1505 году чытаем: „у тую сьвятую ноч (наконадні Яна Хрысьціцеля) мала ня ўвесь горад замітушыцца і зашалее, бубнамі і дудамі (стар. слав. „сопели“) і гудзеньнем струнным, і ўсякімі непрыстойнымі гульнямі шатанінскімі, покляскамі і танцамі… стукаюць бубны, голас дудаў дудзіць і струны гудуць, жонам і дзеўкам скаканьне і пакляскваньне і галовам іх ківаньне, і вуснам непрыстойны кліч і крык, ўсенячыстыя песьні, бесам прыемнае адбываецца, і хрыбтом іх віхляньне і нагам іх скаканьне і тупатаньне“[4].

Ня дзіва, што пасьля гэтага ўсяго, ва ўсякой жыцьцёвай прыгодзе, калі нуда ды жуда апануе душу, шукаў беларус пацехі ў дудара, каб разагнаць цяжкое настраеньне:

За тры капы селязьня прадала,
За капу дудара наняла:
Заграй, заграй, дударыку ў дуду,
Хай я ўжо сваё гора пазбуду.

Дуда цешыла і весяліла беларуса ў яго цяжкім жыцьці, пад няволяй палітычнай і эканамічнай, якая яго гнятла доўгі час на Бацькаўшчыне. Калі-ж беларус пакідаў родны край, ён і на чужыне цешыў сябе роднай музыкай:

Ці ня дудка мая,
Весялушка мая!
Весялі-ж ты мяне
На чужой старане.

Паўнату сямейнага шчасьця рысуе беларус сабе, калі ў сямьі маюцца тры браты—ратай, рамесьленік і дудар:

Былі ў бацькі тры сыны,
Усе тры Васілі:
Адзін поле арэ, другі лапці пляце,
Трэцьці сядзіць на каменю,
Дзяржыць дуду на рамёню.

У культурную скарбніцу беларускага народу дудары ўлажылі значны ўклад, пакінуўшы нам у спадчыне тысячы розных прыпевак пад танцы, а такжа на тэмы бягучых падзей, ці жыцьцёвых праўд, на вялікі жаль, дагэтуль, нават у сотай часьці, яшчэ нікім не запісаных. А тым часам дуда ўжо на Беларусі становіцца музэальнай немаль рэдкасьцю, а прафэсіянальныя пяўцы-дудары даўно ўжо вымерлі. Яшчэ дзе-недзе, ў дударскіх семьях сёя-тое памятуюць, вось гэта апошняе і ляжыць на абавязку беларускіх адраджэнцаў уратаваць ад загібелі.

  1. Паматняки россійской словесности XII в. стр. 94.
  2. Этнограф. сборн. выд Имр. Георг О-ва 1853—1862, II стр. 190.
  3. Гл. Насовіч, Словарь Слова „скамарох“. з чаго відаць, што скамарохам называлі даўней ўсякага музыканта.
  4. Дополненіе к акт. истор. (Арх. Ком. 1846—1875, I, 18.