Дудка беларуская (1922, Вільня)/Здарэньне

Праўда Здарэньне
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Немец
Іншыя публікацыі гэтага твора: Здарэньне (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Здарэньне.

Ехаў я раз ад Кіяны
Ды ў Смаргоні, і ня п‘яны,
І даехаў да Ваўкелы,
А конь добры быў, мой — белы.
Тыц! стаў конь наравіцца!
І храпіць, і дыба стаў,
Што ня можна прыступіцца,
Чуць аглоблі не зламаў.
Гляджу: бочка ля дарогі…
Чыста-ж бочка, толькі рогі
Як-бы трохі відаць збоку.
Думка: вёз хтось ды здалёку,
Як прыстаў дык, скаціўшы,
Сам начуе гдзесь у вёсцы,
Або можа быў падпіўшы —
Страціў бочку пры дарожцы!
А што ў бочцы? хто там ведаў?
Можа брага, можа водка!..
А я той дзень не абедаў, —
Вось, каб, думаю, сялёдка?!
Або каб алей Бог даў-бы,
Ужо-ж ня сьцерпеў-бы, украў-бы!
Ото-ж думаю, закрашу:
Надта я люблю з ім кашу.
Падыйшоў да бочкі, зрухаў,
Калі адаткнуў, панюхаў,
Аж з радасьці страпянуўся,
На ўсе бакі аглянуўся!
Ну сьвяжусенькім алеем
Смак пачуў па губе, носe!..
Хоць ня быў яшчэ зладзеем,
Але-ж тут дык давялося.
Так ужо я чагось рад,
Падвярнуў свой панарад,
За ўторы падняў бочку,
Абпёр яе на лучочку…
А конь, смык, — падаўся ўперад.
А бадай табе тут верад!
Падкаціў я бочку зноў,
І якраз ужо навёў,
А конь, смык, — назад, ды тоўк!
А бадай цябе тут воўк!
Я ізноў давай каці…
Здумаў — лепей распрагчы.
Узяў каня, як сьлед распрог,
Зірк — аж конь мой і бяз ног.
Конь-ня-конь, а зэдлям стаў:
Я спалохаўся, перажагнаў…
Дык зноў конь і сам запрогся;
Я спалохаўся, і змогся,
Скінуў вопратку, перажагнаўся,
Зноў тыкі за бочку ўзяўся,
А так цёмна — хоць коль вочка.
Калі гляну то-ж ня бочка,
А каза стаіць з рагамі!
Хвост, бародка і з нагамі…
Аж тут пятух калі крыкне,
Каза ў лужу калі скікне,
Калі ў лесе зарагоча,
Конь да хаты калі скоча…
Вот тут я і дагадаўся,
Каму ў рукі то папаўся.
Давай казаць „Анёл панскі,
Згінь прападзі дух шатанскі!“
І цяпер, як хто сьмяецца, —
Мне усё каза здаецца.
З таго часу да алею
Я ня мог душу прымусіць,
Адвярнуло, дабрадзею.
Так то чорт нас грэшных кусіць!
Каб ня крыж, — прапаў-бы мусіць?“