Дудка беларуская (1922, Коўна)/Быў у чысцы

Ў вастрозе Быў у чысцы
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Быў у чысцы!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЫЎ У ЧЫСЦЫ.

Раз у дзень задушны, як раз а паўночы,
Іду я да дому… а цёмна і ўюга!…
Не каб заліўшы саўсім ужо вочы,
Але так, — у меру, — падвыпіўшы туга.
Іду і мяркую; ці то цяпер шчасьце,
Як паноў не стала, ці то была доля?
І лічу на пальцах: паншчызны дванасьце,
А гадоў да трыццаць, як настала воля…
Там быў аканом, камісар і цівун,
Намесьнік, лясьнічы, хмістрыня, паны.
І кожны меў права узяць за бізун,
І кожны меў права да нашай сьпіны…
А цяпер?… Ой, штосьці кепска выходзе,
Цяпер ці ня болей настала паноў?!
Не натта свабодна у гэтай свабодзе,
І давай я лічыць паноў новых ізноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
Зьезд мірывы, прысуцтвы і сход…
Аж паднялася са страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на ўвесь гэты шчот,
А пальцамі-ж трэба карміць гэты люд!…
Іду… калі, шусьць, як маланкай спаліць,
Стаіць, так як-раз, што умёр, аканом.
Прыгледжуся: — ён, — тыкі ён і стаіць,
І стрыжаны-ж вус і стаіць з бізуном…
Схудаўшыся, — толькі скура ды косьць.
А белы ўвесь чыста, белы, як сьнег,
Толькі на сэрцы плямачкі ёсьць,
І плямкі на пальцах, — мусіць то грэх?!…
„Браціку“, кажа, „браце, Мацей!
Ратуй маю грэшную душу
З чысца, з рук подлых чарцей,
Або навекі загінуць я мушу!
Дваццаць пяць лет, што у чысцу я пёкся,
Усе грахі выбыў, усіх жа адрокся,
Толькі на сэрцу вот грэх, як смала,
Прыліп да мяне і ня змыты.
То — за жонку тваю: саграшыў, як жыла;
За цябе, што нявінна быў біты.
Ох, ідзі ты са мной, зачарпнуўшы вады,
Аж да чысцу таго, аж на дне,
І выбач ты мяне, што як быў малады,
Твая жонка-краса спадабалася мне.
І палій ты вадой мне на сэрца, Мацей,
Буду Бога маліць за цябе, за дзяцей!
Я заплакаў з жалю, але думаю: досьць
Нацярпеўся і ён, бо лазіць, што жывы,
Гэтак ссох ад агню, — толькі скура ды косьць.
Пайду ў чысьцец я той, пагляджу на дзівы!
І дзівы-ж, браце мой, у тым чысцы, але!
Чэрці кормяць смалой і гатуюць ў смале,
І цягаюць, і рвуць, запрагаюць у воз,
Кручком цягнуць кішкі і зубамі за нос;
Вочы колюць ражном, пазурамі рвуць твар.
Скрабуць скуру нажом, як на боты тавар.
І како-ж тут німа? Тут і пан і жабрак,
Генарал і салдат, аканом і мужык.
А што баб і дзявок, — сказаць так, —
Ўтроя больш, як мушчын ёсьць на лік.
Хто за што, а як баб, дык найбольш за язык.
Языкі-ж даўжыні — так, як добры ручнік.
Іх і паляць смалой і нажамі скрабуць,
І ніяк да бела прапаліць ня могуць.
Натта шмат маладых, што дурылі мужоў,
Чараўніц, а і зводняў старых…
Тут я шмат і знаёмых знайшоў,
Але так — не чапаў ужо іx.
З мужыкоў тут не натта, каб шмат,
А ўсё больш дык багатых паноў.
На зямлі адцярпеўшы, наш брат
На той сьвет, як па масьле пайшоў!
А паном дык і трудна цярпець;
Бэз прывычкі, дык стогнуць, аж страх!
Глянеш, — пан, як, здаецца, мядзьведзь,
А чорт дышлам запрог і трах — трах,
Бічам бье, ражном пора у тыл,
Морду круце на бок і за кудлы трасе;
Стук і крык, аж віхор круце пыл,
Так пан чортавы воз той нясе.
Там паны і муруюць, гаруць,
Вымятаюць і сьвіньні пасуць,
А смалу, дык, як мёд, там жаруць,
А каменьня, як горы нясуць
Ўсё у пекла, каб дно як зрабіць;
А ўсё толку німаш іх работы нігдзе:
Тут яны робяць усё, абы збыць,
Й там ім гэтак работа ідзе.
Я-ж то думаў, што ксяндзоў тут німа,
Калі зірк, аж і ксёндз тут сядзіць:
Чорт яго аблажыў грашыма,
Запаліў у грашах тых і ксёндз так гарыць.