Ехаў я раз ад Кіяны,
Ды ў Смаргоні, і не пьяны,
І даехаў да Ваўкелы;
А конь добры быў мой, белы.
Тыц, стаў конь наравіцца,
І храпіць, і дыба стаў,
Што ня можна прыступіцца,
Чуць аглоблі не зламаў.
Гляджу: бочка ля дарогі…
Чыста-ж бочка, толькі рогі —
Як-бы трохі відаць збоку. Думка: вёз хто-сь, ды здалёку,
Як прыстаў дык, скаціўшы,
Сам начуе гдзесь у вёсцы,
Або можа быў падпіўшы,
Страціў бочку пры дарожцы.
А што ў боччцы, хто там ведаў?
Можа брага, можа водка?..
А я той дзень не абедаў, —
Вось, каб, думаю, сялёдка?!
Або каб алей Бог даў-бы,
Ўжо-ж ня сьцерпяў-бы, украў-бы!
Ото-ж, думаю, закрашу;
Натта я люблю з ім кашу.
Падыйшоў да бочкі, зрухаў,
Калі адаткнуў, панюхаў,
Аж з радасьці страпянуўся,
На ўсе банкі аглянуўся!
Ну, сьвяжусянькім алеям
Смак пачуў па губе, нося!..
Хоць ня быў яшчэ зладзеям,
Але-ж тут дык давялося.
Так ужо я чаго-сь рад,
Падвярнуў свой панарад,
За уторы падняў бочку,
Абпёр яе на лучочку…
А конь — смык, падаўся ўперад.
А бадай табе тут верад!
Падкаціў я бочку зноў,
І як-раз ужо навёў,
А конь — смык назад, ды тоўк!
А бадай цябе тут воўк!
Я ізноў давай каці…
Здумаў, — лепей распраглі. Узяў каня, як сьлед, разпрог,
Зірк — аж конь мой і бяз ног.
Конь-ня-конь, а зэдлям стаў:
Я спалохаўся, пражагнаў…
Дык зноў конь і сам запрогся!
Я спалохаўся, і змогся,
Скінуў опратку, перажагнаўся,
Зноў тыкі за бочку ўсяўся,
А так цёмна, — хоць коль вочка.
Калі гляну, — то-ж ня бочка,
А каза стаіць з рагамі!
Хвост, бародка і з нагамі…
Аж тут пятух калі крыкне,
Каза ў лужу калі скікне,
Калі ў лесе зарагоча,
Конь да хаты калі скоча…
Вот тут я! дагадаўся,
Кому у рукі то папаўся.
Давай казаць „Анёл Панскі,
Згінь, прападзі дух шатанскі“
І цяпер, як хто сьмяецца, —
Мне усё каза здаецца.
З таго часу да алею
Я ня мог душу прымусіць
Адвярнула, дабрадзею,
Так то чорт нас грэшных кусіць…
Каб ня крыж, — прапаў-бы мусіць!
|