Як я толькі нарадзіўся —
Бацька сказаў: — Кепска будзе! —
Ну дык жа-ж не памыліўся:
Зьдзекавалісь Бог і людзе
А чым кепска? Бо у марцы
Я радзіўся (пост праўдзівы,
Цяжкі месяц ў гаспадарцы;
Як пражыў хто, — будзе жывы).
Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі, як паселяць,
І прыварку а ні лыжкі,
І скаціна, — хоць развеяць;
Ні саломкі, ня то сена,
Хоць бы на раз для скаціны;
А тут дроў а ні палена;
А тут яшчэ нарадзіны!
Трэба ж бабе бохан хлеба
І гарэлкі-ж трэба пляшку,
Яшчэ ж хрысьціць хлопца трэба…
Вот і думай, як сермяжку
Нясьці жыду пад заставу,
Ці прадаць каня, кароўку.
— Сеў, — казаў ён, — я на лаву,
Узяўся за галоўку,
І заплакаў, аж заліўся,
Так, як бацьку пахаваўшы…
Кепска зрабіў, што радзіўся,
Кепска будзе сьвет пазнаўшы! —
Ці то слова йшло урокам,
Што казаў у кепскім часе,
Ці хто кінуў такім вокам?… Ну і доля-ж удалася!
І збылося-ж бацькі слова!
Вот у тыдзень вязуць гэта
Хрысьціць мяне да Макрова
Кумоў двоя і кабета.
У Аборках мост сарвала…
А я-ж быў — чуць жывы, слабы;
Рада-ў-раду, на тым стала,
Што ахрысьцяць з вады бабы.
З Бярэзіны жменю вады
Кума сама зачарпнула,
Паматала сюды — туды,
Трэйчы на мяне лінула.
— Вось і хрэст увесь тут, — кажа, —
І ксёндз хрысьціць гэтак сама,
Толькі яшчэ чым-сь памажа,
А хлапцу усё роўна — яма!
Хоць-бы жывым ды давезьці,
Каб дарогай не сканала, —
Скажуць, кепска вязла гдзе-сьці,
Або туга спавівала!… —
Гэтак мяне пахрысьціўшы,
Вязуць назад ужо да маткі.
Вочы добра пазаліўшы,
Ледзьве унясьлі да хаткі.
Закусіўшы тут, як трэба,
Пакумаліся і квіта!
Баба ўзяла бохан хлеба,
Пляшку водкі, торбу жыта;
Разыйшліся і паснулі.
Матка-ж мяне калыхае:
— Люлі, — шэпча, — сынок, люлі!..
А як зваць? Сама не знае. Вот назаўтра з пазараньня
Бяжыць матка да кумошкі,
Ды пытае: як празваньне
Далі сыну? Лёну трошкі
Тут прынесла пры здарэньні,
Трошкі сала, круп са жменю…
А кума-ж была праворна:
Хоць што збрэша, не запнецца,
Круце сабе ў сенях жорны,
Трэба-ж салгаць, — куды ж дзецца?!
— Імя, — кажа, — твайму сыну
Ксёндз хацеў даць па кантычцы;
Думаў ён можа з гадзіну;
Узяў ксёнжку, як стаў рыцца,
Дык даў потым з каліндарка!
Матка прутчэй з хаты ў сені,
Як-бы цівун гнаў па карку,
Усё шэпча то іменьне:
— Аліндарка; Аліндарка! —
Прыляцеўшы так да дому,
За калыску узялася
І зрадзела, як сьвятому,
Што аж сьлёзмі залілася.
І калыша і галосе:
Натта імя ўпадабала;
Натта добрая здалося,
Што такога і не знала!
Вось і клікаць мяне сталі,
Скаліндаркам, Аліндаркам…
Ну, як зналі, так і звалі.
Але вось што з гаспадаркай?
Найперш конь здох, таго-ж лета
І цялушка, як лань пала… Матка-ж, ведама, кабета,
Затужыла і запала,
Гадкоў со-тры пацягнула,
Ў марцы й ручанькі згарнула,
(А ўсё ў марцы, трэба ж гэта!
А разумная была кабета!)
З таго гора бацька бедны
Стаў маркотны, як магіла.
Было сядзе такі бледны!
— Што-ж ты гэта нарабіла?! —
Гэтак скажа і заплача.
(Хто-ж пачуе, хто убача?)
Потым дай памалу сватаць;
Трэба-ж, ведама, жаніцца,
Каб было кому палатаць,
Каб было у што зьмяніцца,
А так усё памарнела:
Куры, гусі, нават сьвіньні, —
І сьвіньня дзяцей паела,
І карова марне гіне…
Ў восень давай шукаць пары.
Ды ніводная ня хоча;
Аднэй бедны, другой стары,
Трэцьця — чорт зна, што тароча:
— Аддай, — кажа, — Аліндарку
Куды-кольвек, хоць на людзі,
Сядзь на нашу гаспадарку!
Тагды выйду, добра будзе! —
Бацька кідаўсь со-тры тыдні,
Яшчэ горай зажурыўся,
Прадаў сякі-такі злыдні,
Разлайдачыўся, распіўся,
І умёр так пад гародам, Ушчаміўшы ў плот галоўку.
Шапку знайшлі аж за бродам
І у шапцы залатоўку.
А на-заўтра прывёў соцкі
Асэсара, паноў троя.
Труп той зрэзалі на клёцкі…
(А у марцы ж было тоя!)
Мяне цётка, у апеку
Ўзяўшы, трошкі падрасьціла,
Ды якому-сь чалавеку
Як за сына адпусьціла.
Незадоўга змёрла цётка:
Я стаў круглая сіротка.
Ці гдзе днюю, ці начую,
А ўсё бяду сваю чую!
Пастухі збяруцца ў гаю,
Пяюць песьні ля бярозы,
А мне чаго-сь, — сам не знаю, —
Смутна, цяжка, цякуць сьлёзы.
Рос я гэтак за вачыма,
Ужо трэйцы спавядаўся,
Калі зімой да вайчыма
Ды ураднік заблукаўся.
Я сяджу сабе на печы:
Пляту лапці, ўю аборы.
Ён паказуе праз плечы:
— Што-то? Сын твой, — кажа, — хворы? —
— То ня сын, — айчым мой кажа, —
Ўзяў сіротку. Дзякуй Богу,
Добры ўдаўся: позна ляжа,
Рана ўстане і адлогу
Не запусьце… спагадлівы!
Маю сына, хоць ня родны. Ажаню, як буду жывы.
Будзе Богу й людзям годны! —
А лет сколькі? — той пытае.
— Дваццаць, — кажа, — мусіць, мае. —
— А зваць як? — Ды, Каліндарка!… —
Ўраднік піша усё шпарка:
Як радзіўся, гдзе хрысьціўся…
Пісаў, пісаў дый паехаў.
Бацькі яго угасьцілі,
Далі торбачку гарэхаў…
Пасьля таго, так не далей
Як у тыдзень, і асэсар
Шусьць у хату (і з мэдаляй).
— А гдзе, — кажа той пасэсар, —
Твой Ліндарка, ці як звецца,
Што хаваецца з някруцтва,
Пляцець лапцікі на печцы?…
Ашукаства! Баламуцтва!….
..............
А я-ж ехаць меў па дровы…
Бацька клікнуў. Йду у хату…
А асэсар той — здаровы!
Лясь мне ў морду, потым тату!
Я-ж узяў яго за грудзі
І піхнуў ілбом у дзьверы.
Ён як раўкне: — Гэй вы, людзі, —
Тут разбой! Прыміця меры!…
Тут рыштант, брадзяга скрыты!…
Вось і лоб калісь быў брыты!…
Вяжы усіх, нараджайся!…
Мяне лясь! — Ты хто? Сазнайся! —
— Скаліндар, — кажу, — сірота! —
Пацагнулі па дарозе, Завязалі і вароты,
Мы-ж спынуліся ў астрозе…
..............
Астрог, братцы, паглядзеўшы
Мімаходам, выглядае
І нічога; шак ня еўшы
І ў астрозе ня бывае.
Але лепшы ў хаце голад,
У дарозе велькі холад,
Найцяжэйша праца ў полі, —
Як у той астрожнай долі!
Відзяў пташку я у клетцы,
Як галоўкай потым бьецца,
Аж скрыдэлкам затрапоча
І сканае… жыць ня хоча!
Раз лісіцу, аткапаўшы,
Прывязалі мы да кола:
Стала-ж грызьці, што папаўшы,
Сабе бруха распарола,
Растрыбушылась на часьці, —
Каб ня жыць так, хоць прапасьці!…
Нашто, — гадзіну, медзянку,
Пусьці ў шкляннае начыньне, —
Сама сябе без прастанку
Будзе жаліць, пакуль згіне!…
Як ужо-ж скаціна тая,
Або гадзіна праклята,
І та цану волі знае,
Што-ж для нашага-то брата,
Меўшы розум не скацінны,
Як знаць волю мы павінны!?.…
А ў вастрозе-ж німа волі,
Ні у чом, німа й ніколі! У зялезе тыя дзьверы
Пры дзьвярох стаяць жаўнеры,
А народ усё сярдзіты,
Так як-бы яшчэ ня сыты
Людзкіх сьлёзаў, мукі, енку;
Не гавораць памаленьку,
А ўсё зыкам, а ўсё з лайкай,
А ўсё з боем, ўсё з нагайкай.
..............
У дзядзінец нас як пхнулі,
Дзьвярмі тымі як грукнулі,
Дык і сьвет мне тым закрыўся,
Як-бы у труну забіўся…
Зараз старшы ўзяў за плечы,
Хляснуў трэйчы, так, — бязрэчы!
Ключы кінуў. — У халодну! —
І аблаяў матку родну.
Нас піхнулі, як у яму,
Ў цёмну хату чварагранну,
Далі хлеба, вады меру,
І запёрлі, як за веру
У цямніцах калі-сь гэта
Замыкаліся ад сьвета.
Цёмна, зімна!… Прытуліцца
Німа куды! А каганец,
Як-бы губка, толькі тліцца…
Засьпявалі мы ражанец:
Пяём, плачам, аж галосім!
Божай ласкі, праўды просім,
Ў такім енку, са сьлязамі
І паснулі мы ў той ямі!
Абудзіўся я з здзівеньня:
Глядзяць у шчэлачку праменьня! Я падумаў: ласка-ж Божа
І сюды пралезьці можа!
Аглядаюся вакола,
Як-бы шукаў і тут Бога.
Мне зрабілася вясёла,
Не баюся я нікога.
Зноў ражанец; „Бог уцечка“…
Бляю сабе, як авечка, —
Калі бразьць ключом у дзьверы
І крычыць хто-сь: — Гэй, вы, зьверы,
Вы бунтоўнікі, паскуды,
Выбірайцеся адсюды!
Тут важнейшым трэба сесьці,
Вас у вобшчу здадзём гдзе-сьці! —
Павялі нас аж на гору,
Па якому-сь калідору…
Дзьверы, дзьверы, ў дзьверах дзюрка,
І у кожнай-жа хвігурка,
Як-бы тая-ж выглядае!
Гдзе ні глянеш, усё-ж тая:
Блішчаць вочы, твар як гліна,
І абросшы, як скаціна!…
У турме, як у тым гробе,
Ішлі, ішлі гэтак з гоні.
А смрод такі, што ад воні
Мне аж дух у грудзях сьпёрла,
Як-бы цісьне хто за горла.
Тут нам хату паказалі,
Упусьцілі, развязалі,
Вады далі, трохі хлеба
І запёрлі зноў, як трэба.
Тут народу шмат сядзела.
Глянуў я, — душа самлела! Як падушкі у іх твары!
Ў хаце пуста, толькі нары.
Ляжаць усе, з нас рагочуць,
Нават мейца даць ня хочуць.
— Давай, — кажа, — хоць на пляшку!
А не даўшы, дык парашку
Цёнгле[1] ты выносіць мусіш,
А ўжо хлеба — дык ня ўкусіш!
Мы табе набьём аскому,
Пакуль вернешся да дому! —
Я спалохаўся, баюся:
„Войча наш“ кажу, малюся…
Бог даў спомніць: залатоўка
Гдзе-сь была ў кашулі ўшыта,
Што дала калісь жыдоўка,
Як падвёз у млын ёй жыта.
Прэндка[2] сарваў тую лату,
Кінуў злоты той на хату…
І ня ўгледзяў, як хапілі,
Толькі відзяў — водку пілі.
Тагды сталі нас пытацца,
Ці застаўся, хто у хатцы?
Адкуль, за што пасадзілі?
Іншы вуча, на пытаньне
Даць якоя паказаньне:
— Кажы, — кажуць, — знаць ня знаю,
Чый я ёсьць, з якога краю.
Малым быўшы сьляпых водзіў;
А падросшы і сам бродзіў
Не прыпісаны да сказкі, І так жыву з Божай ласкі.
Бог мой бацька, зямля — матка:
Знаць не знаю! — Уся гадка!
Так да марца сядзім ціха,
Ня чуваць дабра, ні ліха.
А у марцы шлюць бумагу,
Каб дастаўлена брадзягу,
Супраціўніка уласьці,
Улажэньня першай часьці,
Што мянуецца „Ліндорам“
Ды йшчэ бьецца з асэсорам.
Ды каб быў ў ланцуг закуты,
На нагах, каб былі путы,
Праважацелі каб срогі,
Каб ня сходзілі з дарогі,
А каб проста да начала…
І цімала там пісала?!
..............
Вот назаўтра рана, рана
Нам адзежка наша дана;
Паскідалі мы сярмягі,
Салдат узяў дзьве бумагі,
Нас звязалі і ў дарогу…
Я падумаў: — Дзякуй Богу!
Хоць нас сонечка сагрэе!
Вецярчык на нас павее!
Можа дожджык срыбны змоча!
Можа птушка засьвяргоча!…
Аж заплакаў я зрадзеўшы:
От, здаецца-б, і ня еўшы
Быў бы сыты на свабодзе,
Як той кролік ў агародзе…
Тут здаецца і сканаў-бы, За свабоду жыцьце-б даў бы!
..............
Жаўручочкі Бога хваляць,
А пастушкі агонь паляць,
А і сонечка прыгрэла,
Аж мне ў душы паясьнела.
Да палудня йшлі гэтак.
Пры дарозе шмат і кветак:
То пралескі, то сасонкі
Выйгравае Божэ сонка!
Так пад вечар ў мейсцу сталі.
У халоднай начавалі, —
Было розна. Заўтра зраньня,
Як раз у дзень Звяставаньня,
Клічуць мяне да дапросу
(Задаваць то ужо чосу!).
Той судзебнік маладзенькі,
Такі быстры, хоць маленькі,
Ўсё пытаецца, ды піша,
І нагой усё калыша.
Як спытаўся мяне, хто я?
Я і спомніў сабе тоя,
Як вучыў там той з астрогу:
— Знаць не знаю я нічога!
І старога тут клікнулі,
Папыталіся, раскулі
І да дому павярнулі.
А мне кажа: — Ты, брадзяжка,
Сакрыў званьне, будзе цяжка:
Сорак розаг, потым „роты“!
Скажы лепей — адкуль, хто ты? —
А ўсё піша, піша, піша І нагой усё калыша.
Пісаў, пісаў, даў другому
І сам пайшоў кудысь з дому;
Мяне зноў — жа — да астрогу!
Толькі цяпер, дзякуй Богу,
Адзінокі я застаўся.
Айчым плакаў, як жагнаўся:
— Помні, — кажа, — мяне сыну,
А я, хіба што сам згіну,
А цябе вярну да вёскі,
Хіба-ж ужо гнеў быў Боскі,
Або-б Праўда гдзесьці зьмёрла! —
Выйму цябе ім із горла!
Бог паможа проці сілы,
Праўда выйдзе, як з магілы! —
Сказаў гэта, пакланіўся,
Ды ізноў сьлязьмі заліўся.
І мне стала ў вочах цьмяна,
Зашчымела ў сэрцу рана,
Як-бы штосьці адарвала,
Сам ня знаю, што мне стала?
Калі гляну, ачунеўшы, —
Я — ў шпіталю, захварэўшы…
Галава мая абрыта,
Твар вадой, ці чым абліта,
А піць хочэцца… Здаецца,
Рэчку-б выпіў, каб пры рэчца!
Так я праляжаў тры тыдні,
Прадаў усе свае злыдні:
Натта есьці стаў па-многу
І паправіўсь, дзякуй Богу!…
Я-ж тут ляжу і ні рэчы, Што там стары гаспадарыць?
А ён торбы ўзяў на плечы,
Па начальству просьбы жарыць.
Трэйчы Вільню, сем раз Ліду
Ён адведаў. Трэба-ж ведаць —
Прысягнуў, пакуль ня выйду,
Нават дома не абедаць!
Раздабыў усе паперы,
Запісаў мяне у сказку…
Што і бацька-б можа шчэры
Не зрабіў такую ласку.
Так у восень, ў замарозкі
Прывялі мяне да вёскі,
Пазьбіралі шмат суседаў!….
Кожны гаварыў, што ведаў:
Як я тут, калі радзіўся,
Як і бацька мой жаніўся…
Паказалі усё чыста,
І што імя мне „Каліста“,
Што завуць мяне „Ліндарка“
Так — на сьмех; што чыста гол,
Як ліндар, што на хальварку:
Ўвесь маёнтак: ён ды вол.
Асэсар быў ужо новы,
Чалавечак так, нічога,
Які-сь ціхі, нездаровы
І цярплівы… хваліць Бога!
Пасьля таго праз паўгоду.
Ў марцу-ж, мяне на свабоду,
Дзякуй Богу, адпусьцілі
У той дзень, як і хрысьцілі!…
|