Дудка беларуская (1922, Коўна)/Мая хата

Воўк і авечка Мая хата
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Праўда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая хата (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ ХАТА.

Бедна-ж мая хатка, разселася з краю,
Між пяскоў, каменьняў, ля самага гаю,
Ля самага бору, на беражку лесу:
Ніхто тут не трапіць, хоцьбы з інтарэсу,
Як няма гарэлкі, няма куска хлеба,
Дык які-ж інтэрас, каму сюды трэба?
Ды хоць няма хлеба, жабраваць ня буду,
Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду.
Кепска-ж мая хатка, падваліна згніла,
І дымна і зімна, а мне яна міла;
Ня буду мяняцца хоць бы і на замкі, —
Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.
Ha страсе мох вырас, на імху бярозка, —
Мільшая мне хатка, як чужая вёска.
Сваталі-ж мне ў прыймы у новую хату.
На зямлю раджайну, і дзеўку багату;
Буду жыць, казалі, як які пасэсар,
Езьдзіць парай коні, як сам пан асэсар;
Ды мне даражэйшы вугал гэты гнілы,
Камень пры дарозе, пясок ля магілы,
Як чужоя поля, як дом мураваны!…
Ні аддам за сурдут каптан свой падраны.
Клікалі-ж у госьці і клічуць суседзі; —
Не пайду, ня трэба, бо кажуць, заедзі
Ад чужога хлеба, — драсны абсядаюць,
Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць.
Я ня кіну хаты, хоць вы мяне рэжьця,
Не пайду да вас я, хіба у арэшця.
А хоць сілай нават адарвалі-б з дому,
Калісь-ці вярнуўся б, як мядзьведзь да лому.
Заваліцца й хата, зарастуць пакосы…
Усё-б я вярнуўся, хоць голы, ды босы!
Насек-бы бярвеньняў, нацягаў-бы моху,
Зноў-бы склеціў хату як-кольвек патроху,
Зрабіў-бы камору, выкаваў-бы жорны, —
Усё-ж свой хлеб еў-бы, хоць-бы сабе чорны!
Ну дык-жа адстаньця, на што я вам трэба:
Ці каб ваш хлеб есьці, ці рабіць вам хлеба?