Дудка беларуская (1922, Коўна)/Прадмова Мацея Бурачка

Францішак Багушэвіч Прадмова Мацея Бурачка
Публіцыстыка
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Мая дудка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прадмова да «Дудкі беларускай».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

Братцы мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, дый не адны мы, а усе людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна „беларускай“. Я сам калісь думаў, что мова наша — „мужыцкая“ мова і толькі таго. Але, паздароў Божа добрых людцаў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з тэй пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзяў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсьць такая-ж людзкая і панская, як і французкая, або нямецкая, або й іншая якая. Чытаў я цімала старых папераў па дзьвесьці, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсянькай, як-бы нават цяпер пісалася. Увідзяўшы гэта я часта думаў: — Божа-ж, мой Божа! Што-ж мы за такія бяздомныя? Якая-сь маленькая Баўгарыя — са жменю таго народу, якія-сь харваты, чэхі, маларусы (украінцы) і другія пабратымцы нашыя і рожныя чужыя маюць па свойму пісаныя і друкаваныя кніжачкі і газэты: і набожныя, і сьмешныя, і сьлёзныя, і гісторыйкі, і баячкі, і дзеткі іх чытаюць так, як і гаворуць, а ў нас, як-бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па свойму, дык можа-б і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што „піша па мужыцку“, і як дурня абсьмяялі-б! —

А можа і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць ня можна? Ой не! Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым-жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек не раўнуючы, як і паны вялікія, ахвятней гаворуць па-французку, як па-свойму. Нас-жа ня жменька, а з 8 мільёнаў, больш і шмат больш, ні раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар ці армян; а пакажы-ж, вашаць, хоць адну кніжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцьці нашым, каб па-нашаму?

Ці ж ужо нам канешня толькі ў чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а нават і трэба знаць суседзкую мову, але найперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы усё гета, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі. Хто іх спадабае, таму дзякуй, а хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсьць вечная і ад жывых людзей і ад бацькавых касьцей! А пісаць ёсьць шмат чаго!

Спрадвеку, як наша, зямелька з Літвой злучылася, так і с Польшчай зьедналася дабравольна, дык усё яе „Беларусьсю“ звалі, і не дарма-ж гэта! Ні Вялікая, ні Малая, ні Чырвоная, ні Чорная яна была, а Белая, чыстая: нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася.

Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, — так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, — а потым зусім замерлі. Не пакідайця-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото-ж гаворка (мова), язык і ёсьць адзежа душы.

Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панаваньня князя Вітэнеса на Літве, Беларусь разам з Літвой, баранілася ад крыжацкіх напасьцяў і шмат местаў, як Полацак, прызнавалі над сабой панаваньне князёў літоўскіх, а пасьля Вітэнеса літоўскі князь Гедымін злучыў зусім Беларусь з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседзяў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора удоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра — ракі да Нёмна; ад Камянца — места аж да Вязьмы ў сярэдзіне Вялікарусі; ад Дынабургу — і за Крамянчуг; а ў сярэдзіне Літвы, як тоя зерьня ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь. Можа хто спытае: гдзе-ж цяпер Беларусь?

Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітабска за малым ні да Чарнігава, — гдзе Горадна, Менск, Магілёў, Вітабск, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…

1891 г.

МАЦЕЙ БУРАЧОК.