Дудка беларуская (1922, Коўна)/У судзе

Як праўду шукаюць У судзе
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Воўк і авечка
Іншыя публікацыі гэтага твора: У судзе (Багушэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У СУДЗЕ.

Давялося-ж і мне быць на вялікім судзе,
На акружным судзе, гдзе усе ў грамадзе:
Мужыкі і паны, маскалі і жыды,
Хто у чым, як папаў, — ўсе туды, ды туды.
Тут кажух, і шынэль, і бурнос, лапсардак,
І сурдут, і мундзер…, а адзін быў і храк
(Так як куртка з хвастом), — і брадзяжка была…
Прыйшлі ўсе і Пантурчыха нават прыйшла…
Быў тут ксёндз, быў і поп, быў і рабін жыдоў.
Толькі наш аліндар, — той чаго-сь ня прыйшоў.
Самы суд за шырокі сеў стол ў пяцярох,
Шосты ходзіць сабе, — ўсе ў залатых каўнярох.
Як дукат на дукат, — так на іх зігаціць!
(Каб я быў так багат, — ня хацеў бы судзіць).
Па аднэй старане душ чтарнасьця сядзіць,
Па другой — арыштант, той, што будуць судзіць,
А прад ім — бэз палы, толькі хвосьцік вісеў —
Адвакат, што то меў бараніць, — той сядзеў.
Арыштантам тым быў наш Пятрук Пантурок,
Што у пушчы гдзе-сь меў патайны браварок.
А акцызнік Яськоў браў з яго кубана,
Дый данёс, дый злавіў, як той воўк барана!
І акцызнік той быў, прысягаўся і ён,
Як яму хтось данёс, як сачыў ён пяць дзён,
Як кацёл там кіпеў, як гдзе брага была,
Як Пятрук ні пасьпеў уцячы ад катла…
А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў,
А таго ж ні сказаў, — як Пантурку даіў.
Потым нас па адным сталі ў суд выклікаць.
Прысягаўшы на тым, трэба ж праўду казаць!
Тут пытаюць мяне, а тут жаль Пятрука;
І мая у яго там прапала мука,
І я думаў сабе водкі выгнаць з вядро
На вясельля дачкі (вось было-бы дабро).
Ды завёз Пятруку дзьве асьміны мукі,
Дык як-раз на той час наляцелі-ж „крукі“,
Ды мяне-ж павялі у той лес панятым,
Каб ім дна ня было і акцызнікам тым!
Як спыталіся ўсіх, — прачыталі той „ахт“:
Што злавіўся Пятрук (а набрэхана-ж — страх!)
Там такое стаіць, што і ў думцы німа:
Паравік, зьмяявік і якаясь шляма…
Прачыталі ото і яшчэ там папер;
Пагляджу-ж, кажу я, што-то будзе цяпер?
Прадсядацель сказаў: „Пяць мінут перарыў!“
І ў каморку шмугнуў, толькі ксёнжку закрыў
І усе паднялісь і пайшлі, хто куды.
Я застаўся сядзець, усё роўна — з нуды.
Як вярнуліся зноў, дык адзін той устаў,
Што сядзеў на канцы і найболяй пытаў,
Паглядзеў на усіх, як узяўся за стол,
Як зачаў ён крычаць: „Пратакол, пратокол!“
І казну спамінаў, і трубу і кацёл,
І муку, і мяшок… — ды усё — „пратакол“!
Я сяджу і дрыжу, каб мяне ні назваў;
Калі брасьць, — і я тут! — А бадай ты прапаў!..
Але хваліць мяне, справядлівым заве,
На Пантурку-ж зіркне, — як скаціна раве:
„Вінават, вінават, ніхай плаціць казьне“…
І ў турму, і ў Сыбір, і яшчэ кудысь пхне!
Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў;
Так, як бульбу, Пятра пасаліўшы бы зьеў.
А сказаць бы — за што? — За сваё, за дабро:
Чалавек захацеў зрабіць водкі з вядро;
Што-ж за наўда яму, каб ён сьвету не знаў,
Ці Пантурка зьеў блін, ці гарэлкі нагнаў?
Потым стаў вылічаць свае страты акцыз:
Той дык так-бы зубамі Пантурку загрыз!
Налічаў, налічаў і двайну і трайну,
Як шынкар у карчме тваю чарку адну…
І начыньне забраць, і худобу прадаць,
Што ў казну, то ў казну, і яшчэ камусь даць.
Тысяч тры там, ці што, налічыў ён пяні.
(У Пятра-ж каб хоць грош быў які ў кішані. —
Смашны жабэ гарэх, ды зубоў Бог ня даў…
Каб акцыз тоя меў, што ў Пантуркі забраў;
Дзьве казы прадалі, ды сярмягу, ды воз,
І то брат адкупіў, а назаўтра адвёз).
Аж ня сьцерпеў той пан, што у куртцы сядзеў:
Пятруку штось сказаў, акуляры надзеў,
Калі ж крыкнець-зыкне, аж затросся той суд.
„Гдзе тут, кажа, — віна, чым Пятрук вінен тут?
„Што скацінку карміў працаваным дабром,
„Насіў брагу з двара на насілах вядром?
„Тут турму, тут і штраф для акцыза схаваць“…
Як зачаў гаварыць, як зачаў бядаваць,
Дык Пятрук і ня гнаў і у лесе ня быў,
А то я вінават, я сам гнаў і падбіў,
І данёс на яго… Вінават я увесь!
А бадай ты прапаў, а бадай цябе рэзь! —
Як ката да гары, так ён дзела скруціў,
На мяне набрахаў, Пантурка зашчыціў.
Я гляджу, што тут — куц, — прападу, як сука,
Бо мяшок такі мой, ды мая-ж і мука!..
Калі дзьверы скрыпель, а я — шусьць — праз людзей,
Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы бардзей;
Прыляцеў аж у дом, бурачкоў трохі зьеў,
Сказаў жонцы „маўчы-ж!“ сам у лес паляцеў:
На тым мейсцу, гдзе быў браварок Пантурка,
Дай садзіць дзераўцы, аж самлела рука.
Сьцежку мохам заклаў і сьлед той так закрыў,
Што ніхто-б ні пазнаў, гдзе і бровар, ці быў.
Ды ізноў аж на суд, а суду ўжо няма,
Толькі плача, кляне Пантурчыха сама.
Пантурка адвялі такі зараз ў астрог;
Той куртаты зашчыт, як кадзіла памог.
Я-ж якось уцалеў ад суду на той час.
Каб-жа Бог ні давёў на той суд другі раз!…