Думкі беларуса (Гартны)

Думкі беларуса
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца: Наша Ніва, 1909, №33

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кожны чалавек, кожны звер, кожная птушка і расліна маюць сваю асобную долю-нядолю, свой асобны, брыдкі ці добры лёс. Гэта даецца, як кажуць, кожнаму стварэнню ад таго часу, калі яно з’яўляецца на свет, гэта напісана кожнаму на раду. Вось узяць бы сабе якога-небудзь чалавека і пільна прыгледзецца к яго жыццю, разабрацца ў ім як трэба. Няхай гэты чалавек радзіўся ў багатай сям’і, і яму ўжо з першага дня добра, усякае здавольства, усякая выгода ля яго ёсць. Потым ён падрасце, навучыцца граматы, зробіцца сталы... і застанецца наследнікам вялікага багацця сваіх бацькоў. На першы ўзгляд яму, здаецца, надта добра жыць — песціць яго жыццё, але гэта яшчэ не пэўна, бо хоць ён жыве і бесклапотна, нічога ні аб чым не думае, а такі разам у адзін момант надыдзе якое-небудзь ліхое здарэнне і зніштожыць багача, адбярэ ад яго ўсё багацце... Альбо бывае, што бедным родзіцца чалавек, а яго лёс прывядзе к таму, што з няшчаснага — зробіць багатым, здаволеным, шчаслівым...

Так і звяры, так і птушкі, так і расліны: адзін ці адна будзе жыць доўга, шчасліва, а другі ці другая — зусім кароткі тэрмін і то пражыве ў адных муках... Усяму лёс, кажуць, прызначан пры роду.

Падобна да ўсяго жывога маюць сваю долю і лёс кожная нацыя, кожны народ і кожная старонка. Адна бывае лепш прынароўлена к жыццю, зваюе другіх у вайне жыцця і жыве шчасліва, багата ды красуе; другая ж гіне ахвярай на полі бітвы; памаленечку выраджаецца, марнуецца, а потым зусім зыходзіць са свету... Але перш пакуль прыйдзе які канец, кожны народ, кожная старана вельмі многа пагаруе, памардуецца... Возьмем для прыкладу нашу дарагую бацькаўшчыну Беларусь. Вось гэта дык папраўдзе яўная, чыстая, хаця бязвінная ахвяра ўсякае бяды, гора, няшчасця і розных дрэнных варункаў жыцця. Колькі слёз, колькі мукі спазнала яна! Уся гісторыя яе — адна цёмная восенная ноч!.. Міма яе, шумнай і бурлівай рэчкай, пацякло жыццё; усе перашкоды, пастаўленыя на пуціне аджываючаю старыной, трашчаць і ломяцца з кожным днём усё болей і болей, а на тым месцы, як з зямлі, вырастае новае, лепшае. Наша ж радзіна, мілая Беларусь, быццам сніць нейкім моцным, глухім сном. Быццам бог сну звязаў яе рукі і ногі, напаіў макам, заваражыў — і стуліўшыся збоку, недалёка, дзержыць яе скаванай у сваіх пругкіх руках, а каб яна не крычала, забаўляе яе калыснымі песнямі... Быццам спіць — спіць і маўчыць?! Як цяжка, якая крыўда слухаць гэта, — нават і думаць аб гэтым! Дый годзе ўжо! Цёмная ноч асвечваецца месяцам! Гэта мы бачым сваімі вачамі. Няма нічога мацнейшага за жыццё — яно цячэ ўпорнай, сільнай хваляй і пакідае за сабой новае, лепшае, а зніштожвае старое, аджыўшае.

Жыццё мае гэткую сілу, гэткае лякарства, што яно заўсёды вылечвае ад застарэўшае хваробы... Мы павінны спадзявацца, што ўжо не за гарамі тая пара, калі і наша Беларусь стане на той самай ступені развіцця, на якой стаяць і суседнія старонкі, да якога падняліся і братнія нам народы — славяне, як украінцы, чэхі, велікарусы, палякі і др.; што скора з’явіцца і к нам цёплая жывіцельная вясна, прыедзе вясёлай, маладой, на светлым, белым кані — адраджэнні — і разам растопіць халодны лёд, што аблёг шчыльна змучанае цела нашае родзіны. Беларусь прачнецца і зажыве, як другія народы і староны, — новая, свежая, маладая! Эх, праўда! Ці ж не чуваць, як ужо пяе першы жаваранак ідучага адраджэння?! Ці ж не заметны пучкі свету, што падаюць на смуглы твар нашае Беларусі?..

Пі жа міла і вясёла, мілая пташка, будзь (хоць і ёсць ты) тым пасланцом, каторы звяшчае людзям што-небудзь добрае, шчаслівае!.. Мы, беларусы, пасынкі жыцця, будзем ждаць і верыць. Мы будзем гаварыць разам з Евангеллем праўдзівыя і верныя словы, што «хто працярпеў да канца, той спасён будзе». А хто ж больш працярпеў, як не яна, наша матка Беларусь? За тое ж і радасць — радасцю і шчасце — шчасцем будзе! А што прыйдзе лепшая пара — у гэта кожны павінен верыць!.. Бо

Сонейка вечна сіяе,
Нядоля ж не вечна жыве, -
І да нашага любага края
Шчасце вясны прыплыве!

(1909)