Душою і целам
Урыўкі з паэмы
Аўтар: Ізі Харык
Пераклад: Юлі Таўбін
Крыніца: Маладняк № 8 - 1929

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ізі Харык.

З поэмы „Душою і целам“[1]

У сьнягох

Сьнег плакаў і енчыў з відна да відна
Зласьліва і нудна падвысіўшы голас…
Здавалася ёй, што ў вастрозе яна
І болей ня зможа ўцячы з-пад няволі…
Пад вокнамі ноччу вартаўнік крычыць,
Вартаўнік крычыць гучна і сьмела…
Вартаўнік крычыць белаю ноччу
У белым рогаце завеяў белых.
Вятры-завірухі з мяцельлю злою
Засыпалі ўсё, што было жывога,
І іх засталося ў мястэчку двое —
Яна ды завея, што ходзіць вокал…
.................
Запальвае сьвечку ў пакоі яна
І робіцца ўсё ў ім знаёмым, тым самым
І цені кладуцца паволі на твар,
На тонкія сшыткі,
На дыяграмы.
Тут дзеці рукамі нязграбнымі ўсе
Адзначылі поспехаў цяжкую сьцежку.
Чытае яна…
І глядзяць са сьцен
Мэндэлэ[2] і Ленін з усмешкай…
А там, па-за вокнамі белая ноч,
Кладуцца снягі ў парываньні нястрымным,
Настаўніца ў зморы задумнай даўно
І сон,
Ясны сон
Паўстае прад вачыма.


Ну, што ёй рабіць? Так нязьведаны шлях…
Самой-бы вучыцца ‘шчэ годы і годы…
Ну, вось, спрабавала цяпер Дальтон-плян,
А мо‘ нарабіла аднэй толькі шкоды.
Хай будзе! Як будзе, так будзе!
… Эх, ты!
Таварыш Дальтон, эх, далёкі таварыш!
І столькі, здаецца ёй, тут пекнаты
У сшытачках гэтых ляжыць захаванай.
Яна гэта знойдзе і вынясе ўсім,
Для дзетак сваіх назаўсёды, на шчасьце.
Вось поўнач…
І сьвечка згарэла зусім,
А працы ня скончана частка.
Ня здолее сон аплясьці галаву,
Сядзіць яна ціха, сагнутая, кволая
І карыя зрэнкі са стомай плывуць
У вачэй яе цёплым золаце.


Бель

Нямы маладзік і вялікі, і белы
Раптоўна з’явіўся ў кавалачку неба…
Спыніўся, падумаў, пасунуўся зданьню
І шпарка пабег, даганяючы сані.
Вярста за вярстой… Асыпаюцца зоры.
І сосны стаяць, як мядзьведзі, ў прасторы…
Ах, сані вы, сані!.. За вамі ў тумане
Сьпяшаецца месяц — і месяц прыстане
Ах, сані, ах, сані, ах, сані, ах, сані, —
І разам з прасторам вы мкнецеся самі!..
.................
Расказаць вам такую казку,
Што сапраўднасьцю стане далей.
Ноч
І зоркая
Белая яснасьць,
Белая яснасьць і лес.
Сані борздыя лясамі,
Ў санях тых — яны ўдваіх…
Кроў юнацкая агнямі
Запаліла скроні ў іх…
Ноч рассыпала крышталі.
Па-над імі бель і ціш…
„Ой, ты, хлопец! Ой, ты ўдалы!
Што ж ты ціха так сядзіш?..“
— „Ой, ты, хлопец!..“
— „Ой, дзяўчына!..“
„Хлопец — дзяўчына — дзяўча!..“
Ціха конь ідзе ў далінах…
Ціха йдзе… лясы маўчаць…
Хай ідзе… І ноч ў каханьні…
Ноч у сьпецы… Ноч гарыць…
І даўно ўжо сталі сані,
Конь чакае і маўчыць…

З яўрэйскае мовы пераклаў Юлі Таўбін.

Заўвагі

правіць
  1. Паэма яўрэйскага пралет. паэта І. Харыка „Душою і целам“ („Міт лайб ун лэбн“) прысьвечана прыгодам яўрэйскае настаўніцы, якая патрапіла ў местачковую школу. Яе думы і перажываньні малююцца і ў урыўку „ У сьнягох“.
  2. Мэндэлэ-Мойхер-Сфорым — славуты яўрэйскі пісьменнік.
    Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:
 

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
Пераклад:
 

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.