Дыягназ
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
Крыніца:http://knihi.com/Ciska_Hartny/Dyjahnaz.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I


- Так, грамадзянка, вашы почкі здаровыя... Не баліць?.. Сапеце, калі ласка... мацней, вальней... На двор штодня ходзіце?..

- Так... штодня... гм...

- Пасля абеду, кажаце, значна горай?.. Гм... Выключна адно можа быць... Вам не хапае...

Сярэдніх гадоў мужчына, на выгляд малады, здаровы, заўсёды з вясёлаю мінаю, «доктар па жаночых хваробах», Ясь Дыднік адрыўнымі сказамі вымаўляў гэтыя словы, лісліва ды аўтарытэтна паглядаючы хворай у вочы. У руцэ ён круціў чорную трубку, другою хвіля ад хвілі перабіраў ланцужок ад гадзінніка. Раздумоўваў, як быццам бы правяраючы самога сябе і свае веды, нядаўна пушчаныя ім у практычнае ажыццяўленне.

Ужо пяць месяцаў, як ён скончыў практыку пры ўніверсітэце, папоўніўшы ёю ранейшыя веды, пяць месяцаў, як адчыніў свой кабінет і прымае хворых. Нельга сказаць, каб гэта быў доўгі тэрмін, усё ж ён, Ясь Дыднік, паспеў нажыць сабе нядрэнную вядомасць. Аб ім, як аб добрым доктару, пачалі гутарыць не толькі тыя, што яго ведалі, што былі з ім знаёмы, а досыць шырокія колы гараджан. Гэта відаць было хоць бы з таго ліку, дзень ада дня ўсё большага, наведывачоў, якія да яго прыходзілі за радамі. Дыднік прыкмячаў сваю пераважнасць над старэйшымі дактарамі па гэтай спецыяльнасці, якія дзесяткамі гадоў жылі ў горадзе, і матаў сабе на вус. З-пад цішку выбіваўся ў яго гонар, а побач расло самаўвер'е, што ён сапраўды можа стаць незвычайнаю знатнасцю. З гэтымі думкамі цяжка было расставацца доктару, і ён іх цешыў у сваім нутры бесперасціханку. Думаў аб адным, а ў голаў лезла ўсё гэтая каразлівая доктарская ганарлівасць. Часта яна шкодзіла Ясю Дыдніку, хоць ён і не прыкмячаў таго, але часта і дапамагала. Галоўным чынам дапамагала яна Дыдніку ў адным, менавіта - давала цвёрдую ўпэўненасць у самога сябе, у свае веды, і ад гэтага заўсёды бадзёрыла доктара.

Вось і на гэты раз, калі ён аглядаў хворую Парулю Сталовіч, маладую прыгожую маладзіцу, тая ж думка панавала ў доктарскай галаве. З-за гэтае думкі Дыднік раскідаўся словамі, не сачыў за іх лагічнасцю і нават за іх зместам. Праўда, пацыентка ў яго была арыгінальная, упершыню з падобнаю хваробаю. За ўвесь час практыкі, у якую ён перапусціў да 300 жанчын, падобнае, як помніць, яшчэ не было. Гэта не значыць, што гэткага з'явішча ў медыцыне не наглядаецца. Дыднік яго ведаў, нават адзін час цікавіўся ім і абяцаў вывучыць яго як найлепей, асабоваю спецыяльнасцю. Але практыка зацёрла вострасць асабовых момантаў у шэрагу людскіх хвароб, якія падлягалі яго ведам, і разам думку аб гэтай спецыяльнасці; ён мусіў абхопліваць яе сваёю ўвагаю пастолькі, паколькі гэта датычыла поўнага комплексу абраных ім хвароб. І вось выйшла так, што, лечачы людзей, ён ні разу не спаткаўся ні з чым такім, што наглядалася ў Парулі Сталовіч... Як быццам бы знянацку яна падаспела... і зацікавіла Дыдніка. Вось загэтым доктар зацікавіўся не толькі «местом поражения», а і ўсёю постаццю хворае. Выслухоўваў, выстукваў, прыглядаўся да кожнае мясціны на Паруліным целе. Зацягнуў агляд на паўгадзіны, забываючы пра іншых пацыентаў, якія чакалі за сценкаю яго кабінета і ўголас нездавольваліся. Паруля Сталовіч таксама тамілася гэткім пільным прыёмам, хоць і лічыла доктара надзвычайна заўважным, шчырым, і ахвотліва падавалася малейшаму доктарскаму намеру, кожнаму яго вымаганню: мяняючы позу, агаляючы цела, сапучы цішэй і мацней, адказваючы на ўсякае запытанне.

- Дык вы кажаце, грамадзянка, што гэта ў вас даўно?.. - перапытваў Дыднік. - Сапеце яшчэ мацней... Во. Во, так... Вышэй кашулю... не саромейцеся... Пад грудзямі не баліць?..

- Не, доктар... што вы, я не саромеюся... Я ж кажу, доктар, толькі ў жываце... Коле-коле, што часамі не ведаеш, дзе дзецца... Вось-вось смерць... Тутака, пад грудзямі... Змізарнела за гэты год, апала вагою да пятнаццаці фунтаў...

Хворая паглядала на доктара і ўкрадкаю затуляла аголеныя грудзі, апускала ніжэй на пояс паднятую да шыі кашулю...

- Дык кажаце, грамадзянка, вы замужам не гэтак даўно? Га?

- Год, доктар... Другі пайшоў...

- І горш стала, як выйшлі замуж, ці горш было да замужу?

Доктар Дыднік зрабіў сур'ёзную міну.

- Што далей, то горш...

- Так, мілая, так... Пасля замужу горш?..

Доктар Дыднік яшчэ раз паціснуў у розных мясцох жывот хворае, агледзеў у поясе, з бакоў, у паясніцы і, крыху памаўчаўшы, рашуча сказаў:

- Уставайце, галубка... Вядомая рэч... так, так... Па-моему, вам патрэбна адно... дзеці... Скажэце мужу, не саромейцеся...

Паруля Сталовіч злёгку ўсміхнулася, - чаго саромецца мужа, - але зараз жа зрабіла спакойную міну. Яна нібы не паверыла зразу ў сур'ёзнасць доктаравых слоў і падумала, што Дыднік жартуе... Пасля сама сябе папікнула за гэта - доктар меў сур'ёзны выгляд, цвёрды тон і спакойліва сеў пісаць рэцэпт. «Ды няўжо-ткі ён так дасканала выследжваў усю постаць, гэтак уважліва мацаў кожную мясцінку, каб кончыць жартам? І хто, доктар Дыднік, аб якім з гэткаю павагаю расказвала ёй Варвара Агневіч? Не павінна таго быць», - заключыла Паруля і спынілася на доктарскім дыягназе. «Бадай што, праўда». Умомант узбунтавалася Паруліна пачуццё: расхвалявалі думкі, надалі плойму новых жаданняў, імкненняў, заставілі перабраць ды праверыць свае ранейшыя дагадкі і вывады наконт гэтага балючага, несціхана трывожыўшага яе пытання аб дзецях... Было ясна і зразумела, што доктар Ясь Дыднік - надзвычайны доктар, разумны і практычны да дзіву, калі сумеў адчыніць яе нутро і ўгадаць яе захаваныя жаданні.

Паруля Сталовіч, хвалюючыся, паспешна адзявалася і наўскос паглядала на доктара Дыдніка, які пісаў рэцэпт. І нешта патаемнае стукала ёй у галаву, пытаючы: «Няўжо доктар складае рэцэпт на гэткае лякарства, ад якога... будуць дзеці?..» Свядомасць не дапускала жаднае надзеі на гэткія безгрунтоўныя думкі, але... і свядомасць даходзіла да абсурду...

Паруля Сталовіч не мела сілы ўтрымацца ад пустых, абманных забабонаў, якія з'яўляліся да яе на падмогу... «А можа, дактары ўжо і дадумаліся да чаго-кольвечы гэткага?..» Паруля Сталовіч не скончыла думкі - доктар перабіў. Даючы ёй рэцэпт, ён сказаў:

- Вось гэта мікстура - для супакаення болі... Прымаць тры разы ў дзень па чайнай лыжцы на шклянку перагатаванае вады перад ядою... Паўжывайце пару тыдняў - паглядзіце... Але галоўнае астаецца... у дзецях...

Доктар ці наўмысля, ці незнарок не дасказаў і павярнуўся да стала. Паруля Сталовіч нервова выцягнула з-за абшлагу рукава ў жакеце трохрублёўку і запытала ў доктара:

- Выбачайце, доктар, колькі вам належыцца?..

Доктар Дыднік адказаў:

- Колькі не шкада...

І ў той час, калі ён праказаў услед за гэтым: «Бывайце здаровы, грамадзянка», Паруля Сталовіч спрытна палажыла яму на стол тры рублі, абярнулася да дзвярэй і швыдка выбегла з кабінета. У пачакальні яна нават не азірнулася на людзей, што сядзелі ў два рады і ў адзін голас, угледзеўшы яе, выгукнулі: «Вось, нарэшце», а моўчкі накіравалася ў дзверы.


II


На вуліцы, у шэрані адвячорку, Паруля Сталовіч чамусьці спынілася на момант каля агародчыка перад кватэраю доктара Яся Дыдніка, глянула ў акно, асветленае агнём, і мерным крокам пайшла дамоў. Без усякае думкі, нібы аставіла іх у доктара, яна прайшла два кварталы, да першага завулка. Таксама бяздумна завярнула ў завулак, на гэты раз поўны работніцамі, якія ішлі з тутуннае фабрыкі, гукалі, рагаталі, і выйшла на пляц Свабоды. Якраз управа ад яе паднімаўся высокі трохпавярховы дом, у якім працаваў яе муж, Павал. Паруля Сталовіч міжвольна кінула поглядам на асветленыя вокны другога паверха. «Няўжо яшчэ Павал працуе?» - невядома для чаго запытала яна сама сябе. І не паспела адказаць на гэтае пытанне, як раптам важкім камяком нахлынулі ў галаву словы доктара Яся Дыдніка. Паруля Сталовіч ажно прыпынілася на хвілю, нібы яе хто затрымаў, і задумалася: ці казаць Паўлу аб доктарскім дыягназе? Тут жа, толькі гэта думка акрэслілася як належа, выніклі два аднаважкіх матывы: адзін за тое, каб аб усім перадаць сёння ж вечарам Паўлу, другі - каб не казаць мужу нічога. За тое, каб перадаць, былі: і завярэнне доктара аб гэтым, і любасць ды давер'е да Паўла, і патрэба зрабіць уплыў гэтым на тое ці іншае пачуццё мужа. Але зайздрасць Паўлава ў адносінах да яе, яго каразлівасць пры агаворы падобных пытанняў - перасцерагалі Парулю Сталовіч. Яна бачыла, як у люстры, усю карціну дзеі, якая амаль не штодня адыгрывалася ў іх на кватэры ў хвілі ўзвароту Паўла са службы. Затурбаваны, ён прыходзіў дамоў і, калі ўсё добра, яна была здароваю, адна ўдому, цалаваў і лашчыў яе, гаварыў аб усім, што чуў за дзень на службе, што бачыў у горадзе па дарозе дамоў; а калі заставаў яе «з жыватом» або з выпадкова зазірнуўшым падсуседам Хірысонам Сталаўчуком, а то часта і без дай прычыны, - рабіўся несцярпімым чалавекам. Зазлуецца, замоўкне, насупіцца - не падыходзь, не вымаўляй слова. «Пэўна, скажы яму аб словах доктара - прыме на свой шчот і будзе бяды. А не сказаць? Сёння і пасля? Чаго ж таіцца? Баяцца ці сароміцца свайго мужа? Якая я цудная!»

І, разважаючы над гэтым, перабіраючы ўсё да дробязі, Паруля Сталовіч прыйшла да свайго дома. На вуліцы ўжо зусім змеркла. Ва ўсім доме, дзе была іх кватэра, блішчалі ў вокнах агеньчыкі. Толькі цямнела двое акон у другім паверсе - гэта іхніх. Яна задаволілася гэтым - пабудзе адна і яшчэ колькі разоў перадумае сваю думку, пакуль вернецца Павал. Паруля хутка перабегла дзядзінец, лёгка паднялася па ўсходах на другі паверх і ачулася ў кватэры. Раптам ёй стала лягчэй: яна здзела жакет, каторы цяжыў яе, ідучы ад доктара, паправіла косы на галаве і падышла да акна. Аб агні занядбала, толькі тады ўспомніла, калі ўгледзела, як ліхтаршчык запаліў ліхтар над брамаю. Пры гэтым яна схапілася, што будзе дрэнна, калі наскочыць Павал і застане яе ў цёмнай кватэры: яго зайздрасці не будзе ўпынку. Паруля Сталовіч зараз жа адышла ад акна і засвяціла электрыку. Святло разанула ёй у вочы і пацягнула нейкай прыкрасцю па пакоі. Як быццам бы разам выйшла наповерх уся таемнасць, што дагэтуль цішком хавалася ў яе сярэдзіне. Паруля Сталовіч затупала ўзад ды ўперад па пакоі, гледзячы ў адну кропку, якая насілася ўблізку яе вачэй, і не мела жаднага ўстою ні на сценах пакоя, ні ў паветры між полам і столлю. «Зараз прыйдзе, а я не вырашыла, ці сказаць яму, ці не...» - несупынным ланцугом пераказваліся гэтыя словы, то крыху аслабяваючы ў сваім напоры, то молатам б'ючы ў галаву... «Не скажу», - голас, злосна выказала праз нейкі час Паруля Сталовіч сваё вырашэнне і падышла да акна. У гэты момант з крыкамі, з разухабістым галасам убегла з вуліцы на дзядзінец каля тузіну дзетак. Дзядзінец ажыў, напоўніўся рухам. З многіх акон дому пачуліся радасныя выгукі ды воклічы да дзяцей мацярок, нянек, пакаёвак. Пачуўся ўпярэмежку вясёлы смех і выгукі. А праз некалькі хвілін яны разбегліся па чацвярых усходах, хаваючыся ў мурах вялікага будынка.

Паруля Сталовіч усёю істотаю аддалася пачуццю захаплення дзецьмі. Іх рэзвыя ценкія галаскі, іх смех і выгукі скалыхнулі яе нутро і заказыталі, заказыталі да болю кіпучым жаданнем: мець сваё дзіця. Мець сваё дзіця і гэтаксама, як іншыя мацяркі, сустрачаць яго прыход, гледзячы ў акно і цешачыся яго гульнёю, яго рэзвым маладым рухам. Вось прамігнула ў яе вачах цэлая грамадка іх, - чужых, не сваіх. Чаму сярод іх няма ніводнага яе, яе з Паўлам... ці хоць бы без Паўла...

На апошняй думцы Паруля Сталовіч не супынілася і не заўважыла яе значнасці. Пазыў, жаданне мець сваё дзіця глушылі ўсё іншае. Яшчэ ні разу не пападала яна ў гэткі стан, як цяпер. Яшчэ ні разу дагэтуль не стыкалася яна з гэткім вострым, пякучым, непераможным хаценнем. Усе частачкі яе постаці нылі ім, прагнулі. Уваччу стаяў доктар Ясь Дыднік і несціхана дудзеў у вушы: «Вам патрэбны дзеці». «Я скажу Паўлу, скажу... я не магу сцярпець», - перарашыла яна і падышла да дзвярэй, прыслухалася.

Па ўсходах стукалі шагі, як быццам бы Паўлавы. Не пачула, калі ён прайшоў дзядзінцам. «А можа,то не ён?..» Але хутка пазванілі. Паруля Сталовіч адчыніла дзверы, забыўшы запытаць, хто звоніць. То быў Павал.

Пераступіў парог і паглядзеў моўчкі жонцы ў твар. Пэўна, прымеціў на ёй неспакой, бо раптам перамяніў міну на сваім твары і з трывогаю ў голасе запытаў:

- У цябе ізноў жывот баліць, Паруля?..

Паруля ў першы момант не ведала, што адказаць, і змаўчала.

- Га-а? Кажы-ы! Ты выглядаеш змардаванаю, Паруля.

Павал, не прышчапіўшы дзвярэй, хапіў яе за руку і пацягнуў да сябе.

- Нічога... Не непакойся... Так, неяк злёгку галава забалела... Дзе ты быў так доўга? - перапытала яна, каб адцягнуць Паўлаву ўвагу ад сябе.

Ён пусціў жончыну руку, прышчапіў дзверы і падышоў да стала. Гледзячы на Парулю, адказаў:

- Працаваў... Працы, ліха яе бяры, бясконца. Душыць - няма рады... Вось-вось кончыш, вось-вось, а глядзіш - усё новая... А платы - гэтыя няшчасныя сто рублёў.

Павал прайшоў пакоем, зазірнуў у акно, прычыніў яго і сеў на крэсле.

- Пэўна, есці хочаш? - паклапацілася Паруля.

- Прызнацца, не хачу. Хацеў, ды па дарозе зайшлі ў сталоўку з Ахрэмам Шарым і выпілі па шклянцы кавы. Ведаеш, замарыўся і гэтак аслабеў, што не ведаў, як хутчэй дайсці дамоў... Ахрэм запрасіў, і мы зайшлі ў кафэ...

- Ты кожны раз з гэтым Ахрэмам... А я прыгатавала табе пудзінгу, і ўжо астанецца.

Паруля праверыла шафку і адвярнулася да Паўла.

- Дык сама еш.

- Я не хачу нічога...

- Нездаровіцца?.. Твае вочы пасумнелі, Паруля?! Ты не хочаш сказаць мне праўды?

- Кінь, Паўле. Я ж кажу, галава крыху забалела...

- А больш нічога?.. Ты занадта ўжо хмурая стала.

Паруля хвілінку прамаўчала і зазірнула нечага ў спальную. Пасля нясмела сказала:

- Ведаеш, Паўлік, я толькі што вярнулася з надворку. Выйшла крыху прасвяжыцца і вось, ідучы назад, сышлася з грамадкаю дзетак, якія ішлі, напэўна, з кіно... Усе вясёлыя гэткія, рэзвыя, прыгожанькія, адно ў адно - не нацешыцца... Кіраўніца іх вядзе, расказвае ўсё, а яны наперабой - пытаюць у яе ўсяго ўсялякага, расказваюць, трашчаць галаскамі, як птушкі вясною...

Павал не дачакаўся, да чаго Паруля прывядзе сваю гутарку, і перабіў яе на сказе запытаннем:

- Ну, дык што?..

- Што-о... Вось што: і мне гэтак моцна захацелася мець дзіця, ажно я... эх, Павал!

Яна не даказала і адхілілася ад мужа. І ёй стала ніякавата перад Паўлам - ні то сорамна, ні то боязна. Што ён адкажа?

Аднак Павал не падаў выгляду, што яе словы былі для яго поўнай нечаканасцю, а спакойліва, сціснуўшы зачэплены жонкаю эгаізм, адказаў:

- Парулька, ты нездарова, я бачу. Ідзі супачынь, ужо позна, мая мілая... ідзі...

Ён далікатна яе абняў і правёў у спальную. Спакойліва і моўчкі пасобіў раздзецца і, калі яна лягла, апрануў яе капаю. Паруля ўгледзела ў мужавай ласцы яго дабрату і няўразлівасць за адкрытую яму думку і нічога не сказала.

Павал паглядзеў на яе і выйшаў са спальнае.

«Што з ёю робіцца? - запытаў ён сябе і паціснуў плячыма. - Нехта ўжо ёй надауміў. Так... Дзеці... Я разумею гэта... Я сам так моцна люблю дзяцей. Але ці ж я вінен, што яна хворая?..»


III


Назаўтра гэта было забыта: Парулі было сорамна да гэтага вяртацца. Павал таксама не хацеў раздражняць ні сябе, ні жонкі. Зранку, як і ў часы звычайнага настрою, Павал адыграў ролю ўважлівага мужа і добрага сем'яніна: абгаварыў з Паруляю бягучыя справы ў хатнім жыцці, разам удваіх папілі гарбаты, расцалаваліся, і ён пайшоў на службу, а яна засталася дома. Нават калі Павал выйшаў у двор, Паруля папрасіла яго праз акно, каб ён сёння паспяшыў раней кончыць працу і вярнуцца дамоў. Павал паабяцаў гэта зрабіць, палісціўшыся ўважлівасцю жонкі, і спакойліва выйшаў з двара. Паруля правяла яго поглядам на вуліцу.

Сённяшняю раніцаю ў яе нутры як быццам бы склалася цвёрдая раўнавага, на якую не маглі ўплыць ніякія хвалюючыя думкі. Гэткі настрой ці, можа, утома ад учарашніх перажыткаў прыцягалі яе да аднаго непарушнага стану. І яна мо з гадзіну прастаяла, абапершыся грудзямі на аконнае шуляванне, гледзячы ў двор. Дваром праходзілі то з вуліцы ў дом, то з дому на вуліцу мнагалікія яго жыхары. Кожны меў свой клопат, свае намеры, якія яго цягалі за сабою, куды хацелі. Паруля Сталовіч неяк адчувала пакуль што ў сябе жадных пазываў і клопату. І немаведама, колькі б часу ёю валодаў гэткі нядбайны настрой, каб яна не прымеціла ў праходжых дваром свае мацеры. Але яе з'явішча ў Паруліным ваччу вывела маладзіцу з раўнавагі. Парулін настрой раптам перамяніўся: яна адвярнулася ад акна і стала чакаць мацерынага ўваходу. То былі анямеўшы і цела, і думкі, і язык, а гэта ўсё зарухала, зашавялілася. Яна рашыла расказаць мацеры пра доктарскі дыягназ. У тыя некалькі хвіль, пакуль маці ўзышла на сходы і пазваніла, Паруля надумала план гутаркі з ёю і форму сказу, якім можна перадаць доктарскія словы.

Калі маці адчыніла дзверы ды ўвайшла ў кватэру, Паруля сустрэла яе словамі:

- Я вас чакала, мама. Так хацелася, каб вы прыйшлі, што я не ведала...

Старая Грыпіна ажно сумелася ад доччыных слоў і здзіўлена запытала:

- Чаму? Жывот баліць, дачушка?

- Не, мама, так сабе... Проста адной было сумна...

- Можа, пасварылася з Паўлам?

- Таксама не...

Грыпіна глядзела на дачку і недаўмявала: ёй не верылася, каб гэта так, без дай прычыны, Парулі было нечага нудна; прынамсі, колькі разоў яна ні прыходзіла да яе, дачка на гэта не скардзілася, а калі скардзілася, то што-небудзь у яе здаралася: ці пасварыцца з мужам, ці нядобра ў яе са здароўем, ці якая-кольвечы прымха напаткае яе ў горадзе.

«Чаго ж яна так прагна чакала мяне?» - падумала старая.

- Сядайце, мама, - далікатна папрасіла Паруля, каб перабіць мацерына сумненне.

Грыпіна села, але не адцягвала вачэй ад дачкі.

- А мне ўсё здаецца, што табе, дачушка, не па сабе, нешта блядая ты зусім...

- Няўжо-такі я збляднела, мама?

- Так, так, галубка... Гой, мілая... Замучыць цябе жывот... Гэта ўсё, пэўна, праз яго... Ну, як жа ў цябе з ядою хоцькі? Маеш ахвоту есці ці не?

- Ем, чаму не...

Паруля знарок засмяялася і зрабіла на твары здзіўленую міну.

- А што дактары кажуць, родная? - запытала маці. - Ды ці ходзіш хоцькі ты, галубка, да іх? - дадала Грыпіна.

- Хаджу, мама... Надаелі ўжо яны мне...

Паруля выказала гэта з намерам, каб мець падгатоўку перайсці да ўчарашняга выпадку з доктарам Ясем Дыднікам.

- Чаму, дачушка?

- Таму, што кожны доктар кажа па-свойму; сама не ведаю, якому з іх верыць...

Яна тупала па пакоі, перастаўляючы то крэслы з месца на месца, то выціраючы анучкаю пыл на стале. Маці ўслед ёй паводзіла поглядам.

- Вось і ўчора: зайшла да самага славутага доктара... Агневіч парадзіла... І што ж вы думаеце, ён мне сказаў...

Старая з цікавасцю паднялася з месца.

- А што, што, дачушка?

- Сказаў... сказаў... ведаеце... - Паруля прыцішыла голас і, нібы не адважваючыся, упаўголасу праказала: - Сказаў, што мне... дзеці... трэба... Былі б дзеці, не балеў бы жывот і я была б здароваю... вось што сказаў.

- Былі б дзеці!..

Старая не даказала сказу, ні то здзівіўшыся доччыным словам, ні то знайшоўшы ў іх разгадку сваіх ранейшых думак.

- А што ж ты думаеш, дачушка, гэта можа быць... Але, скажы мне... - старая прыцішыла голас. - Каторы з вас віною... не сказаў?..

- Па-мойму, мама, доктар ліха ведае што балхвіць: што ні доктар, то свае лекі...

- А ты б пераверыла ў іншых... Хоць бы яшчэ ў аднаго... Га, Парулька?..

- Пераверыла б... гэта ж грошы... Ласне можна выстарчыць на сто рублёў? І так чуць-чуць зводзім канцы з канцамі... Павал весь час супіцца на мяне... Гэтая праклятая хвароба столькі грошы паядае...

- Вядома-вядома, дачушка; але што ж парадзіш... лепей на чым іншым скараціцца, а здароўе трэба дагледзець... Трэба раз назаўсёды вырашыць...

- Пэўна, ужо мне і ўмерці прыйдзецца гэткай... Звядзе мяне жывот...

Паруля на гэтым перарвала гутарку, і абедзве кабеты нейкі час маўчалі. Кожная перадумоўвала аб адным і тым - як жа выйсці з таго стану, які засуцэльваў жалезнае кальцо вакол Парулі.


IV


Праз два дні пасля гутаркі з мацераю Паруля Сталовіч выпытала яшчэ аднаго знатнага доктара па жаночых хваробах. Гэта ўжо быў прафесар Кірш, немец, які не так даўно прыехаў у горад з Ленінграда і пакуль мала даваў аб сабе вестак. Парадзіла да яго звярнуцца адна Паруліна суседка па кватэры. Суседка прывяла некалькі прыкладаў, калі прафесар Кірш вельмі добра вылечыў трох кабет ад пахожае на Паруліну хваробу. Паруля паслухала рады суседкі і звярнулася да немца. І вось немец з цвёрдаю ўверанасцю і доктарскай халоднасцю падмацаваў дыягназ Дыдніка.

- Вам не дастае аднаго... Вам трэба радзіць... - сказаў ён.

І сказ прафесара Кірша ашаламаніў Парулю. Пасля гэтага яна не магла шукаць іншае прычыны свае хваробы... Але тут жа паўставала пытанне - як ад яе вылечыцца. Гэта адкідала ўсякае сумненне наконт таго, казаць Паўлу пра дыягназ ці не. Паруля менавіта як найхутчэй прагла гэтага зрабіць. «Можа, і не спадабаецца яму, але скажу... Ці не ўплыве яно на яго зайздрасць, гэткую надаедлівую і ўжо стаўшую для мяне ачамернай, прыгоннай», - падумала яна.

Рашучасць зрабіць гэта падганяла яе, ідучы дамоў, і разам з тым хвалявала яе нутро. Парулі рабілася млосна і цяжка. І ў гэтых млоснасцях і цяжару танулі, як у цемні ноч, мажлівыя быць прыкрымі тыя вынікі, якія атрымаюцца ад яе спаткання з Паўлам.

Адчуваючы гэта, Паруля ўвайшла ў дзверы дома і стала паднімацца па ўсходах. Ужо паднімаючыся, яна пачула першыя прыступы болю ў жываце. У кватэры боль узмацнілася. Пад іх уплывам у Парулі змянілася пачуццё. Думкі аб доктарскім дыягназе зніклі. Хацелася, зусім па іншых матывах, каб Павал хутчэй прыйшоў: вось ёй прыйдзецца легчы, і некаму будзе падаць вады, нагрэць бутэлькі.

Паруля паглядзела ў акно: дваром прайшло некалькі чалавек; усё рабочыя з металічнага завода. Паўла не было. «Дзе ён падзеўся? Прасіла ж, каб сёння раней прыйшоў, а ці яму стаецца ад мае просьбы. Нібыта той» занедаволілася яна і адвярнулася ад акна. Рашыла легчы, а перад гэтым праверыла, ці прышчэплены дзверы, ці ўсё ў кватэры на сваім месцы. Паглядзеўшы на стол, каля кастру кніжак яна раптам, неспадзявана ўгледзела ліст. Было відаць, што нехта знарок палажыў яго акуратна, навідоку. Паруля ўзяла яго і прачытала адрас.

«Няўжо гэта прыходзіў Павал?» - падумала яна і стала шукаць іншых прыметаў. Усюды ўсё было ў парадку.

- Каб іх халера парэзала гэтых дактароў, - вылаялася яна і, раззлаваная, пайшла ў спальную. У спальнай яна адчыніла святло, лёгла і прачытала ліст. Ліст быў ад Таццяны Цяцеркі, яе добрае таварышкі з дзявочых гадоў.

Таццяна жыла з Паруляю па-сяброўску, адна другую наведвалі, а калі якая адлучалася з горада, пісалі адна да другой лісты. У апошні год Таццяна была ў павеце, у гасцях у мужавае сястры. Выехала яна туды ранняю вясною, на адпачынак. Адтуль на першых часах яна таксама пісала да Парулі, але не часта, а астатні месяц чамусьці зусім не было ад яе лісту. Паруля ведала аб усіх абставінах таварышчынага жыцця, пра яе здароўе, нават пра яе настроі. Чаму Таццяна доўга не пісала, яна часткаю таксама ўгадвала; аднак ліст ад яе Паруля, не патураючы на ўзмоцненую боль, прачытала з захапленнем. Ён быў кароткі і напісаны з горада. Таццяна паведамляла таварышку аб тым, што ў яе радзіўся сын, з гэтае прычыны яна, Таццяна, запрашае Парулю з мужам на акцябрыны.

«Якая шчаслівая», - паківала галавою Паруля і хацела супакоіцца і ад думак, і ад болю, унырыўшыся тварам у падушку і падкурчыўшы ногі. Але толькі крыху сцешылася, як зараз жа целам перабегла нейкая цяжкая, ліпкая млосць, а пад ёю сабралася вострая завісць да Таццяны, ажно Паруля ўголас вылаялася:

- Няхай бы яго агонь спаліў гэта маё жыццё... Няхай бы яно скрозь зямлю правалілася! Ачамярэла яно мне, абрыдла... якія людзі шчаслівыя!

Яе думка зноў пераляцела да доктара Яся Дыдніка і да прафесара Кірша. І вось адзін і другі выраслі перад ёю ў выглядзе неміласэрных, бесспагадных разбойнікаў. Як яна іх не любіць цяпер! Выдзерла б ім вочы, каб яны паказаліся ёй. Брахуны, бязмоцныя, каб ашчаслівіць чалавека.

Яна ўспомніла пра мікстуру Яся Дыднік ды парашкі прафесара Кірша і сплюнула.

- Не, больш не пайду ні да воднага... і не буду прымаць іх лякарства. Грошы - як у ваду, - праказала яна, хапаючыся за жывот.

І злосць ды нервовасць, ахапіўшыя Парулю, прабеглі па яе твары.

Цэлую гадзіну Паруля знаходзілася ў нервовым стане. І толькі тады, калі яе нутро адранцвела ад вострых мук ды болю, стаўшы як бы неўразлівым, ёй удалося прыдрамнуць і моўчкі праляжаць да Паўлавага прыходу.


V


Яе абудзіў зычны званок, паданы Паўлам. Паруля хутка паднялася з ложку і пайшла адчыняць.

Каля дзвярэй спынілася і перапытала:

- Хто там?

- Я, Павал, адчыні, - пачула адказ.

У яго голасе адбівалася нервовасць.

- Гэта ты, Паўлік?

- Я, хто ж іншы.

Паруля адчыніла дзверы і стала ў двух кроках ад парогу.

- Ну і спіш жа як пшаніцу прадаўшы. Гэта ж увесь дом можна панясці - і ты не чула б, - і ён напружана паглядзеў ёй у твар.

- Ізноў ты нездарова?

- Нездарова... крыху...

- Ізноў жывот?

- Жывот... Паскаўзнулася на ўсходах, ледзьве дайшла да дзвярэй... Думала - ты дома...

Павал прайшоў на сярэдзіну пакоя.

- Я быў дома, але цябе не было... Кінуў працу і прыйшоў, а ты як назнарок і не пачакала мяне...

- Ведаеш, не магла... Ну, я прашу ўбачыць... Ой, ссы-ы...

Яна ўзялася за бок.

- Куды ж якраз наспела ў той час пайсці? - з прыціскам у голасе запытаў Павал.

- Была ў прафесара... Я ўжо зранку пачула лёгкую боль і рашыла наведацца да прафесара... Ты ж ведаеш, як цяжка мне цярпець.

Яна прысела. А Павал, не зважаючы на яе мяккі, нават уважлівы одцень у гутарцы, нервова затупаў па пакоі.

- Так... Гм... Прафесара... Памогуць яны... Толькі звод грошай. Пара было вылечыцца дагэтуль...

Паруля пачырванела ад крыўды, паднялася з крэсла і пайшла ў спальню. На хаду сказала:

- Ужо ізноў забрала... Рад быў бы, каб збавіцца... - Праз хвіліну стала ўсхліпваць, гаворачы адрыўнымі словамі: - Сам дык усе ночы... недзе цягаецца, а гэта... не застаў выпадкова... у хаце, дык...

- Маўчы ж ты, здых...

Павал мігам падбег да спальні і стукнуў кулаком у сценку, ажна тая здрыганулася.

- Ты кожны мой крок гатова абмываць памыямі!.. - крыху памаўчаўшы, праказаў ён і адышоў ад спальні.

Паруля нічога не адказала. І, можа, таму, што яна змаўчала, Павал хутка змяк і таксама замаўчаў. Тупаючы далей моўчкі па пакоі, ён паціху ўраўнаважыўся ў настроі і нарэшце папікнуў сябе за сваю непатрэбную гарачнасць ды зайздрасць.

«Фактычна, усё гэта дарэмна. З майго боку - нават грэх... Падумаць - так я сам усяму віною. Навошта было мне сплятацца з гэтым Ахрэмам і ісці... Цьфу! Гэта ж брыдка падумаць... Мужчы-ы-ны... З маладымі жонкамі, а цягаюцца начамі з курвамі... Цьфу... Людзям на сорам...»

Павал пацяў плячыма і двойчы сплюнуў.


VI


Назаўтра раніцою Павал перапрасіў Парулю за ўчарашняе і даў ёй сваю згоду паехаць на акцябрыны да Цяцерак.

- Ты адпачынь, Парулька, - сказаў ён ужо з усходаў, - а я зайду па дарозе і паклічу мацеру.

- Дзякую, Паўлік, за ўвагу, - адказала Паруля ў акно.

І, застаўшыся аднэю, яна, успакоіўшыся, ляжала ў ложку ды раздумоўвала аб акцябрынах у Цяцерак. Найболей яе цікавіў падарунак, які патрэбна завезці паражаніцы. Чамусьці Парулі хацелася прывезці Таццяне што-кольвечы асаблівае, гэткае, што б магло задаволіць яе і разам з гэтым выказаць асабовую Паруліну любасць да навароджанага. Што б за рэч была гэта, Паруля не магла дадумацца. Перабірала па чарзе розныя штукі, ад цацак ды лялек да кніжак і ўбораў, але ўсё ў яе воку выглядала звычайным, нецікавым. Яна, Паруля, усёю істотаю сваёю аддана Таццяне, і народжанае таварышкаю дзіця - гэта і яе радасць. Трэба ж гэту радасць выказаць тым ці іншым адмысловым падарункам.

З усіх перабраных рэчаў Паруля нарэшце спынілася на красках: «Што можа быць прыгажэй за махрастыя чырвоныя ружы. Бач, краскі адзначаюць сабою жыццё, яго хараство, яго вечнае квяценне. Жывая краска - сымболь жыццёвага крынічання. Так, я куплю Таццяне букет з чырвоных ружаў. Павал павінен гэта дазволіць мне», - задаволена пераказала сама сабе Паруля. І пасля гэтага нейкі час паляжала без усялякіх думак.

Далей яна ізноў вярнулася да Таццяны. Стала выяўляць сабе, як і што будуць наладжаны Цяцеркамі акцябрыны, хто там будзе на іх, якаво яны пройдуць. І, перабіраючы мажлівых гасцей, Паруля ўспомніла знянацку пра Васіля Кудравага, агульнага яе з Таццянаю знаёмага.

«Няўжо і Васіль будзе ў нядзелю ў Цяцерак на акцябрынах?..» Чамусьці апошняга паўгода яна яго не бачыла, а ў Таццяны запытаць не было як.

- Добра было б з ім убачыцца, - выказала Паруля ўголас аформленае ўнутры пажаданне.

У разважаннях яна не прымеціла, як надышла дванаццатая гадзіна, і ў кватэры зрабілася душна. Праменні сонца залілі сабою ўсю спальню. Ці пераляжыць яна цэлы дзень?

Паруля павярнулася з боку на бок, некалькі разоў памяняла позу і пачула, як бы нічога не балела. Але салодкая гультайнасць, пад уплывам разгойданых думак, прыцягала яе да ложка, не даючы ахвоты падняцца... Тады яна ўзяла для сябе заданнем паляжаць да таго моманту, пакуль хто мусам заставіць яе падняцца. Гэта магло трапіцца незадоўга, бо мусіла прыйсці маці. Паруля праверыла час і здзівілася, чаму так доўга няма мацеры. «Няўжа Павал не паведаміў яе? Не можа таго быць, бо Паўлу не трудна, ідучы на службу, забегчы да яе».

Парулін напамін аказаўся сучасным: не мінула і пяці хвілін, як маці была ўжо ў кватэры і перапрашала дачку за спазненне:

- Выбачай, дачушка, што крыху запазнілася: ніяк нельга было пакінуць дому... Бацька недзе пайшоў і забавіўся. Як жа ты сябе чуеш хаця?

Паруля супакоіла мацеру.

- Я адчуваю сябе нядрэнна, мама; жывот на гэты раз памілаваў мяне...

Грыпіна зрадавалася гэтаму і, замест таго каб сесці і пагутарыць, завіхнулася каля гатавання абеду. Паруля прыадзелася і злёгку стала пасабляць мацеры.

Нейкі час яны абгаворвалі розныя будзённыя справы, якія датычылі бягучага жыцця... Пасля, калі збольшага абгаварылі гэта, Паруля расказала мацеры аб лісту Таццяны і пахвалілася, што ў нядзелю яны з Паўлам паедуць да Цяцерак на акцябрыны. Аб учарашняй сварцы з Паўлам яна змаўчала.


VII


Да нядзелі ў сямейным жыцці Парулі і Паўла Сталовічаў нічога надзвычайнага не здарылася. Наадварот, усё ішло ладам, уважліва і спакойна. Павал трымаў сябе да наўды далікатна ў адносінах да жонкі, а жонка старалася нічым не ўразіць мужа. Надумоўвала пайсці ў сквер пагуляць - прасіла Паўла раней вярнуцца дамоў; той слухаў і кропля ў кроплю ў назначаны тэрмін з'яўляўся перад вочы Парулі. Адзін раз удваіх наведалі яны Паруліных бацькоў, шчыра, як ніколі да таго, па-сямейнаму пагутарылі з імі. Другі раз яны пабывалі ў Летнім садзе на гастрольнай аперэце і сустрэліся з даўнымі знаёмымі; разам зайшлі ў рэстарацыю, павячэралі там і, развітаўшыся каля першае гадзіны ўночы, вярнуліся дамоў. Гуляючы ў садзе і седзячы ў рэстарацыі, Павал не звяртаў жаднае ўвагі на тое, што Паруля занадта пільна раскідала навокал погляды і сачыла за прыгожымі мужчынамі. Як быццам бы Паўла гэта не датыркалася. Нават ён сам два разы паказаў ёй на двох нэпманаў, стройных ды багата адзетых. Нарэшце Павал вельмі прыхільна выслухаў Паруліну атэстацыю праведзенаму часу і месцу, дзе гэты час праводзіўся. Калі ж яна знайшла шмат недахопаў, Павал і ў гэтым згадзіўся з яе думкамі.

За ўсё гэта Паруля адплачвала мужу, паміма ўсяго іншага, яшчэ і поўнаю маўчанкаю аб дзецях. Як на добрае ішлося - ні разу не забалеў ёй жывот. Чамусьці ёй думалася, што Павал апошні свой выбрык зрабіў у помсту ёй за надазольванне хваробаю...

Але ўсё гэта, увесь наступіўшы між імі лад, зусім не значыла таго, што Паруля адраклася ад свае думкі аб дзецях, што яна заглушыла да іх любасць у сваім сэрцы. Куды там! Думкі гэтыя ў яе чым бліжэй к нядзелі, тым рабіліся астрэйшымі, актуальнейшымі; яны проста абварочваліся ў надазойлівасць, у складаную частку яе фізічнага і разумовага я. План спаткання з Васілём Кудравым на акцябрынах у Цяцерак не астываў у Парулінай галаве, а ўсё ўскладняўся, шырыўся і рабіўся завабнейшым. Дзеля раздумаў над гэтым Паруля мела досыць часу: днямі, калі Павал ішоў у свой «Земаддзел», яна заставалася адна. Пры ім жа яна навучылася маўчаць і глыбока таіць свае намеры і хаценні.

На працягу чатырох дзён, якія аддзялялі сварку ад нядзелі, у якую прадстаяла ехаць на акцябрыны, Паруля тое і рабіла, што выключна будавала розныя безгрунтоўныя ды марныя планы наконт балючага пытання аб дзецях. Думкі не шкадавалі абмінуць ні аперацыі ў якой-кольвечы знатнай лякарні ў Маскве, ні спробы паехаць за граніцу, «дзе, можа, лепей ведаюць рады гэтага гатунку...».

Не пакідала тым болей яе думка і Васіля Кудравага.

У нядзелю здань яго ўляцела ў Паруліну спальню з першым святлом золку, адгарадзіўшы яе ад Паўла...

Не разлучаючыся з ёю, Паруля нядбайліва адносілася да Паўлавай уважлівасці і да яго ветлага абыходжання з ёю. Але Павал не хацеў «прыдзірацца» і разладжваць зборы да Цяцерак.

Такім чынам, яны спакойліва прыгатаваліся і а другой гадзіне выйшлі з кватэры.

Пераезд рамізнікам адняў сорак хвілін часу, і яны з'явіліся на месца блізка трэцяе гадзіны. Гэта было якраз у пару. Госці Цяцерак амаль не ўсе былі ў зборы, але бяседы не ўшчынялі. Таццяна з Лукашом увіхаліся каля прыгатаваных сталоў, якія стаялі лаголем у найпрасторнейшай каморцы Цяцерчынай кватэры. На сталох паміж грудаў ежы стаялі пукі красак. У дапамогу Лукашу парадкавала крэслы нейкая незнаёмая Парулі маладзіца. Госці сядзелі ў суседніх пакоях, а часткаю тупалі ў калідорчыку.

Цяцеркі сустрэлі Сталовічаў з радаснымі выгукамі, кінуўшыся цалавацца. Таццяна нават занядбала далейшым уладваннем сталоў і тут жа, каб не адсылаць Сталовічаў у суседнія пакоі, прагукала да ўсіх гасцей:

- Грамадзяне, папрашу вас да стала, калі ласка... Лукашка, прасі гасцей... Сядайце, Павал, Паруля... Вось гэта.

Паруля перадала Таццяне краскі, абгорнутыя папераю, і, адчуваючы сябе смелаю ў таварышчыным доме, першаю села на рагу стала... Яна выбрала гэта месца знарок, каб можна было пераглядзець усіх гасцей, якія павінны паміж яе прайсці. І вось, калі апошнія сталі ўсаджвацца за сталы, Паруля спрытна, не даючы выгляду, сачыла за кожным чалавекам, з пруткаю натужнасцю чакаючы Васіля Кудравага і зусім забыўшы пра Паўла... Але да стала прыблізіўся астатні госць, а Васіля не было. Гэта ўплыло на Парулю непрыемнасцю. Яна моцна занедаволілася і адвярнулася да акна. Ні каліва не аддавала ўвагі на гамонку ды жарты, якія чуліся ў пакоі з прычыны рассаджвання Таццянаю і Лукашом мужчын упярэмежку з кабетамі. Яна нават не прымеціла, калі побач з ёй сеў нейкі малады мужчына чарнявага выгляду. Толькі тады Паруля адвяла погляд ад акна, калі падсеўшы абярнуўся да яе з запытаннем:

- Вы, пэўна, некага чакаеце?

Запытанне было пустым сказам з боку падсеўшага да Парулі мужчыны, але ёй чамусьці паказалася знарочыстым ды двухсэнсоўным. Яна скрыла сваю западозранасць і адказала:

- Нікога, ведаеце... не чакаю. Бо некага чакаць... Вось мой муж са мною...

Трэба было заняць час хоць якою гутаркаю, і Парулін сусед пачаў вышукваць яе і праводзіць да першае вясёласці.

- Вы заўсёды з мужам... і гэтым здаволены?

Паруля паглядзела на суседа і спакойліва адказала:

- Ды я не з гэткіх, каб за мужава крысо трымацца... Аднаго мужа мала...

Сусед усумніўся ад Паруліных слоў. Але не пасаромеўся запытаць:

- Чаму?

- Яшчэ трэба і дзеці...

- А ў вас няма?

Паруля махнула рукою.

- А хто ваш муж? - перайшоў на другое сусед.

- Вось гэны, што сядзіць найскос, шатэн, у белым гарнітуры... - кіўком галавы паказала Паруля.

- Гэты?.. Гм!.. Я, здаецца, яго недзе бачыў... - інтрыгаваў яе сусед.

- Можа, служыце разам?

- А, даруйце, як ваша прозвішча?

- Сталовіч.

- На часе цяжка прыпамятаваць...

- Вядома...

З нацягнутае гутарка між Паруляю і яе суседам, які, як тут жа выявілася, быў кватарантам Цяцерак і меў прозвішча Амялюк, перайшла ў дзелавую. А калі пачалася бяседа і Таццяна некалькі разоў прымусіла Парулю адпробаваць віна, пасля чаго да яе надышла лёгкая п'янасць, Паруля развязала язык. Пра Паўла яна зусім занядбала, і адышоў на задні план Васіль Кудравы. Амялюк, варта было ёй прыглядзецца, выглядаў прыгожым мужчынам і сімпатычным чалавекам. Яго ўмеласць пагутарыць, цікавасць зместу гутаркі і мяккасць рысаў твару цягнулі да сябе Парулю. Скора яе думкі, што вярцеліся вакол Васіля Кудравага, цалком перакінуліся да Амелюка. Ёй стала карцець, каб выйсці з-за стала і хоць на дзесяць хвілін астацца аднэю з ім.

Першы момант, калі думка пад'юшыла гэта хаценне, Паруля ўкрадкаю паглядзела ў бок Паўла. Як паказалася ёй, Павал нядбайна гутарыў праз стол з незнаёмай Парулі жанчынай. Нельга было ўлавіць, каб ён углядаў за ёю. Ды каб гэта і было, далей Паруля ўсё роўна не зважала б на яго... На тое бяседа... ці ж нельга абмяняцца словам з суседам?

К змроку, калі ўжо акцябрыны далі аб сабе знаць кожнаму госцю, многія з іх пачалі вылазіць з-за стала і тупаць па пакоі або выходзіць у калідор. Выйшла і Паруля. Яна прайшла ў калідор, аглядаючы распарадак пакояў у кватэры і не забываючы аб дзецях...

- Вы мо зайдзеце да мяне? - пачула яна ззаду сябе і абярнулася.

Амялюк лісліва ўглядаўся ў яе постаць і раптам працягнуў руку да дзвярэй пакоя.

- Вы тут жывяце? - ласкава запытала Паруля.

- Да шкоды, і адзін, - адказаў Амялюк, прачыніўшы дзверы.

- Цікава! - бязмэтна вымавіла Паруля і хутка ўвайшла ў пакоік.

Амялюк зачыніў дзверы.

- Вось маё гняздо - падабаецца?

Ён акінуў поглядам вузкі пакоік, цесна застаўлены ложкам, канапкаю, сталом ды двума крэсламі, і дадаў:

- Як мыш у нары... Халасцяк, бачыце; усё дачасна.

Паруля ўсміхнулася і хацела штосьці выказаць, як раптам пачуўся стук у дзверы.

- Уваходзьце! - падскочыў да дзвярэй Амялюк і прачыніў дзверы.

Налпам, абураны, ускочыў Павал.

- Ты вунь куды трапіла! - кінуўся ён да жонкі, абмінаючы Амелюка. - Дзяцей шукаеш? Марш адгэтуль...

Амялюк цяў плячыма і падбег да Паўла:

- Грамадзянін, у чым справа? Што-о вы гвалтуеце без дай прычыны...

Але Павал не заўважыў Амелюковых слоў і, лаячы жонку, гэтак жа раптоўна выскачыў з пакоя, як і ўскочыў у яго.

Паруля растрывожанай выйшла ўслед за ім.


VIII


Акцябрыны ў Цяцерак былі далёка да сканчэння, калі Павал з Паруляю, нечакана для гасцей і для гаспадароў, іх пакінулі. Таццяна і яе муж колькі ні ўпрошвалі іх застацца - нічога не пасабіла. «Трэба ісці абавязкова», - настойвалі абое - і Павал і Паруля - хаваючы прычыну свайго выходу.

Гаспадары правялі іх у двор, шчыра перапрасілі, каб не гневаліся за што-кольвечы, - асабіста за мажлівую нядбайнасць ды няўважлівасць да іх, і недаўменна вярнуліся ў кватэру.

Павал з Паруляю моўчкі ішлі па вуліцы каля гадзіны часу. Ніводзін з іх і не думаў вымавіць слова. Ніводзін нават не глядзеў на другога, адчуваючы глухую цвёрдую адчужанасць. Паруля на некалькі крокаў адставала ад Паўла, а той і не аглядаўся на яе.

Каб не канец вуліцы, якая ўперлася ў жоўты чатырохпавярховы мур і гэтым спыняла іх хаду, Сталовічы без дай рады выйшлі б у поле ці моўчкі блудзілі б па горадзе, пакорныя свайму абурэнню. Але ператочная вуліца разбіла маўчанку і спыніла іх бязмэтную хаду. Паруля першаю кінула Паўлу:

- Ты доўга думаеш цягацца, як сват без ума?

Павал суха і злосна адказаў:

- Маё дзела, - і тут жа выгукнуў: - Вазніца!

Мо на гоні ад іх, дзесьці за рагом хаты, затарахцелі па бруку конскія падковы. А хвілін праз пяць пад'ехаў рамізнік.

- На Савецкую, 10, колькі?

- Два з паловаю.

- Ты ўсшалеў!..

- Памілуйце, грамадзянін, гэта ж у другі канец горада.

- Два, і больш ні капейкі...

- Два з паловаю, - пераказаў рамізнік і адвярнуўся ад Паўла.

- Вязі! - злосна праказаў Павал і дадаў, не адварачаючыся да Парулі: - Садзіся... паводніца...

Калі абое ўселіся, Павал тым жа тонам прамовіў:

- Ты мне вось тут сядзіш з тваімі дзецьмі...

- Кінь, непрытомны, - не стрымалася Паруля.

І на гэтым перамаўленні гутарка між імі абмежавалася.

Тая ж цягучая маўчанка, што і да гэтага, ізноў завязла між абоіх, праводзячы іх да кватэры. Рамізнік некалькі разоў прабаваў выклікаць «грамадзян» на гутарку, але не атрымаў адказу. Нават пры расплаце Павал не вымавіў слова, цішком прасунуўшы рамізніку выцягнутыя з кішэні грошы. У яго нутры кіпела злосць на Парулю. Рой дзікіх, цудоўных думак круціўся ў яго галаве; паўставалі размаітыя дагадкі. І над усім гэтым, як здань, стаяла сцэна ў пакоіку Амелюка. «Што там магло быць? Чаму ўсё-ткі яна пайшла туды? Адурэе без дзяцей...»

Паруля зрабілася яму зненавіснаю, адваротнаю... Былі моманты, у якія ён не жахнуўся б, каб яна раптам упала нежывою.

З гэтым пачуццём Павал заснуў. З ім прачнуўся і цэлых два тыдні з ім не расставаўся. Хадзіў на службу, вяртаўся дамоў - роўна нахмураны, ваўкалакам, непрыветным. Калі і перакідаўся часамі словам з Паруляю, то выключна таму, што ўжо нельга было без яго абысціся. Але ў гэтых словах, як і ва ўсіх паводзінах Паўла, чулася ўпартая адзервянеласць душы, ліхамысная нядбайнасць да жонкі... як бы то была чужаніца якая ці проста жывёла.

Парулю гэта цяжка непакоіла, нервавала. Яна чула сябе загнанаю, прыніжанаю. І, занядбаўшы гонар, кожны дзень ці раніцою, калі Павал ішоў на службу, ці вечарам, калі ён варочаўся, парывалася звярнуцца да яго з словамі прабачэння, з перапрашэннем, ды ўсё не магла, не рашала, думаючы, што з гэтага нічога не выйдзе.

Але доўга цягнуцца так не магло, і Паруля пайшла на самаахвяру. Яна рашыла вымаліць у Паўла згоду вярнуць людскае абыходжанне з ёю.

Каб не абышлося дарма, яна надумала план гутаркі, падабрала словы, праверыла іх, ці не ўразяць яны Паўла, і, поўная трывогі, чакала яго прыходу.

«Толькі ён пераступіць парог, як я звярнуся да яго са словамі ўвагі», - разважала яна, хвалюючыся.

Але Павал запазніўся. Нервуючыся, Паруля не ведала, як хутчэй яго дачакацца. Паглядала ў акно, прыслухоўвалася каля дзвярэй; пачынала работу і тут жа кідала - не находзіла спакою. Нарэшце надзвычайная нервовасць выклікала новыя прыступы хваробы. Паруля не сцярпела і прылягла, занядбаўшы пра ўсё іншае і разам пра Паўла.

У гэтым стане яна не пачула, як адчыніліся дзверы, якіх яна нават забылася прышчапіць, не пачула, як Павал увайшоў у хату. Яе заставіў паварушыцца Паўлаў вокліч, паданы ім ад дзвярэй:

- Паруля... Паруля, ты спіш?

- Га?.. Хто-о там? - з боллю ў голасе адазвалася яна.

- Ты спіш?

- Не-е...

- Ты хворая? Баліць жывот?

Паруля не адказала.

Тады Павал паспешна, з надышоўшым сполахам, кінуўся да жонкі і, нагнуўшыся к ёй, заглянуў у вочы. Парулін твар быў белы, змучаны; у вачох хадзіла пакута. Павал папракнуў сябе за свае паводзіны і адвярнуў погляд у бок ад Парулі.

«Гэта я вінаваты».

- Паруля... Парулька... Даруй... Я разумею цябе... Мне таксама баліць сэрца аб тым самым, што і тваё. Можа, і праз мяне ўсё так склалася ў нашым жыцці...

Ён нахіліўся над Паруляю і, як бы перапрашаючы яе, заверыў:

- Ачунівай, і паедзеш у Ленінград да прафесара... Няхай ён праверыць дыягназ Дыдніка і скажа... Калі ўсё так, тады мы...

Павал скраў апошнія словы сказу цёплым пацалункам.

(1927)