Дэклярацыя Рады Случчыны (14 лістапада 1920 году)
Дэклярацыя Рады Случчыны Дакумэнт Аўтар: Рада Случчыны 14 1920 году Крыніца: Зьезд Случчыны – 14.11.1920 |
14 лістапада 1920 году ў Слуцку ў доме Эдварда Вайніловіча адбыўся Зьезд Случчыны. Зьезд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлях, і выказаў пратэст супраць бальшавісцкай акупацыі. |
Слуцк.
Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў лічбе 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сьведчыць, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову сваей Бацькаўшчыны.
Зьезд катэгорычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і да гэтуль, і мы, аддаючы справе адбудаваньня нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцьця, зьвертаемся да ўсяго сьвету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэньні нашай вайсковай сілы.
Шчыра вітаем нашу сястру Польшчу.
Прыняцьце ўхвалы было пакрыта воклікамі:
Няхай жыве вольная, незалежная, дэмократычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнографічных граніцах!
Няхай жыве Беларуская армія!
Няхай жыве беларускі народ!
Няхай жыве братэрства ўсіх славянскіх народаў!
Няхай жыве Беларускі Ўстаноучы Сойм!
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.