Дэклярацыя Сабору БПЦ у Менску (1922)

Дэклярацыя Царкоўнага Сабору ў г.Менску аб незалежнасьці Беларускае Праваслаўнае Царквы 10/23 ліпеня 1922 г.
Дэклярацыя
Аўтар: Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква
1922 год
Арыгінальная назва: Пастырям и Мирянам Православной Белорусской Церкви.
Крыніца: Сайт БАПЦ

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пастырам і Вернікам Праваслаўнай Беларускай Царквы.

Утварэньне Савецкай аўтаномнай Беларускай Рэспублікі дало магчымасьць зьдзяйсьненьня даўна насьпелага пытаньня пра вяртаньне Беларускай Праваслаўнай Царкве гэнае ейнае аўтаноміі, якая належала ёй раней і выклікаецца асаблівасьцямі народнага побыту й культуры.

Таму 10/23 ліпеня г.г. у Менскім катэдральным саборы, з удзелам усяго гарадзкога духавенства й прадстаўнікоў ад вясковага (да 60 чал.), пры вялізарным зборы веруючага народу абвешчана аўтаномія Беларускае Царквы, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларускае Савецкае Рэспублікі (Мінскае япархіі), з абвяшчэньнем япіскапа Менскага й Тураўскага Мельхісадэка Мітрапалітам Беларускім і Менскім, і з аднаўленьнем у найбліжэйшы час япіскапскіх катэдраў – Слуцкае, Бабруйскае й Тураўскае.

Беларуская аўтаномная Царква тымчасова, надалей да выпрацоўкі й зацьвярджэньня ў законна-кананічным парадку падрабязнага статуту пра кіраваньне ёю, кіруецца Царкоўнаю Ўправаю Беларусі, у складзе 4-х сьвятароў, 1-го клірыка і 1-го верніка, пад старшынствам мітрапаліта.

Выходзячы ад зьдзейсьненае цяпер ідэі аўтаноміі, пакладзенае ў падмурак абноўленага ладу кіраваньня Беларускае Царквы й знаходзячыся ў аднадумнасьці з такімі аўтарытэтнымі ярархамі, як мітрапаліт Уладзімерскі Сяргей і іншыя, якія заявілі асаблівым актам аб сваім вызнаньні В.Ц.У. [Вышэйшае Царкоўнае Ўправы] і законнасьці яе загадаў, Царкоўная Ўправа Беларусі лічыць В.Ц.У., якая мае месцазнаходжаньне ў Маскве, законным органам кіраваньня Царквы Расейскае да скліканьня Памеснага Ўсерасейскага Сабору, які ўсталюе форму кіраваньня Ўсерасейскаю аўтакефальнаю Царквою і ейнымі аўтаномнымі часткамі.

Прадстаўляючы сабою орган кіраваньня Беларускаю Царквою і з'яўляючыся носьбітам агульнацаркоўнае сьвядомасьці, Ц.У.Б. строга абмяжоўвае кола сваёй дзейнасьці вобласьцю царкоўных спраў Беларусі. Таму Ц.У.Б. не знаходзіцца й ня можа знаходзіцца ў некай залежнасьці альбо сувязі зь якімі-небудзь царкоўнымі альбо палітычнымі арганізацыямі, якія знаходзяцца як у Расеі, так і за мяжою, і накіраванымі на аднаўленьне класавага панаваньня, альбо падпарадкаваньня капіталістычнаму ладу, лічачы працягваньне падобных ідэяў справаю не царкоўнаю й вартым асуджэньня.

У справе-ж царкоўнага кіраваньня Ц.У.Б. ставіць зыходнай кропкай ідэю ўнатранага царкоўнага абнаўленьня згодна зь евангельскімі запаветамі й заветамі царквы Апостальскае, уносячы ідэі братэрства й роўнасьці й сьвядомасьць і жыцьцё веруючага грамадзтва, як асноўныя ідэі хрысьціянства.

Што ж тычыцца гэных гістарычных напластаваньняў, якія так ці йнакш прыгняталі й скоўвалі жывы дух Царквы, замінаючы ёй выконваць сваё вышэйшае прызначэньне – адухоўліваць жыцьцё людзей пачаткамі Вышэйшае Праўды, дык зьліквідаваньне іх Ц.У.Б. ставіць адной з першых сваіх задачаў. У той жа час рэагуючы чуйна ў бок пачынаньняў у вобласьці шырокага абнаўленьня царкоўнага жыцьця. Ц.У.Б. ня можа стаяць па-за сфэраю гэтых пачынаньняў і лічыць каардынаваньне сваіх дзеяньняў з вымогамі, якія ўзьнікаюць у агульнацаркоўным русе абнаўленьня, насьпелую патрэбаю часу й самога духа царкоўнага жыцьця.

Пастаўляючы ў вядомасьць аб усім вышэйзгаданым пастыраў і праваслаўную паству Царквы Беларускае, Ц.У.Б. зьвяртаецца да ўсіх сьведамых і жывых сілаў Царквы з палкім заклікам да брацкага адзінадумства і аднадушнасьці ў супольнай з ёю царкоўнай працы, а таксама да спакойнае і ўдумлівае ацэнцы царкоўных падзеяў і прымаемых царкоўных мерапрыемстваў. «Мір царкоўны» (Эф. 4.3) хай будзе мэтаю й канчатковым вынікам дзеяньняў усіх працаўнікоў на ніве Хрыстовай у гэты важлівы і адказны момант гісторыі нашае сьвятое Царквы.

Старшыня Мельхісадэк, Мітрапаліт Беларускі й Менскі.
Пратаярэй Ян Язьвіцкі.
Сябры Царкоўнае Ўправы Пратаярэй Аляксей Касьцючэнка.
Пратаярэй Стахван Кульчыцкі.
Беларусі: Пратаярэй Уладзімер Біруля.
Дзяк Х. Загорскі.
[Вернік] Уладзімер Сакалоў.
З сапраўдным дакладна: Сакратар Пратаярэй Антон Кіркевіч.