Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь
Дэкларацыя «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь» Дэкларацыя 1991 Арыгінальная назва: Декларация «О государственном суверенитете Республики Беларусь» Крыніца: Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь, 1991 г., N 31, ст. 536 |
Артыкулы ў Вікіпэдыі |
ДЭКЛАРАЦЫЯ
«АБ ДЗЯРЖАЎНЫМ СУВЕРЭНІТЭЦЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ»
Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 1990 г.[1]
Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь,
- выяўляючы волю народа Рэспублікі Беларусь, усьведамляючы адказнасьць за лёс беларускай нацыі, пацьвярджаючы павагу годнасьці і правоў людзей усіх нацыянальнасьцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, сьведчачы павагу да сувэрэнных правоў усіх народаў Саюза ССР і сьвету,
- лічачы рэспубліку паўнапраўным і незалежным чальцом сусьветнай супольнасьці,
- дзеючы ў адпаведнасьці з прынцыпамі Ўсеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека й іншымі агульнапрызнанымі міжнародна-прававымі актамі,
- урачыста абвяшчае поўны дзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасьць яе законаў, незалежнасьць рэспублікі ў зьнешніх зносінах і заяўляе аб рашучасьці стварыць прававую дзяржаву.
Артыкул 1
правіцьРэспубліка Беларусь — сувэрэнная дзяржава, усталяваная на аснове ажыцьцяўленьня беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэньне, дзяржаўнасьці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэньні свайго лёсу.
Неад’емныя правы Рэспублікі Беларусь як сувэрэннай дзяржавы рэалізуюцца ў адпаведнасьці з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права. Рэспубліка Беларусь ахоўвае і абараняе нацыянальную дзяржаўнасьць беларускага народа. Рэспубліка Беларусь мае свой герб, сьцяг і гімн. Любыя гвалтоўныя дзеяньні супраць нацыянальнай дзяржаўнасьці Рэспублікі Беларусь з боку палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў ці асобаў перасьледуюцца па законе.
Артыкул 2
правіцьГрамадзяне Рэспублікі Беларусь усіх нацыянальнасьцей складаюць беларускі народ, які зьяўляецца носьбітам сувэрэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў рэспубліцы. Ягонае поўнаўладзьдзе рэалізуецца непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы дзяржаўнай улады.
Права выступаць ад імя ўсяго народа рэспублікі належыць выключна Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 3
правіцьДзяржаўны сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь сьцьвярджаецца ў імя найвышэйшай мэты — свабоднага разьвіцьця і дабрабыту, годнага жыцьця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забесьпячэньня правоў асобы ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе міжнароднымі абавязнасьцямі.
Артыкул 4
правіцьГрамадзянства Рэспублікі Беларусь зьяўляецца неад’емнай часткай яе сувэрэнітэту. Рэспубліка ахоўвае гонар, здароўе, правы і законныя інтарэсы сваіх грамадзян, забясьпечвае іх сацыяльную абароненасьць. Яны знаходзяцца пад яе абаронай, перабываючы па-за межамі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка прымае ў грамадзянства і вырашае пытаньне аб выхадзе з грамадзянства.
Артыкул 5
правіцьЗямля, яе нетры, іншыя прыродныя рэсурсы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паветраная прастора зьяўляюцца ўласнасьцю беларускага народа, якому належаць выключныя правы валоданьня, карыстаньня і распараджэньня імі. Вызначэньне прававога рэжыму ўсіх відаў маёмасьці адносіцца да выключнай кампэтэнцыі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліка Беларусь мае права на сваю долю ў агульнасаюзнай маёмасьці адпаведна ўнёску беларускага народа і як рэспубліка-заснавальніца Савецкага Саюза, якая была яго правадзейным суб’ектам, мае права на сваю долю ад алмазнага, валютнага фондаў і залатога запасу СССР. Рэспубліка Беларусь утварае Нацыянальны банк, падпарадкаваны Вярхоўнаму Савету рэспублікі, стварае сваю фінансава-крэдытную сыстэму, пацьвярджае права ўласнасьці на спэцыялізаваныя банкі, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі на момант прыняцьця гэтай Дэклярацыі, арганізуе ўласныя падатковую і мытную службу, мае права на стварэньне ўласнай грашовай сыстэмы.
Артыкул 6
правіцьТэрыторыя Рэспублікі Беларусь зьяўляецца непадзельнай і недатыкальнай і ня можа быць зьмененая або выкарыстаная бяз згоды Рэспублікі Беларусь.
Усе пытаньні аб граніцах вырашаюцца толькі на аснове ўзаемнай згоды паміж Рэспублікай Беларусь і сумежнымі сувэрэннымі дзяржавамі шляхам заключэньня адпаведных дамоваў, якія падлягаюць ратыфікацыі Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 7
правіцьНа тэрыторыі Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і законаў Рэспублікі Беларусь.
Усе грамадзяне і асобы без грамадзянства, дзяржаўныя органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, якія знаходзяцца або дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаныя выконваць заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Разьмежаваньне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады зьяўляецца найважнейшым прынцыпам існаваньня Рэспублікі Беларусь як прававой дзяржавы.
Найвышэйшы нагляд за дакладным і аднастайным выкананьнем законаў Рэспублікі Беларусь ажыцьцяўляецца Генэральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, які прызначаецца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 8
правіцьРэспубліка Беларусь самастойна ўстанаўлівае парадак арганізацыі на тэрыторыі рэспублікі аховы прыроды, выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і забясьпечвае народу рэспублікі экалягічную бясьпеку.
Рэспубліка Беларусь мае права на пакрыцьцё страт, нанесеных ёй дзеяньнямі саюзных органаў, саюзных рэспублік і іншых дзяржаваў.
Рэспубліка Беларусь патрабуе ад Урада СССР безумоўнай і тэрміновай кампэнсацыі стратаў, зьвязаных зь пераадоленьнем наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Сваю свабоду і сувэрэнітэт Рэспубліка Беларусь у першую чаргу выкарыстоўвае на выратаваньне народа Рэспублікі Беларусь ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Артыкул 9
правіцьРэспубліка Беларусь самастойная ў рашэньні пытаньняў культурнага і духоўнага разьвіцьця беларускай нацыі, іншых нацыянальных супольнасьцей рэспублікі, у стварэньні ўласнай сыстэмы інфармацыі, адукацыі і выхаваньня.
Рэспубліка Беларусь забясьпечвае функцыянаваньне беларускай мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, захаваньне нацыянальных традыцый і гістарычнай сымболікі. Нацыянальныя, культурныя і гістарычныя каштоўнасьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца выключна ўласнасьцю рэспублікі і яе грамадзян.
Артыкул 10
правіцьРэспубліка Беларусь мае права на ўласныя Ўзброеныя Сілы, унутраныя войскі, органы дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі, падкантрольныя Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь.
Рэспубліка Беларусь мае сувэрэннае права вызначаць парадак і ўмовы праходжаньня яе грамадзянамі вайсковай службы, службы ў органах дзяржаўнай і грамадзкай бясьпекі, вырашаць пытаньні разьмяшчэньня войск і ўзбраеньня на сваёй тэрыторыі.
Ніякія вайсковыя фармаваньні іншых краінаў, іхнія вайсковыя базы і пабудовы ня могуць быць разьмешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь бяз згоды яе Вярхоўнага Савета. Рэспубліка Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а рэспубліку — нэўтральнай дзяржавай.
Артыкул 11
правіцьРэспубліка Беларусь самастойна ажыцьцяўляе правы на дабраахвотныя хаўрусы зь іншымі дзяржавамі і свабодны выхад з гэтых хаўрусаў.
Рэспубліка Беларусь прапануе неадкладна прыступіць да распрацоўкі Дагавора аб саюзе сувэрэнных сацыялістычных дзяржаваў.
Артыкул 12
правіцьПалажэньні дадзенай Дэклярацыі рэалізуюцца Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь шляхам прыняцьця новай Канстытуцыі (Асноўнага Закону) Рэспублікі Беларусь.
Заўвагі
правіць- ↑ Зьмяненьні ў Дэклярацыю ўнесеныя паводле Закону Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі «Аб найменьні БССР і ўнясеньні зьмененьняў у Дэклярацыю Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР і Канстытуцыю (Асноўны Закон) Беларускай ССР» ад 19 верасьня 1991 году.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.