Дэклярацыя ўраду БНР (25 сакавіка 1921)

Дэклярацыя ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцьцяй гадаўшчыны абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі
Дэклярацыя
Аўтар: Урад БНР
1921 год
Крыніца: Газэта «Наша Думка», № 18, 6 траўня (апрэля) 1921 г., б. 5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСКАЕ ЖЫЦЬЦЁ.

Дэклярацыя

Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі
з прычыны трэцьцяй гадаўшчыны абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці
Беларусі.

Дзень 25 сакавіка—нацыянальнае сьвята Беларусі.

Тры гады таму назад у сталіцы Беларусі, Менску, Беларуская Дзяржаўная Рада, выпаўняючы пастановы Ўсебеларускага Зьезду і баронячы Беларусь ад падзелу, абвесьціла наш край дзяржавай вольнай і ад нікога незалежнай.

Гэтай граматай былі паложаны галоўныя падваліны дзяржаўнага бытаваньня Беларусі:

а) што яна зьяўляецца дзяржавай працоўных мас Беларускай Народнай Рэспублікі і што граніцы яе абхопліваюць усе тыя землі, дзе ёсьць лічэбная перавага беларускаго народу.

в) што у гэтай народнай дзяржаве ўся зямля павінна належаць працоўнаму сялянству, як стану, на які дзяржава апіраецца,

с) што ўсім нацыянальным меншасьцям Беларуская Народная Рэспубліка забасьпячае ўсе грамадзянскія свабоды, поўнае роўнапраў‘е перад законам і культурна-нацыянальную аўтаномію.

д) што моцны парадак дзяржаўнага жыцьця Беларусі ва ўсіх галінах зацьвердзіць яе галоўны гаспадар — Устаноўчы Збор.

З таго дня і дагэтуль Урад Б. Н. Р. разам з старшынамі Дзяржаўнай Рады, як адзіная нацыянальная ўлада Беларусі, не пакідаў змагацца за правы свайго народу, вылажаныя ў гэтых пастановах.

Тры гады мінуло ўжо ў бязупыннай барацьбе. За гэты час на нашай зямлі гаспадарылі і гаспадараць варожыя сілы. Пераходзячы з краю ў край нашу Маці-Беларусь, чужацкія войскі палілі вёскі, руйнавалі гарады, пакідаючы за сабой голад і сьмерць.

З 1915 году мы ня можам адпачыць ад страшных жахаў вайны, ня можам пачаць спакойную творчую працу. Земля наша зруйнавана і дыміцца ад пралітай на ёй крыві. Ва ўсім жыцьці цяжкі заняпад.

Але моцна трымае Рэвалюцыйны Беларускі Урад у сваіх руках сьцяг незалежнасьці і непадзельнасці роднаго краю.

Пад гэтым сьцягам аб‘ядналіся лепшыя сыны Беларусі, за гэты сьцяг аддалі яны сваё жыцьцё, за волю народу гнояцца, яны ў концэнтрацыйных лагерах і турмах бальшавіцкіх і польскіх.

З гэтым сьцягам прадстаўнікі Ураду ішлі заграніцу і голасна пратэставалі перад урадамі сьвету і перад міліённым працоўным народам Эўропы супроць зьдзеку і гвалтаў чужакоў у родным краю.

Усюды, дзе толькі білася сэрца сыноў Беларусі, ва ўсе куткі Беларусі, Урад пасылаў слова надзеі, загады барацьбы за сваю праўду.

І цяпер, у дзень нашага нацыянальнага сьвята, у дзень 25 сакавіка 1921 г., перабываючы часова на тэрыторыі братняга нам літоўскага народу, мы клічам да цябе, Беларускі Народзе; і разам з табой да ўсіх народау, якія жывуць на Беларусі.

Ня вер чужынцам, што твая доля ужо вырашана. Раней дзялілі нас фронтам, цяпер улажылі граніцу, якой хочуць замацаваць разрыў твайго жывога цела.

Ня будзе гэтага.

Хочуць тваю зямлю замацаваць за польскімі панамі і маскоўскай камунай.

Ня будзе гэтага.

Хочуць насяліць да нас чужакоў, аддаўшы ім твае родныя полі, за якія ўміралі твае прадзяды і якія абліты тваей крывёю і потам.

Ня будзе гэтага.

Жыла Беларусь і будзе жыць.

За папаленыя будынкі, за рэквіраванае і паграбленае дабро павінна быць заплочана.

Пад сьцягам Б. Н. Р., па загаду свайго ўраду бійся за вольную і незалежную Беларусь, за яе непадзельнасць, за сваю зямлю і волю. Добра ведай, што ў барацьбе тваёй разарвецца ярмо, яркое накідаюць чужакі на тваю галаву, згінуць граніцы, якімі хочуць падзяліць бацькоў ад сыноў, дзяцей ад маці. Недалек ужо твой дзень, калі ты вольны загаспадарыш у сваей вольнай дзяржаве.

Слава тым, хто загінуў у барацьбе за Бацькаўшчыну.

Чэсьць усім тым, хто праліваў і пралівае кроў сваю за правы народу, за тых, хто таміцца ў ланцугох і за кратамі нянавідных вастрогаў.

Няхай жыве беларуская рэвалюцыя!

Няхай жыве працоўны беларускі народ!

Няхай жыве яго вольная дзяржава—Беларуская Народная Республіка.

Урад Беларускай Народнай
Рэспублікі.