Дэклярацыя ўраду БНР (25 сакавіка 1922)

Дэклярацыя ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі на чацьвертую гадаўшчыну абвешчаньня незалежнасьці Беларусі
Дэклярацыя
Аўтар: Урад БНР
1922 год
Крыніца: Часопіс «Белаурскі Сьцяг», № 1, красавік-травень 1922 г., б. 22-23

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дэклярацыя

УРАДУ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ НА ЧАЦЬВЕРТУЮ
ГАДАУШЧЫНУ АБВЕШЧАНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ

25. III. 1918—25. III. 1922.

Доўгія сталецьці зьдзекаваліся і гнятлі нас чужынцы—грабілі, абдзіралі, запрагалі ў ярмо. Крывёй нашайпрасякла беларуская земля,сьлязьмі прагорклі нашы воды. І ўбачылі, зразумелі і пераканаліся лепшыясынынашай многапакутнай бацькаўшчыны, што ня будзе жыць лепей беларускі гаротны народ да таго часу, пакуль ён не стане гаспадаром у сваей роднай старонцы, ня будзе жыць лепей датуль, пакуль ён будзе хадзіць у ярме, а чужынцы будудь панаваць на ім.

Гэтай думкай кіруючыся, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, выпаўняючы волю Першага Ўсебеларускага З‘езду, у Менску, у гэтым сэрцы паўстаўшай да новага жыцьця Беларусі, скінуўшай апошнія кайданы няволі маскоўскага царызму, 25. III. 1918 г. выдала Устаўную Грамату, абвешчаючы наш край вольнай і незалежнай народнай Рэспублікай.

Гэтым векапомным актам, прэдстаўнікі беларускага народу сказалі: чужога ня хочам—сваё беражом. Мы, беларусы-гаспадары на сваей зямлі! Гэтым актам яны падалі кліч на ўсю Беларусь бароцца за сваю зямлю, за сваю волю, за сваю ад нікога незалежную дзержаву.

Абвешчаючы незалежнасьць свайго роднага краю, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі спакладада свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсьніць яго нацыацальнадзержаўныя ідэалы: устанавіць на беларускай зямлі народна-рэспубліканскі лад, прадаць зямлю бяз выкупа тым, хто сам на ей працуе, устанавіць васьмігадзінны дзень працы, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак і хаўрусаў, бязумоўную свабоду сумленьня, незачэпнасьць чалавечай асобы і памешканьня, цьвёрда устанавіць і ўцелаісьціць усе грамадзкія, культурныя, рэлігійныя і палітычныя свабоды, надаць кождай нацыанальнай меншасьці ў краі праз свабодна выбраныя надыянальныя установы, поўнасьцю разьвіваць сваю родную культуру і, на раўне з дзержаўнай беларускай мовай, ужываць іх мову ва ўсіх дзержаўных установах рэспублікі.

У гэнай Устаўной Грамаце, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, рашуча пратэставала супроць Берасьцейскай умовы падзяліўшай на часьці Беларусь. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі станоўча заявіла, што ўсе старыя зьвязі, устанаўляныя насільствам маскоўскага царызму, даўшыя магчымасьць і Савецкай Расіі падпісаць за Беларусь мір у Берасьці—гэныя зьвязі трацяць уселякую моц.

Толькі сам беларускі народ, на сваім свабодна выбраным Усебеларускім Устаноўчым Зборы, можа аканчальна вырашыць сваю долю і, кіруючыся сваімі жыцьцёвымі інтарэсамі, ўвайсьці ў тую або іншую свабодную сувязь з сваімі суседзямі на аснове роўнапраўных старон.

Гэтакія былі паложаны падваліны ў аснову дзержаўна-незалежніцкага жыцьця вольнай Беларусі.

Беларусь хацела быць у згодзе з сваімі суседзямі, імкнулася працаваць на карысьць свайго эканамічнага і культурнага адраджэньня.

Але сталася інакш чымся думалі лепшыя сыны Беларусі.

Імпэрыалістычныя суседзі, карыстаючыся часовай перавагай сваіх збройных сіл, напалі на родны наш край, у моры крыві і сьлёз затапілі справядлівыя дамаганьні працуючых Беларусі.

З канца ў канец праходзілі нашу Маці-Беларусь чужацкія наездцы-акупанты. Руйнавалі нацыанальныя багацьці, зьніштажалі народны дабрабыт, грубай сілай штыка і кулямёта устанаўлялі свае парадкі гвалту, зьдзеку і самаўпраўства.

Турмы і канцэнтрацыйныя лагяры перапоўнены беларускай інтэлігенцыей, сьвядомымі работнікамі і селянствам.

Німа тае хаты дзе-б не было бязвінай ахвяры жорстка замучанай акупантамі.

Аднак,—ня гледзячы на ўвесь нечуваны тэрор акупантаў беларускі народ ні на адну хвіліну ня спыняў сваей упартай барацьбы.

У цэлым радзе паўстаньняў беларускі народ даказаў чаго ён жадае і да чаго як мага імкнецца.

Беларускі народ жадае быць вольным, жадае быць самаістым гаспадаром у сваім родным краі!

Выбраны Радай Беларускай Народнай Рэспублікі Урад праз увесь час моцна трымаў у сваіх руках сьцяг змаганьня за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі.

Але найбольш яскрава выявілася імкненьне беларускага народу да волі і незалежнасьці пад час паўстаньня ў Случчыне ў лістападзе і сьнежні 1920 году.

Слуцкае паўстаньне—гэта быў пратэст беларускага народу супроць Рыжскага міру паміж Савецкай Расіей і Польшчай, каторыя, выходзячы з прызнаньня права народаў на самаазначаньне, прызналі, ў пункце першым таго-ж Рыжскага дагавору, незалежнасьць Беларусі, а пасьля—незалежную Беларусь паміж сябе падзялілі, разарвалі на часьці жывы народны арганізм.

Ня гледзячы на тое, што Слуцкае паўстаньне было задушана з двох бакоў, гэта ё: маскоўскімі і варшаўскімі імпэрыалістамі—яно застаецца пуцяводнай зоркай у гісторыі беларускага вызвабадзіцельна—адраджэнчага і дзержаўна-незалежніцкага руху.

І вось, ад 25. III. 1918 г. ужо чацьвёрты год змагаецца беларускі народ за сваю волю і незалежнасьць. Многа лепшых сыноў Беларусі палягло за гэту сьвятую справу. Многа праліта за гэтыя чатыры гады бязьвінай беларускай крыві па палёх няроўняга змаганьня. Мы ня йшлі забіраць чужое, мы чатыры гады натужалі сілы нашы баронячы сваю зямлю, сваё дабро, свой гонар чалавечы ад тых, каторыя да нас прыйшлі грабіць і паняволіваць.

От-жа, Берасьцейскі мір дзяліўшы Беларусь на часьці самым жыцьцём ужо скасаваны. Рыжскі мір яшчэ трымаецца. Але нідалёка той дзень, калі Рыжскі мір будзе скасаваны. Гэты дзень не за гарамі. Надыходзе час, калі скрозь хмары цёмныя загляне к нам яснае сонца праўды і волі.

А пакуль не настане час вызваленьня, ніхай кожды беларус сам сабе скажа: не здамся крыўдзіцялю ворагу! Не схілю сваей галавы ў чужацкае ярмо!

Ніхай яшчэ дзень—другі, ніхай яшчэ год барацьбы, але перад намі воля і незалежнасьць. І вызвалім Беларусь! І скінем чужацкія ёрмы!

Народзе Беларускі!

Твая доля ў тваіх ўласных руках. Справа вызваленьня і адраджэньня тваей бацькаўшчыны — гэта ёсць справа тваіх мазольных рук.

Цясьней гуртуй свае рады пад сьцяг змаганьня за волю і незалежнасьць тваей Бацькаўшчыны.

Адзінай арганізаванай грамадой магутны дай атпор тваім крыўдзіцелям.

Толькі ў еднасьці і арганізаванасьці наша моць і сіла.

Не арганізованыя выступленьні павіны быць спынены.

Больш веры ў сябе, ў свае сілы!

Сьвяткуючы чацьвёртую гадаўшчыну, абвешчаньня незалежнасьці Беларусі, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі моцна верыць у творчы розум беларускага народу і заклікае стаць у рады актыўных змагароў усіх тых, хто ня хоча быць нявольнікам, хто сваё жыцьцё гатоў аддаць за долю і незалежнасьць Бацькаўшчыны.

Слава паўшым змагарам у няроўным баю!

Слава мучанікам. што тамяцца, ў зьненавіджаных вастрогах акупантаў, за вызваленьне бацькаўшчыны!

Ніхай жыве беларуская народная рэвалюцыя!

Прэч з Рыжскім мірам!

Ніхай жыве Беларускі працоўны народ!

Ніхай жыве вольная, незалежная і непадзельная Беларусь!

Урад Беларускай Народнай Рэспублікі.

25. III. 1922 году