Дэклярація Маршалка БНР Вярхоўнай Радзе Лігі Нацый

Дэклярація Маршалка БНР Вярхоўнай Радзе Лігі Нацый
Дэклярацыя
Аўтар: Пётра Крачэўскі
1922 год
Крыніца: Часопіс «Беларускі Сьцяг», № 4, жнівень-верасень 1922 г., б. 44-45

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дэклярація Маршалка Б. Н. Р.
Вярхоўнай Радзе Лігі Нацый

Дзеля таго, што 18 чэрвеня зьбярэцца ў Лёндане Вярхоўная Рада Лігі Нацый для абмярквааньня больш важных і неадложных пытаньняў, ў тым ліку і пытаньня аб меншасьцях у Польшчы, лічу патрэбным зазначыць нижэйпісанае:

Пытаньня аб меншасьцях як гэткага, ў Польшчы німа. Усе нацыі, акром польскай, адналькова прыгнечаны і ніводная з нацый у Сойме не прадстаўлена, акром жыдоўскай, бо ў часе выбараў у Сойм была апавешчана нацыанальная дыктатура, прадоўжаньнем якой быў і Віленскі сойм у студні месяцы гэтага году. У Польшчы ня можа быць ня польскай арганізацыі, а тым больш гаворачай не на польскай мове, хоць-бы яна аднасілася і саўсім лояльна да польскай дзяржаўнасьці.

Астаецца пытаньне аб акупаваных палякамі ня польскіх абшарах Беларусі, Украіны і Галічыны. Гэты меншасьці, калі, нават не лічыць немцаў, чэхаў, расійцаў і жыдоў, складаюць ня менш палавіны ўсяго жыхарства Польшчы — пытаньне аб іх і становіцца на парадак дня у Лёндане.

Мы, беларусы, катэгарычна адкідаем ўсякае супрацоўніцтва з палякамі ў форме меншасьці ў Польшчы. Абшары этнографічна беларускіх зямель павінны быць вернуты Беларусі ануляваньнем: Рыжскага міру і нават Кэрзона. Прызнаньне сувэрэнных правоў беларускага народу на гэтых землях будзе самай справядлівай разьвязкай беларускага пытаньня.

Быў час у 1919 и 1920 г. калі, здавалася магчымай думка супрацоўніцтва з Польшай на правох дабравольнай сувязі няўшчэрб незалежнасьці Беларусі, але пасьля таго, як. афіцыальна і ўрочыста ў Рызе 18. III. 21 абедзьвемі старонамі, Польшчай і Расіяй — была прызнана праклямаваная 25. II. 18 г. незалежнасьць Беларусі, а на мейсцох зьнішчана, ня толькі незалежнасьць, але і культурна-нацыанальная аўтаномія — ўсім папалітычным групоўкам Беларусі стала яўнай фальш і лжа польскай палітыкі.

Школы, дабрачынныя і культурныя арганізацыі, коопэратывы, нават цэркві, — ўсё тое, што выяўляла сабой беларускую нацыанальную ідэю, безпашчадна зьнішчалася Польшчай. З усяго, што было ў Беларусі, нават пры Немцах і бальшавіках, асталося толькі, для адводу вачэй, 9 беларускіх пачатковых школ, утрымліваных селянамі сваім коштам.

Усё жывое і змагаючаеся за ідэю беларускага адраджэньня часьцю разстрэляна, а ў большасьці морыцца дагэлуль у турмах і концэнтрацыйных лагерах Польшчы.

На ўсей Беларусі пануе гвалт і ўціск польскіх жандараў, разпраўляючыхся з жыхарствам ня горш савецкіх чэкістаў. Палякі — бальшавікі ўрукавічках —робяць ўсякія зьдзекі з ня меншай, чым камуністы жойстрасьцю, толькі спрытней скрытней ад воч Эўропы.

Памалу, але плянова, зніштажаецца палякамі беларуская нацыя, ня толькі нацыанальна, але прост фізычна.

Умысловае, культурнае і маральнае жыцьцё, Польшча кінула ў летарг.

Віленскі польскі унівэрсытэт. зьяўляецца ня мейсцам навукі для маладзежы, а моўніцай для пагромнай агітацыі супроць чужародцаў. Студэнты яго заўсёды акуратна прыймаюць удзел у арэштах і обысках беларусаў, літвіноў, жыдоў і нават у жыдоўскіх пагромах, як гэта мела мейсца 2 чэрвеня г.г. у Вільні („Gazeta Krajowa“ Nr. 144—4 VII. 1922)

Вярхоўная Рада Лігі Нацый, прыймаючы пад увагу ўсе гэты гвалты над нацыанальнасьцямі прылучанымі аружнай сілай да Польшчы, павінна сказаць свае цьвёрдае і рашучае слова ў абарону паняволеных нацый,

Пытаньне пякучае і неадложнае, Мы жджом. Разьвязка гэтых пытаньняў пакажа ўсім народам, за што стаіць Ліга Нацый — за справядлівасьць ці пагнобленьне.

П. Крэчэускі