Дэлегатка (1928)/Дэлегатка

Дэлегатка
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1928 год
У глушы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дэлегатка (Бядуля, апавяданьне).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЭЛЕГАТКА

Пара вачэй пільна ўглядалася ў печ. Гаспадыня зухавалася.

Вочы Аўгіні (так звалі гаспадыню) былі завяўшыя, з павуцінай зморшчынак вакол. Пломень з печы адбіваўся ў іх мутнаватым блескам, нібы ў затуманеным люстэрку.

Муць у вачох і павуціна вакол іх гаварылі, што Аўгіня ўжо доўгія-доўгія гады пазірае вось у гэту печ, стаіць так абаранкам скручаная і глядзіць-глядзіць на агонь, нібы бачыць у ім таямніцу жыцьця свайго. Малінавыя кудзерцы агню расчэсваюцца залацістымі пальцамі, сьмяюцца палаючыя вочы, з печы на Аўгіню гледзячы, і нібы кажуць бяз слоў:

— Навекі ты, Аўгіня, прыкута да нас, навекі.

Пух-пуўх-пуух! — трашчыць загнёт на гарачым гліняным подзе і сьмяецца-рагоча, абдаючы гаспадыню дымным жарам.

Варушыць Аўгіня вілачнікам гаршчкі, чапялой патэльню совае да вугольляў і клапоціцца. Яна сур‘ёзная, як той камандзір, які войска перакідвае з месца на месца, з фронту на фронт.

Твар гаспадыні асьвечваецца агнём, зморшчыны на шчоках глыбеюць, і ўсё яе аблічча выглядае глінянай патрэсканай пасудзінай.

Кожны рух старой гаспадыні — руплівасьць. Кожны яе паварот — заклапочанасьць. Кожны ўзмах рукі — кемнасьць, захапленьне.

Пакаштуе Аўгіня страву з гаршчка, памайстэрску губы зморшчыць, і ўсе рухі яе на хвіліну застываюць яна робіцца як бы з каменя.

Гэта яна ўважліва і крытычна прыслухоўваецца да смаку. Крутне галавой — значыць, яшчэ ня ўсё ў парадку. Як той аптэкар, асьцярожненька пусьціць пару абцугоў — закарэлых пальцаў — у круглую бярэсьціну, шчыпне некалькі драбінак солі і трусіць у страву. Так акуратненька сыпіць, што ні пыліначка солі на бок не страсянецца. Гэта яшчэ ня ўсё. Гаспадыня выцягвае губы трубкай, бровы накасурыць на гаршчок і кемным вухам прыслухоўваецца да бульканьня вады ў гаршчку. Нібы ў гаршчку знаходзіцца ўсё яе жыцьцё, якое варыцца і кіпяціцца. Як нейкую музыку, гаспадыня любіць бульканьне вады, прыслухоўваецца да малейшых перабояў і перазвонаў у гаршчку і, паводлуг гутаркі стравы, угадае, у якую хвіліну яда будзе гатова.

Гаршчкі — работа паміж іншым. У параўнаньні з галоўнай работай, гэта нават не работа, а так-сабе — глупства.

Галоўнае — бліны.

Тут Аўгіня чуецца, як тая рыба ў вадзе.

Пякчы бліны Аўгіні надта прыемна, бо гэта рэч нялёгкая. А чым цяжэй, тым прыямней. Тут ад пачатку да канца патрубуецца вялікі спрыт, кемнасьць і надзвычайная ўважлівасьць, што выпрацоўваецца практыкай многіх гадоў. Гэту работу трэба ўмець. Аўгіня ўмее.

На шырокім жаўтаватым, патрэсканым тапчане ў начоўцы, нібы мёд ліпавы, залаціцца рошчына, ахопленая сеткай бурбалак-пузыркоў.

Аўгіня кідае на патэльню шматок сала, белага, як сьнег, з празрыста-ружовым адценкам колеру неба на заходзе сонца. Так падсмажыць, што і сала многа ня выходзіць, і блін не прыстае да патэльні. Сала распусьціцца з лёгкім сквіргатаньнем па дне патэльні, пакрые яе глянцам, нібы наваксаваны бот у франта. Пасьля чабухне з вялікай дрыўлянай лыжкі рошчыны ў патэльню, пакруціць, паверне рукою патэльню ва ўсе бакі і — ж-ж-жух: расплываецца рошчына жоўтай паводкай, роўным круглым слоем.

Ад патэльні разыходзіцца густымі хвалялі смачны пах, які апетытна казытае ў нос, прыемна гладзіць горла i раскудзельваецца нявідочным туманам па ўсіх кутох і шчэлінах убогай хаткі.

Паставіць Аўгіня патэльню на под гарачы, воддаль ад агню, каб ня прыпёкся блін, пакруціць да агню ўсімі краямі, потым спрытна пераверне блін на другі бок: блін робіцца пульхным, прымае ружовы колер, нібы круглы твар маладой дзяўчынкі.

У Аўгіні нават і першы блін комам ня выходзіць.

Расьце стопка бліноў на белым абрусе, засланым на зэдліку, падымаецца ўгору, як той стог на балоце. Соваецца ўверх бліновая байка, сытная казка смачнай яды.

Па блінох Аўгіня як-бы чытае кнігу аднастайнага жыцьця свайго, чытае моўчкі, нічога нікому ня кажучы.

Усе дні тыдню Аўгіня з нецярплівасьцю чакае нядзелі, каб займацца сваёй улюблёнай работай — пякчы бліны.

Дзяцей у Аўгіні няма — і першы пачастунак ад бліноў маюць кот і певень. Яны галоўныя ацэншчыкі яе таленту. Бярэ яна блін, рве папалам, і дзьве палавінкі выходзяць роўненькія, нібы дно ад дайніцы, папалам разламанае. Кідае гаспадыня гэтыя палавінкі сваім гадунцам — кату і пеўню.

Кот есьць спакойна, аблізваючыся, а певень хутка дзяўбе блін і робіць яго на рэшата. Аўгіня расчульваецца і… падлівае ім распушчанага сала.

Глядзіць Аўгіня, як яны смакуюць бліны, і на яе твары ледзьве прыметна ўспыхвае ўсьмешка. Не такая ўсьмешка, як у большасьці людзей, пырскаючая аганёчкамі і вабячая вясёлымі іскрамі — не.

Дзіўная ўсьмешка ў Аўгіні — падобная да плачу. Твар нібы памылкова задумаў усьцешыцца, але зараз-жа папраўляецца, і ўсьмешка пераходзіць у грымасу плачу, нават вочы туманяцца сьлязьмі, толькі гукаў плачу ня чуваць.

Твар Аўгіні мае на гэта пэўную прычыну: ён прывык штодня моршчыцца ад плачу, і іншы выгляд ён ужо прыняць ня можа.

Прыдзе Яўхім (муж Аўгіні) п‘яны і зараз-жа бярэцца біць жонку.

За што? Чаму?

Вось нешта скрабе сэрца, чэшуцца рукі — біцца самі лезуць. А як на чужых наступіш, дык яны — дзіўная рэч, — як тая качарга, зараз-жа назад на лоб Яўхіма наскочаць. Ён, хоць п‘яны ў дрызг, а гэтага ня любіць.

А жонку бі, колькі ўлезе — ні словам не супярэчыць, бо такі закон сам поп ёй на ілбе напісаў, каб слухалася мужа.

Аўгіня — маўклівая, пакорлівая істота — ні словам не супярэчыць. Яго рукі за жонку, каб пабіць, а яе рукі за хвартух, каб выціраць ціханька сьлёзы…

Гэтак адбываецца бадай штодня. Абодва да гэтага прывыклі. Гэта як-бы запаўняе ўсё іх жыцьцё. Бяз гэтага — нудна.

У Яўхіма проста думкі прапахлі самагонам. У Аўгіні ў касьцях гарачыня ад кулакоў п‘янага мужа.

Рэволюцыя нібы абмінула іхнюю хатку. Вакол нешта шумела-мітусілася, а яны — як жылі, так і жывуць. Ня надта што ўцяміш у тым, што робіцца вакол, калі Яўхіму трэба гойсаць па хутарох і засьценках — самагонкі шукаць. Яго жонка ведае толькі хату, поле сваё і той блакітны блін неба, які вісіць над яе галавой. На парадкі ў хаце, на ўвесь нудны аднастайны быт жыцьця свайго Аўгіня мае адзін адказ:

— Так трэба!

Жыцьцё Аўгіні было роўнымі шалямі, якія заўсёды стаялі на адным месцы і ня зыбаліся ў бакі.

А вакол жыцьцё новае біла сьвежай крыніцай. Постаці людзей выпрасталіся. Вочы новым блескам гарэлі. У голасе адчувалася цьвёрдасьць, пэўнасьць. У кожным руху відаць было, што ранейшы лапатнік адчувае сябе гаспадаром над сабою і над усім акружаючым. Кожны разумее вартасьць, сэнс і радасьць жыцьця ў нейкім надзвычайным імпэце працы — працы не паасобку, дзе адзін на аднаго глядзяць, як на ваўка, а працы агульнай, дзе кожная зьяўляецца адным з вялікай кроўнай сям‘і — грамады.

Нават акружаючае: хаты, поле і лес у сваім старым выглядзе набылі новы зьмест, тварылі новыя настроі. Вялікі бунтар — грамада сарвала з прыроды луску папоўскай і вядзьмарскай забабоннасьці і страху. Усё апранулася ў сонечны блеск новых песень, новых разважаньняў і новых учынкаў. Прастор вабіў зусім іншымі казкамі — гэроічнымі казкамі барацьбы за лепшы лёс для людзей.

Паіншаму шарэлі імшалыя скрыні вясковых будынкаў, паіншаму зьвінела птушкамі даль палёў, паіншаму ківаў цёмназялёным шаломам лес, бо людзі іншымі вачыма на ўсё пазіралі, палаючымі сэрцамі атулялі-спавівалі ўсё навакол.

Сяляне зьбіраліся на сходы, абгаварвалі розныя свае справы: гарачыліся, злаваліся, разважалі, сумавалі, радаваліся.

Новыя словы нейкімі невядомымі птушкамі мітусіліся вакол: організацыя, коопэрацыя, выбары, узаемадапамога, трохполка, комсамол, хаты-чытальні, ліквідацыя няпісьменнасьці і г. д., і г. д.

Аўгіня чула гэтыя словы не на сходзе, дзе іх ясна тлумачылі, а з трэціх або чацьвертых вуснаў, дзе кожны пасвойму перарабляў гэтыя словы, калечыў іх, перакручваў, — і словы ў вушох Аўгіні аддаваліся дзівоснымі незразумелымі водгаласкамі. Яны зьвінелі, як нявідочны, але буйны град. Яны, словы гэтыя, блыталіся, як маток нітак. Кожнае з гэтых слоў Аўгіня прадстаўляла нейкай жывой істотай, надзвычайнай, нявідочнай да гэтага часу. Аўгіня адчувала нават як-бы асаблівы пах гэтых слоў: пах кажуха з махоркай, зьмешанае з потам. Гэтыя словы складваліся часам і ў рыфму, як „гарнізацыя“ (організацыя), „капірацыя“; „лікадацыя“ (ліквідацыя) і г. д. Гэтым яны яшчэ больш цікавы былі, набывалі таемную сілу, вабілі да сябе, як каляровыя пацеркі.

Вось як прабівалася рэволюцыя ў сэрца Аўгіні праз той нявідочны паркан, якім яна агарадзілася ад новага жыцьця.

Але аднаго разу здарылася нешта такое, што ўзварухнула роўнавагу жыцьця Аўгіні. Гэта было ў нядзелю, у дзень аўгініных бліноў.

Яўхім быў учора на сялянскім сходзе мо‘ ў першы раз за ўсе годы. Надзвычайны быў гэты сход: сяляне пастанавілі выдаць савецкай уладзе ўсіх самагоншчыкаў свайго сельсавету. Яўхіма гэта, што называецца, за жывое калупнула. Сягоньня раніцай ён абегаў усю аколіцу і ніводнай пляшкі сівухі не дастаў — баяліся даць.

Па скрыпе дзьвярэй, па адрывістым шлёпаньні лапцей, па строга-адчайнаму выразу вачэй Яўхіма Аўгіня зразумела, што сягоньня з яе мужыком нешта надзвычайнае чыніцца.

Жудасна ёй зрабілася ад таго, што Яўхім сягоньня ўвашоў у хату бяз п‘яненькіх частушак-песень, бяз шорханьня-хістаньня і гусінага перавальваньня з боку на бок.

Неяк нязвычна…

Спачатку Яўхім сеў на лаву і дзікім зрокам уткнуўся ў падлогу. Потым ён падняўся, пабляднеў і давай, як воўк, блыскаць вачыма, намацваць імі ўсе куткі, нібы адчуваючы там нейкага страшнага ворага, схаванага пад старымі бэбахамі.

Потым Яўхім утаропіў вочы ў жонку, якая задрыжала ад страху, як асінавы ліст.

У вачох і рухах селяніна было нешта такое паўнае, рашучае і халодна-рэзкае, нібы раптам знашоў таго, чаго ўсё жыцьцё сваё шукаў, нібы знашоў свайго заядлага ворага, якога во зараз зьнішчыць…

Твар Яўхіма крывёй наліўся, на ілбе, шыі выступілі жылы, нібы пляцёнкі кошыка: Яўхім пачаў біць вокны, пасуду, гаршчкі, перавярнуў начоўкі з рошчынай і рабіў страшны садом у хаце.

Аўгіня ня рухалася з месца, разявіла рот, як-бы паветра ёй не хапае, і вытарашчыла вочы…

Як на тлустага селядца, пасьля ёмкай выпіўкі, Яўхім накінуўся на сваю жонку…

Пачаў яе біць…

Біў яе, як ніколі да гэтага часу. Валачыў па падлозе, ірваў за валасы, комкаў яе цела кулакамі з нейкім надзвычайным смакам, ажно пена выступіла на яго губах. Гэты смак чуўся ў яго „г-г-ээ!!!“, якое вырывалася хрыпла з яго грудзей пры кожным удары, нібы ў дравасека, які рупна сякерай працуе.

Першы мо‘ раз у сваім жыцьці Аўгіня ня вытрымала — падняла громкае галошаньне-выцьцё.

Яўхім зьдзівіўся — ён ня прывык да такога адказу на свае пастаянныя бойкі, і спыніўся раптам. Разьмяк і асеў.

У страшным выглядзе жонка вырвалася, выскачыла з хаты.

За ёю, як звыкла, пабеглі кот і певень, якія ніколі не разлучаліся з ёю.

З прычытаньнямі і плачам ішла яна па вуліцы, ішла, перавальваючыся з нагі на нагу, пакалечаная, вымазаная, у брудзе, у парваных вопратках.

Не заўважала, як на яе суседзі зьдзіўлена паглядалі, ківалі галовамі; ня чула людзкіх запытаньняў: што? як? куды?

Сэрца Аўгіні кіпела, нібы вар у гаршчку. Думкі разгортваліся, мо‘ першы раз у жыцьці, так моцна, так шырака, нібы тоўстая трубка кужалю, якая доўгімі гадамі ляжала на самым дне кубла, ляжала нявыбеленая, вось толькі цяпер яе раскручваюць-раскладваюць на гумне пад сонцам.

Так Аўгіня ў думках сваіх разгортвала цяпер усё сваё жыцьцё. І першы раз ёй так крыўдна білася на мужа, на сваю вечную пакорлівасьць, на сваю цемнату…

Першы раз у жыцьці яе вечнае „так трэба зьмянілася на „так ня трэба“.

Аўгіня йшла ўсё шпарчэй і шпарчэй. У хаце за ўсе свае гады яна адвыкла думаць, была як нейкая няжывая рэч, прыстасаваная да печы, як вілачнік ці качарга, а тут, пры хадзьбе ў надзвычайным настроі, адчуваючы боль ва ўсім целе, думкі яе рваліся, нібы новы рой пчол з старога вульля, які шукае сабе новага месца.

Тут Аўгіня прыпомніла тыя незразумелыя словы, якія чула за апошнія гады рэволюцыі.

Гэтыя словы мігнулі ёй цяпер, як раптоўныя праменьні ў вочы. Словы гэтыя, таемныя і вабныя, нібы цапамі малацілі па яе сэрцы. Яна аж вочы зажмурыла і давай махінальна шаптаць гэтыя словы пільна прыслухоўвацца да іх.

Аўгіня пакіравалася раптам у тое страшнае месца, скуль расьсейваліся гэтыя словы, „дзе чорту душу прадаюць“, як гаварыў часта поп, — у хату-чытальню…

У гэтай вёсцы хата-чытальня была тым месцам, дзе зьбіраліся людзі на сходы, дзе чыталіся газэты, дзе „валаводзіў“ комсамол, куды прыяжджалі „ратары“ (оратары) з гораду, якія (як Аўгіні казалі суседкі) гаварылі баечна-пекна аб розных простых сялянскіх справах. Словам, хата-чытальня была тым месцам, дзе можна гаварыць аб усім, нават аб сваіх крыўдах…

Крыўд у сэрцы Аўгіні было шмат, перапоўнілі яе грудзі, як той званец, які збожжа глушыць на полі: першым чынам, крыўда на „бога“, які даў ёй такі горкі лёс (так тады думала Аўгіня); потым крыўда на мужа, шта вечна зьдзекваўся над ёю; пасьля на самаё сябе, што дагэтуль маўчала; у канцы „увесь сьвет“ (вёска і аколіцы) за тое, што не бараніў яе, што адносіўся да яе нібы-та няўважліва.

Вострым крэменем гэта крыўда драпала яе горла, гарачай жыжай па жылах расьцякалася, замыкала вусны жалезным замком, выціскала мутную расу з вачэй…

Вочы Аўгіні нібы дымам закурыліся. Яна была ў нейкім сьне на яве. Кожнае сваё пачуцьцё, думку Аўгіня павінна была бачыць, ашчупваць — іначай гэта ёй было няясна. Такім чынам бачыла яна гэту крыўду…

Аб крыўдзе Аўгіня шмат цікавых старасьвецкіх песень ведала, у якіх крыўда адмалёвана, як жывая, з галавы да ног…

Во, цяпер яна, крыўда, скаліць зубы вострыя з-пад гнілога, абросшага сьлізкімі губкамі, плоту. Во, сіняй, кагцістай рукою кліча Аўгіню. Во, урапілася за яе лапці і не дае ісьці. Во, хрыпла гавора да Аўгіні:

— А чаму-ж ты да гэтага часу са мною не ваявала? Я-ж заўсёды была з табою — пры блінох у хаце, пры жніве на полі. Чаму не ваявала?

— Бо была сьляпая і дурная! — адказвае Аўгіня на свае ўласныя думкі.

Аўгіня пры гэтым першы раз у жыцьці сьцісквае рукі ў кулакі і з пагрозай махае імі перад сабою.

— А цяпер чуеш мяне?

— Чую, чую ў болі сваім, — адказвае Аўгіня зноў на свае думкі. — Чую, што тут (яна ўжо падышла да хаты-чытальні) зьнімуць луску цемнаты з маіх вачэй.

Аўгіня адчыніла дзьверы і бокам усунулася ў хату-чытальню.

— Людцы добрыя, ратуйце! — крыкнула Аўгіня.

Шмат моладзі было ў пакоі. Перад Аўгіняй замітусіліся маладыя твары, гарачыя вочы.

Усе з зьдзіўленьнем кінуліся да яе.

— Якое няшчасьце? Што здарылася?

Розныя думкі, якія нядаўна жывымі ластаўкамі кружыліся ў галаве няшчаснай кабеты, цяпер заблыталіся, і яна не магла зьвязна апавядаць пра сваё гора.

Але людзі добра зразумелі, уцямілі, у чым рэч.

Галоўным чынам супакоілі цётку Аўгіню комсамолкі. Так лагодна з ёй гаварылі, так шчыра-ласкава на яе глядзелі, пранікаліся яе горам, ажно яе абдало нейкім надзвычайна-прыемным цяплом, і ўвесь боль яе сьціх, прытаіўся…


∗     ∗

Нібы ў казцы цудоўнай, перад Аўгіняй разгарнулася новае, цікавае жыцьцё.

Папершае, яе муж Яўхім пачаў менш піць і зусім перастаў біць яе, узяўся за наладжаньне сваёй гаспадаркі. Падругое, Аўгіня, як ні дзіўна, пачала вучыцца пісаць і чытаць.

Пальцы яе былі пакрыўлены, як сукі, у мазалёх, пасмаленыя ў печы, патрэсканыя ад працы. Аўгінінае жыцьцё можна было чытаць па яе руках — найлепшы жыцьцёпіс працоўных людзей. У руках відаць была ўся душа вясковай гаротнай кабеціны.

Гэтыя рукі болей усяго вызначаліся, калі ў школе граматы для дарослых яны месца сабе не знаходзілі на белай, як сьнег, паперы. Дрыжэлі рукі ад шастаньня паперы маленькімі дрыгаткамі і як-бы сароміліся, лезьлі часта пад стол, каб іх папера ня бачыла.

Гэтыя рукі, якія так спрытна ўвіваліся пры самай цяжкай сялянскай працы, тут страцілі сваю пэўнасьць і сілу. Пальцы ня складваліся добра, каб ручку трымаць; ручка здавалася Аўгініным пальцам стопудовай булавою.

Здавалася Аўгіні, што нічога на сьвеце няма мудрэйшага, як выводзіць атрамантам просьценькія палачкі на паперы — вось такія рысачкі, як на аўсяным коласе… (Гэта здавалася тэй кабеціне, якая, апрача майстраваньня бліноў, яшчэ ўмела ткаць найпякнейшыя паяскі, з самымі хітра-мудрымі ўзорамі: з грабелькамі, падкоўкамі, васількамі. Яна славілася гэтым на ўсю аколіцу). Ёй здавалася, што малюнкі вывадзіць куды лягчэй і жывей, чым простыя палачкі ставіць. Вось яна малюнкамі цэлую кнігу напісала-б…

Аўгіня пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй вялізарным жытнім полем, якога яна ня здолее зжаць. Але гэта было толькі першымі днямі. Пасьля яна звыклася і навучылася так-сяк пісаць і чытаць.

У хату-чытальню Аўгіня прыходзіла штодня. Наслухалася шмат цікавых рэчаў. Выступала на сходах з гутаркамі-прамовамі, і зусім іншым чалавекам зрабілася.

Думкі яе выходзілі наўзьверх яскравымі, ядранымі словамі, як тая рунь, што відавочна ў цяплыні вылазіць на сьвет з чорных грудзей тлустай глебы. Ранейшая маўклівасьць павялічвала запас яе думак і слоў. Яе талент да бліноў і паяскоў і наогул да сялянскай працы пераліўся цяпер у яе новую грамадзкую працу. А разам з гэтым яна ня менш, чым раней, працавала і ў хаце.

Аўгіня набыла да сябе павагі ня толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце. Калі хто з бяднячак была чым пакрыўджана — ішла за парадай да Аўгіні. Дзе ладзяцца чырвоныя хрэсьбіны ці вясельле — там Аўгіня рэй вядзе. Трэба сказаць, што набожнай яна ніколі ня была. Ніводнай папоўскай малітвы ня ведала. Аўгіня выкрывала самагоншчыкаў — іх лічыла сваімі заядлымі ворагамі, знахароў лаяла і будзіла цёмных, як яна раней, сялянак да лепшага жыцьця.

Аўгіня як-бы нанова на сьвет нарадзілася, яе заўсёды выбіралі дэлегаткай на зьезды кабет-працаўніц. На зьездах яна вельмі трапна ўмела гаварыць аб гаротным жыцьці сялянак на вёсцы.

Соткі вясковых хустак мітусіліся перад яе вачыма, лавілі кожнае яе слова, і сэрцы ўсіх дэлегатак біліся ў тахт з яе сэрцам. Паводлуг яе прамоў, заўсёды вынасіліся практычныя рэзолюцыі аб організацыі і працы кабет на вёсцы.

Шмат такіх Аўгінь бывала на зьездах, і Аўгіня там бачыла сваю праўдзівую сям‘ю.

У ваколіцы ўсе звалі Аўгіню „дэлегаткай“ і шмат аб ёй гаварылі, калі ў часопісі пабачылі яе портрэт.

Яе новае жыцьцё, цікавая праца зьнялі з яе твару вечны выраз плачу: вочы былі спакойныя, задумлёныя і сьмелыя, зморшчыны згладзіліся. Відаць было, што Аўгіня добра разумее, што яна адна з тых тысяч і мільёнаў, якія будуюць новае сьветлае жыцьцё для ўсіх працоўных.