Мцыры
Паэма
Аўтар: Міхаіл Лермантаў
1924 год
Арыгінальная назва: Демон (1839)
Пераклад: Макар Краўцоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!






М. ЛЕРМАНТАЎ.



ДЭМОН

З расейскае мовы пералажыў

КРАЎЦОЎ МАКАР.


Выданьне „Беларускага Выдавецкага Таварыства“.

ВІЛЬНЯ — — — 1926



М. ЛЕРМАНТАЎ.



ДЭМОН

З расейскае мовы пералажыў

КРАЎЦОЎ МАКАР.


Выданьне „Беларускага Выдавецкага Таварыства“.


ВІЛЬНЯ — — — 1926


ДРУКАРНЯ Н. ЛЕВІН і СЫН, ВІЛЬНЯ, НЯМЕЦКАЯ 22.

ДЭМОН.

Усходняя повесьць.

ЧАСЬЦЬ ПЕРШАЯ.

I.

Пануры Дэмон, дух выгнаньня,
Лятаў над грэшнаю зямлёй;
І дзён інакшых спамінаньне
Прад ім ляцела грамадой
Тых дзён, калі ў будынку сьвету
Ясьнеў ён, чысты херувім,
Калі ляцеўшую камэту
Ласкавым вокам агняцьвету
Віталі ангелы ўсе з ім;
Калі праз вечныя туманы,
Пазнаньня хочучы, сачыў
Сьвяцілаў вечных караваны,
Ў бязьмежжы зор калі ён быў.
Калі ён верыў ды любіў
Шчасьлівы першы сын тварэньня,
Ня ведаў злосьці, ні цярпеньня,
Ды не займаў тады яго
Вякоў бясплодных рад нямілы…
І вельмі шмат яшчэ — чаго
Прыпомніць ён ня меў наʻт сілы.

II.

Даўно, спракуджаны, лунаў
Па пушчы сьвету, дух пакуты.
І ўсьлед за векам век мінаў,
Як за мінютаю мінюта
Аднэй тэй самаю чаргой,
І быў ён панам над зямлёй
Ды сеяў зло без насалоды;
Нідзе мастацтву ён свайму
Ня меў ніколі перашкоды —
I зло абрыдла ўжо яму.

III.

І над вяршынамі Каўказу
Выгнанец раю нек ляцеў,
Пад ім Казьбек, як-бы з алмазу,
Адвечным сьнегам зіхацеў.
І для вачэй яго прынада,
Ўнізе нарой, будынкам гада,
Чарнеў, круціўшыся Дар‘ял,
Ды Тэрэк, пруткі як лявіха
З кудлатай грывай на хрыбце,
Роў паддзыгаючы… І ціха,
Кругі рабіўшы ў высаце,
Зьвяры і птушкі яго чулі,
І залатыя аблакі
На поўнач шлях тае ракі
З краёў паўдзённых пацягнулі.
І скалы цеснай грамадой,
Што таямніча там драмалі,
Над ім зьвісалі галавой,
Каб бачыць бліскаўшыя хвалі;
На скалах замкавыя вежы
Ў тумане родным, бы у адзежы
Ход да Каўкаскае зямлі
Магутна, грозна сьцераглі!
І дзікі й дзіўны быў там рух
На цэлы сьвет. А горды дух
З пагардай глянуў на твор Бога,
Што ўвесь знаходзіўся пад ім
І на чале яго нічога
Нек не адбілася саўсім.

IV.

І прад ім іншае краіны
Красы жывыя расьцьвілі;
Раскошнай Грузіі даліны
У вачох выгнанцавых былі,
Шчасьлівы, пышны край зямлі
Стаўпамі стаўшыя руіны
Ды быстра-гучны ручаі,
Іх дна каменны бліск алмазны
І рожаў лес, дзе салаўі
Пяюць красуняў безадказных
На шал салодкі іх крыві;
Чынараў вехістыя сені,
Па іх абвіты плюшч-круцень
Ды лёхі, дзе ў гарачы дзень
Трусьлівы туляцца алені;
Жыцьцё і бліск, і шум лістоў,
Стогучны гоман галасоў,
І подых тысячы расьлінаў
Паўдня салодкая часіна,
Калі пануе гэткі зной,
І тэй пахнючаю расой
Заўсёды змочаныя ночы,
І зоркі ясныя, бы вочы
Тае грузінкі маладой.
Але ад зайздрасьці і злосьці
Прыроды бліск не астудзіў
Грудзей бяз цела і бяз косьці:
Выгнанец гневам толькі й жыў —
І усё, што ён навокал відзеў,
Дарыў пагардай, ненавідзеў.

V.

Шырокі двор, высокі дом
Сівы Гудал пабудаваў…
Шмат працы й сьлёз ён каштаваў
З даўных-давён яго рабом.
На горы зраньня ў месцы том
Ад сьцен яго кладуцца цені;
Ў скале павыцяты ступені;
Яны ад вежы кутавой
Да рэкі йдуць, па іх лятае,
Закрыта белаю чадрой,
Тамара княжна маладая
З Арагвы сьветлае вадой.

VI.

Заўсёды моўчкі на даліны
Глядзеў са ска̀лы хмурны дом;
Але, вось, баль вялікі ў ём,
Гудзе зурна і льлюцца віны;
Гудал аддасьць дачку сваю;
На баль паклікаў ён сям‘ю.
На стрэсе, ўсланай дыванамі,
Паміж прыяцеляк яна
Усіх песьняў слухае, княжна.
Ўжо сонца горнымі вярхамі
Палова схована адна.
Ў далоні пляск вакол лятае,
Яны пяюць, і бубен свой
Бярэ Тамара-маладая —
І вось яна, адной рукой
Ім трасучы над галавой,
То раптам прэцца лётам птушкі,
То крыху спыніцца — глядзіць,
І нешта ў вочках зіхаціць
Вясёлай князевай дачушкі.
То брыўцам чорным павядзе,
То раптам схіліцца нек трошка,
І дываном плыве — ня йдзе —
Яе багінінская ножка;
І усьмяхаецца яна —
Дзіця вясёласьці — княжна.
І коска месяца, па рэчцы
Што сьцеле бліск багаты свой,
Наўрад ці роўна тэй усьмешцы,
Як жыцьце й моладасьць жывой.

VII.

Бажуся поўначы зарой,
Праменьнем захаду і ўсходу,
Ўладарнік Пэрсіі і той,
Дый на‘т ніхто з людзкога роду,
Як-бы ні быў між нас высока,
Не цалаваў такога вока;
Гарэму шустранькі фонтан
Ніразу, летняю парою,
Сваею жо́мчужнай расою
Не пападаў на гэткі стан;
Дый кожны хай запамятае,
Што нічыя рука зямная
Такой касы не распляла,
З часоў, як раю сьвет ня знае,
Бажуся, дзеўчына такая,
Пад сонцам поўдня ня цьвіла.

VIII.

Апошні раз яна скакала…
Як жаль! а заўтра ўжо чакала
Яе, насьледніцу Гудала,
Свабоды рэзвае дзіця,
Нядоля сумная рабыні
Ў саўсім чужой дасюль айчыне
І незнаёмая сям‘я.
І часта тайная трывога
Цямніла тварык залаты,
Але яна скакала строга,
Так рухаў стройных было многа,
Так поўна мілай прастаты,
Што калі-б Дэмон, мільгануўшы,
Ў той час на ўсю яе зірнуў,
Дык неба шчасьце спамянуўшы,
Ён адвярнуўся б і ўздыхнуў.

IX.

І Дэмон бачыў… На мігненьне
Бы нявымоўнае дрыжэньне
Ў сабе раптоўна ён пачуў.
Нямой душы яго пустыню
Гук дабрадзейны закрануў,
Ды йзноў уцяміў ён сьвятыню
Дабра і любасьці й красы…
І доўга постацяй дзяўчыны
Ён пацяшаўся і часы
Даўнейшай долі херувіма
Яму паўсталі прад вачыма
Іх пракацілася гара,
Як-бы за зоркаю зара.
І новы сум з нявіднай сілай
Абвіў спакой яго чала,
Чуцьця ў ім мова гаварыла,
Што роднай некалі была.
Ці-ж то прыява адраджэньня?
Ён словаў хітрых спакушэньня
Знайсьці ў душы сваёй ня мог.
Забыць? — забыцьця неяк Бог
Яму якраз тады ня даў,
Ды ён-бы гэтага й ня ўзяў.
................

X.

Загнаўшы добрага каня,
На баль вясельны, ў канцы дня,
Сьпяшыць малойчык нецярплівы.
Арагвы сьветлай ён шчасьліва
Дапяў зялёных берагоў.
Пад цяжкай ношаю дароў
За ім грамада вярблюдоў
Ідзе дарогай. І чуваць,
Як міла звончыкі зьвіняць…
Ён, сам уласьнік Сінадала,
Вядзе багаты караван.
Абвіты дзягай лоўкі стан;
Аправа шаблі і кінжала
Блішчыць на сонцы; за плячом
Вісіць і стрэльбачка на ём;
Гуляе вецер з рукавамі
Яго чухі;[1] вакол яна
Вісіць абшыўкай з галуна.
Узорна вышыта шаўкамі
Сядло; а вобруць з кутасамі;
Пад ім, бы ў мыле, конік той
Бясцэннай масьці залатой.
Гадунчык рэзвы Карабахай
Прадзе вушыма і ад страху
Храпе, зірнуўшы з круцізны
На пену рэзвае валны.
Шлях страшны й вузкі прыбярэжны:
Налева — прываль страмніны,
Направа — глыб ракі мяцежнай.
Дый позна. На вяршыне сьнежнай
Румянец гасьне; ўпаў туман…
Байчэй ступае караван.

XI.

І вось каплічка пры дарозе…
Здаўна̀ тут вечна сьпіць у Бозе
Якісьці князь, цяпер сьвяты,
Рукою помсьціча сьцяты.
На сьвята, з тых часоў, ці бітву,
Куды-бы хто там ні сьпяшаў,
Заўсёды шчырую малітву
Ён ля каплічкі адпраўляў;
Малітва тая ратавала
Ад мусульманскага кінжала;
Але забыў юнак-жаніх
Абычай прадзедаў сваіх —
Яго адважным лятуценьнем
Тут хітры Дэмон аплятаў:
У думках пад начною цемрай
Ён маладую цалаваў…
Раптоўна мільганулі двое,
І болей… Стрэлы… Што такое?..
Прыўстаўшы шустра на сядле,
Прыбраўшы шапку на чале,
Адважны князь ня гукнуў слова;
А руля — блісь тады, бы кол!
Бізунчык-лясь! і як арол
Ён паляцеў… і стрэл нанова!
І дзікі крык у цьме начной
Разьлёгся дзесь на дне даліны…
Нядоўга там цягнуўся бой:
Пайшлі, ўцякаючы, грузіны.

XII.

І сьціхла ўсё… Ды раз ня раз
На трупы горцаў там падчас
Жахліва вярблюды глядзелі,
І глуха, ў ціхай ночы час,
Іх роўна звончыкі зьвінелі.
Разьбіты пышны караван
І, вось, над целам хрысьціян
Лятае птушачка-начніца,
Ня жджэ іх ціхая грабніца
Пад цішынёй манастыроў,
Дзе дамавіны іх айцоў;
Ня прыдуць маткі й сёстры самі,
Пазатуляўшы твар чадрамі,
З тугою, плачам ды мальбамі
Здалёк на гроб іх паглядзець!
Затое клопатнай рукою
Ў зямлю загнаны пад скалою
Крыж будзе вечна зіхацець;
І плюшч, разросшыся вясною,
Яго даскава абвіне
Сваею сеткай ізумруднай;
Схіліўшы тут з дарогі труднай,
Няраз мо‘ хто іх спамяне
Й пад мілым ценем уздыхне…

XIII.

Імчыцца конь быстрэй, як лось,
Храпе, як бой пачуўшы, й вось
То раптам стане на бягу
Ды песьню — ветраву тугу
Вушыма ловіць… Раздувае
Шырока ноздры; то ізноў
Шыпамі гучна выбівае,
Зямля аж стогне ад падкоў;
Махнуўшы спушчанаю грывай,
Наперад куляю ляціць,
А на ім коньнічак маўклівы
Ня вольна на сядле сядзіць
На грыве галава ляжыць.
Ён ня кіруе павадамі,
Засунуў ногі ў страмяны,
І кроў шырока ручаямі
Чапрак фарбуе шарсьцяны…
О, быстры конь! свайго ты пана
З бітвы хоць вынес, як страла,
Ды асецінам куля дана
Яго у цемры дапярла.

XIV.

У сям‘і Гудала плач вялікі
Ў падворку тоўпіцца народ:
Чый гэта конь ляцеў, як дзікі
І ўпаў на камень ля варот?
Хто гэты коньнік атрупелы?
Таілі сьлед трывогі стрэлаў
Шнары чарнявага чала;
Ў крыві і вопратка і зброя;
Ў апошні раз ліхога воя
Рука на грыве замярла.
Нядоўга ўбачыць маладога
Пагляд твой, дзеўчына, хацеў —
Стрымаў ён князеўскае слова:
На баль вясельны прыляцеў…
Ды жаль! ніколі ўжо нанова
Ня сядзе ён на варанога!

XV.

На бесклапотную сям‘ю,
Як гром, зьляцела Божа кара.
Упала на пасьцель сваю
Дый плача бедная Тамара;
Сьляза сьцякае за сьлязой,
А ў грудзях нешта так бушуе…
І вось яна як быццам чуе
Чароўны голас над сабой:
„Ня плач, дзіця, ня плач напрасна!
Твая сьляза на труп няшчасны
Жывой расою не сьцячэ,
А толькі по́гляд муціць ясны,
Дзявочы тварык твой пячэ!
Далёка ён; ня будзе ведаць
Ужо цаны тугі твае,
Нябесны сьвет яго дагледзіць
І вочы згасшыя залье;
Ён чуе райскія напевы…
Жыцьця-ж ці варты чаго сны,
І плач і сьлёзы беднай дзевы,
Нішто для райскай стараны!
Не! лёс сьмяротнага тварэньня,
Павер зямны мне ангел мой,
Няварт адзінага мігненьня
Твае жуды так дарагой!
„Ў павятровым акіяне
Без вясла і без вятрыл
Ціха езьдзяць у тумане
Хоры стройныя сьвяцілю
Па палёх неаглядных
Неба, ходзяць без сьлядоў
Стады, вокам не злапаных,
Валакністых аблакоў.
Час разлукі, час спатканьня —
Ім ня радасьць, ня жуда,
Няма ў будучым жаданьня
Дый былога не шкада;
У чорны дзень свайго няшчасьця
Аб іх толькі спамяні,
Да зямнога бяз учасьця,
Будзь, і вольна, як яны!
„Як толькі ноч сваім пакровам
Вярхі Каўказу абкружыць,
Як толькі сьвет, магічным словам
Зачараваны, ўсё сьцішыць;
Як толькі вецер над скалою
Завялай варухне травою,
І птушка, схованая ў ёй,
Знайдзе начлег у цемры свой;
І ў цені вінаградных лоз,
П‘ючы, як мёд, расу нябёс,
Начная краска расьцьвіце;
Як месяц поўны ў цемнаце
З-за гораў ціханька устане
Ды на цябе нясьмела гляне —
Я да цябе пачну лятаць,
Гасьціць я буду да дзяньніцы
І на шаўковыя брывіцы
Сны залатыя навяваць“…

XVI.

Заціхлі словы… Ў аддаленьні
Апошні гук ужо памёр…
Яна, устаўшы, на прастор
Глядзіць навокал… Стукаценьне
Б‘е нявымоўнае ў грудзёх;
Жуда, ні то перапалох,
Уцехі жар — дый то ня той! —
Так пачуцьці кіпелі ў ёй.
Душа скідала свае путы,
Агонь па жылах паланеў,
А дзіўны голас, ёю чуты,
Зьвінеў, як быццам, ды зьвінеў.
І, перад раніцай, жаданы
Стуліў ей вочкі ціхі сон;
Ёй думкі ўсе стрывожыў ён
Прарочай мараю нязнанай:
Туманны нехта, незямны,
Нямы, бліскучы й так дзіўны
Над ёю, стаў ля галавы
Й вачэй агонь яго жывы
Так сумна на яе глядзеў —
Бы шкадаваць яе хацеў.
Ня быў ён ангел-жыхар неба,
Не вартаўнік яе, як трэба:
Вяночак радужны ня ўплёў
Яго раскошных валасоў;
Гэта ня пекла дух быў страшны,
Ня вечны мучанік — аскет!
Ён выглядаў, як вечар ясны:
Ні дзень, ні ноч, ні цьма, ні сьвет!

ЧАСЬЦЬ ДРУГАЯ.

I.

„Татулька мой! пакінь пагрозы
Свае Тамары ты ня лай.
Я плачу. Бачыш мае сьлёзы?…
Іх ты ня першыя пазнай…
Дарма зьбіраюцца чаргою
Сюды малойчыкі здалёк…
Нямала ў Грузіі дзявок;
Ня быць мне жонкай нічыёю…
Мяне ты, татачка, ня гань!
Штодня я вяну — толькі глянь,
Як-бы ахвяра злой атруты —
Мяне зьядае дух пакуты
Непераможнаю тугой;
Я гіну — зжалься нада мной!
Пара ў манашкі ўжо аддаці
Дачку дурненькую тваю:
Мяне Бог будзе ратаваці,
Прад Ім тугу маю пралью.
Няма ўжо ў сьвеце мне вясельля…
Спакоем цэрквы ахіне
Няхай пануранькая кельля,
Бы гроб той, загадзя мяне.

II.

І ў манастыр дзесь на адмежжы
Яе няшчасну адвязьлі
Ды валасянаю адзежай
Дзявочы грудзі спавілі.
Ў манашкі вопратцы зьвісанай,
Як і калісьці пад парчой,
Тэй самай думкаю ліхой
Хварэла сэрца гэтак сама.
На‘т і ў такі ўрачысты час
Аўтарных сьвечак зіхаценьня
Знаёмая, сярод маленьня,
Ёй мова чулася няраз.
Пад стольлю хмарыстага храму
Абраз знаёмы інады.
Бяз гуку й сьледу поўз тады;
У тумане лёгкім фіміаму
Зарой блішчаў ён заўсягды
І вабіў, клікаў… а куды?

III.

У халадку, між двух узгоркаў,
Туліўся манастыр сьвяты;
Чынараў, топаляў знадворку
Ланцуг навокал быў густы.
І прапушчаць яны умелі
Сьвет лямпаў з вокнаў цеснай кельлі
Падчас начное цемнаты.
Там у цяньку міндальных дрэваў
Быў цэлы хор птушыных сьпеваў,
Дзе ўбіты сумны рад крыжоў
Нямых магільных старажоў.
Ў каменьнях цэлыя сузор‘і
Крыніц — шумелі грамадой
І пад навісшаю скалой,
Так дружна зьліўшыся ў міжгор‘і,
Кустамі булькалі далей
Праз тонкі красачак іней.

IV.

Было відаць на поўнач горы.
Пры бліску ранешняй аўроры,
Калі сінявенькі дымок
Курыць сабе ў глыбі даліны,
Й на усход падаўшы галасок,
Маліцца клічуць муэзіны;
І гукаў звонавых паяс
Дрыжыць, сьвятыню абуджае
У мірны і ўрачысты час;
Калі грузінка маладая
Даўгі збанок нясе з вадой
Па роднай горачцы крутой —
Вяршыны стужкі сьнегавой
Сьветла-бліскучаю сьцяной
На небе чысьценькім блішчалі,
А ў час заходу адбівалі
Румянай яснасьцю адной.
Між іх стаяў у хмарах мутных
За ўсіх найбольшы галавой
Казьбек, Каўказу цар магутны,
Ў чалме й адзежы парчавой.

V.

Ды, поўна думкі тэй праступнай,
Тамары сэрца недаступна
Уцехам чыстым. Ёй хутчэй
Сьвет цэлы ценем чорным скуты,
Ўсё у ім — прычына для пакуты
І раньня сьвет і цьма начэй.
Бывала толькі но́чы соннай
Зямлю прахлада абвядзе,
Дык перад Божаю іконай
Яна бяз розуму ўпадзе
І плача; і ў начным спакоі
Той плач і гора так цяжкое
Ўсіх падарожных непакое,
Здаецца ім: „Во горны дух
У лёхах стогне недзе скуты“!
І конь, утраціўшы паслух,
Мацней жанецца з тэй мінюты…

VI.

Ў тузе́ і ў страху, век адна
Тамара часта ля вакна
Сядзіць з задумай адзінока
І ў даль глядзіць манашкі вока
Дый жджэ дзень цэлы у бядзе…
Ёй нехта шэпча: „ён прыдзе!“
І не дарма яна ўсё сьніла,
Ён не дарма зьяўляўся ёй
І пазіраў нек сумна-міла
Са словаў ласкаю дзіўной.
Шмат ужо дзён ёй гэтак сьніцца
И сама ня ведае чаму;
Сьвятым захоча памаліцца,
А сэрца моліцца яму;
Утоме барацьбы паслушна,
Як толькі ў ложак ляжа спаць —
Пячэ падушка… страшна… душна,
Й трывожна мусіць зноў устаць.
Дрыжаць ёй грудзі, млеюць плечы.
Ў вачох туман, а ні дыхнуць!
І цягне рукі насустрэчу,
Цалункі ў вуснах ужо чуць…
................
................

VII.

Ўжо вечар лёгкаю імглою
Узгоркі Грузіі адзеў.
Прывычкай жыўшы дарагою,
Ў сьвятыню Дэмон прыляцеў.
Але ён доўга нек ня сьмеў
Чапаць прытулішча сьвятога
Й быў міг настрою на‘т такога,
Калі, як быццам, ён гатоў
Пакінуць быў свой плян страшэнны.
Ў задуме ля высокіх сьценаў
Ён ходзіць; ад яго шагоў
Бяз ветру ліст дрыжыць у цені.
Ўгару ён зірк! яе вакно
Ад лямпы зьзяе ў зіхаценьні;
Кагосьці жджэ яна даўно.
І вось сярод агульнай цішы
Чынгара[2] гук са сьценаў вышы
І словы песьні разьлягліся;
І тыя гукі так ліліся,
Як сьлёзы, стройна сакавіта;
І песьня мілая гула
Бы на зямлю толькі зыйшла,
А ў небе зложана была.
Ці то ня ангел з кім забытым
Ізноў сустрэцца захацеў,
Тайком сюды сабе зьляцеў
Ды пра былое загудзеў,
Каб тым яго пацешыць змогу?..
Тугу каханьня і трывогу
Адчуў наш Дэмон першы раз…
Ён адляцець гатоў са страху —
Крылом ня можа даць ні маху!
І цуд! з вачэй, дзе сьвет пагас,
Сьляза цячэ, быць можа з жаху…
Дасюль яшчэ ля кельлі той
Наскрозь відаць прабіты камень
Сьлязой гарачаю, бы пламень,
Не чалавечаю сьлязой…

VIII.

І ўходзіць ён кахаць гатовы
З душой адкрытай для дабра
І думае: зажыць нанова
Прышла жаданая пара.
Няясны лёс яго чаканьня,
Страх невядомасьці нямой,
Як-бы раз першы пры спатканьні
Пазнаўся з гордаю душой;
Ліхое гэта прадказаньне…
Ўваходзіць ён, аж перад ім
Пасланьнік раю — хэрувім,
Вартуе грэшніцу ён красну,
Стаіць з асьветленым чалом;
Ад ворага, з усьмешкай яснай,
Вось затуліў яе крылом…
І раптам сьвет сьвятога зьзяньня
Нячысты вочы асьляпіў,
Замест салодкага вітаньня
Цяжкі дакор яго схапіў:

IX.

— „Дух беспакойны, грэхаводны!
Хто ў поўнач клікаў це́, нягодны?
Ня твой-жа тутака і сьвет;
Зла ня было тут і ў спаміне!
К маёй ты любасьці й сьвятыні
Пакінь вясьці зладзейскі сьлед!
Хто клікаў це́?“
А як шкілет,
Злы дух са злосьці усьмяхнуўся,
Забліскаў зайздрасьцю пагляд —
У злой душы зноў варухнуўся
Даўнейшай ненавісьці яд.
„Яна мая! — сказаў ён грозна —
Пакінь яе! яна мая!
Ты бараніць зьявіўся позна,
І ёй, як мне, ты ня судзьдзя.
На сэрца поўнае гардыні
Паклаў пячатку я сваю;
Тут больш няма твае сьвятыні;
Тут я паную і люблю!“
І ангел сумнымі вачамі
На душу грэшную зірнуў
Ды, размахнуўшыся крыламі,
Ў эфіры неба затануў…
................

X.

Тамара.

Ой, хто ты? Кажаш так нягожа
Цябе паслаў мне ад, ці рай?
Чаго ты хочаш?

Дэмон.

Ты прыгожа!

Тамара.

Але ж ты хто?.. Адказ мне дай!…

Дэмон.

Я той, каторага, бывала,
Ў начной ты чула цішыне,
Аб кім душа твая шаптала,
Чыю тугу ты адгадала,
Абраз чый бачыла у сьне;
Я той, хто ўсю надзею губіць,
Як толькі жыць яна пачне,
Я той, каго ніхто ня любіць
І век жывое ўсё кляне.
Нішто прасторы мне і го́ды;
Я біч рабоў маіх зямных,
Нябёс я вораг, зло прыроды,
І бачыш я ля ног тваіх!
Табе прынёс я ў уміленьні
Малітву любасьці свае.
Зямное першае мучэньне
І сьлёзы першыя мае.
Ты пашкадуй майго маленьня!
Мяне нябёсам і дабру
Вярнуць сваім магла-б ты словам;
Тваім каханьнем, як пакровам,
Адзеты, нёсься-б я ўгару,
Як новы ангел ў бліску новым.
О, толькі выслухай, малю!
Я раб твой, я цябе люблю!
Як толькі я цябе увідзеў,
Дык тайна раптам зьненавідзеў
Бясьсьмерце й сілу ўсю сваю.
Я пазайздросьціў мімаволі
Няпоўнай радасьці зямной,
Ня жыць, як ты, ня мог я болей,
Мне страшна розна жыць з табой.
Ў бяскроўным сэрцы сьвет няжданы
Ізноў гарэць пачаў жывей,
Туга на дне старое раны
Заварушылася, бы зьмей.
Што без цябе мне гэта вечнасьць?
Маіх абшараў бесканечнасьць?
Пустых і гучных словаў рой,
Царква бяз постаці сьвятой!

Тамара.

Пакінь мяне, о, духу смуты!
Ня веру ворагу! Маўчы!…
Тварэц!… ня буду ўжо й магчы
Маліцца… гібельнай атрутай
Аслабшы розум мой абнят.
Паслухай-жа, мяне ты губіш;
Гук тваіх слоў — агонь і яд…
Скажы, нашто мяне ты любіш?

Дэмон.

Нашто, красуня? Ды нажаль,
Ня ведаю! Жыву нанова
З праступнай галавы, як шаль,
Я горда зьняў вянок цярнёвы;
Я усё былое кінуць змог;
І пекла й рай ў тваіх вачох!
Люблю цябе саўсім іначай,
Так палюбіць ня можаш ты:
Усей натураю гарачай,
Бясьсьмерцем думак залатых.
Ў душы маёй з пачатку сьвету
Адбіты твой-жа быў абраз,
І прада мною ён ня гас
Ў эфірнай велічы сусьвету.
Ў трывожну думку мне даўно
Імя салодкае запала;
І ў іншы, райскі час адной
Тады цябе мне не хапала.
Ой, калі-б ты магла пазнаць,
Якое горкае тамленьне
Жыцьцё, вякі без разьдзяленьня,
У шчасьці, ў горы прабываць,
За зло пахвалаў не чакаць
Ні за дабро вынаграджэньня;
Жыць для сябе, тужыць сабой
І гэтай вечнай барацьбой,
Усё чуць вечна, ведаць, відзець
Ды проці волі ненавідзець,
І ўсім на сьвеце пагарджаць!…
Як толькі Божае пракляцьце
Збылося, дык у тыя-ж дне
Прыроды цёплае абняцьце
Навек астыла для мяне…
Сінелі прада мной прасторы,
Вясельны бачыў я уборы
Сьвяцілаў, ведамых даўно,
Ўсіх залатым вянком абнятых!
Ды што-ж? ранейшага субрата
Ці-ж пазнавала хоць адно?!
Выгнанцаў, як і сам няшчасных,
Я клікаць, змогшыся, пачаў,
Але-ж твароў, вачэй няясных
Нажаль! я й сам не пазнаваў.
Са страху крыльлямі махнуўшы
Я паляцеў… па што? куды? —
Ня ведаю! Ўвесь сьвет мінуўшы
Мяне адкінуў, а тады
Ўвесь сьвет мне стаў, як рай, такім
І безгалосым і глухім.
Па волі шустрага цячэньня,
Так трэска бітага чаўна,
Без парусоў, бяз кіруна
Плыве сабе без прызначэньня;
І гэтак ранешняй парой
Кавалак хмары грамавой,
Адзін высока ўсё чарнее,
Нідзе спыніцца не пасьмее
Й ляціць бяз мэты, без сьлядоў
Куды? Адкуль, з якіх краёў?
І я людзьмі нядоўга правіў
Грашыць нядоўга іх вучыў,
Усё ў іх людзкае няславіў
І ўсё прыгожае тапіў
Нядоўга… Пламя чыстай веры
Заліў навек я лёгка ў іх…
І варты-ж хоць трудоў маіх
Адныя дурні й ліцамеры?
Схаваўся я тады між гор,
Пачаў блудзіць, як мэтэор,
У цемры поўначы глыбокай…
Яздак імчаўся адзінокі
Блізюткім змануты агнём,
І ў прорву лецячы з канём,
Дарэмна клікаў… сьлед крывавы
За ім курэў па круцізьне…
Ды злосьці цёмныя забавы
Нядоўга мілы былі мне.
Ў вайне з магутным гураганам
Як часта я віхрыцца мог,
Адзеты громам і туманам,
У вечна ціхіх аблакох,
Каб у стыхіі тэй мяцежнай
Дакоры сэрца заглушыць,
Ўцячы ад думы неадбежнай,
Незабывальнае забыць!
Што повесьць горкая цярпеньняў,
Бяды і працы ўсіх людзей
Мінулых, новых пакаленьняў
Перад мінютаю аднэй
Маіх нясьпісаных мучэньняў?
Што людзі, мучацца-жывуць?
Яны прайшлі. Яны мінуць!
Жыцьцю і працы ёсьць капут.
Ёсьць і надзея: правы суд;
Ён мой даруе, хоць засудзе!
Мая-ж туга нязьменна тут,
І ёй канца, як мне, ня будзе,
Й не задрамаць у гробе ёй!
Яна то лашчыцца зьмяёй,
То зіхаціць, пячэ як пламень,
То думку душыць, быццам камень
Маіх загінуўшых надзей
Незруйнавальны маўзолей!

Тамара.

Нашто мне знацца з тэй тугою,
Нашто мне жаль твой, ты дзіўны,
Ты саграшыў…

Дэмон.

Ці-ж прад табою?

Тамара.

Пачуць нас могуць…

Дэмон.

Мы адны.

Тамара.

А Бог?

Дэмон.

Ня зьверне ні пагляду —
Заняты небам не зямлёй!

Тамара.

А ка̀ра? пекла? Знойдзеш раду?…

Дэмон.

Дык што-ж? Ты будзеш там са мной!

Тамара.

Хто-б ты ні быў, друг нязвычайны;
Навекі страціўшы спакой,
Нявольна я з уцехай тайнай
Спакойна чую голас твой.
Але-ж мо‘ ты маніш ласкава,
Мо‘ ашуканай буду я?…
О, зьлітуйся!… якая слава!…
Нашто табе душа мая?
Няўжо для неба я дарожай
За ўсіх, няўгледжаных табой?
Яны ж таксама, вось, прыгожы;
Як тут, дзявочае іх ложа
Ня зьмята грэшнага рукой!…
He! дай мне прысягу страшную…
Скажы — ты-ж бачыш, я сумую
З свае жаноцкай думаты!
У душу нявольны страх пушчаеш…
Ды ўсё, што трэба ведаць, маеш
І, пэўна, зьлітуешся ты!
Бажыся мне… ліхіх жаданьняў
Зрачэшся? чуць хачу сама!
Няўжо-ж прысягаў, абяцаньняў
Ненарушымых больш няма?…

Дэмон.

Бажуся першым днем тварэньня
Й канцом яго — апошнім днём,
Ліхой пагардай праступленьня
І вечнай праўды хараством;
Бажуся ўпадку горкай мукай,
Удех кароткаю парой,
Тым, што сустрэўся я з табой
Ды новай, грознаю разлукай;
Бажуся натаўпам усіх,
Падданых мне, духоў нячэсных
І зброяй ангелаў нябесных,
Нясьпячых ворагаў маіх;
Бажуся небам я і а̀дам,
Зямной сьвятыняй і табой,
Тваім апошнім мо‘ паглядам,
Тваею першаю сьлязой,
Тваею райскаю красою,
Шаўковых хваляй валасоў;
Бажуся шчасьцем я й бядою,
Каханьнем, што ў табе знайшоў —
Бо зрокся помсты я старое
І горкіх думак, ты павер,
Нікога хітрасьцю благою
Не патрывожу ўжо цяпер;
Хачу я з небам памірыцца,
Хачу любіць, хачу маліцца,
Хачу я верыці дабру.
Сьлязой раскаяньня сатру
Я на чале цябе дастойным
Усе нябесныя агне
І сьвет няведаньнем спакойным
Хай дацьвітае без мяне!
О, вер мне: толькі я адзіны
Цябе пазнаў і ацаніў,
Сваею выбраўшы сьвятыняй
Табе я ўладу ўсю злажыў!
Твайго каханьня жду, як дара,
І вечнасьць дам табе за міг;
Бо у злосьці, ў любасьці, Тамара,
Павер — нязьменны я й вялік
Цябе, як вольны сын эфіру,
Зраблю царыцай сьвету я —
Адзенеш зорную парфіру
Ты — дружка першая мая;
І ўжо бяз літасьці й учасьця
Пачнеш глядзець на зе́млю ты,
Няма ні шчырага дзе шчасьця,
Ні вечна краснай яснаты,
Дзе праступленьні толькі й казьні,
Дзе дробным радасьцям і жыць
Ды дзе ня ўмеюць без баязьні
Ні ненавідзець, ні любіць.
Сама-ж ты бачыш, што такое
Людзей мінютная любоў —
Крыві іграньне маладое!
Але йдзе час і стыне кроў.
Хто устаіць проці разлукі,
Пакусы новай пекнаты,
Проці утомы ад прынукі
І сваявольля думаты?
Не! не табе, мне данай доляй,
Прызначыў лёс вялікі твой,
Завянуць моўчкі ў цесным коле
Зайздроснай грубасьці рабой,
Між маладушных і халодных
Людзей — благіх прыяцялёў,
Баязьняў і надзей бясплодных,
Пустых і цяжкіх век трудоў!
Панура за сьцяной высокай
Ты не пагасьнеш без надзей,
Хоць і ў малітвах, а далёка
І ад багоў і ад людзей.
О, не! прыгожае стварэньне,
Інакшы лёс табе раўня —
Цябе жджэ іншае цярпеньне,
Уцехаў іншых глыбіня!
Дык кінь ранейшыя жаданьні
І бедны сьвет яго судзьбе:
Бяздоньне гордага пазнаньня
Ўзамен адкрыю я табе.
Натоўп духоў маіх падданых
Да ног тваіх я кіну сам;
Чароўных, лёгенькіх служанак
Табе, прыгожая, я дам;
З усходняй зоркі залатое
Сарву вянок, ён будзе твой,
Вазьму з квяток расы начное,
Яго абсыплю тэй расой;
Румяным променем заходу
Твой стан, бы стужкай, ахіну
І чыстым, дзіўным пахам мёду
Ў паветра вольнае дыхну!
На ўвесь час музыку ўвяду я,
Каб забаўляць цябе адну;
Палацы пышныя збудую
Я з бірузы і бурштыну;
Спушчуся я на дно марское,
За аблакі мяне ўзьнясець,
Я дам табе ўсё, усё зямное —
Кахай мяне!…

XI.

І ён ледзь-ледзь
Прыткнуўся ціхенька губамі
Да губаў здрыгваўшых яе;
Пакусы поўнымі славамі
Аплёў слых дзеўчыны свае.
Магутны ўвесь глядзеў у вочы,
Паліў яе. У цемры ночы
Прад ёю бліскаць ён пачаў;
Ніхто яго не адагнаў.
Нажаль, злы дух трыумфаваў!
Сваей атрутай цалаваньня
Раптоўна ў сэрца ёй унік…
І ў ціху ноч жахоўны крык
Стрывожыў роўнае маўчаньне…
У ім было ўсё: бяда, каханьне,
Дакор з апошняю мальбой,
І безнадзейнае расстаньне
З жыцьцём і з доляй маладой.
................

XII.

У той час паўночны стораж сівы
Вакол сьцяны крутой адзін,
Там варту робячы, руплівы
З чугуннай дошкаю хадзіў;
Ля кельлі дзевы маладое
Ён скараціў свой мерны шаг,
Руку над дошчачкаю тою
Спыніў, пачуўшы нейкі страх,
Ды ў цішы роўнай, у маўчаньні
Яму здалося — чуе ён
Двух вуснаў дружных цалаваньне,
Мінютны крык і ціхі стогн…
Штось, бы няпэўнасьць вечна люта,
Старому сэрца заліло…
Але прайшла яшчэ мінюта —
І сьціхла ўсё; здалёк было
Чутно, што з ветрыкам нясло
Лісткоў маркоту палахлівых
Ды рэчкі з берагам санліва.
Шаптаньне горнае гуло.
Канон да нейкага сьвятога
Пачаў ён з страху гаварыць,
Каб гэтым на́кідзь духа злога
Ад грэшных дум сваіх адбіць;
Свой лоб пасьпешна ён жагнае;
Трывогу гонячы з грудзей
І моўчкі густа ужо ступае
Старою сьцежкаю далей.
................

XIII.

Ой, як-жа ж мілаю была
Яна, ў труне калі ляжала;
Бялей, чысьцей, як пакрывала.
Быў томны від яе чала.
Навекі стулены брывіцы…
Але тут хто-ж бы не сказаў,
Што бліск вачэй толькі драмаў
І дзіўны-дзіны толькі ждаў
Ці пацалунку, ці дзяньніцы,
Але дарма ім дзень сьвяціў
Ды струйкай золата пясьціў;
Дарма сьлязьмі іх палівалі
Ўсе сваякі ды цалавалі…
Не! сьмерці вечную пячаць
Нішто ня можа ўжо садраць!

XIV.

Ніразу ў часе дзён вясёлых
Тамарын так ня быў убор
Багаты й колерны на узор:
Пук красачак, нарваны ў горах
(Так даўні трэбуе абрад),
Над ёю лье свой арамат,
І мёртвай сьціснуты рукою,
Бы расстаецца ён з зямлёю.
І твар яе нічым ані
Не гаварыў у цішыні
Пра скон у шчасьці й насалодзе;
І рысы ўсе яе былі
Красою лепшай на зямлі,
Бы мрамар роўныя ды годзі,
Саўсім бяз розуму й чуцьця,
Як тая сьмерць — канец жыцьця.
Усьмешка дзіўная іграла
На вуснах нек то тут, то там,
Бы пра тугу яе казала
Яна уважлівым вачам.
З усьмешкі тэй пагарда біла
Душы гатовай адцьвітаць.
„Бывай!“ як быццам гаварыла
Яна зямлі, было чуваць.
Дарэмны бліск жыцьця былога
Яна мярцьвей глядзела нек
Дый безнадзейней так намнога
За вочы, згасшыя навек.
Так у заходу час настаўшы
Калі, у золаце растаўшы,
Дня калясьніца уцячэ,
Каўказу сьнег, хаця мігненьне
Пурпурам зьзяючы яшчэ
Блішчыць у цёмным аддаленьні;
Дый паўжывы праменьчык той
У пушчы бліску ня прымеціць
І шлях нікому не асьвеціць
З свае вяршыны ледзяной.

XV.

Радня й суседзі грамадою
Ў дарогу сумную ўжо йдуць.
Махнуўшы сівай галавою,
Б‘ючыся ў грудзі як-нібудзь,
Гудал апошні раз рушае
На белагрывенькім кані,
Вось і паехалі. Тры дні
Тры ночы шлях у іх займае.
Паміж касьцей старых дзядоў
Прытулак ёй ужо гатоў.
Адзін з тых прашчураў Гудала,
Грабежнік сёлаў і людцоў,
Калі хвароба ўжо скавала
Й час пакаяньня надыйшоў,
Грахоў сваіх у выкупленьне
Будову цэрквы абяцаў,
Дзе толькі кудасы гудзеньне,
Каршун дзе толькі й залятаў.
І хутка між сьнягоў Казьбека
Падняўся адзінокі храм
Ды косьці злога чалавека
Зноў супакоіліся там;
І стала звацца дамавінай
Скала — сваячка аблакоў:
Як быццам там ля небясоў
Цяплейша вечная хаціна;
Як быццам далей ад жывых
Апошнім сном найлепей сьпіцца
Дарэмна! трупам ня прысьніцца
Ні сум, ні радасьць дзён былых!

XVI.

Ў эфіры сіненькім сусьвету
Ўжо нехта з ангелаў сьвятых
Ляцеў на крыльлях залатых
І грэшну душачку ад сьвету
Нёс у абняцьцях ён сваіх.
Надзеі словам штомінюты
Яе няпэўнасьць разганяў
І сьлед праступку і пакуты
Ужо сьлязьмі з яе змываў.
Здалёк і рай, цудоўна граўшы,
Ужо ім чуўся — раптам рух:
Дарогу вольну перацяўшы,
З бяздоньня злы узьняўся дух.
Ён дужы быў, як віхар шумны,
Блішчэў, як громава струя,
І горда, у злосьці неразумнай,
Казаў адно: „Яна мая“!
І жах малітвай заглушаўся,
Калі да ангельскіх грудзей
Яна тулілася мацней.
Далейшы лёс яе рашаўся:
Ізноў прад ёю ён стаяў.
Ды хто-ж б тут яго пазнаў,
З якою злоснаю быў мінай,
Атрутай дыхаў ён адзінай
Вайны, згубіўшае пару;
Ды веяў холад дамавінны
Ад нярухомага твару.
„Згінь, дух пануры праграшэньня“
Пасланьнік неба адказаў:
„Даволі ты трыумфаваў,
Але суда ўжо час настаў,
І мудра Божае рашэньне!
Дні спробы цяжкае прайшлі;
З адзежай тухлаю зямлі
Ўсе путы зла з яе ўжо спалі.
Пазнай, даўно яе мы ждалі!
Была душа Тамары з тых,
Чыё жыцьцё — адно мігненьне
Невытрывальнага мучэньня
І ўцехаў вечных, залатых;
Тварэц з эфіру-агняцьвету
Жывыя выткаў струны іх,
Яны ня створаны для сьвету
І створан сьвет не для такіх
Цаною жорсткаю скупіла
Яна няпэўнасьці свае…
Яна цярпела і любіла
І рай адкрыўся для яе“!
І ангел, строга так казаўшы,
На спакушальніка зірнуў
Ды, крыльля радасна падняўшы,
У зьзяньні неба затануў.
Пракляў тут Дэмон зваяваны
Свае лятункі, й як раней,
Ізноў застаўся з гордай ранай
Адзін на сьвеце, ўсюды гнаны,
Ўжо без каханьня й без надзей.

§
§

На схіле каменнай гары,
Над Кайшаурскаю далінай,
Яшчэ стаяць да тэй пары
Там старадаўнія руіны.
Расказаў страшных для дзяцей
Аб іх яшчэ паданьні поўны…
Прыявай памятнік бязмоўны
Аб днёх тых сьведчыць найпрасьцей,
Бо міжы дрэвамі чарнее.
Ўнізѐ рассыпаўся аул,
Зямля цьвіце ды зелянее;
І галасоў нястройны гул
Губляецца, і караваны!
Ідуць здалёк пад гук званка.
І, расьцінаючы туманы,
Блішчыць і пеніцца рака.
Й раскошай вечна маладою,
Прахладай, сонцам і вясною
Прырода цешыцца з жыцьця,
Як бесклапотнае дзіця.
Ды сумны за̀мак, адслужыўшы
Чаргу так некалі сваю,
Як бедны старац, перажыўшы
Прыяцялёў і ўсю сям‘ю.
Й чакаюць месяца усходу
Яго нявідны жыхары:
Каб меці сьвята і свабоду,
Гудзець-ляцець па тэй гары.
Сівы павук, пустыньнік новы
Прадзе там сець з свае асновы;
Зялёных яшчарак сям‘я
Па стрэсе весела гуляе
І асьцярожная зьмяя
З глыбокіх нораў выпаўзае
На ганку быўшага зубцы:
То раптам гнецца ў тры кальцы,
То ляжа доўгай паласою,
І сьвеціць, як булатны меч,
Забыты ў полі дауных сеч,
Больш непатрэбны ўжо герою,
Бо той наклаўшы галавою…
— Ўсё дзіка там. Няма сьлядоў
Гадоў былых: рука вякоўна
Старанна доўга іх зьмятала;
І ўжо пазнаць няма з чаго
Пра імя слаўнае Гудала
Й дачушку мілую яго!
А цэрква на крутой вяршыне,
Дзе ўзяты косьці іх зямлёй,
Хавана ўладаю сьвятой,
Дасюль віднеецца сьвятыняй;
І ля варот яе стаяць
На варце чорныя граніты,
Пластамі сьнежнымі пакрыты.
І на грудзёх, бы латы знаць,
Ляды адвечны зіхацяць.
Абвалаў сонныя грамады
З уступаў, быццам вадаспады
Марозам скованыя ў лёд,
Вісяць, няўпаўшыя на спод.
І там завея вечна ходзіць,
Здувае пыл з муроў старых,
То песьню доўгую заводзіць,
То аклікае вартавых.
Пачуўшы весткі ў аддаленьні
Аб цэркве гэтай стараны,
З усходу воблакі адны
Ляцяць гуртом на пакланеньне;
Сям'я магільных плітак сьпіць,
Над ёй няма каму тужыць.
Скала панурага Казьбека
Здабычу умее старажыць,
І вечнай жальбе чалавека
Іх вечнай цішы ня змуціць.


Ліпень-Кастрычнік
1925 г.
в. Баброўня.

  1. Верхняя вопратка з адкіднымі рукавамі.
  2. Чынгар, чынгара — від гітары.
  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.