I
«Куды? Ну-ж гэтыя паэты!»
— Час развітацца мне з табой. —
«Я не трымаю; але дзе ты
Праводзіш кожны вечар свой?»
— У Ларыных. — «Вось гэта дзіўна.
Даруй! ды хіба не праціўна
Табе штовечар там сядзець?»
— Ані. — «Мне цяжка зразумець.
Адсюль відаць, што за мясціна:
Найперш — скажы, ці правы я? —
Зазвычай руская сям’я.
Прыём старанны і гасцінны,
Варэнне, гутарка заўжды
Пра лён, пра стайню, пра дажджы…»
II
— Не бачу тут вялікай шкоды. —
«Ды нудна-ж, вось бяда, мой друг».
— я ненавіджу свет ваш модны;
Мілейшы шмат мне хатні круг,
Дзе я магу… — «Ізноў эклога!
Даволі, мілы, дзеля бога.
Шкада, што едзеш ад мяне.
Ах, слухай, Ленскі, як бы мне
Зірнуць хоць на Філіду гэту.
Прадмет і думак, і пяра
І слёз, і рыфм et cetera?
Прадстаў мяне». — Жартуеш. — Дзе там!"
— я рад. — «Калі ж?» — Хоць гэты ж час.
Яны з ахвотай прымуць нас.
III
Паедзем. —
Паскакалі другі,
З’явіліся; чакаюць іх
Цяжкія іншы раз паслугі
Гасцінных звычаяў старых.
Абрад вядомы пачастунку:
Нясуць на сподачках ласункі,
На столік ставіцца тады
Збанок бруснічнае вады.
………………….
………………….
………………….
………………….
IV
Яны дамоў што духу гоняць
Дарогай самаю прамой.
Паслухаем, пра што гамоняць
Героі нашы між сабой.
— Ну што, Онегін? Пазяхаеш.
«Прывычка, Ленскі». — Выгляд маеш
Маркотнейшы. — «Не, як раней.
Аднак у полі ўсё цямней;
Хутчэй! Андрушка, паспяшаем!
Вось нейкая дурная цьма!
Дарэчы: Ларына сама
Надзвычай мілая старая;
Вось каб з бруснічнае вады
Мне не нажыць якой бяды.
V
„Скажы: каторая Тацяна?“
— Тацяна? Сумная яна,
Маўклівая, нібы Святлана,
Зайшоўшы села ля вакна. —
„Няўжо ты меншую кахаеш?“
— А што? — „Мне лепш была б другая,
Калі б паэтам мог быць я.
Пазбаўлен Вольгін твар жыцця,
Нібы ў Вандыкавай мадонны:
Чырвоны, круглы твар яе,
Як дурань месяц, што ўстае
На небасхіл дурны і сонны“ —
Владзімір суха адказаў
І ўсю дарогу скрозь маўчаў.
VI
Між тым Онегіна з’яўленне
У Ларыных для ўсіх было
Падзеяй, поўнаю значэння
І ўсіх суседзяў заняло.
Пайшла дагадка за дагадкай,
Ўсе сталі гаманіць украдкай
Судзіць і кпіць не без граха,
Тацяне ладзіць жаніха;
А іншыя і так казалі,
Што шлюб наладжаны зусім,
Але адкладзены затым,
Што модных кольцаў не дасталі.
Вяселле ж Ленскага, яно
Рашылася ў іх даўно.
VII
Тацяна прыкрасць адчувала
Ад плётак; але прад усім
Яна з уцехай небывалай
Міжвольна думала аб тым;
Запала ў сэрца думка цмяна;
Пара прышла, прышло каханне.
Так зерне, што ў зямлю лягло
Цяпло вясновае ўзняло.
У ёй даўно ўжо ўяўленне
Чакала з негай і тугой
Пажывы неадхільнай той;
Даўно сардэчнае тамленне
Распальвала ў грудзях агонь;
Душа чакала… хоць каго.
VIII
І прычакала. Свет адкрыўся.
Яна сказала: гэта ён!
Увы! Цяпер усе ночы, дні ўсе,
І жаркі і самотны сон,
Ўсё поўна ім; ўсё дзеве мілай
Нязмоўчна чарадзейнай сілай
Пяе аб ім. Дакучны ёй
І словы гутаркі жывой,
І зірк прыслужнікаў ласкавы.
Яна у засмучэнні злым
Гасцей не слухае зусім
І праклінае іх забавы,
І нечаканы іх прыезд
І без канца даўгі прысест.
IX
Цяпер з якім яна стараннем
Чытае мілы свой раман,
З якім жывым ачараваннем
Прывабны п’е яна абман!
Шчаслівай сілай летуцення
Адухаўлёныя стварэнні,
Каханак Юліі Вольмар,
Малек-Адэль і дэ. Лінар,
І Вэртэр, мучанік бунтоўны,
І незраўнаны Грандысон,
Які на нас наводзіць сон,
Для летуценніцы чароўнай
Зліліся вобразам жывым
Ўсе у Онегіне адным.
X
Сябе зрабіўшы гераіняй
Сваіх любімейшых тварцоў,
Кларысай, Юліяй, Дэльфінай,
Тацяна ў цішыні лясоў
Адна са здраднай кніжкай ходзіць,
У ёй шукае і знаходзіць
Лятункі, жар таемны свой,
Узняты сэрца паўнатой,
Ўздыхае, думкі і настроі
Другіх прысвоіўшы сабе,
На памяць шэпча пра сябе
Ліст да любімага героя…
Герой жа, хто б не быў там ён,
Напэўна быў не Грандысон.
XI
Высокім складам, важным строем,
Тварэц натхнёны ў даўні час
Паказваў нам свайго героя
Як дасканаласці абраз.
Меў у яго прадмет абраны.
Заўжды загнаны беспадстаўна,
Высокі розум, сэрца жар
І надзвычайна гожы твар.
Ў пачуццях чыстаты выключнай
Заўжды захоплены герой
Быў рад ахвяраваць сабой.
І пры канцы главы заключнай
Заўсёды несла кару зло,
Дабро ж услаўлена было.
XII
А сёння думкі ўсе ў тумане,
Мараль даводзіць нас да сна,
Няцнота слаўна і ў рамане,
Перамагае там яна.
І музы англійскай навіны
Трывожаць мірны сон дзяўчыны
І стаў цяпер яе кумір
Або замыслены Вампір
Або Мельмот, бадзяка спрытны,
Ці вечны жыд, або Сбогар,
Або загадкавы Карсар.
Лорд Байран прымхаю дасціпнай
Схаваў у змрочны рамантызм
І безнадзейны эгаізм.
XIII
Браточкі, што ж за сэнс у гэтым?
Магчыма, судзіць неба мне,
Што я пакіну быць паэтам,
Чорт новы ўселіцца ў мяне,
І, супраць Фебавай пагрозы,
Я зніжуся да сціплай прозы:
Раман на лад даўнейшых год
Вясёлы зойме мой заход.
Не боль якіх злачынстваў тайных
У ім я грозна пакажу,
А проста вам перакажу
Сям’і расійскае паданні,
Кахання радасныя сны
Ды звычай нашай старыны.
XIV
Перакажу апавяданні
Ці бацькі, ці каго з дзядзькоў,
Дзяцей наўмысныя спатканні
Пад ліпамі, ля ручайкоў;
Няшчаснай зайздрасці пакуты,
Мір са слязамі, смутак люты,
Зноў пасвару, і пад канец
Я павяду іх пад вянец…
Я помню словы негі палкай,
Маркотнага кахання сказ,
Які калісці, ў даўны час
Ля ног прыгожае каханкі
Прыходзяць часта на язык —
Ад гэткіх словаў я адвык.
XV
Тацяна, мілая Тацяна!
З табой цяпер я слёзы лью;
Ты ў рукі моднага тырана
Ўжо долю аддала сваю.
Загінеш ты; але да часу
Ты ў сваёй надзеі яснай
Уцеху цёмную завеш,
Жыцця ты негу пазнаеш,
П’еш дзіўнае пітво жаданняў,
І мары ўсюды за табой:
Усюды бачыць погляд твой
Прытулкі радасных спатканняў;
Усюды, ўсюды прад табой
Спакуснік вызначаны твой.
XVI
Тацяну гоніць сум кахання,
У сад ідзе яна тужыць,
Схіляе вочы нечакана,
І ўжо ёй лень далей ступіць:
Ўзняліся грудзі, і ланіты
Раптоўным полымем пакрыты,
І подых заняло ў грудзях,
І ў вочах бляск, і шум у вушах…
Ноч прыдзе; месяц абыходзіць
Высь неба вартаю начной
І салавей у цьме глухой
Напевы гучныя заводзіць.
Не ведае Тацяна сна,
Гамоніць з няняю яна.
XVII
„Не спіцца, няня: дух займае!
Адкрый акно, ды сядзь сюды“.
— Ды што з табой? — „Нуда такая,
Скажы пра даўныя гады“.
— Пра што ж бы, Таня? Я, бывала
Хавала ў памяці немала
І небыліц, і быляў шмат
Пра духаў злых і пра дзяўчат;
А зараз цёмна ўсё мне, Таня.
Забылася, што знала. Час
Паганы надыйшоў для нас!
Зашыбла… — „Раскажы мне, няня,
Пра адыйшоўшыя гады:
Кахала ты каго тады?“
XVIII
— Ды што ты, Таня! Нашым светам
Мы і не чулі пра любоў;
Бо душу выгнала б за гэта
З мяне нябожчыца-свякроў.
„Ды як жа шлюб ты брала, няня?“
— Так, мусіць, бог судзіў. Мой Ваня
Быў маладзейшы за мяне,
А ўжо было трынаццаць мне.
Два тыдні свацця вандравала
У нашу хату і такі
Благаславілі нас бацькі.
Ад страху горка я рыдала;
Касу мне з плачам расплялі
Ды з песняй у царкву звялі.
XIX
І завялі ў сям’ю чужую…
Ды ты не чуеш, бачу я… —
„Ах, няня, няня, я сумую,
Мне цяжка, мілая мая:
Я плакаць, я рыдаць гатова!..“
— Дзіця маё, ты нездарова;
Памілуй, божа, і ратуй!
Прасі, што хочаш, не шкадуй…
Дай, акраплю святой вадою…
„Не трэба, мілая мая;
Я… знаеш… закахана я“.
— Маё дзіцятка, бог з табою! —
І няня дзеўчыну з мальбой
Хрысціла зморшчанай рукой.
XX
„Я закахана“, зноў шаптала
З тугою дзеўчына мая.
— Мой друг, ды што з табою стала! —
„Пакінь мяне: кахаю я“
А месяц з’яў у небе чыстым
І асвятляў святлом срыбрыстым
Тацяны бледныя красы,
Распушчаныя валасы
І кроплі слёз і на услоне
Прад гераіняй маладой
З пакрытай хусткай галавой
Старую ў цёплым балахоне;
І ўсё драмала ў ціхай мгле
У натхнёным месяца святле.
XXI
Высока сэрцам узлятала,
На месяц гледзячы, яна…
Раптоўна думка ў ёй паўстала…
„Ідзі, пабуду я адна.
Падсунь мне стол, паперы дай мне,
Пяро; я хутка лягу, няня;
Бывай“. І вось яна адна.
Зіяе месяц ёй з вакна.
Схіліўшыся, Таццяна піша,
І ўсё Еўгеній у вачах,
І ў неабдуманых радках
Каханне мілай дзевы дыша.
Ліст скончан, складзен як найлепш…
Каму ж яго, Тацяна, шлеш?
XXII
Красунь я ведаў недаступных,
Халодных, чыстых, як зіма;
Неублаганых, непадкупных,
Якіх уцяміць сіл няма;
Дзівіўся цноце іх прыроднай
І фанабэрыі іх моднай,
Ад іх, прызнацца, я ўцякаў,
І з нейкім жахам я чытаў
Над іх брывямі сказ пякельны:
Пакінь надзею назаўжды.
Ў каханні ім найбольш бяды,
Пужаць людзей — для іх вяселле.
Магчыма дзе каля Нявы
Дам гэткіх бачылі і вы.
XXIII
Сярод паклоннікаў слухмяных
Дзівачак бачыў я другіх,
Самалюбівых і нядбайных
Да ўздохаў, да пахвал жывых.
І што ж убачыў я, цікава?
Яны, суроваю падставай
Спужаўшы лёгкую любоў,
Яе ўзбудзіць умелі зноў
Спагадаю, па меншай меры,
Па лепшай меры, іншы сказ
Гучэў ласкавей іншы раз,
І ў засляплёным лёгкавер’і
Каханак малады ізноў
За мілай лухтаю ішоў.
XXIV
Дык чым жа горш за іх Тацяна?
Ці тым, што ў прастаце сваёй
Яна не ведае абмана
І верыць мары дарагой?
Ці тым, што любіць не вытворна,
Што толькі пачуццю пакорна,
Што ў ёй даверлівасць жыве
Што лёс ўзнагарадзіў яе
І уяўленнем несціханым,
Развагай, воляю жывой
І непакорнай галавой
І сэрцам палкім і адданым?
Ці ж не даруеце вы ёй
Пачуццяў лёгкасці жывой?
XXV
Какетка судзіць хладнакроўна,
Тацяна любіць усёй душой
І аддаецца безумоўна
Каханню як дзіцёнак той.
Яна не думае: разлічым,
………………..
Надзейна ў сетку завядзём;
Перш пустаслаўе падпальнём
Надзеяй, потым недаўменнем
Намучым сэрца, а затым
Агнём зайздросным ажывім;
А то, як знікне захапленне,
Нявольнік хітры з ланцугоў
Заўсёды вырвацца гатоў.
XXVI
Яшчэ тут перашкода стане:
Каб родны край не зганьбаваць
Без разважанняў ліст Тацяны
Павінен я перакладаць.
Яна па-руску кепска знала,
Журналаў нашых не чытала,
І мовай роднаю сваёй
Выказывацца цяжка ёй.
І так пісала па-французску…
Што зробіш! Паўтараю зноў:
Дагэтуль дамская любоў
Не выкладалася па-руску.
І горды голас рускіх слоў
На пошце ходу не знайшоў.
XXVII
Ад дам, я знаю, патрабуюць
Чытаць па-руску. Проста страх!
Іх і прадставіць ці магу я
З „Благонамеренным“ ў руках?
На вас спашлюся я, паэты,
Ці праўда: мілыя прадметы,
Якім за грэх даўнейшы свой
Складалі вершы вы парой,
Якім вы сэрца прысвячалі,
Хіба ж не ўсе, з такой бядой
Ўладаўшы моваю сваёй,
Яе так міла выпраўлялі,
І ў вуснах іх замежны сказ
Хіба не стаў сваім для вас?
XXVIII
Крый боже мне сустрэць на бале,
Або на ганку ў капцы
Семінарыста ў жоўтай шалі,
Ці акадэміка ў чапцы!
Як без усмешкі губ румяных,
Без хібаў ў правапісанні
Я рускай мовы не люблю.
Магчыма, на бяду маю,
Красуняў нашых род навейшы,
Паслухаўшы журналаў сказ
Граматыцы навучыць нас
І ў абыход уставяць вершы:
Ды я… Якая справа мне?
Я верны буду старыне.
XXIX
Нероўны, неахайны лепет
Другое вымаўленне слоў
Як некалі сардэчны трэпет
Абудзяць у грудзях ізноў
Я каяцца не маю сілы,
Мне галіцызмы будуць мілы,
Як даўнай юнасці грашкі,
Як Багдановіча радкі.
Ды годзе. Час за ліст узяцца,
Што піша дзеўчына ў цішы;
Я слова даў. Хоць, ад душы,
Не хочацца цяпер і брацца.
Я знаю: нежнага Парні
Пяро не ў модзе ў нашы дні.
XXX
Пясняр піроў, маркоты томнай,
Калі б яшчэ ты быў са мной,
Я стаў бы просьбаю нескромнай
Цябе трывожыць, мілы мой:
Каб у чароўнейшым напеве
Ты пераклаў бы палкай дзевы
Чужую мову на сваю.
Дзе ты? Прыдзі: я аддаю
Свае правы табе з паклонам…
Ды пасярод журботных скал,
Адвыкшы сэрцам ад пахвал,
Адзін пад фінскім небам сонным
Ён ходзіць і душой сваёй
Не чуе ён журбы маёй.
XXXI
Вось ліст Тацяны прада мною;
Яго я свята берагу,
Чытаю з тайнаю тугою
І начытацца не магу.
Адкуль тут гэткая пяшчотнасць,
Слоў маладая бестурботнасць?
Хто мілай лухце навучаў,
Шаленства ў мову сэрца ўклаў
Што гэтак шкодзіць і чаруе?
Не знаю. Але даць я рад
Няпоўны, бледны пераклад,
Малюнка копію слабую,
Нібы разыграны Фрэйшыц
Рукамі юных вучаніц.
Ліст Тацяны да Онегіна
Я вам пішу — чаго вам болей?
Што я магу яшчэ сказаць?
Цяпер, я знаю, ў вашай волі
Мяне пагардай пакараць.
Але да горкай маёй долі
Калі вас жаль крыху кране,
Вы не пакінеце мяне.
Спачатку я маўчаць хацела;
Паверце, з сорамам маім
Вы не пазналіся б зусім,
Калі б я хоць надзею мела
Хоць рэдка, хоць на тыдзень раз
У вёсцы нашай бачыць вас,
Каб толькі вашы чуць размовы,
Сказаць вам слова, а затым
Ўсё думаць, думаць аб адным
І ўсё чакаць сустрэчы новай.
Аднак, вы, кажуць, нелюдзім,
У вёсцы вы ў маркоце вечнай,
А мы… нічым мы не блішчым,
Хаця і рады вам сардэчна.
Навошта вы прышлі да нас?
У зацішшы нашым заняпалым
Ніколі б я не знала вас
І болю горкага б не знала.
Суняць душы маёй навалу
Пара магчыма б надышла,
Па сэрцу б друга я спаткала,
І жонкай бы адданай стала
І добрай маткаю была.
Другі!.. О не, нікому болей
Не адчыніла б сэрца я!
То суджана вышэйшай воляй,
То суд нябесны: я твая;
Жыццё маё было залогам
Спаткання пэўнага з табой;
Я знаю, ты пасланы богам,
Да смерці ты ахоўнік мой…
Ты ў снах чароўных мне з’яўляўся,
Небачаны, быў мілы мне,
Твой дзіўны зірк таміў мяне,
Ў душы твой голас адгукаўся
Даўно… не, гэта быў не сон!
Ты ледзь зайшоў, я ўраз пазнала,
Уся самлела, запалала,
Сказала ў думках: гэта ён!
Ці праўда? я цябе ўжо знала:
Ты размаўляў са мной ў цішы,
Як бедным я дапамагала,
Або малітвай суцішала
Тугу ўсхвалёванай душы?
І ў гэту самую хвіліну
Хіба ж не ты, як прывід дзіўны,
Ў празрыстай цемры мільгануў,
Прынік ціхутка да ўзгалоўя?
Хіба ж не ты з жывой любоўю
Надзеі словы мне шапнуў?
Хто ты: ці ангел, мне спагадны,
Ці мо спакуснік злы і здрадны?
Мае сумненні развяжы.
Магчыма, гэта ўсё пустое,
Абман незнаючай душы
І суджана зусім другое…
Ды так і быць! Вось лёс я свой
Табе адгэтуль даручаю,
Я слёзы лью перад табой,
Твайго ратунку я чакаю…
Вось уяві: ў самоце злой
Мяне ніхто не разумее.
Развага ўся мая марнее,
Я згіну ў тузе нямой.
Чакаю: сэрца спадзяванні
Адзіным зіркам ажыві,
Ці сон цяжкі мой перарві
Увы, належным нараканнем!
Канчаю! Страшна яшчэ раз
Чытаць… я сорам адчуваю…
Ды веру, гонар ёсць у вас,
Яму сябе я даручаю…»
XXXII
Тацяна то ўздыхне, то охне;
Калоціць ліст яе руку;
Ружовая аблатка сохне
На высмажаным языку.
Галоўку да пляча схіляе.
Сарочка лёгкая спаўзае
З яе прыгожага пляча.
Ды вось бляск месяца пачаў
Патроху гаснуць. Там даліна
Скрозь пар яснее. Ручаёк
Пачаў срыбрыцца. Там ражок
Пастушы будзіць селяніна.
Вось ранне; ўсталі ўсе даўно:
Маёй Тацяне ўсё адно.
XXXIII
Яна зары не заўважае,
З пахіленаю галавой
На ліст яна не націскае
Сваёй пячаткай выразной.
Ды ўжо Філіп’еўна сівая
Ціхутка дзверы адчыняе,
Прыносіць на паносе чай.
«Пара, дзіця маё, ўставай!
Ды ты, красуня, ўжо гатова!
О, птушка ранняя мая!
А як трывожылася я!
Ды, дзякуй богу, ты здарова!
Тугі начной прапаў і след,
Твой тварык быццам макаў цвет».
XXXIV
— Ах! няня, споўні даручэнне… —
«Што ж, родненькая, загадай» —
— Не думай толькі… падазрэнне…
Ды бачыш… ах! не адмаўляй. —
«Мой друг, вось бог табе зарука».
Дык вось пашлі ціхутка ўнука,
Вось тут запіска О… таму…
Суседу… ды сказаць яму —
Каб ён не гаварыў ні слова,
Не называў маё імя… —
"Каму ж бы, мілая мая?
Я нешта стала бесталковай.
Іх шмат у нашай старане —
Іх палічыць куды ўжо мне.
XXXV
— Ты нездагадлівая, няня! —
«Мой друг, пара ўжо надышла;
Стары тупее розум, Таня;
Даўней я вострая была:
Бывала, слова панскай волі…»
— Ах, няня, няня, ўжо даволі!
Што тут пра розум разважаць
Ты бачыш, трэба ліст аддаць
Онегіну. — «Так, зразумела.
Не гневайся, душа мая,
Ты ведаеш, не цямлю я…
Ды што ж ізноў ты пабялела?»
— Ды проста так, ні ад чаго.
Пайшлі ж унука ты свайго.
XXXVI
Але няма адказу зрання.
Няма яго й другога дня.
Бялей за цень, ўвесь дзень прыбрана,
Чакае водгуку яна.
Вось Вольгін ухажор прымчаўся.
«Куды ж прыяцель ваш схаваўся?»
Пытае маці прад усім:
«Забыўся ён пра нас зусім».
Тацяна ўся аж запалала.
— Сягоння быць ён абяцаў, —
Так матцы Ленскі адказаў: —
Ды, мусіць, пошта затрымала. —
Таццяна зірк схавала свой
Нібы дакор пачуўся ёй.
XXXVII
Змяркала; на стале бліскучы
Вячэрні самавар шыпеў
І пар гарачы і лятучы
Над чайнікам кітайскім пеў.
Рукою Вольгінай разліты
Па філіжанках стромай спрытнай
Пахучы чай ўжо цурчаў
І сліўкі хлопчык падаваў;
Тацяна прад вакном стаяла,
І хукнуўшы на шкло вакна,
Уся думак поўная, яна
Прыгожым пальчыкам пісала
На потным і халодным шкле
Заветны вензель: О да Е.
XXXVIII
Між тым, уся душа ў ёй ныла,
І зрок слязамі заплываў.
І раптам топат!.. Кроў застыла.
Усё бліжай!.. І на двор прымчаў
Еўгеній! «Ах» — і лёгкім ценем
Тацяна скок у другія сені,
Праз ганак ў двор і проста ў сад;
Ляціць, ляціць; зірнуць назад
Баіцца; вось пааббягала
Курціны, мосцікі, лужок,
Праход да возера, лясок,
Бэз, бягучы, пераламала,
Ў знямозе каля ручая
На лаўку дзеўчына мая
XXXIX
Упала…
«Тут ён! Тут Еўгеній!
О божа! што падумаў ён!» —
Ў ёй сэрца ў тузе нязменнай
Надзеі песціць цёмны сон;
Яна дрыжыць, ў ёй жар страшэнны;
Чакае: ці не йдзе? Дарэмна.
Служанкі ў садзе на градах
Збіралі ягады ў кустах
І хорам па наказу пелі
(Угрунтаваны тым закон,
Каб панскай ягады цішком
Іх вусны ласыя не елі,
А пелі песні ў поўны тон:
Дасціпнасці вясковай плён!)
Песня дзяўчат
Любыя дзяўчатачкі,
Душанькі, падружанькі,
Пагуляйце, дзеванькі,
Загуляйце, мілые,
Зацягніце песенку
Песенку заветную,
Дай прывабце малайца
Ў карагоды нашыя.
Як завабім малайца,
Як здалёку выглядзім,
Разбяжымся, мілыя,
Закідаем вішэннем,
Вішэннем, малінаю,
Яснаю парэчкаю.
Не хадзі падслухіваць
Песенкі заветныя,
Не хадзі падглядываць
Гулейкі дзявочыя.
XL
Яны спяваюць і недбала
Спеў звонкі слухаючы іх
Тацяна з прагнасцю чакала
Каб трэпет сэрца ў ёй заціх,
І каб прайшло ланіт паланне.
Ды ў персях тое ж трапятанне,
Ланіт не супыніўся жар
Яшчэ жарчэй палае твар.
Так матылёк пужлівы б’ецца
І з’яе трэпетным крылом
Спайманы жвавым шкаляром;
Так зайчык у жытах трасецца
Як з’явіцца ў яго вачах
Стралец засеўшы ў кустах.
XLI
Ды пад канец яна ўздыхнула,
Ўзнялася з лавачкі сваёй;
Пайшла, ды толькі завярнула
Ў прысады, — проста перад ёй,
Вачыма з’яючы, Еўгеній
Спыніўся нейкім грозным ценем,
І як ад подыху агня
Ураз спынілася яна.
Пра плён сустрэчы нечаканай
Сягоння, просьба дараваць,
Не ў сілах я пераказаць.
Вось ад даўгіх апавяданняў
Я адпачну і пахаджу:
Пасля як-небудзь раскажу.