Жалезны воўк (Бядуля)

Жалезны воўк
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1917
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/13226-1.pdf
Упершыню („Залезны воўк“, легенда) — газ. „Вольная Беларусь“, 1917, 24 чэрвеня і „Літаратурны зборнік «Вольнае Беларусі»“: Сшытак першы, 1917. Мінск.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І валіцца сонца
Чырвоным шчытом,
Пажарыць дубы і барыны.
І цені ля пнёў,
Нібы козы, ляглі.
І туліцца вечар,
У долах чакае.
Змоўк рог паляўнічы.
Нямала сягоння пад князевы лук
Зганялі зуброў і казюль.
А князь быў стральцом самым першым,
А князь быў стральцом самым трапным.
Так гутарка йшла,
Так усе гаварылі ільсціва.
Бо лепш паляванне ў лясах,
Чым па гнёздах — па норах падданых.
Бо лепш хрыпы смерці звяроў,
Чымся войканне, гвалты дзяўчат.
Змоўк рог паляўнічы.
Даволі.
Будзе досыць забавы крывавай.
І людзі, як псы,
І псы, нібы людзі,
Спацелі. У пене. У пыле.
Служылі. Гатовы служыць.
Спакора ў вачах.
Ці шчыра, няшчыра — спакора…
Бы «нішто» акружыла «усё»,
Акружылі ўсе Гедыміна[1].
І нехта за повад стрымаў жарабца,
І нехта к страмёнам прысунуў руку,
І нехта сагнуўся, каб князю мякчэй
Было па спіне цяжкім чобатам стаць,
І нехта прытоіў злы бляск у вачах,
І нехта праклёны шаптаў!..
Каня адвялі да пшаніцы,
Князь прылёг адпачыць
На высокай гары над Вялейкай,
Як і быў ён у зброі жалезнай.

І сонца кацілася ўніз ды уніз,
І цені раслі і даўжэлі,
І вечар туліўся, чакаў…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Стала ціха вакол.
Бераглі князеў сон, як збавенне, як скарб;
Сцераглі яго сон, нібы звера у клетцы.
Бо як спіць — не грашыць
Нават князь, нават цар.
Бо як спіць — няма гора нікому.
Зоркі зірк навакол, нібы вочы людзей,
Нібы вочы адданых ваяк,
Нібы вочы пужлівых дзяўчат,
Нібы вочы мяцежных людзей.
Зоркі блішчаць.
Хай не думае хто, калі спіць ясны князь,
Дык і варта узбройная дрэмле,
О, варта не спіць,
Хоць ніхто і не думае князя чапаць:
Як навекі засне, будзе шмат князянят,
Будзе горш, як цяпер…
Зоркі ў небе гараць.
І кальчугаю[2] шызаю — ноч.
І шацёрам закураным — ноч.
А вятры на гары, а вятры навакол
Баюць байкі далёкіх стагоддзяў:
Далёкіх стагоддзяў, што зніклі,
Далёкіх стагоддзяў, што прыйдуць.
Выюць вятры.
Хто знае — мяцеж ці пакора
У сэрцы вятроў.
. . . . . . . . . . . . . . .
У той час:
Па дробных хацінках ля сіняй Віллі
Не бярэ нешта сон ратаёў,
Што кормяць і князя і слугаў яго,
Што плачуць з чыншоў і падаткаў.
Адляцеў ад іх сон лёгкай птушкай,
Лебядзіным пяром ён панёсся
На сініх хрыбтах вейна-хвойных вятроў.
«Князь тут блізка цяпер —
Не да сну.
Князь тут блізка цяпер — Што рабіць?»
Спалох. Неспакой.
«Дзе схавацца?»
. . . . . . . . . . . . . . .
У той час:
У дубовым гушчары палае агонь.
Жрацы падліваюць жывіцы-смалы,
Вандалоткі кладуць хварасціну,
Пахучыя зёлкі у вогнішчы —
У чэсць Перуну, у пашану,
На славу князям і харомам,
На страх паспалітаму люду.
Усяродку, як сонца, агонь.
Ноч цемрыць цямней навакол.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
І князь бачыць сон.
Князь глядзіць, што за цуд:
Воўк жалезны стаіць,
Б’е хвастом па баках,
Нібы звонам звініць медзь па медзі.
І вуголлем блішчаць яго вочы-агні.
Блізка воўк той стаіць —
Вось рукою падаць —
Мо на крокаў на дзесяць ад князя.
Воўк завыў на заход,
Воўк завыў на ўсход
І на поўдзень, на поўнач таксама.
І выццё — не выццё:
Праз жалезны праз рог
Хтось крычаў,
Хтосьці зваў,
Пагражаў.
І водгулле-рэха з пагоркаў, далін
Стогалоссем зычэла, гучэла.
Воўк заляскаў зубамі.
Ў князя п’яўкамі зрэнкі ўпіліся,
Праніклівы грозныя вочы.
Да гэтакіх позіркаў князь не прывык,
І князева сэрца зайшло хадыром,
І князева сэрца — як люты груган,
І князева сэрца — пажар.
Нацэліў свой лук на ваўка Гедымін,
Бо князь быў стральцом самым першым,
Бо князь быў стральцом самым трапным.
І стрэлы ляцелі,
І стрэлы гулі,
Не стрэлы — крылатыя змеі,
Не стрэлы — пагібель,
Не стрэлы — а смерць.
Нацэліцца ў грудзі — трапляе,
Нацэліцца ў карак — якраз,
Нацэліцца ў вока — туды.
І стрэлы, бы рой камароў,
Гулі і звінелі,
А воўк — хоць бы што.
Не баіцца тых стрэл воўк жалезны.
Не стрэлы — а мухі,
Не стрэлы — лучынкі,
Не стрэлы — пясок.
І спалохаўся князь,
Апусціў свой калчан[3],
«Што рабіць, о, Пярун?»
Воўк раз’юшаны лезе і лезе…
Бліжэй і бліжэй…
Зараз кінецца…
Вось…
Прытаіліся псы.
І зніклі кудысьці ўсе людзі.
І людзі, як псы,
І псы, нібы людзі.
Князь адзін.
Яго сіла адпала, як струп.
Яго сіла адпала, як дым.
Сам-насам.
І жалезную ляпу разявіў
Жалезны разгневаны воўк…
Князь за грудзі схапіўся
І…
Сон.
. . . .
Расплюшчыў ён вочы. Ускочыў. Стаіць.
Цішыня.
Месяц ціха плыве
Залатым чаўнаком.
За хмарку сівую хаваецца ён.
І зноў…
А хмары — як туры,
А хмары — зубры,
А хмары — алені,
А хмары — як войска,
Як грозны атрад.
Месяц ціха плыве
Залатым чаўнаком.
Сон.
Дрэвы — людзі жывыя — шапочуць.
Дрэвы — рыцары-воі — дрыжаць.
Сон.
І ваякі і слугі стаяць навакол
І чакаюць загаду ад князя.
Сон.
. . . . .
Князь ад вогнішча вечнага склікаў жрацоў
І свой сон гаварыў ім.
Свой сон.
Гаварыў — і хаваў свой спалох ад людзей,
Гаварыў — па баках аглядаўся.
Сон.
. . . . .
Першы жрэц
Быў стары, у сівізне гадоў,
З мутным вокам, з гарбом,
З сінявасцю жыл на дрыжучых руках.
Ён тлумачыў:
— Вешчы твой сон, слаўны князе.
Гэта хартыя будучых дзеяў святых.
Дзе дрэмлюць цяпер шчыр-дубы і бары
Па нізінах, узгорках адвечных,
Там горад устане вялікі.
Да зор, да нябёс будуць гмахі расці,
Дыяменты і мармур заморскіх зямель
Заварожаць наш край на гады, на вякі;
І людзі з адалля і зблізку
Плысці будуць сюды на паклоны багам.
У абоймах Віллі між лясоў і палёў
Шмат вякоў будзе жыць гэты
Горад.
. . . . . .
Жрэц другі
Быў сярэдніх і мужных гадоў.
Задумна, паважна і мудра
Ён голаў схіліў.
І вось як тлумачыў сон князя:
— Вешчы твой сон, наш саколе,
Ад мілосных багоў светлым знакам ідзе.
Сцеражыся жалеза.
Шануй, ясна сонца, жалеза.
У моцных руках шчыр-адданых ваяк
Жалеза табе паратунак,
Больш зброі! жалезнае зброі!
Толькі, князе, глядзі, каб па хатах па тых,
Што, як гнёзды, растуць каля рэчкі,
Не было ні мячоў, ні нажоў ані-ні,
Не было ні кавалка жалеза…
А то раб, а то хам
Бунтавацца пачне.
Я сказаў…
І больш гаварыць мне нязручна.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Трэці жрэц
Юнаком быў з агнём у вачах, —
Хоць агонь той схаваць ён стараўся, —
Сон князя тлумачыў:
— Вешчы твой сон.
Ён — прароцтва нябеснае сілы,
У вякоў аддаленні, што ўзыдуць сюды,
Возьме верх над залотам жалеза,
І апыніцца чорны метал у руках
Тых людзей… тых рабоў… ля Віллі…
І тады…
— Годзе! — крыкнуў вой-князь.
І радасць і гнеў
Пад грознай брывой яго
Гаслі-гарэлі,
Гарэлі і гаслі.
. . . . . . . . . . . .
Збудаваў Гедымін на высокай гары
Аж да хмар камяніцу-замчышча,
Пад замчышчам — скляпы.
Шмат жалеза пайшло для скляпоў,
Каб мацней трымаць тых, што
Ў хацінках убогіх…
А вакол вырас горад вялікі,
І завецца ён
Вільня.

  1. Гедымін (каля 1275 — 1341) — вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (1316—1341), сын вялікага князя Віценя (а не брат, як пішуць некаторыя аўтары).
  2. Кальчуга — колішні воінскі даспех у выглядзе кашулі з металічных кольцаў.
  3. Калчан — колішняя сумка для стрэл.