Жартаўлівы Пісарэвіч (1928)

Жартаўлівы Пісарэвіч
Драма
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Жартаўлівы Пісарэвіч.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАКСІМ ГАРЭЦКІ


ЖАРТАЎЛІВЫ
ПІСАРЭВІЧ

СЦЭНКІ І РАЗМОВЫ


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК — 1928

МАКСІМ ГАРЭЦКІ


ЖАРТАЎЛІВЫ
ПІСАРЭВІЧ

СЦЭНКІ І РАЗМОВЫ


БЕЛАРУСКАЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА
МЕНСК — 1928

Зак. № 289.

У ліку 2.000 экз.

Галоўлітбел № 1078.


Профтэхшкола Беларускага Дзярж. Выд-ва.

ЖАРТАЎЛІВЫ
ПІСАРЭВІЧ

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Пісарэвіч
Жонка Пісарэвіча
уцекачы.

Мяшчанка.
Баба — злосная, раскудлачаная.
Поп — грубы, гладкі, потны.
Паня — маладая, досыць прыгожая, але пустая.
Доктар — сярэдняга веку, панкаваты.
Дзяўчынка — гадоў 8-9, калматая, худая, абшарпаная.
Сьляпы.
1 ўцякач.
2 ўцякач.
Немец-жаўнер.
Перакладчык.
Уцекачы: мужчыны, жанчыны, дзеці.


I

Пустая вуліца ў глухім расійскім горадзе. Адзін дом з белымі налепкамі: „Здаецца пакой“. Па вуліцы плятуцца змораныя Пісарэвіч і яго жонка. Безнадзейна азіраюцца… Раптам утаропіліся ў налепкі, зрадзелі.

Пісарэвіч (скача на аднэй назе, паказваючы на налепкі). Знашлі, знашлі, знашлі! І налепачкі налеплены!
Жонка (сьцішае яго за рукаў). Апамятайся і людзей пастыдайся. Ледзьве ногі цягаеш, а скачаш, як малое дзіцянё.

Пісарэвіч. Гуляй, хата, гуляй, печ!

Жонка. Кінь вырабляцца, прашу цябе! Мне ад тваіх жартаў зусім малая пацеха. Стукай, ды паціху, ато пакрыўдзяцца, як там.

Пісарэвіч. Стуцыце — і адверзецца вам! Шукайце — і знойдзеце! (Стукае ў дзьверы. Выходзіць мяшчанка).


∗     ∗

Мяшчанка. А што вам, добрыя людзі?

Пісарэвіч. Дзень добры, панічка!

Жонка. Дзень добры вам!

Мяшчанка. І вам добры дзень, мілыя людзі! А чаго-ж вам трэба?. Мусіць, вы ўцекачы з Польшчы?

Пісарэвіч. Блізу таго, панічка… Турбуем во добрых людзей… Кватэру шукаем.

Жонка. Трэці дзень шукаем… З ног зьбіліся шукаючы.

Мяшчанка. А-а! Чаму-ж вы стаіцё? (Сядае сама на лавачку на ганку). А вы-ж хры-шчо-ныя?

Пісарэвіч. Абое, панічка! І ў дакумантах паказана.

Мяшчанка. А вялікдзень-жа вы сьвяткуеце?

Пісарэвіч. Дый яшчэ як, панічка!

Жонка (хоча быць прыемнай). Мы ўсе сьвяты спраўляем: і вялікдзень, і коляды, і наогул усе сьвятцы.

Мяшчанка. Дык сядайце-ж, калі ласка, — пагамонім… (Жонка сядае на лавачку, Пісарэвіч абцірае пот). А ці многа-ж у вас дабра?

Пісарэвіч. О, зусім мала: зьмесьцім у адным пакойчыку.

Мяшчанка. Ну, ведаеце, мне гэта ня надта падабаецца. Таму што — жылі ў мяне такія… Два месяцы пражылі — і ўцяклі, не заплаціўшы. Ім што: усё сваё дабро адным кошыкам перацягнуць могуць.

Жонка (устае). Выбачайце, але мы не та-кі-я… І дабро наша ў адным кошыку ня зьмесьціцца.

Мяшчанка. Маеце шмат чаго-о? Дык вы мне пакой згноіце, заставіўшы сваім дабром.

Пісарэвіч. У нас яго зусім мала, панічка…

Мяшчанка (перабіваючы). А вы-ж казалі многа.

Пісарэвіч. Ды так… ні многа, ні мала: ні кошыкам перанесьці, ні пакой згнаіць.

Мяшчанка. Гм! Вас таўкачом у ступе ня зловіш… Тут нейкая крутня.

Жонка (гневаецца). Хадзем, Алесь! Што тут…

Пісарэвіч. Стой, жонка! А вы, панічка, будзьце пэўная, гэта нічога, што мы так кажам. Гэта ад вашага клімату ў нас у галаве круціцца… Горача надта… У-ух… (Абцірае пот).

Мяшчанка. Праўда што — кручаныя! Як у нас мужык, дык ён бараду носіць, а вашы папрыяжджалі голеныя. Не пазнаць, ці ён заможны, ці ён убогі! Усе ў сурдутах і без барады.

Пісарэвіч. Здасьцё нам пакойчык, я запушчу бараду, — калі хочаце, няхай расьце!

Мяшчанка. Ай, хто вас ведае, якую з вас цану браць!

Жонка. Якую панічка вызначыць, такую заплоцім.

Мяшчанка. Гм! Колькі ў вас гэтага гонару, а толькі як плаціць будзеце? А дзеці-ж у вас ёсьць?

Пісарэвіч. Ой, панічка! Два хлопчыкі… Але болей тымчасам не прадбачыцца…

Мяшчанка. А-а! Чаму-ж вы мне адразу не казалі? (Устае з лавачкі). Як я магу аддаць свой пакой нейкім кручаным з чужога боку? Бывайце здаровыя!

Пісарэвіч. Бывайце, панічка, бывайце! А як-жа пакойчык?

Мяшчанка. Не для вас! (Пашла).

Пісарэвіч (разводзіць рукамі і паказвае ўсьлед ёй язык). Вось табе і налепачкі!

Жонка. А ўсё твае дурныя жарты, Алесь! У цябе няма ніякага падходу да людзей… Ну, куды цяпер?

Пісарэвіч. Куды? Ці я ведаю? Давай пастукаемся яшчэ во ў гэты, бяднейшы дом. А можа што і знойдзем. (Стукае).

Жонка. Хоць-бы ж які пакойчык… Цішэй стукай, ідуць…

∗     ∗

Баба (вылятае раскудлачаная, гнеўная). Вы хто? Уцекачы? Забілі майго Івана, каб вас бог забіў! Забілі! Забілі! Што я цяперака параю з аднэю галавою? А-а, вы, немцы проклятыя! (Кідаецца на жонку).

Пісарэвіч (выступае наперад, каб схаваць жонку). Ня бойся, Стася, ня бойся! Якія немцы, цётка? Што вы гэта? Мы ўцекачы, кватэру шукаем… Мы-ж вам ніколі нічога ніякага, як той казаў… Стасенька, супакойся! (Жонка трасецца і хліпае).

Баба. Каб вас паралюш разьбіў! Басурманы! Ідалы! Нехрысьці! Забілі мне мужыка! Зьвялі мяне з капылоў! Чаго вам трэба ад мяне, ірады? Якая ў мяне кватэра?

Пісарэвіч. Супакойся, цётачка! Чаго-ж і вам трэба ад нас?

Баба. А чаго вы лезеце да мяне? Нашто вы мужыка мне з сьвету зьвялі? А-о, галовачка мая бедная з вамі… (Пашла назад у хату).

Пісарэвіч. Супакойся, Стася, — бывае…

Жонка. Нейкая шалёная: не разьбірае, што немцы, што ўцекачы.

'Пісарэвіч. Ня дзіва: адзін муж быў, і той асіраціў бабу, не падумаўшы, што з гэтага можа быць…

Жонка (нэрвова). Ізноў ты вырабляешся, Алесь! Дзеці галодныя, адны на станцыі, а ты тут жарты строіш… Кіну і пайду, шукай адзін, а мы там будзем плакаць… (Абцірае сьлёзы). Ну, куды цяпер? Ну, куды, кажы?

Пісарэвіч. А што я ведаю? Папаў, як у нерат: ні ўзад, ні ўперад. А без цябе я ня буду шукаць: бывае знайду, а табе яшчэ не спадабаецца.

Жонка. Ты сам пачынаеш нэрвавацца. Дажартаваўся! Ну, цяпер паскачы на аднэй назе!

Пісарэвіч. Я і на дзьвюх магу… Во стану сярод вуліцы і буду ў кожнага пытацца, ці няма кватэры… Убачыш, як добра будзе.

Жонка. Убачу, убачу… Вунь ідзе бацюшка, пытайся.


∗     ∗

Пісарэвіч. Дзень добры, бацюшка! Можна спытацца?..

Поп (грубы, гладкі, потны). А ў чым справа? Кватэру шукаеце?

Пісарэвіч. Так, бацюшка, кватэру! Ці няма?..

Поп (перабіваючы). Вы ўцекачы?

Пісарэвіч. Відаць-жа пана па халявах.

Поп. Не, не па халявах, а так па ўсім… О-ох горача сёньня, а мне яшчэ панахвідку па ўбіенным на полі брані трэба адправіць. А ці няма ў вас прадажнага сабакі?

Жонка (зьдзіўлена і пакрыўджана ўзьнімае плечы). Што вы, бацюшка?

Пісарэвіч. Застаўся наш Мурзачка ў немцаў, у палоне.

Поп. Шкада! А я купіў-бы ў вас добрага сабаку. Ведаеце, столькі цяпер зладзеяў разьвялося, уцекачоў панаехала…

Жонка (абурана). Я не разумею…

Пісарэвіч. Скажу вам, як на споведзі, бацюшка: век злодзеем ня быў, і за жонку прысягнуся.

Поп. Я не пра вас; так, да слова трапілася. Дый няма ў мяне для вас кватэры. Адзін пакойчык для аднае інтэлігентнае асобы, калі матушка згодзіцца, падумаўшы, можа, і можна было-б аддаць, але, бачыце…

Жонка. Выбачайце, бацюшка, але мы людзі інтэлігентныя, толькі што, ведама, здарожыліся, пакуль ехалі.

Поп. Але-ж, мілая, дзьве асобы гэта не адна асоба.

Пісарэвіч. Э, бацюшка, якая там у жонкі з мужам матэматыка: адно цела і адзін дух. Лічыце за адну інтэлігентную асобу маю жонку, а я буду як прэмія, бацюшка…

Поп. Я бачу інтэлігентнасьць і па духу, бяз усякай прэміі.

Жонка. Вось як…

Пісарэвіч. Стой, жонка! У сьвятым-жа пісьме сказана, бацюшка: не ўгашайце духу.

Поп. А хто вам угашае дух?

Пісарэвіч. Вы нам, бацюшка, усё-ж ткі аддайце гэты пакойчык за якую скажаце цану, і дух у нас ня ўгасіцца.

Поп (паважна). Уцякач вы, уцякач! Такое глупства, як кватэра, з пытаньнем веры зьвязваеце. За няверу і карае вас бог. Духу ў вас шмат, але нядобрага духу.

Жонка (нэрвова). Алесь, пойдзем!

Пісарэвіч. Паслухайце, бацюшка! Мы трэці дзень на станцыі, з дзяцьмі, і трэці дзень мусім цягацца па такой пякоце, шукаць кватэру. Гэта-ж ня глупства. Аддайце нам свой пакойчык.

Поп. А, у вас яшчэ і дзеці! Выбачайце, але, на жаль, нічым не магу вам памагчы… Пашукайце яшчэ ў каго… Во там, бачыце, ёсьць налепачкі… Бывайце! (Пашоў).
∗     ∗

Жонка. А ўсё ты, Алесь! Зусім ня так трэба было гаварыць з духоўнаю асобаю.

Пісарэвіч. А як з ім гаварыць? У руку яму цалаваць?

Жонка. Ты і не цалаваў, а ўсё роўна ён падумаў, што мы простыя.

Пісарэвіч. А чым-жа мы крывыя, каб яму вочы павылазілі!

Жонка. Цярпець не магу тваіх грубых выразаў! Сапраўды, ад твае інтэлігентнасьці нічога не асталося. Ну, куды цяпер? Куды?

Пісарэвіч (зьбянтэжаны). Чоррт… Хоць-бы тут камітэт які быў!

Жонка. Разьлічай на камітэты, дык цэлы год на вакзале пражывеш… Ты зусім здурнеў, Алесь.

Пісарэвіч. Не клапаці: з вакзалу выганяць. А вось я зараз здурнею — і буду мець кватэру. (Сядае пасярод вуліцы на зямлю).

Жонка. Што ты робіш, Алесь?! Не рабі скандалу!

Пісарэвіч. Ты ідзі на вакзал, пакармі дзяцей, а я буду сядзець тут і ня ўстану, пакуль мне не дадуць кватэры.

Жонка. Алесь, што ты робіш?! Цябе паліцыя забярэ.

Пісарэвіч (сьмяецца). Няхай забірае.

Жонка (тармосіць яго). Не звадзі мяне з розуму, Алесь! Глядзі, людзі ўжо бачаць, што ты робіш…

II

Убогі і нудны пакойчык у расійскім мяшчанскім доме. Пісарэвіч сядзіць у пантофлях на босую ногу і піша.

Пісарэвіч. Дастаў шмат перапіскі, зараблю шмат грошы — і справім мы з Стасяю баль! І хлопчыкаў сваіх з прытулку возьмем: хай дзеткі пацешацца. (Пяе).

Чаму-ж мне ня пець,
Чаму-ж ня гудзець,
Калі ў маёй хатаньцы
Парадак ідзець…

Не бядуй, Стася! Скончыцца вайна, паедзем дамоў, ня будзеш ты стаяць па восем гадзін у чарзе за поўфунтам хлеба на картачку. (Ізноў, яшчэ весялей пяе).

Ах ты дуй, ах ты дуй,
Мая Стася, не бядуй:
Па маёй галаве
Застанецца ўсё табе!


∗     ∗

Мяшчанка (уваходзіць, не пастукаўшыся). Дзень добры яшчэ раз, пан Пісарэвіч!

Пісарэвіч. Ах, Мар‘я Іванаўна, Мар‘я Іванаўна! Як я рад! Выбачайце толькі, што вы забыліся пастукаць… Я ў хатнім выглядзе. Сядайце-ж, калі ласка, прашу вас, Мар‘я Іванаўна!

Мяшчанка (сядае). Ат! Заўсёды вы з сваім стуканьнем, пан Пісарэвіч! Ну, прыдзіце раз у мой пакой не стукаўшыся — паквітаемся.

Пісарэвіч. Добра вам казаць, а што мне жонка запяе на гэта?

Мяшчанка. Які вы жартаўлівы, пан Пісарэвіч! Вам нямаведама што ў галаве.

Пісарэвіч. Калі я гляджу на вас, Мар‘я Іванаўна, калі я любуюся на вашы нябескія лупаценькія вочкі, дык сапраўды я сам ня ведаю, што робіцца ў маёй галаве.

Мяшчанка. Кіньце ўжо, кіньце прасьмяхаць — жонцы скажу. А дзе-ж гэта пані Пісарэвічыха? Яшчэ не вярнулася з „хваста“ па хлеб?

Пісарэвіч (глядзіць на гадзіньнік на сьценцы). Не, яшчэ не вярнулася; восьмую гадзіну ў чарзе. Балазе, з услончыкам пашла: можна пасядзець.

Мяшчанка. Ах, пан Пісарэвіч, я дагэтуль не магу насьмяяцца з гэтай вашай выдумкі: услончык у „хвост“ з сабою браць. А якія-ж цяпер „хвасты“ вялікія; сёньня я бачыла, на цэлую вуліцу ад харчовай крамы расьцягнуўся, аж да рогу і за рог загнуўся. А найболей стаяць уцекачы.

Пісарэвіч. Вось, каб лісіцу з такім хвастом забіць: шмат грошы можна было-б за скурку пабраць, а?

Мяшчанка. А ці ведаеце вы, пан Пісарэвіч, я прышла да вас па аднэй важнай справе…

Пісарэвіч. Калі па грошы, Мар‘я Іванаўна, дык пачакайце: вось я скончу гэты заказ на перапіску…

Мяшчанка (сьмяецца). Але-ж не, пачакаю, бог з вамі, я не аб тое.

Пісарэвіч. А-а! Ведаю, ведаю! Аб гэтых новых уцекачох? Так, угадаў?

Мяшчанка. Мне здаецца, яны ня будуць плаціць акуратна. Супакойце мяне, пан Пісарэвіч! Вы гэткі вясёлы чалавек.

Пісарэвіч. О, я надта вясёлы. Змалку гэтакі. У нашым краі ўсе гэтакія: нязвычайна жартаўлівы народ.

Мяшчанка. Дык супакойце мяне, пан Пісарэвіч! Што вы думаеце аб іх, гэтых новых з вашага боку?

Пісарэвіч. Ведаеце, Мар‘я Іванаўна, як дзеля вас, скажу па шчырасьці. Мне здаецца, што яны нічога свайго ня маюць, у іх усё крадзенае.

Мяшчанка. Ах, што вы? Ня можа быць! Яны мне дровы пацягаюць…

Пісарэвіч. О, напэўна, напэўна, пацягаюць. Прапалі вашыя дроўцы, Мар‘я Іванаўна!

Мяшчанка. Ах, божа мой! Парайце, пан Пісарэвіч, што-ж гэта мне цяпер рабіць?

Пісарэвіч. Ня журыцеся, Мар‘я Іванаўна! Уздумайце на што-колечы вясёленькае, прыемнае, Мар‘я Іваноўна!

Мяшчанка. Вы-ж мяне павесяліце, пан Пісарэвіч. Як гэта вы казалі, што ў вас ня так, як у нас, — не на дрэве, а на зямлі ігрушкі растуць… Хі-хі!

Пісарэвіч. А так, так, у нас там і зімы ніколі ня бывае.

Мяшчанка. А матачкі! Ото няшчасьце! А як-жа ў вас масьлянка? — без каўзяля?

Пісарэвіч. Чаму — без каўзяля? Го-го! Мы сабе з Масквы сьнег выпісваем, а з Варшавы саначкі. Так і пакатаемся і паваляемся… го-го!

Мяшчанка. Які вы жартаўнік, пан Пісарэвіч! Скуль у вас што бярэцца? Лацьвей такому жыць на сьвеце, — ніколі ён не засмуціцца. Я вас заўсёды з такою прыемнасьцю слухаю… Але трэба мне ісьці. Задалі вы клопату з дрыўмі, пан Пісарэвіч. Пайду пазначу крэйдаю.

Пісарэвіч. Крыжыкі пастаўце, Мар‘я Іванаўна! Нават нячыстая сіла не падступіцца.

Мяшчанка. Жарцікі вам… усё вам жарцікі, ня тое што паспагадаць чалавеку. (Пашла, потым вярнулася). Ведаеце, падабаецеся вы мне, пан Пісарэвіч, хоць вы і нянаскі чалавек. Я так ужо да вас прызвычаілася, што мне цяжка будзе і растацца з вамі.

Пісарэвіч. Каму я магу спадабацца, гэткі худы і бедны!

Мяшчанка. А мне якраз худыя да спадобы!

Пісарэвіч. Мар‘я Іванаўна! Я маладзею. Давайце пацалуемся, а з кватэрнай платай, калі ласка, пачакайце…

Мяшчанка. Ціха, ціха, саромцеся. (Затыкае вушы). У мяне дровы там пакралі… Другім ужо разам! (Радасна засьмяялася і пабегла).


∗     ∗

Пісарэвіч. Другім разам — няхай сабе другім разам. Але колькі яна мне часу зглуміла, бараболка, ах ты, нячыстая каланіца! Ну, нічога. Усё добра будзе… Ах ты дуй, ах ты дуй! Мая міла, не бядуй. (Дастае з-за печы чурбанок, бярэ бот, вялікую голку з ніткаю, насаджвае бот на чурбанок і пачынае залатваць дзюрку). Я шавец-маладзец! Я шавец-маладзец!

Мяшчанка (узьнімае голас яшчэ на падворку і ўлятае ізноў не пастукаўшыся). Чурбанка няма! Чурбанка няма! Дзе мой чурбанок? Сьцягнулі-ткі… Ах, каб гэтых уцекачоў!..

Пісарэвіч (схаваўшы чурбанок з ботам за сьпіну). Выбачайце, Мар‘я Іванаўна, што вы не пастукалі: я ў хатнім выглядзе і боты сабе рапараваў. (Скача на аднэй назе). Дылі-дылі, го-ца-ца! Дылі-дылі, го-ца-ца!

Мяшчанка. Кіньце свае жарты, пан Пісарэвіч! Чурбанка няма. Ці ня бачылі вы часам?

Пісарэвіч. Вядома, Мар‘я Іванаўна! Уцекачы сьцягнулі, дальбог уцекачы!

Мяшчанка. Насланьнё мне з гэтымі ўцекачамі… Сьцягнулі-ткі чурбанок!

Пісарэвіч. Яны бачылі, дурныя, і думалі, што гэта кавалак мяса. Дык вось яны схапілі ўночы, а цяпер вараць…

Мяшчанка. Што-о?! Ня дурыце вы!

Пісарэвіч. Вараць, дальбог, вараць, Мар‘я Іванаўна!

Мяшчанка. Ня сорам вам бажыцца, пан Пісарэвіч? Ці-ж гэта можа быць тое, што вы кажаце?

Пісарэвіч. Можа, ня зусім так, але каля таго; калі ня імеце веры, дык вось, Мар‘я Іванаўна… (Цягне з-за сьпіны чурбанок). Трымайце! Я на ім боты рапараваў, а думаў сабе: пасьля звару яго ды зьем. Далібог, так думаў! Але неяксь пашкадаваў. Бярыце, Мар‘я Іванаўна: моʻ калі голад будзе ў вашай губэрні, — ня вам, дык добрым людзём спатрэбіцца замест кавалка мяса…

Мяшчанка. Дык гэта ўсё вашы жарцікі, пан Пісарэвіч? А я спалохалася, — дзе, думаю сабе, мой чурбанок? Ну і жартаўнік!

Пісарэвіч. Дык бярыце, Мар‘я Іванаўна! Толькі добранька схавайце, а то ўцекачы-ткі яго сьцягнуць.

Мяшчанка. Рапаруйце, рапаруйце боцікі, а я пасьля забяру. Ну і жартаўнік чалавек! (Пашла, а ён садзіцца за боты).

Жонка (прыходзіць за нейкі час з услончыкам і фунтам хлеба, сядае і моўчкі плача). Да чаго мы дажыліся, да чаго мы дажыліся…

Пісарэвіч (пяе).

Ня плач, ня плач, мая ты Стасенька,
Ня плач, ня журыся!..
Дый за свайго краўца-шаўца
Богу памаліся…

Жонка. Да чаго мы дажыліся, да чаго мы дажыліся!.. (Плача, трасучыся, ня могучы стрымацца).

Пісарэвіч (кідае бот і ўстрывожаны падходзіць да жонкі). Стасенька, міленькая, супакойся!

Жонка. Лепей-бы нас бомба нямецкая там забіла чымся тут гараваць на ўцякацтве!.. Да чаго мы дажыліся…

Пісарэвіч. Да чаго там дажыліся? Дажыліся казакі — ні хлеба ні табакі… Бывае горш, вялікая рэч! Супакойся, Стасютка… (Цалуе ў рукі). Паўзірайся, колькі я аркушоў сьпісаў — кучу грошай дастану, баль справім. Дзяцей на сьвята з прытулку прывядзем. Лячыцца я пачну… Вайна, скончыцца, дамоў паедзем!

Жонка. Дамоў, дамоў…

Пісарэвіч (пяе).

Ой дамоў, дамоў,
Бо ўжо ня рана,
Бо ўжо ня рана —
Расіца пала!

Жонка. Ну нашто ты пяеш, Алесь? Ты думаеш разьвесяліць мяне гэтым?

Пісарэвіч. А ці-ж не? Ці-ж табе не весялей ад гэтай песьні? Памятаеш, мы яе чулі, як езьдзілі да майго дзядзькі ў госьці ўлетку 1913-га году? Дзяўчаты ішлі з поля і пяялі… Га? Хораша? і пра вайну тады ніхто і ня думаў. От, добра, ах!

Жонка (скрозь сьлёзы). Памятаю, Алеська, памятаю… Але-ж гэта ўсё даўно-даўно мінулася, і здаецца, што ўжо ніколі ня вернецца. Ты добрую пасаду меў, жылі добра… А цяпер, як ні працуй — на кавалак хлеба не заробіш. А стаяць мне ў гэтай чарзе, па восем гадзін за хунт хлеба — Алесь, гэта-ж такая мука, такая мука…

Пісарэвіч. Нічога, Стасенька, няма хлеба — што рабіць? Усе стаяць, ня мы адны…

Жонка. Хто там усе? Парадачныя людзі не стаяць… Самая дрэнь — бабы-маскоўкі ды нашы ўцекачы галодныя. Нашых штурхаюць, б‘юць, сьмяюцца… Кажуць, мы аб‘ядаць іх прыехалі. Ой, якая гэта мука там стаяць.

Пісарэвіч. Не бядуй, Стася! Глядзі, колькі перапісаў…

Жонка. Ты хворы зусім, Алесь. Табе лячыцца трэба… Што ты мяне пацяшаеш?

Пісарэвіч. Я — хворы? Глядзі, які я здаровы! (Махае кулакамі). Го-го! На мяне яшчэ маладзіцы заглядаюцца! Го-го! Ну, сьмейся-ж, Стасенька! Чаго там плакаць? Го-го! Мы яшчэ… о-го-го!

Жонка. Не жартуецца табе, Алесь! Кінь…



III

Узімку, маразамі, у сьцюдзёнай, няпаленай кватэры, Пісарэвіч займаецца шавецтвам. Ён — галодны, хворы на выгляд, абшарпаны. Ладзіць мужыцкія боты.

Пісарэвіч. Ну, нічога! хутка дамоў паедзем, — не дарма-ж існуе на сьвеце, „пленбеж“[1]. (Кідае бот і робіць гімнастыку, каб сагрэцца). Раз-два! Раз-два! Раз-два! Шкада, што ў войску па слабасьці здароўя ня трапілася быць: дрэнна гімнастыку раблю… Раз-два! Ах, сьцюдзёна, трасца ёй у бок. Брр… Усё мне здаецца, што нешта па мне паўзе… (Шаволіць плячыма). Быў конь, ды зьезьдзіўзя. Ну, нічога! Добра, усё добра! (Пяець, махаючы ад сьцюжы рукамі — ботам і шылам).

Хто быў нічым,
Той будзе ўсім!

Таварышы, ратуйце! Гіну! Мушу боты мужыком за гнілую бульбу ладзіць. Хай вас ліха, хай вас ліха з вашымі парадкамі! (Чуваць стуканьне ў дзьверы). Калі ласка, можна, прымаю!

Паня (яшчэ маладая і даволі харошая, але пустая, выглядае). Мо-ожна?

Пісарэвіч (устае і падыходзіць да дзьвярэй). Хрышчоныя? Бараду носіце? Сурдут новы? Гаворка людзкая? — Тады можна… Калі ласка!

Паня. Я вас не разумею… Выбачайце: тут мяшкаюць панства Пісарэвічы?

Пісарэвіч. Тут, тут… хоць якое там панства! Быў конь, ды зьезьдзіўся. Ну, нічога, нічога…

Паня. Можна мне бачыць пані Пісарэвічыху?

Пісарэвіч. О, колькі ваша ласка! Толькі яна пашла цяпер на промысел.

Паня. Промысел? які промысел?

Пісарэвіч. Промысел — чым мы будзем жыць і што мы будзем есьці. Але, грамадзянка, ня стойце ў дзьвярах, праходзьце далей у нашы палацы!

Паня (нясьмела заходзіць). А хто вы такі? Ці сапраўды тут жывуць панства Пісарэвічы?

Пісарэвіч (тыцкаючы сябе пальцам у грудзі). Вы, грамадзянка, бачыце перад сабою грамадзяніна, ці, як вы кажаце дзеля старой сваёй прызвычаёнасьці, пана, грамадзяніна-пана Пі-са-рэ-віча! Проша! (З выкрутасамі запрашае сесьці).

Паня. Божа! А я вас не пазнала… Як вы зьмяніліся, пане Пісарэвіч!

Пісарэвіч. А вы, грамадзянка, здаецца, — панна Ліхтароўчанка, калі не памыляюся. Можа, тымчасам, — былая панна Ліхтароўчанка?

Паня. Так, проша пана, я ўжо замужам, па мужу — Пшэпюркоўская. Мой муж — доктар. Мае прыватную практыку і, апрача таго, служыць лекарам пры бежанскім камітэце.

Пісарэвіч. Ах, як прыемна!

Паня. Прызнайцеся, пане Пісарэвіч: вы мяне адразу пазналі ці не? Як я цяпер выглядаю?

Пісарэвіч. Дадушы, ня ведаю: ці я вас адразу пазнаў, ці не адразу, бо я тады пра бульбу думаў. Выглядаеце-ж вы адменна, пані Пшэпюркоўская, ну, адным словам — адменна!

Паня (ахарашваецца). Праўда, добра? А мне здаецца, я дужа зьмізарнела. Я сяду… (Сядае на скрынку). Скажыце праўду: дзе пані Станіслава?

Пісарэвіч. Што? пані Станіслава? А ці-ж я вам сказаў няпраўду? На промысел пашла. Дадушы! Гэта, знацца, опровізацыйны камітэт дазволіў уцекачом прыходзіць у склад і выпыльваць мяхі з-пад мукі. Дык яна мела ахвоту — пашла. Ну, нічога, зараз вернецца.

Паня. Ах, як шкада! А якія-ж гэта могуць быць для пані Станіславы заробкі?

Пісарэвіч. Не заробкі, не, пані грамадзянка Пшэпюркоўская. Уцекачы гэтую выпылку пасьля зьмятаюць і забіраюць сабе на хлеб есьці.

Паня. Ах, ах, ах! Што-ж гэта вы кажаце? Вы жартуеце, пане Пісарэвіч! Бедная пані Станіслава…

Пісарэвіч. Ну, нічога, добра! (Пяе).

Хто быў нічым,
Той будзе ўсім!

Паня. Хіба толькі з вашаю ўдачаю можна пяяць, пане Пісарэвіч, у гэткім становішчы. Скажэце: як-жа гэта вы тут апынуліся? Як уцяклі з-пад немца? Здаецца-ж, вы меліся застацца пад нямецкай окупацыяй?

Пісарэвіч (бегае і махае рукамі, дзьмець у іх ад сьцюжы). Не, мы не засталіся, мы выехалі, толькі ўсё чакалі на асобнае купэ ў вагоне, дык трохі спазьніліся выехаць. Адзін наш бедны Мурзачка застаўся… Ведаеце: зачынілі мы яго ў будцы, дык ён выў і драпаўся, пакуль-ткі ня выскачыў. Прыбег на вакзал, знашоў нас, кідаўся ў вагон — і мусіў застацца ў палоне, начальства не дапусьціла яго эвакуавацца. Бачыце, мы ехалі ў цяплушках, а сабачых вагонаў ня было. Чула яго сэрца сьмертухну…

Паня. А што з ім сталася?

Пісарэвіч. А сьніцца мне, часта сьніцца, што сабачка наш тры дні ня еў, ня піў і ляжаў у сваёй будцы, як хворы. А на трэці дзень, як бухнуў нямецкі знарад, дык і яго і будачку яго закапаў у зямлю. Як сасьню, дык аж плакаць хочацца. А сьніцца мне яго сьмерць вельмі часта.

Паня. Я не разумею, чаму вы так шкадуеце свайго сабаку?

Пісарэвіч. І то праўда: сабаку сабачча сьмерць!

Паня. Дзякаваць богу, што самі выбраліся з гэтага пекла. Нам ехаць было добра, а вам?

Пісарэвіч. І нам нішто: ехалі, сьмяяліся, жартавалі. Цеснавата крыху было спачатку. Людзі абляпілі цягнік, як мухі, — нават на буфэрах ехалі. Нічога, няшчасьцяў было мала, толькі на першай станцыі адзін старэнькі ўцякач сядзеў на прыступачцы, загледзеўся, — як трахнецца галавою аб зялезны нейкі слупок, зваліўся — і душа з яго вон. Ну, нічога, яго панесьлі на насілках, а кроў прысыпалі сьвежанькім пясочкам.

Паня. Ах, так… Хваліць бога, што з намі нічога дрэннага ня трапілася.

Пісарэвіч. А за Тулаю папсавала мне настрой другая прыгода. Па ўсім цягніку, з вагона ў вагон, вадзілі добрыя людзі нейкага хлопчыка, зусім маленькага. Ён шукаў сваю матку і плакаў. І ніхто ня ведаў, дзе яго матка падзелася… Дагэтуль чую сябе вінаватым!

Паня. Што вы, што вы, пане Пісарэвіч! Чым-жа вы тут вінаваты? Кожнаму трэба сваіх дзетак пільнаваць, а ня чужых. Пане Пісарэвіч, а як-жа вашы дзеткі маюцца? Што гэта іх ня відаць?

Пісарэвіч. Мае хлопчыкі? А нічога, нічога, дзякую! Аддалі былі іх у прытулак, — хоць Стася і дужа не хацела, але крута нам прышлося. Дык нічога! Красьці троху няліся там, наўчыліся ад сяброў, а цяпер во з намі жывуць, бо прытулак зачыніўся, — нічога, добрыя хлопчыкі… Так і жывём. Дамоў ехаць зьбіраемся, бо ў гасьцёх, кажуць, добра, а ў сваёй хаце яшчэ лепей!

Паня. Бальшавікі, бальшавікі праклятыя да гэтага давялі. Да іх нішто было, а цяпер ні ў чым няма парадку. Да бальшавізму нам з мужам, можна сказаць, нішто сабе жылося, а цяпер ня тое, што францускай булкі, — хлеба белага і ў вочы ня бачым даўно. Ах, як цяжка жывецца, і ўсім, усім так.

Пісарэвіч. Праўда, праўда! І я вось ніяк не зараблю на гнілую бульбу. Шыю-шыю, а каб спагнаць ахвоту з бульбяных бліноў — дык аніяк. Ну, нічога! (Яшчэ весялей пяе).

Бульбу пякуць, бульбу вараць,
Бульбу ядуць, бульбу хваляць!

Паня. Шчасьлівы маеце характар, пане Пісарэвіч. Я не магла-б пяяць у вашым становішчы.

Пісарэвіч. Гэ, а чаго мне журыцца? Я шыю боты, жонка мяшкі выпыльвае, дзеткі ў школе…

Паня. А ў якой школе?

Пісарэвіч. У школе жыцьця!

Паня. Бальшавіцкай, значыцца? Многа яны там наўчацца.

Пісарэвіч. Дазвольце вытлумачыць, грамадзянка! На станцыі стаіць эшалон з чырвонаармейцамі, што едуць на белых, на фронт. (Бярэцца за працу і адварачваецца). Дык яны там цэльны дзень пільнуюць з місачкамі. Астаткі крупнічку, камочак кашы, скарыначка хлеба, селядцовы хвосьцік — усё на патрэбу чалавеку…

Паня. Ах, ах, ах! Бедная пані Станіслава! (Прыкладае к вачом беленькую хустачку).

Пісарэвіч. Нічога, усё добра будзе! (Пяе).

Хто быў нічым, Той будзе ўсім!

Жонка (адчыняе дзьверы і з трудом уваходіць у хату. У руках, у мяшочку, трошкі мукі). Ізноў глотку дзярэш, а хворы, галодны. Ах, хто тут у нас?

Пісарэвіч. А вось табе зараз будзе сорамна за гэтыя словы. Я ня глотку дзяру, а песенькі пяю, душу весялю, даражэнькая!

Паня. Пані Станіслава!

Жонка. Ах, ах!

(Цалуюцца, пасьля трохі плачуць, абціраючы вочы, адна хустачкаю, другая кончыкам трапачкі, і тады з падзівам, без асаблівай прыемнасьці аглядаюць адна адну).

Паня. Я ўжо, пані Станіслава, замужам. Мой муж — доктар Пшэпюркоўскі, ён лекарам пры бежанскім камітэце.

Жонка. А мы… (Махнула рукою і абцёрла вочы). Вось… напыліла на ўсю сямейку хлеба!

Паня. Падумаць толькі, падумаць! Праклятыя бальшавікі!

Жонка. А вось іхны абаронца! (З злосьцю паказвае на мужа).

Пісарэвіч. Яны маёй абароны не патрабуюць. І калі я бараніў іх?

Жонка. Ты? Заўсёды! У цябе няма вінаватых сярод гэтых душагубцаў, хамаў гэтых, організаваных хуліганаў. Яны невінаваты ў тым, што жонка твая ходзіць горш за ўсякую жабрачку…

Паня. Страшэнна! Страшэнна!

Пісарэвіч. Але-ж…

Жонка (перабіваючы). Што сам ты, інтэлігентны чалавек, за гнілую бульбу боты мужыком шыеш, патрэбныя каморкі падмятаеш, — яны невінаваты!

Пісарэвіч. Але-ж пачакай, дай сказаць!

Жонка. Досыць я начакалася! Прычакалася таго, што дзеткі мае, замест вучыцца ў клясычнай гімназіі, марнуюць час пад вокнамі салдацкага эшалёну, каб выпрасіць у гэтых хамаў кавалачак хлеба-а-а… (Плача).

Паня. Страшэнна! Страшэнна! (Прыціскае к вачом хустачку).

Пісарэвіч. Але-ж, Стасенька, пачакай! Дай сказаць!

Жонка. Чаго — пачакай? Новага ліха? Разумеюць яны слабоду? Выйдуць з вагону, „інтэрнацыяналам“ глотку дзяруць, а кідаюць у натаўп галодных дзяцей якую скарыначку недаедзеную і любуюцца, што дзеці, як галодныя псы, б‘юцца за тую скарыначку, за іхны аб‘едак…

Пісарэвіч. Але-ж кідаюць! Дзеляцца з дзяцьмі апошнім кавалкам, самі галодныя!

Жонка (з няпрыязьню). У-у, ты ад гора з глузду зьехаў! Разумееш: ты не-нор-маль-ны!

Пісарэвіч. А даўней, калі мы кідалі свае аб‘едкі дзецям беднякоў, дык я быў нормальны…

Жонка. Маўчы! Маўчы лепей!

Паня. Не, я-то ўжо бальшавікоў хваліць не магу. Галайстру гэтую, хвэ! І муж мой, доктар, цярпець іх ня можа…

Пісарэвіч (устае). Охо-хо… Выбачайце, грамадзянкі, але мне трэба выйсьці за фізыолёгічнай патрэбаю: гнілая бульба робіць часьцейшы кругазварот. (Насьвіствае і выходзіць).

Хто быў нічым,
Той будзе ўсім!

Жонка. Чулі вы, пані Ядвіга, што ён сказаў? Гэта інтэлігентны чалавек! Ён робіцца ненормальны… Горачка маё!.. (Плача).

Паня (устае). Бедная вы, пані Станіслава! (Цалуе яе). Але выбачайце, пара ўжо мне ісьці. Як я рада, што мы ўбачыліся. Заходзьце да нас, пані Станіслава… Толькі я баюся запрашаць да сябе пана Пісарэвіча, бо яны пэўна пасварацца з маім мужам… Мой муж, як і ўсе парадачныя людзі, страшэнна ненавідзіць бальшавікоў…

Жонка. Дзякую, дзякую, пані Ядвіга. Так хочацца з інтэлігентнымі людзьмі пабачыцца, пагаманіць. А куды я з сваім ненормальным пакажуся? І хто ў нашых лахманох убачыць інтэлігентных людзей? Я вас падвяду трошкі, пані Ядвіга.

Паня. Не, не, ня трэба, дзякую… Нашто вам са мною па холадзе хадзіць… Я адна. Бывайце здаровенькі, пані Станіслава! (Цалуюцца. Паня выходзіць).

Жонка. Шчасьлівая пані Ядвіга… А я дажылася, што са мною парадачнаму чалавеку ісьці сорамна. Гора маё! Гора маё! (Ламае рукі і плача).

Пісарэвіч (прыходзіць, пяючы „Хто быў нічым“…). А што, пашла ўжо гэтая лялька? Няўжо і да сябе запрасіла?

Жонка (халяруе). Змоўкні, змоўкні, змоўкні з гэтаю песьняй! Ты ненормальны!

Пісарэвіч. Стасенька, супакойся! Можа яшчэ і горай будзе, пасьпееш наплакацца… А ў мяне, братка, нічога ня вышла… Я зусім хворы…

Жонка (іншым голасам). Не палохай мяне, Алесь!

IV

Дзеецца ў хаце ў беднае бабы. Сама яна з дзяцьмі жыве ў кухні. Пісарэвіч — хворы, каля яго жонка, доктар.

Доктар. Давайце яму лякарства, якое тут прапісана. А самае галоўнае: каб быў поўны супакой. Каб хворы бяз крайняе патрэбы і ня кратаўся зусім.

Жонка. А гэта-ж ня страшная хвароба, пане доктар?

Доктар. М-м-м… не, пры супакоі, пры добрай ядзе, належным даглядзе… Але бывайце, мяне чакаюць іншыя пацыенты.

Жонка (нясьмела і сарамліва кладзе яму грошы ў руку). Выбачайце, пане доктар, болей ня можам, уцекачы мы…

Доктар (насупліваецца). Колькі тут? (Лічыць вачыма).

Жонка. Выбачайце, паважаны пане доктар! Уцекачы… Самі разумееце…

Доктар. Я сам уцекач, і не магу дарма лячыць пры ўсім маім жаданьні…

Жонка. Паночку, мы ня ведалі, мы думалі… Верце нам, у канец сышлі…

Доктар (злуецца). А мне якая да гэтага справа? І вы павінны разумець, што цяпер доктар дарма лячыць ня можа…

Маглі ў камітэцкую больніцу завезьці вашага мужа, а не запрашаць доктара на кватэру, калі вы бедныя. Уцекачы… Чоррт!.. (Выходзіць, стукнуўшы дзьвярмі).

∗     ∗

Жонка (зьбянтэжаная). Я-ж думала, досыць яму. Хто-ж іх ведаў, што яны цяпер так шмат бяруць…

Пісарэвіч. Ат, кінь, Стася! Яму абы грошы. Ён, відаць, з гатунку тых, як муж тваёй калежанкі.

Жонка (зьбітая з роўнавагі). Дык гэта-ж і ёсьць сам пан Пшэпюркоўскі, лекар бяжэнскага камітэту.

Пісарэвіч. А-а? А Чаму-ж ты з ім не пазнаёмілася? Знаёмы і сам уцякач, гэта-ж: „пролетары ўсіх краёў, злучайцеся“.

Жонка. Не жартуй, Алесь! Якое-ж цяпер у нас можа быць знаёмства з парадачнымі людзьмі? Сорам прызнацца, хто мы ёсьць…

Пісарэвіч. Ах, пся крэў! Ну, доктар!

Жонка. Супакойся, Алесік, супакойся! Ах, ці хопіць у мяне на лякарства? (Пералічвае марачкі). Пабягу ў аптэку.

Пісарэвіч. Ня пускай толькі гаспадыніных дзяцей сюды. Як пойдзеш у аптэку, скажы, каб не хадзілі сюды…

Жонка. Добра, добра! Ах, Алесік, я-ж цябе пакармлю спачатку. Скажы мне, можа хочаш яешаньку? Ад камітэцкай падмогі яшчэ маем колькі рублёў.

Пісарэвіч. Нашто мне твая яешанька? Лішнія выдаткі.

Жонка (утупіла вочы). Якія там выдаткі? Я невялічкую, з двух яек.

Пісарэвіч. Ну, добра! Але, Стася, і ты будзеш есьці са мною!

Жонка. Добра, добра, Алесік. Я зараз прыстрою. Пабягу яек пашукаю… (Пашла).

Пісарэвіч. А-ах… (Стогне). Вось калі-ткі, па праўдзе, быў конь, ды зьезьдзіўся. Няўжо памру тут на чужыне? А можа і лепей… Шкада толькі хлопчыкаў… Сапсуюцца тут. Але як памру, то ужо з прытулку іх ня выганяць — і то балазе. А-ах… З сваімі дзяцьмі жыць ня прыходзіцца, а гаспадыніны сваім галузваньнем з розуму мяне зводзяць. А-ах, дзеткі, дзеткі… Няўжо памру? Яблыкамі мне часта пахне, — што-б гэта значыла? Скажу Стасі, хай прывядзе заўтра хлопчыкаў з прытулку: хачу з імі пабачыцца. Гм, няўжо памру,


∗     ∗

Дзяўчынка (калматая, худая, абшарпаная; спачатку выстаўляе галаву ў трохі адчыненыя дзьверы). Пан! У вас быў доктар? Ён жыд?

Пісарэвіч. Быў, але ня ідзі сюды, Манічка, я хворы.

Дзяўчынка (уваходзіць і бярэ рэцэпт). Што тут напісана?

Пісарэвіч. Пакладзі рэцэпт. Можа-б ты пашла пакуль-што назад у кухню?

Дзяўчынка. Гэта наша хата, а ня ваша.

Пісарэвіч. Мы вашай маме плоцім за яе.

Дзяўчынка. А мама казала, што вы не заплоціце, бо голыя вы, як бізуны. Ведама, уцекачы, палякі праклятыя.

Пісарэвіч. Што ты там разумееш… Пакладзі рэцэпт і ідзі ў кухню.

Дзяўчынка. Я хачу тут быць. Вы не забароніце, бо хата ня ваша…

Пісарэвіч. Стася! Стася! (Дзяўчынка схапіла рэцэпт і ўцякае).

Жонка (прыбягае, запыхаўшыся). Што, Алесік?

Пісарэвіч. Дзяўчынка схапіла рэцэпт і ўцякла… Кідаеш, Стася, абы-дзе.

Жонка. Ах, свавольніца! Я матцы пажалюся на яе! (Пабегла, але дзяўчынка сама нясе скамечаны рэцэпт і кідае).

Дзяўчынка. Наце! Ня бачыла я вашых паперак, падумаеш!

Жонка. Ах ты, распусьніца! Навошта-ж пакамечыла? (Разгладжвае). Ну, ідзі ў кухню, гуляй там, бо хвораму дакучаць няможна.

Дзяўчынка. А я не хачу! Хата ня ваша!

Пісарэвіч. Выйдзі вон, дзяўчынка! Ты мяне раздражняеш!

Дзяўчынка. А я не хачу! Хата ня ваша!

Пісарэвіч. Выйдзі вон, брадзяга!

Дзяўчынка. Я не брадзяга, — майго бацьку на вайне забілі за вас, праклятых!

Жонка. Ідзі, ідзі! (Бярэ яе за плечы і выводзіць). Бач, распусьціла язык, як карова.

Дзяўчынка (сумысьля крычыць). Ай, ратуйце! бяжэнка б‘ецца! (Потым сьціхае).

Пісарэвіч. Ну, скажэце! Вось так нумар! Яна мне ўсё нутро пераверне, гэтая жаба малая… Стася! Стася!

Жонка (прыбягае). Што, Алесік?

Пісарэвіч. Што ты там робіш? Кінь ты іх там, пасядзі са мною.

Жонка. Што табе, Алесік?

Пісарэвіч. Прывядзі ты заўтра нашых хлопчыкаў з прытулку…

Жонка. Добра, добра… Я зараз яешаньку табе прынясу… (Выходзіць).

Пісарэвіч. Дзеткі мае любыя! і навошта мне было сварыцца на гэтую дзяўчынку? Што яна разумее, малая? (Маўчыць, а з кухні чуецца дзіцячы рогат). Што такое? Ізноў нейкія штукі?

Жонка (прыбягае знэрваваная). Ну, што ты скажаш! Ня хлопчык, а д‘ябал! У самую патэльню з яешняю скінуў з печы брудны чаравік!..

Пісарэвіч. Ах, шэльма! Вось гэта жарцікі! (Сьмяецца).

Жонка. Укінуў чаравік і заліваецца сьмехам На печы. Прост ня хлопчык, а д‘ябал! Сапсаваў яешню…

Пісарэвіч. Аддай яму гэтую яешню, хай сам есьць, гад.

Жонка. Я табе другую сьпяку, Алеська. Ах, пракляты хлопчык!

Пісарэвіч. Што яны вінаваты, малыя: маці цэлы дзень ля вагонаў таргуе, а яны тут адны прост на галаве ходзяць.

Жонка. Вось і будзь тут супакойны… І калі-ж гэта ўжо мы павернем у сваю хатку? Хай яны тут згінуць з усім сваім, кацап‘ё гэтае!


∗     ∗

Баба (раптоўна ўваходзіць у пакой і грозна падступае). Хто гэта хай згіне? Хто гэта хай згіне, паны, скажэце вы мне? Га?

Жонка. Чаго вы крычыцё? Мой муж хворы, яму патрэбен супакой.

Баба. А мне супакою не патрэбна? Я вас пусьціла ў сваю хату як добранькіх, каб вы пад плотам дзе не прапалі, а вы што гэта вырабляеце? Га? Якое вы права маеце дзяцей з хаты выганяць? Нашто вы мне дзяўчынку маю б‘еце, га?

Пісарэвіч. Хто яе калі біў? Кіньце вы…

Баба (на жонку). Яна біла! Што гэта такое?

Жонка. Я ня біла, а вам-бы трэба навучыць іх троху, а ня слухаць, што дзяўчынка набрэша…

Баба. Што? Сваіх дзяцей ідзеце ў прытулак вучыць!

Жонка. Нашы дзеці ня кідаюць вам у яешню брудных чаравікаў.

Баба. А мае каму-ж гэта кідаюць?

Жонка. А сёньня хлопчык мне ў яешню кінуў з печы брудны чаравік.

Баба. Я-ж яму пакажу нягоднаму! (Кінулася за дзьверы, дзе зараз пачынаецца страшэнны гвалт. Матка бʻе, а хлопчык крычыць благім матам: „А, мамачка, ён сам уваліўся! А, мамачка, ня біся!“).

Пісарэвіч (затыкае вушы). Нашто ты казала? Нашто ты казала? Я не магу чуць гэтага крыку! Ідзі адбяры ў яе. Адбяры!

Жонка. Алесь, супакойся! Ну, што я тут вінавата? Што мне рабіць! Ай! Ай! Ай!

Баба (прыбягае разьюшаная). А цяпер вон з мае хаты, палякі праклятыя! Каб і духу вашага тут не сьмярдзела! Зладзеі вы! З-пад чужой курыцы яйкі выбіраеце ды яешні сабе смажыце! Падумаеш, паны дужа вялікія!

Жонка. Алесь, галубок, даражэнькі! Яна брэша, няпраўда, я ня брала, я на рынку купіла… (Тупіць вочы, уцягвае галаву).

Баба. Купіла пад чужой курыцай!

Жонка. Няпраўда, Алесь, няпраўда! (Плача).

Баба. А што, нялюба слухаць? Паня такая! Мінулася вам панства! Вон з мае кватэры! Каб заўтра ўжо і вочы мае вас тут ня бачылі! (Ляпнула дзьвярмі і крычыць у кухні).

Пісарэвіч (калі ўсё сьціхла). Глупства, завязі ты мяне, Стася, у больніцу! Можа я палепшаю… А калі і памру, дык бяз гэтага гвалту… Эшалёну я ўжо не дачакаюся.

Жонка (плача). Алесічак, што ты кажаш, як-жа я буду адна, з дзетачкамі, божа мой!

Пісарэвіч. Прасіся ў кухаркі ў прытулак, бліжэй да дзетак. А можа бяжэнскі камітэт дасьць якое месца. А там эшалён пададуць, дамоў паедзеце…

Жонка. Алесь не жартуй! Што ты гэта кажаш?! Не краі ты мне сэрца, Алесь…

Пісарэвіч. Якія жарты… Аджартаваў я сваё. Не дачакацца ўжо мне эшалёну. Тут застануся…

Жонка. Алесь, што ты мяне палохаеш? Эшалён пададуць, дамоў паедзем… Дзеткі гадаваць будзем…

Пісарэвіч. Ня плач, Стася. Ну паедзем… Будзем гадаваць… Адзін Пісарэвіч памрэ, два Пісарэвічы вырастуць. Эт, нічога! Добра… усё добра будзе…

Жонка. Алесь, не жартуй! Падумай, што ты кажаш!

Пісарэвіч. Найлепшы быў-бы жарт, каб я памёр тут да адпраўкі, а то нараблю табе клопату ў дарозе… Ах, трудна мне, Стасенька, трудна! А вось бачыш, ня плачу. І ты ня пляч…



V

Дзеецца на эвакуацыйным пункце ў Воршы, у бежанскім бараку пад лесам. Поўная стадола і палаці і падлога ўцекачоў. Ляжаць, сядзяць, ядуць, стогнуць, шукаюць у галаве — бабы, дзеці, старыя мужчыны. Скрозь — лахманы, бяда, пакута. Пры дзьвярох стаіць нямецкі жаўнер з цесаком. Адзін маладзейшы ўцякач вядзе другога ўцекача — сьляпога дзеда і садзіць на падлозе пры жаўнеру.

Сьляпы. Дык гэта мы ў вагон прышлі, братку?

1 ўцякач. У вагон, дзядзька. Вось тут сядзі і чакай адпраўкі. (Сьмяецца).

Сьляпы. А чаму-ж мы нікуды не ўзьлязалі, усё па роўным ішлі?

1 ўцякач. Гэта-ж нямецкія вагоны такія. Ну, дык сядзі тут і маўчы. (Сам ідзе к 2-му ўцекачу, садзяцца побач і гамоняць).

2 ўцякач. Што гэта — дурны?

1 ўцякач (ціха). Не, ён сьляпы. Блукаецца і начальству і ўсім дакучае, пытаецца калі паедзем. Дык я яго і пасадзіў: хай думае, што ў вагоне.

2 ўцякач. Комэдыя як хто ня ведае.

1 ўцякач. Адзін, стары дый наверх — сьляпы, адбіўся ад свайго эшалёну. Бяда мне з ім. Мы землякі.

Сьляпы (з свайго кутка). Дзякуй табе, добры чалавеча, што ты ў вагон мяне пасадзіў, але чаму-ж гэта марудзім, чаму ня едзем?

1 ўцякач. Чакай, чакай там, дзядзька, як прыдзе пара — паедзем.

Сьляпы. А па мне хоць-бы і зараз ехаць.

2 ўцякач. Дзівак ён! Не, старэнькі, яшчэ ня зараз прыдзе гэтая пара…

1 ўцякач. Еду-еду я ад самага Тамбова і што бачу: па ўсіх вакзалах страшэнны бруд і непарадак. Людзі, як быдла, як вось і мы цяпер, валяюцца на голым ды запаскуджаным памосьце. Цесната, бесталач, гарачае вады няма. Ня дзіва, што людзі хварэюць ды паміраюць у вагонах і на вакзалах і ў бараках, як тыя сьвіньні ў пошасьці.

2 ўцякач. Есьці, братка, няма чаго людзём, во бяда!

1 ўцякач. І я тое кажу. А тут-бы во пашоў куды, можа дзе зарваў-бы што, — калі ня купіў, дык хоць-бы выпрасіў, — а ён стаіць пры дзьвярох і ня пускае. Куды ні ступі, усё, „цурук!“ ды „швайн!“ — крычаць на нашага брата, як на дурную авечку.

2 ўцякач. Няўжо-ж няма спосабу вырвацца з гэтага пекла, — і прыдзецца, апрача таго, два тыдні ў каранціне сядзець?

1 ўцякач. На немцаў няма, братка, спосабу, — сядзі… (Чуваць выцьцё ў другім пакоі). Ах, як галосіць… Чуеш, галосіць?

2 ўцякач. Гэта адзін памёр начою, дык пляменьніца галосіць. З пляменьніцаю ехаў. Слухай! Як хораша ўсё-чысьценька вычытвае. Ах, добра вые!

Голас. А мой дзядзюхна, а мой родненькі! Поўненька тут людзей, толькі ня ў госьцейкі прышлі к табе, няма нікога і разьвітацца з табою! Не на сваёй лаўцы ты лёг, дзядзюхна! Мой міленькі, мой сухлявенькі! А ты так лёгка апрануўшыся і табе ня сьцюдзёненька… Не пачакаў ты нас, паляцеў наўперад за ўсіх даведацца, што там робіцца ў роднай хатачцы… Хто-ж цябе там ад марозу прытуліць? Там-жа, кажуць, усё спалілі, усё паразьбівалі. А мой дзядзюхна! Ці ты за што загневаўся? Можа калі дрэнна паслала, нячыста памыла… А ў мяне-ж было поўна работы, аб аднэй думала, на другую забывалася… Намучыліся мы, нацярпеліся на чужой староначцы, нагаладаваліся, намёрзьліся… А ты і пачакаць трошкі не захацеў… Паляцеў адзін, мой дзядзюхна, мой старэнькі саколіку…

1 ўцякач. Пайду, пагляджу…

2 ўцякач. Ня ідзі, ня пусьціць. (Паказвае на жаўнера). А плача — ах, добра!

1 ўцякач. Пайду хоць ласкавае слова ёй скажу. (Ідзе).

Немец. Цурык! (Варочае яго назад).

2 ўцякач. Вярніся хай ён падавіцца сваім цуруком.

1 ўцякач (жаўнеру). Пусьці, братка, хай-жа я ласкавае слова ёй скажу!

Немец. Цурык! Швайн! (Уцякач варочаецца).

2 ўцякач. Ты на яго „братка“, а ён на цябе „назад, сьвіньня!“

1 ўцякач. Чаго-ж гэта ён так раззлаваўся?.. Ой, што гэта за гвалт, што там такое, братачка мой?

Жонка (ляціць, як шалёная. Немец яе ловіць). У мяне муж памёр, дзеці галодныя! Не чапайце мяне! (Плача).

Перакладчык (у дзьвярох). Мадам, усіх трасуць, і вас мусяць аглядзець. (Кажа нешта немцу панямецку і выходзіць назад за дзьверы).

1 ўцякач. Панечка! Гэта яны думаюць: можа вы золата ў спадніцу зашылі ці якую газэціну, дык мусяць трэсьці. І шпіёнаў ловяць так. Усіх трасуць…

Жонка. Я не капіталістка, не бальшавічка, не шпягоўка! Нашто мяне трэсьці? У мяне муж учора памёр, дзеці галодныя… Пра гэта ў мяне ніхто ня пытаецца! (Сядае і плача).

2 ўцякач (1-му). Чаму-ж гэта яе ня трэсьлі адразу, як прыехала?

1 ўцякач. Мусіць, паўважаліся, што ў жалобе. У панечкі муж памёр у вагоне, добры такі чалавек быў, яшчэ перад сваёю сьмертухнаю ўсіх нас падвесяліць хацеў: „Нічога, кажа, усё добра будзе“. Аж во яно добра!

2 ўцякач (жонцы). Грамадзянка, ня бойцеся нічога: яны завядуць вас у сакрэтную каморку, і нямкіня там вас агледзіць.

1 ўцякач. Пакарыцеся, панечка!

Жонка. Не чапайце мяне! Ня рушце мяне!

2 ўцякач. Калі ў грамадзянкі брыльлянтаў няма, чаго-ж баяцца?

Жонка. Мужа без абраду, бяз труны, як сабаку, у пясок закапалі, дзеці з голаду пухнуць, а ў мяне брыльлянты… Хто гэта сказаў? Ты? (Кідаецца на яго, як тыгрыца). Сволач ты, дрэнь, бальшавіцкая морда!

2 ўцякач (уцякае). Што вы гэта пані? Я-ж так сабе сказаў, прыкладам… Я бачу, як вам баліць. Усе мы няшчасныя.

Жонка. Сволач, сволач! „Усе мы няшчасныя“… Пайду глоткі дзецям перагрызу, сябе заб‘ю, — тады будзеце ведаць, якая вам няшчасная… У-у-у!.. (Вые, рагоча і выбягае міма немца, аж ён зьбіўся з панталыку).

∗     ∗

2 ўцякач. Усіх-жа трасуць, хто ні едзе. Праўда, і ўчора з аднэю паняю, што з намі ехала, тое самае было. Крычала, як рэзанае парасё, а тады бразнулася на зямлю, замалаціла галавою аб падлогу — і зрабілася быццам няжывая. Дык у тэй-жа ткі перад гэтым брыльлянты з спадніцы выпаралі. А гэта чаго?

1 ўцякач. З гора бедная заходзіцца. Як-жа: мужа ўчора толькі закапалі. Я за ногі нёс яго ў яму — лёгкі, высах, як трэска. Вучонае пароды, відаць, быў чалавек, а да чаго дашоў. Двух хлопчыкаў і во яе асіраціў, пакінуў без пары.

2 ўцякач. Дык паны ў няшчасьці заўсёды болей халяруюць, чымся просты чалавек. Вось ёй баліць, што без абраду пахавалі, а яму што? Ня ўсё аднакава целу гніць — у труне ці бяз труны?

1 ўцякач. Ну, як-жа, братка, і мёртваму свая чэсьць належыцца.

2 ўцякач. А як я цяпер сьвету паглядзеўшы, дык памойму ўсё роўна чалавеку, ці так, ці гэтак. З зямлі і ў зямлю. Што чалавек, што чарвяк… Скача, скача, як блыха, заваліцца — і па ўсім.

1 ўцякач. Але-ж, братка, чалавек-жа ня блыха!

2 ўцякач. У чым ня блыха, а ў чым дык зусім, як блыха!

1 ўцякач. Не вярзі ты, братка, пустое. Будзем во лепей думаць, як-то прыме нас зноў да сябе родная старонка. Як цяпер разжывацца на голенькім месцы?..



Вышлі з друку і прадаюцца наступныя п‘есы:

Цана
Ул. Галубок. „Суд“. Комэдыя ў 1-й дзеі
20 к.
В. Муйжэль. „Жаніх з Піцера“. П‘еса ў 3-х дзеях
20
Івушка-Калінушка. „Непаслухмяныя“
20
Ю. Юрын. „Савецкі Чорт“. Комэдыя ў 3-х дзеях
20
І. Мысьлінскі. „Общепонятная“ мова“. Жарт у 1 дз.
10
А. Гаротны. I. „Лекары і Лекі“. II. „Два жаніхі“. П‘есы ў 1 дзеі
15
А. Гаротны. „Перамена“. П‘еса ў 2-х дзеях
15
М. Дзічок. „Хто не працуе, той ня есьць.“ Інсцэніроўка ў 3-х абразкох
30
У. Дубок. „У тыя дні“. Рэволюцыйная п‘еса ў 3-х дзеях
30
А. Ляжневіч. „Таміла“. Мэлёдрама ў 5-ці дзеях, па раману Ф. Дюшэна
65
А. Ляжневіч. „З дымам-пажарашч“. Рэволюцыйная п‘еса ў 3-х дзеях
50
Раманоўскі і Кручоных. „Цемра“. П‘еса ў 3-х дз.
30
І. Бэн. „Нажыўся“. П‘еса ў 2-х дз., 3-х абразкох
30
Васіль Сташэўскі. „На другі дзень“. П‘еса 1 дз.
15
„Кацярына“. П‘еса ў 2-х дз.
15
„Сьпявай, вясна“. П‘еса ў 2-х дз.
20
„У прошчы“. Аднаакт. абраз.
22
„Музыка Цьвілеўскі“. Комэдыя ў 2-х дз. (3-х карцінах)
25

Цана 35 кап.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.
 
  1. Камітэт па эвакуацыі пленных і бежанцаў.