Жыла і жыць будзе беларуская зямля!
Жыла і жыць будзе беларуская зямля! Аўтар: Кузьма Чорны Крыніца: https://knihi.com/Kuzma_Corny/Zyla_i_zyc_budzie_bielaruskaja_ziamla_zbor8.html |
Заўсёды жыла і жыць будзе Беларуская зямля!
Заўсёды жыў і жыць будзе Вялікі Беларускі народ! Жыў і жыць будзе на сваёй зямлі як гаспадар!
Не званым, не прошаным чужынцам ніколі ён не адчыняў дзверы свайго дома, а заўсёды спатыкаў іх вялікай сваёй нянавісцю і такой жа вялікай сваёй сілай. Няма і не будзе меры гэтай нянавісці і сіле цяпер!
Ніводзін немец не астанецца на нашай зямлі! Як паганая сука, будзе ён лізаць свае раны — і здохне пад няўмольным позіркам нашага чалавека. Косці яго сатлеюць пад нашымі вятрамі, чорная кроў яго ўгноіць наша поле; галавы свае не паспее ён вынесці з нашага дома. Калі хто з іх, ненавідных чужынцаў, выць будзе аб літасці — не адгукнецца яму чалавечае сэрца! Перад ім будзе камень, вечна цвёрды і вечна няўмольны! Подлым фашысцкім прахвостам нічога не будзе дарована! Адна слязіна беларускай жанчыны аб сваіх замучаных дзецях перацягне на вазе справядлівасці ўсю гітлераўскую Германію — гэтую дзяржаву двуногай жывёлы і звяр’я. Голас кожнага асірацелага беларускага дзіцяці гучыць вялікім заклікам да няўмольнай помсты. Яго будуць чуць і дрыжаць перад ім нават бацькі і мацяркі тых, хто прыйшоў таптаць нашу зямлю і раніць яе.
Помсце за родную зямлю не будзе канца! За раны нашай радзімы расплацяцца гітлераўскія прыспешнікі і сляпыя выканаўцы яго волі. Расплацяцца тыя, што паслухмяна ішлі на нас. Хто прынёс Беларускай зямлі гора — адчуе ў сто раз большае гора!
У дзень вялікай расплаты народная ярасць напоўніць жахам кожную фашысцкую істоту. Народная ярасць, народная помста ўжо выходзіць з сваіх берагоў. Беларускі народ падняўся на поўнае знішчэнне агіднага чужынца.
Час расплаты блізка!
Загартуем нашы сілы і нашу волю! Усе, як адзін, будзем цвёрдымі і нязломнымі! Ні адзін нямецкі салдат не павінен выйсці жывым з нашых рук! Смерць кожнаму фашысту на нашай зямлі! Ачысцім ад ворага Беларускую зямлю, залечым яе раны, і зноў будзе радасць і шчасце!