Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/IV
← Раздзел III | Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел IV Раман Аўтар: Даніэль Дэфо 1937 год Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719) |
Раздзел V → |
Раздзел чацверты
Рабінзон пасяляецца ў Бразіліі. — Ён зноў адпраўляецца ў мора і церпіць крушэнне.
Капітан быў велікадушны не толькі на словах, але і на справе. Ён распарадзіўся, каб ніхто з матросаў не пасмеў дакранацца да маёй маёмасці, перапісаў усе мае рэчы і склаў іх у асобным памяшканні, а опіс перадаў мне, каб я, прыехаўшы ў Бразілію, мог атрымаць у непарушнасці кожную рэч.
Яму вельмі падабаўся баркас, які меў вялікую каштоўнасць. Ён сказаў, што ахвотна купіць яго ў мяне, і спытаў, у колькі я яго цаню. На гэта я адказаў:
— Вы абышліся са мной так велікадушна ва ўсіх адносінах, што, уступаючы з вамі ў гандлёвую здзелку, я ні ў якім разе не пачну вызначаць цаны за мой тавар, а дам гэтае права вам.
Тады ён сказаў, што выдасць мне пісьмовае абавязацельства заплаціць за мой баркас восемдзесят піястраў[1], але калі ў Бразіліі ў мяне знойдзецца іншы пакупнік, які дасць мне больш, то ён выплаціць мне розніцу ў цане.
Наш пераезд да Бразіліі быў зусім спакойным, і пасля дваццацідвухдзённага плавання мы ўвайшлі ў бухту Ўсіх Святых.
Такім чынам, я яшчэ раз выратаваўся ад бяды, вышаўшы з самага жахлівага становішча, у якое толькі можа трапіць чалавек, і цяпер мне засталося рашыць, што рабіць з сабой.
Я ніколі не забуду велікадушных адносін да мяне капітана партугальскага карабля. Ён нічога не ўзяў ад мяне за праезд, добрасумленна вярнуў мне ўсе мае рэчы, даў мне сорак піястраў за львіную скуру і дваццаць за скуру леапарда, ды наогул купіў усё, што ў мяне было лішняга і што неспадручна было прадаць, у тым ліку скрынку з вінамі, дзве стрэльбы і рэшту воску (частка якога ў нас пайшла на свечы). Адным словам, калі я распрадаў большую частку сваёй маёмасці, і вышаў на бераг у Бразіліі, у мяне ў кішэні было дзвесце дваццаць піястраў.
Калі мы прыехалі ў Бразілію, мой друг-капітан завёў мяне ў дом аднаго свайго знаёмага, такога-ж добрага і сумленнага чалавека, як ён сам. Гэта быў арандатар цукровай плантацыі і цукровага завода. Я пражыў у яго даволі доўгі час і дзякуючы гэтаму пазнаёміўся з цукровай вытворчасцю. Бачачы, як добра жывецца тутэйшым людзям і як яны хутка багацеюць, я парашыў і сам заняцца гэтай справай, застаўшыся назаўсёды ў Бразіліі. На ўсе мае наяўныя грошы я ўзяў у арэнду ўчастак зямлі і пачаў працаваць над планам маёй будучай плантацыі і фольварка, выходзячы з памераў той сумы, якую я разлічваў атрымаць з Лондана.
Быў у мяне сусед, партугалец з Лісабона, родам англічанін, па прозвішчу Уэльс. Ён знаходзіўся прыблізна ў такіх-жа ўмовах, як і я. Мы былі з ім ў самых сяброўскіх адносінах. У мяне, як і ў яго, зваротны капітал быў досыць невялікі, і першыя два гады мы абодва ледзь-ледзь маглі пракарміцца. Але па меры таго, як зямля распрацоўвалася, мы багацелі, так што на трэці год частка зямлі была ў нас засеяна тутуном, і мы падрыхтавалі па вялікаму ўчастку пад цукровы траснік к будучаму году.
Пражыўшы у Бразіліі амаль чатыры гады і паступова пашыраючы сваю справу, я, зразумела, не толькі вывучыў мясцовую мову, але завязаў вялікія знаёмствы з маімі суседзямі, а таксама з купцамі з Сан-Сальвадора, бліжэйшага да нас прыморскага порта.
Сустракаючыся з тымі ці іншымі, я часта расказваў пра мае дзве паездкі да берагоў Гвінеі, аб тым, як вядзецца гандаль з гвінейскімі неграмі і як лёгка там за забаўку — за якія-небудзь каралы, нажы, нажніцы, сякеры, шкелцы і іншую дрэнь — атрымаць залаты пясок і слановую косць. Мае расказы яны слухалі вельмі ўважліва. Неяк аднаго разу нас сабралася вялікая кампанія — я і некалькі маіх знаёмых. Мы жвава гутарылі на гэтую тэму. На другі дзень зранку трое з маіх гасцей з‘явіліся да мяне і абвясцілі, што, параздумаўшы добранька над тым, што я ім расказваў напярэдадні, яны прышлі да мяне з сакрэтнай прапановай. Затым, узяўшы з мяне слова, што ўсё, што я ад іх пачую, застанецца паміж нас, яны сказалі мне:
— Усе мы маем плантацыі, але работа наша ідзе вельмі цяжка, бо ў нас няма грошай, каб наняць рабочых. Вы кажаце, што там, дзе вы былі, можна лёгка набыць цэлыя груды залатога пяску і іншых каштоўнасцей. Мы хочам адправіць карабль у Гвінею па золата. Ці згодны вы паехаць туды? Мы дамо вам ўсё, што трэба для абмену. За вашу працу вы атрымаеце сваю долю здабычы, такую самую, як і кожны з нас.
Паўтараю, мне было на вяку напісана зрабіцца вінавайцам уласнай пагібелі.
Як раней я не здолеў перамагчы сваёй любові да бадзяжніцтва і не паслухаўся добрых парад бацькі, так і цяпер я не здолеў устаяць супроць спакуслівай прапановы.
Я адказаў маім сябрам, што з радасцю паеду ў Гвінею, з той аднак умовай, каб яны ўзяліся прыгледзець у маю адсутнасць за маёй маёмасцю і распарадзіліся ёю па маіх указаннях у тым выпадку, калі я не вярнуся.
Усё гэта яны мне ўрачыста абяцалі, замацаваўшы нашу ўмову пісьмовым абавязацельствам; я-ж, з свайго боку, зрабіў фармальны тэстамэнт на выпадак маёй смерці: усю сваю рухомую і нерухомую маёмасць я адпісаў партугальскаму капітану, які выратаваў мне жыццё.
Карабль у свой час быў падрыхтаван, нагружан адпаведным таварам і ўсё зроблена па ўзаемнай згодзе з маімі хаўруснікамі. І яшчэ раз, у нядобрую гадзіну, 1 верасня 1659 года, я ўзышоў на палубу карабля. Гэта быў той самы дзень, у які восем гадоў назад я ўцёк ад бацькі ды маткі ў Гуль, — той дзень, калі я паўстаў супроць бацькоўскай улады і так бязглузда накіраваў свой лёс.
Пасля дванаццацідзённага плавання мы перасеклі экватар і знаходзіліся, па апошніх назіраннях, пад 7°22′ паўночнай шыраты, калі на нас нечакана наляцеў грозны шквал. Гэта быў сапраўдны гураган. Ён пачаўся з паўднёвага ўсхода, потым пачаў дзьмуць у адваротны бок і нарэшце завярнуў з паўночнага ўсхода з такой жахлівай сілай, што на працягу дванаццаці дзён мы маглі толькі, аддаючыся на волю лёсу, плысці, куды нас гнала лютасць стыхіі. Няма чаго і казаць, што ўсе гэтыя дванаццаць дзён я кожную гадзіну чакаў смерці, ды і ніхто з нас не думаў застацца ў жывых.
Аднаго разу, з самага ранку (вецер усё яшчэ не здаваў, і мы амаль згубілі надзею на выратаванне), адзін з матросаў крыкнуў:
— Зямля!
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце іх, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
Але не паспелі мы выскачыць з каюты, каб даведацца, дзе мы знаходзімся, як судна села на пясчаную мель. У той-жа момант ад раптоўнай астаноўкі вада хлынула на палубу з жахлівай сілай.
Карабль так глыбока засеў у пяску, што не было чаго і думаць сцягнуць яго з зямлі, і нам заставалася толькі паклапаціцца аб уласным ратунку, калі ён быў магчымым. У нас былі дзве шлюпкі. Адна вісела за кармой, але ў час шторму яна разбілася аб стырно, а потым яе сарвала ды панесла ў мора. Засталася другая, але як спусціць яе ў ваду? Гэта была цяжкая задача. А між тым нельга было марудзіць: карабль мог кожную хвіліну расшчапіцца надвое, і некаторыя нават гаварылі, што ён ужо даў шчыліну.
Памочнік капітана кінуўся да шлюпкі, якая вісела ля барта на блоках, і з дапамогай астатніх людзей экіпажа падрыхтаваў яе да спуску на ваду. Мы ўсе, адзінаццаць чалавек, увайшлі ў шлюпку, і аддаліся на волю бушуючых хваляў, бо хоць шторм значна сцішыўся, але ўсё-ткі на бераг набягалі страшэнныя валы, і мора магло быць сапраўды названа шалёным.
Наша становішча па сутнасці было вельмі дрэннае: мы ясна бачылі, што нам няма ратунку. Ветразей у нас не было, ды і ўсёроўна яны былі-б нам бескарысныя. Мы веславалі да берагу з каменем на сэрцы, як людзі, якіх вядуць на смерць: мы вельмі добра ведалі, што, як толькі шлюпка падыдзе бліжэй да зямлі, яе разнясе прыбоем на тысячу кавалкаў. Нас гналі вецер і плынь. Мы налягалі на вёслы, уласнай рукой набліжаючы сваю пагібель.
Нас аднесла міль на чатыры ад таго месца, дзе засеў наш карабль, і раптам велізарны вал набег з кармы на нашую шлюпку. Гэта быў апошні смяротны ўдар. Вал-гігант накінуўся на нас так шпарка, што ў адно імгненне перакуліў нашу шлюпку. Мы не паспелі ахнуць, як апынуліся пад вадой, далёка ад шлюпкі і адзін ад аднаго.
Ніякім пяром нельга апісаць той трывогі, якая авалодала мною, калі я пагрузіўся ў ваду. Я вельмі добра плаваю, але я не мог адразу вынырнуць на паверхню і ледзь не задыхнуўся. Хваля падхапіла мяне, працягала на досыць значную адлегласць у кірунку да зямлі, распалася і адхлынула назад, пакінуўшы мяне напалову мёртвым, бо я нахлёбаўся вады. Я крыху перадыхнуў і ачуняў. Убачыўшы, што зямля так блізка (куды бліжэй, як я чакаў), я паспяшаўся да берагу. Я спадзяваўся даплысці да яго раней, як набяжыць і падхопіць мяне другая хваля, але хутка зразумеў, што яе мне не мінуць: мора даганяла мяне, як раз‘юшаны звер. Змагацца з ім у мяне не было сілы.
Наступная хваля пахавала мяне футаў на дваццаць, на трыццаць пад вадой. Затым мяне падхапіла і з незвычайнай хуткасцю панесла да берагу. Я затрымаў дыханне і паплыў па плыні, з усіх сіл дапамагаючы ёй. Раптам я адчуў, што ўздымаюся ўверх. Хутка, на вялікую маю радасць, мае рукі і галава апынуліся над вадой, і хоць прайшло не больш двух секунд да новай хвалі, але я паспеў перадыхнуць, і гэта дадало сілы. Новая хваля зноў накрыла мяне з галавой, але на гэты раз я прабыў пад вадой не так доўга. Як толькі галоўная маса вады адхлынула назад, я, не марудзячы, паплыў да берагу і хутка адчуў пад нагамі дно. Я пастаяў крыху, уздыхнуў поўнымі грудзьмі і пусціўся бегчы да берагу.
Але і цяпер я не мінуў морскага гневу: яшчэ два разы яно мяне даганяла, два разы падхоплівала мяне хваляй і выносіла ўсё бліжэй ды бліжэй да берагу, які ў гэтым месцы быў, на шчасце, плоскім і вельмі пахілым.
Апошні вал ледзь не загубіў мяне: захапіўшы мяне ў сваім няўтрымным імкненні, ён вынес мяне на скалу ды з такой сілай ударыў аб яе бокам ды грудзьмі, што ў мяне аж заняло дыханне, і я страціў прытомнасць.
Некаторы час я быў зусім бездапаможным і заставаўся ў поўнай уладзе мора, і каб яно паспела зноў схапіць мяне ў свае абдымкі, перш чым свядомасць вярнулася да мяне, я немінуча захлынуўся-б.
Але я апрытомнеў якраз своечасова: убачыўшы, што зараз мяне зноў накрые хваля, я моцна зачапіўся за выступ майго ўцёса і стрымліваючы дыханне, перачакаў гэтую хвалю.
Тут, бліжэй да зямлі, хвалі былі ўжо не такія высокія і наляталі з меншай сілай. Калі вада адхлынула, я пабег уперад і апынуўся так блізка ля берагу, што наступная хваля хоць і перакацілася праз мяне, але ўжо не здолела аднесці мяне назад у мора. Яшчэ некалькі крокаў, і я, на вялікую маю радасць, адчуў сябе на сушы. Знямогшыся, успоўз я на прыберажныя скалы ды ўпаў на траву. Тут я быў у бяспецы: мора не магло дастаць мяне.
Няма, я думаю, такіх слоў, якімі можна было-б паказаць з дастатковай яскравасцю радасць чалавека, устаўшага, можна сказаць, з дамавіны: я хадзіў па беразе вялікімі крокамі, размахваючы рукамі, і ўжо сам не памятаю добра, што рабіў. Уся мая істота была, калі можна так сказаць, паглынута адчуваннем майго збавення. Я думаў, што жывы я адзін, а ўсе мае таварышы патанулі. Ва ўсякім разе, нікога з іх я больш не бачыў; ад іх і слядоў не засталося, акрамя трох, належачых ім капелюшоў, аднаго каўпака ды двух няпарных чаравікаў, выкінутых морам.
Я ўспомніў, што мне трэба агледзець мясцовасць, каб даведацца, куды я трапіў, і вырашыць, што мне рабіць.
І, як толькі я аб гэтым успомніў, мая радасць адразу-ж астыла: я зразумеў, што маё збавенне, па сутнасці, не было збавеннем. На мне не засталося сухой ніткі, а пераапрануцца не было ў што. У мяне не было ежы. У мяне не было нават вады, каб падмацаваць сілы; мяне чакала або галодная смерць, або смерць ад драпежных звяроў. Але што жахлівей за ўсё — у мяне не было зброі, і я не мог ні паляваць на дробную дзічыну, каб пракарміцца, ні абараняцца ад буйных звяроў, якія былі дужэйшыя за мяне. У мяне не было нічога, акрамя нажа, люлькі ды каробкі з тытуном. Гэта была ўся мая маёмасць. І, падумаўшы пра сваю горкую долю, я прышоў у такі адчай, што пачаў бегаць па берагу і крычаць, як вар‘ят. Калі надышла ноч, я са сціснутым сэрцам пытаў сябе: «Што мяне чакае, калі ў гэтай краіне водзяцца драпежныя звяры? Яны-ж заўсёды выходзяць на здабычу па начах».
Адзінае, што я мог прыдумаць, гэта ўлезці на стаяўшае недалёка тоўстае сукаватае дрэва, падобнае на ёлку, але з больш калючымі іголкамі, і прасядзець на ім усю ноч да раніцы, а калі надыйдзе раніца, вырашыць, якою смерцю лепш памерці, бо я не бачыў аніякай мажлівасці жыць у гэтым месцы. Мяне вельмі мучыла смага. Я прайшоў з поўвярсты ў глыб краіны, спадзяючыся знайсці прэсную ваду, і, на вялікую маю радасць, сапраўды знайшоў ручаінку.
Напіўшыся і ўзяўшы ў рот крыху тытуну, каб не так моцна адчуваць голад, я вярнуўся да дрэва, узлез на яго і прыладзіўся такім чынам, каб не скінуцца, калі засну. Затым я зрэзаў тоўсты сук, выстругаў з яго дубінку на выпадак нападу, палажыў яе сабе на калены, усеўся ямчэй і, будучы вельмі стомленым, моцна заснуў.
Я спаў так салодка, як, мне здаецца, няшмат каму спалася-б на маім месцы, і ніколі, ні да гэтай начы, ні пасля, я не прачынаўся такім свежым і бадзёрым.
- ↑ Піястр — іспанская манета.