Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/VIII

Раздзел VII Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел VIII
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел IX

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел восьмы

Дзённік. — Землетрасенне.

30 верасня 1659 года. — Наш карабль, захоплены ў адкрытым моры страшэнным штормам, пацярпеў крушэнне. Увесь экіпаж, акрамя мяне, патануў; я-ж, няшчасны, Рабінзон Крузо, быў выкінуты напалову мёртвым на бераг гэтага праклятага вострава, які я назваў «Востравам адчаю».

Калі надышла ноч, я ўзлез на дрэва, таму што баяўся драпежных звяроў. Усю ноч я праспаў моцным сном, не гледзячы на тое, што ішоў дождж.

1 кастрычніка. Прачнуўшыся раніцой, я ўбачыў, што наш карабль зняло з мелі прылівам і прыгнала куды бліжэй да берагу. Гэта дало мне надзею, калі вецер сціхне, дабрацца да карабля і набраць ежы і іншых неабходных рэчаў. Як толькі пачаўся адліў, я адправіўся на карабль. Спачатку я ішоў па сухім дне мора, а потым пусціўся плысці. Увесь гэты дзень дождж не спыняўся, але вецер зусім сціхаў.

З 1 па 24 кастрычніка. — Усе гэтыя дні я быў заняты перавозкай рэчаў з карабля. Я адпраўляўся на яго, калі пачынаўся адліў, а калі пачынаўся прыліў, — вяртаўся. Рэчы перавозіў на плытах. Увесь гэты час ідуць дажджы з вялікімі прамежкамі яснага надвор‘я: мусіць у тутэйшых шыротах, цяпер пара дажджоў.

25 кастрычніка. — Усю ноч і ўвесь дзень ішоў дождж і дзьмуў моцны парыўчасты вецер. Карабль за ноч разнесла ў трэскі; на тым месцы, дзе ён стаяў, тырчаць нейкія нікчэмныя рэшткі, ды і тыя можна бачыць толькі ў часе адліву. Увесь гэты дзень я клапаціўся каля рэчаў: пакрываў і агортваў іх брэзентам, каб не псаваліся ад дажджу.

3 26 да 30 кастрычніка. — Шмат працаваў: перацягваў сваю маёмасць у новае жыллё, не гледзячы на тое, што амаль увесь час ішоў дождж.

З1 кастрычніка. — Раніцой хадзіў па востраву са стрэльбай, спадзяючыся падстрэліць якую-небудзь дзічыну, і, дарэчы агледзець мясцовасць. Забіў казу. Яе казлянё пабегла за мной і праводзіла мяне да самага дома, але я вымушаны быў яго зарэзаць, яно не ўмела яшчэ есці.

1 лістапада. — Пабудаваў на новым месцы, ля самай гары, вялікую палатку і павесіў у ёй на коллях гамак.

4 лістапада. — Размеркаваў свой час, вызначыў спецыяльныя гадзіны для палявання, для работы, для сну і для забавы. Зранку, калі няма дажджу, гадзіны дзве-тры хаджу па востраву са стрэльбай, затым да адзінаццаці працую, у адзінаццаць палудную чым давядзецца, з дванаццаці да двух адпачываю (бо гэта самая спякотная пара дня), з двух зноў за работу. Усе рабочыя гадзіны ў апошнія два дні майстраваў стол. Я быў тады яшчэ вельмі слабым работнікам. Але неабходнасць усяму навучыць. Праз некаторы час я зрабіўся майстрам на ўсе рукі (чаго дасягнуў-бы, безумоўна, і кожны іншы на маім месцы).

13 лістапада. — Сёння ішоў дождж; зямля і паветра прыкметна асвяжыліся, і стала лягчэй дыхаць, але дождж суправаджаўся страшэннай навальніцай, і я спалохаўся за свой порах. Калі навальніца спынілася, я рашыў увесь мой запас пораху падзяліць на самыя дробныя часткі і хаваць у розных месцах, каб ён не быў пад небяспекай узарвацца ўвесь разам.

14, 15 і 16 лістапада. — Усе гэтыя дні рабіў скрынкі для пораху з такім разлікам, каб у кожную скрынку ўвайшло ад аднаго да двух фунтаў. Сёння расклаў увесь порах па скрынках і схаваў іх у расколіны скалы як мага далей адзін ад аднаго. Учора забіў вялікую птушку. Як называецца — не ведаю. Мяса яе вельмі смачнае.

17 лістапада. — Сёння пачаў было капаць пячору ў гары за палаткай, каб было куды скласці маю маёмасць. Але для гэтай работы неабходны тры рэчы: кірка, рыдлёўка і тачка або кошык, каб выносіць накапаную зямлю, а ў мяне іх няма. Прышлося адкласці работу. Доўга меркаваў, чым-бы замяніць гэтыя інструменты або як іх зрабіць. Замест кіркі паспрабаваў жалезны вагар, ён падыходзіць, толькі вельмі цяжкі. Затым застаюцца рыдлёўка і тачка. Без рыдлёўкі аніяк нельга абысціся, але я ніяк не прыдумаю, як яе зрабіць, або чым яе замяніць.

18 лістапада. — Знайшоў у лесе тое самае дрэва (або падобнай яму пароды), якое ў Бразіліі называюць «жалезным», таму што яно надзвычайна моцнае. Ссек адно дрэва з вялікай цяжкасцю; ад гэтага мая сякера зусім затупілася; адсек ад ствала вялікі чурбак і ледзь дацягнуў яго да майго жылля, бо ён быў вельмі цяжкім. Я надумаўся зрабіць з яго рыдлёўку. Дрэва было такое цвёрдае, што я вельмі доўга прамарудзіў над гэтай работай. Прышлося адсякаць па маленькіх кавалачках. Але рыдлёўку я ўсё-ж такі зрабіў. Рукаятка атрымалася не горшай, як яе робяць у нас у Англіі, але самая рыдлёўка вышла не зусім добрай: трэ‘ было яе абабіць а жалезам, а ліставога жалеза ў мяне не было; таму яна праслужыла ў мяне нядоўга. Аднак, я ўсё-такі заўсёды карыстаўся ёю для земляных работ, і яна вельмі мне спатрэбілася, хаця, я думаю, ніводная рыдлёўка ў свеце не выраблялася такім спосабам і так доўга. Карытца лягчэй было зрабіць, чымся рыдлёўку. Але ўсё разам — карытца, рыдлёўка і тачка — аднялі ў мяне па меншай меры чатыры дні (не лічачы, вядома, ранішніх экскурсій са стрэльбай). Наогул я рэдкі дзень не выходзіў на паляванне, і амаль не было выпадку, каб я не прынёс сабе на абед якой-небудзь дзічыны.

23 лістапада. — Адклаў усе іншыя справы, пакуль не дарабіў рыдлёўкі і карытца. Як толькі яны былі гатовы, узяўся зноў капаць пячору. Капаў увесь дзень, як толькі мне дазвалялі час і сілы, і працаваў роўна восемнаццаць дзён. Мне патрэбна было вельмі прасторнае памяшканне, якое ў адзін і той-жа час магло-б служыць склепам, складам для рэчаў, кладоўкай, кухняй і сталовай.

10 снежня. — Я думаў, што пакончыў з пячорай, калі раптам сёння (мабыць, я вельмі многа пракапаў у шырыню) там з аднаго боку абвалілася зямля. Абвал быў такі вялікі, што я спалохаўся, і не без падставы: быў-бы я ў пячоры ў гэтую хвіліну, мне ўжо не патрэбна была-б магіла. Гэты сумны выпадак нарабіў мне шмат клопату і задаў новую работу: трэба было выцягнуць зямлю, якая абвалілася, а галоўнае прыдзецца цяпер падпіраць столь, іначай ніколі нельга быць упэўненым, што абвал не паўтарыцца.

11 снежня. — Ад сёнешняга дня ўзяўся за работу. Пакуль паставіў два слупы. На кожным замацаваў зверху па шырокай дошцы, такім чынам у столь упіраюцца дошкі, а слупы іх падпіраюць.

17 снежня. — Канчаткова замацаваў першыя два слупы і паставіў яшчэ некалькі слупоў, таксама з дошкамі наверсе, як і першыя два. Цяпер будзе моцна. Гэтая работа заняла ў мяне амаль тыдзень. Слупы я паставіў радамі, так што яны будуць заадно выконваць у маім склепе ролю загарадак.

20 снежня. — Перанёс усе рэчы і расклаў па месцах. Цяпер гаспадарка ў мяне ўпарадку. Зрабіў яшчэ адно крэсла і прыбіў некалькі маленькіх палічак для харчоў: вышла накшталт буфета. Вось толькі дошак застаецца мала.

20 снежня. — Падстрэліў двух казлянят: аднаго забіў, а другога раніў у нагу, і ён не мог уцячы; я злавіў яго і прывёў дамоў на вяроўцы. Дома агледзеў яго нагу: яна была перабіта, і я забінтаваў яе. Казлянё паздаравела: зламаная нага зраслася, і яно вельмі добра бегала. Але я так доўга з ім важдаўся, што яно да мяне прывыкла і не хацела ўходзіць. Яно пасвілася ў мяне на маленькай сенажаці перад палаткай. Тады мне ўпершыню прышла думка завесці хатніх жывёл, каб забяспечыць сябе прадуктамі к таму часу, калі ў мяне выйдуць зарады і порах.

28, 29, 30 і 31 снежня. — Моцная спякота без вятроў. Выходзіў з дому толькі па вечарах, на паляванне. Прысвяціў гэтыя дні канчатковаму прывядзенню ў парадак сваёй гаспадаркі.

1 студзеня 1660 года. — Спякота не спадае; тым не менш сёння хадзіў на паляванне два разы: з самага ранку і ўвечары. У палудзень адпачываў. Увечары прайшоў па даліне падалей, у глыб вострава, і бачыў многа коз; але яны вельмі дзікія і не дапускаюць блізка. Хачу паспрабаваць папаляваць на іх з сабакам.

2 студзеня. — Сёння ўзяў з сабой сабаку і нацкаваў на коз; але вопыт не ўдаўся: увесь статак павярнуўся насустрач сабаку, наставіўшы рогі, і ён, мусіць, добра зразумеў небяспеку, бо нізавошта не хацеў да іх падыходзіць.

З студзеня. — Пачаў рабіць агарожу. Я ўсё яшчэ баюся нападу якіх-небудзь ворагаў і хачу як можна лепш умацаваць сваё жыллё.

Мая агарожа апісана ўжо на папярэдніх старонках, і таму я прапускаю ўсё, што гаворыцца аб ёй у маім дзённіку. Даволі будзе сказаць, што я працаваў над ёй (лічачы нарыхтоўку матэрыялу і ўтварэнне земляной сцяны) ад 3 студзеня да 14 красавіка, хаця ўвесь яе поўкруг меў не больш дванаццаці сажняў у даўжыню.

Разам з тым я сярод работы працягваў мае штодзённыя абходы лесу ў пошуках дзічыны, — зразумела, калі дазваляла надвор‘е, — і ў час гэтых экскурсій зрабіў шмат карысных адкрыццяў. Так, напрыклад, я выгледзеў асаблівую пароду галубоў, якія в‘юць гнёзды не на дрэвах, як нашы дзікія голубы, а ў цяснінах скал, і гэта робіць іхнія гнёзды даступнымі для чалавека. Неяк раз я выняў з гнязда птушанят, каб выгадаваць іх ды прыручыць. Мне ўдалося іх выгадаваць, але як толькі ў іх падраслі крыллі, яны паляцелі ўсе да аднаго. Мабыць, гэта здарылася адтаго, што ў мяне не было для іх падыходзячага корму. Але, ва ўсякім разе, гэтыя птушкі былі для мяне карысныя як смачная страва: я часта знаходзіў іхнія гнёзды і браў птушанят на абед.

Калі я пачаў набываць гаспадарку, я ўбачыў, што мне нестае вельмі многа неабходных рэчаў. Зрабіць іх я спачатку лічыў немагчымым, ды і сапраўды шмат чаго — бачонка, напрыклад, — так і не здолеў зрабіць, нават потым, калі напрактыкаваўся ў сталярным майстэрстве. У мяне былі, як я ўжо казаў, два ці тры бачонкі з карабля, якія маглі служыць мне ўзорам але колькі я ні намагаўся, бачонка мне не ўдалося змайстраваць, хаця я патраціў на гэтую спробу некалькі тыдняў. Я не здолеў ні зрабіць дна, ні зрабіць дошчачкі так шчыльна, каб яны не прапускалі вады; так я і кінуў гэтую спробу.

Затым мне патрэбны былі свечы. Бывала, як толькі сцямнее (а змяркалася каля сямі гадзін), мне трэба было ісці спаць. Я часта ўспамінаў пра мой кавалак воску, з якога мы з Ксуры рабілі свечы пасля майго ўцёку ад маўраў, але воску ў мяне не было. Адзінае, што я здолеў прыдумаць, гэта выкарыстаць, як асвятляльны матэрыял, тлушч коз, якіх я забіваў на паляванні. І я сапраўды зрабіў сабе лямпачку з казінага тлушчу: плошку ўласнай рукой вылепіў з гліны, а потым абпаліў на сонцы, на свяцільню-ж узяў пянькі ад старой вяроўкі. Лямпачка асвятляла, але гэта не было роўнае і яркае святло свечкі.

Неяк раз, у той час, калі я быў заняты ўсімі гэтымі справамі па наладжванню сваёй гаспадаркі і шукаў у сваім складзе нейкую патрэбную рэч, мне трапіўся невялікі мяшэчак з ячмянём, які мы везлі для кур на караблі. Усё зерне, якое яшчэ засталося ў мяшку, было з‘едзена пацукамі (ва ўсякім разе, калі я зазірнуў у мяшок, мне здалося, што там адна труха), і таму, што мяшок быў мне вельмі патрэбен для нечага іншага, я вынес яго на дворык і вытрахнуў на зямлю пад гарой.

Гэта было незадоўга да пачатку праліўных дажджоў, аб якіх я ўжо казаў. Я даўно забыў пра гэтае здарэнне, не запамятаваў нават, на якім месцы я вытрахнуў мяшок. Але вось прайшло каля месяца, і я ўбачыў пад гарой, ля самай пячоры, некалькі зялёных парасткаў, якія нядаўна толькі вышлі з зямлі. Спачатку я думаў, што гэта тутэйшая расліна, якую я раней не бачыў. Але як я здзівіўся, калі яшчэ праз некалькі тыдняў зялёныя парасткі (іх было штук дзесяць-дванаццаць) закаласіліся, як калоссе звычайнага ячменю, што расце ў нас у Англіі. Немагчыма перадаць, як я быў здзіўлены пасля такога адкрыцця. Я казаў сабе: «Гэта цуд: ячмень вырас сам без насення, каб падтрымаць маё жыццё ў гэтай страшнай пустыні».

Гэтая думка расчуліла мяне і выклікала нават слёзы. Я быў шчаслівы, што такі незвычайны цуд, адбыўся дзеля мяне. І цуд на гэтым не скончыўся: хутка між парасткамі ячменю паказаліся парасткі іншай расліны, а іменна — рысу; я іх лёгка спазнаў, бо, жывучы ў Афрыцы, часта бачыў рыс на карані.

Я не толькі быў упэўнены, што гэты рыс і гэты ячмень пасланы мне самім богам, які клапаціўся пра мяне, але не сумняваўся, што на востраве для мяне захавана шмат таго і гэтага. Я абышоў усю тую частку вострава, дзе ўжо бываў раней, абшукаў усе куткі, зазіраў пад кожную горку, але нідзе не знайшоў ні рысу, ні ячменю. Тады толькі ўрэшце я ўспомніў пра мяшок з зернем, які вытрахнуў на зямлю каля сваёй пячоры. Цуд вытлумачыўся вельмі проста.

Вы можаце сабе ўявіць, як дбайна я збіраў калоссе, калі яно паспела (гэта было ў канцы чэрвеня). Я падабраў кожнае зернетка і ўсё схаваў. Увесь ураджай першага года я рашыў пакінуць на сяўбу, з надзеяй, што з цягам часу ў мяне набярэцца такі запас зерня, якога будзе хапаць і на насенне, і на хлеб. Але толькі на чацверты год я мог дазволіць сабе аддзяліць частку зерня на яду, ды і то самую нязначную. Справа ў тым, што ў мяне загінуў амаль увесь збор ад першай сяўбы: я дрэнна разлічыў час, пасеяў перад самай засухай і насенне не ўзышло. Але аб гэтым я раскажу у свой час.

Акрамя ячменю ў мяне, як ужо сказана, вырасла дваццаць ці трыццаць каліў рысу, які я прыбраў таксама старанна, пакінуўшы ўвесь збор на сяўбу. Потым, калі рысу назбіралася досыць, я рабіў з яго не то каб хлеб (бо мне не было ў чым пячы), а хутчэй коржыкі, якія замянялі хлеб. Аднак, яшчэ праз некаторы час я прыдумаў спосаб пячы сапраўдны хлеб.

Але вяртаюся да майго дзённіка.

Усе гэтыя чатыры або тры з паловай месяцы, што я быў заняты пабудовай агарожы, я працаваў не пакладаючы рук. 14 красавіка агарожа была зусім скончана, закідана знадворку зямлёй, і я наглуха забіў уваход, парашыўшы ўваходзіць і выходзіць праз сцяну па прыстаўной лесніцы, каб па знадворнаму выгляду агарожы нельга было здагадацца, што за ёю схавана чалавечае жыллё.

16 красавіка. — Закончыў лесніцу, уваходжу і выходжу цераз сцяну і кожны раз падымаю лесніцу за сабой. Цяпер я загароджаны з усіх бакоў. У маёй крэпасці даволі прасторна, і трапіць у яе нельга іначай, як цераз сцяну.

На другі дзень пасля таго, як я канчаткова замацаваў агарожу, здарыўся выпадак, які страшэнна мяне напалохаў і дзякуючы якому ўся мая праца ледзьве не пайшла прахам, ды і сам я ледзь не загінуў. Вось як была справа.

Я нешта такое майстраваў у агарожы, за палаткай, ля ўваходу ў пячору, як раптам ад столі пячоры, ля самага краю, акурат над маёй галавой, пасыпалася зямля, і пярэднія слупы, пастаўленыя мною для замацавання столі, падламаліся з жахлівым трэскам. Я вельмі спалохаўся, але не зразумеў, што адбылося, а проста падумаў, што столь абвалілася ад пухкасці глебы, як гэта было раней. Баючыся, каб мяне не засыпала новым абвалам, і не лічачы сябе ў бяспецы ў сярэдзіне агарожы, у тым выпадку, калі абвалілася-б гара, я схапіў лесніцу і пералез цераз сцяну. Але не паспеў я сысці на зямлю, як ужо зразумеў, што на гэты раз прычынай абвалу ў пячоры было землетрасенне. Зямля пада мной вагалася, і на працягу нейкіх васьмі мінут былі тры такія штуршкі, што ад іх рассыпаўся-б самы моцны будынак. Я бачыў, як ад скалы, што была ля мора, адарвалася верхавіна і пакацілася ўніз з такім грукатам, якога я ў жыцці сваім не чуў. Усё мора калыхалася і бурапеніла: мне нават здаецца, што ў моры падземныя штуршкі былі мацнейшымі, чымся на востраве.

Нічога падобнага я не чуў раней, а цяпер быў вельмі здзіўлены, аглушаны, перапалоханы. Ад ваганняў зямлі са мной зрабілася морская хвароба, як ад карабельнага гойдання. Мне здавалася, што я памёр. Грукат падаючага ўцёса вывеў мяне з аслупянення: я апрытомнеў і замёр пры той думцы, што на маю палатку можа абваліцца гара і назаўсёды пахаваць мае рэчы, мае харчы, — усё, што я меў. З гэтай хвіліны я ні аб чым іншым не мог думаць.

Калі, пасля трэцяга штуршка, прайшло некалькі мінут, я пачаў патрохі ачуньваць, але ўсё-такі ў мяне нехапала храбрасці вяртацца дамоў: доўга яшчэ я сядзеў на зямлі ў поўным смутку, не ведаючы, што мне рабіць.

Між тым збіраліся хмары; сцямнела, як перад дажджом. Падзьмуў ветрык — спачатку слабы, потым мацней ды мацней, і праз поўгадзіны забушаваў страшэнны гураган. Мора бурапеніла і з рэвам білася аб берагі. Дрэвы вырываліся з карэннямі. Так працягвалася гадзіны тры; потым бура пачала сціхаць; яшчэ гадзіны праз дзве надышла поўная ціша, і лінуў дождж.

Увесь наступны дзень, гэта значыць 18 красавіка, я праседзеў дома з-за дажджу. Цяпер, заспакоіўшыся, я разважаў так: «Таму што гэты востраў падлягае землетрасенням, мне нельга жыць у пячоры, бо рана ці позна абавязкова гара абваліцца і я буду зажыва пахаваным. Значыцца, трэба перанесці палатку ці пабудаваць шалаш дзе-небудзь на адкрытам месцы, а каб забяспечыць сябе ад нападу жывёл і людзей, давядзецца абгарадзіцца сцяной, як я гэта рабіў тут».

Сапраўды, мая палатка стаяла на небяспечным месцы — пад выступам гары, якая ў выпадку новага землетрасення лёгка магла скінуцца на яе. Я канчаткова вырашыў перасяліцца на іншае месца разам з палаткай і з усёй маёй гаспадаркай.

Два наступныя дні — 19 і 20 — я правёў у пошуках новага месца для жылля і ў абмеркаванні пытання, як прывесці ў выкананне мой план.

Паступова мне стала ясна, што для пераходу на новае месца спатрэбіцца вельмі многа часу, і што пакуль усёроўна прыдзецца мірыцца з небяспекай абвалу, бо жыць у неазгароджаным месцы яшчэ страшней. Прышоўшы да такога вываду, я заспакоіўся, але ўсё-такі рашыў узяцца, не трацячы часу, за пабудову агарожы на новым месцы і, як толькі яна будзе гатова, перанесці ў яе палатку.

21 красавіка прыступлю да работы.

Ад 22 да 27 красавіка. — Усю раніцу 22 я думаў аб тым, як здзейсніць мой план. Галоўная перашкода была ў нястачы інструментаў. У мяне былі тры вялікія сякеры і шмат маленькіх (мы іх везлі для менавога гандлю з чорнаскурымі); але ад частага карыстання і ад таго, што даводзілася сячы вельмі цвёрдае сукаватае дрэва, усе яны зазубрыліся і затупіліся. Праўда, у мяне было тачыла, але камень прыводзіўся ў рух рукой, значыцца адзін чалавек не мог на ім тачыць. Неабходна было прыстасаваць да яго ножны прывод. Я думаю, ніводзін дзяржаўны дзеяч, ламаючы галаву над важным палітычным пытаннем, і ніводзін суддзя, рашаючы ці жыць ці паміраць падсуднаму, не траціў-бы столькі разумовай энергіі на сваё рашэнне, колькі патраціў я, вынаходзячы гэты прывод. Але нарэшце я змайстраваў кола, якое пры дапамозе рамня прыводзілася ў рух нагой і круціла тачыльны камень, пакідаючы вольнымі абедзве рукі. З гэтым прыстасаваннем я валаводзіўся цэлы тыдзень. Дагэтуль я ніколі не бачыў тачыла з ножным прыводам, а калі і бачыў, то не заўважыў, як яно пабудавана: але пасля я ўпэўніўся, што ў Англіі гэткія тачылы вельмі распаўсюджаны, толькі звычайны тачыльны камень бывае меншым, чымсь ён быў у мяне: мой быў вельмі вялікі і цяжкі.

28 і 29 красавіка. — Абодва апошнія дні тачыў інструменты; маё прыстасаванне дзейнічае вельмі добра.

30 красавіка. — Сёння заўважыў, што мой запас сухароў пачынае выходзіць. Пералічыў усе мяшкі і, як гэта ні сумна, пастанавіў з‘ядаць не больш аднаго сухара на дзень.