Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо (1937)/XI

Раздзел X Жыццё і дзіўныя небывалыя прыгоды Рабінзона Крузо. Раздзел XI
Раман
Аўтар: Даніэль Дэфо
1937 год
Арыгінальная назва: Robinson Crusoe (1719)
Раздзел XII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Раздзел адзінаццаты

Рабінзон вяртаецца ў пячору. — Яго земляробчыя работы.

На поўдарозе ад дому мой сабака спалохаў казлёнка і схапіў яго, але загрызці не паспеў: я своечасова падбег і адняў яго. Мне хацелася ўзяць яго з сабой: я даўно ўжо марыў прыдбаць сабе пару казлянят, каб развесці статак, забяспечыць сябе мясной ежай к таму часу, калі ў мяне выйдзе ўвесь порах.

Я зрабіў казлёнку ашыйнік і павёў яго на вяроўцы (вяроўку я тут-жа скруціў з пянькі ад старых канатаў, якую заўсёды насіў у кішэні). Казлянё ўпіралася, але ўсё-такі ішло. Дайшоўшы да сваёй «дачы», я часова пакінуў казлянё ў агарожы; сам-ж пайшоў далей: мне вельмі хацелася дабрацца да дому, бо я вандраваў ужо больш за месяц.

З тыдзень я адпачываў ды ад‘ядаўся. Вялікую частку гэтага часу я быў заняты важнай справай: майстраваў клетку для Попкі, які зрабіўся зусім ручным і вельмі са мной пасябраваў. Затым я ўспомніў пра беднае казлянё, якое сядзела ў палоне на дачы. «Напэўна, — думаў я, — яно ўжо з’ела там усю траву і выпіла ўсю ваду, якую я яму пакінуў, і цяпер галадае», Трэ’ было схадзіць па яго. Прышоўшы на дачу, я ўбачыў яго там, дзе і пакінуў, ды ён і не мог нікуды пайсці. Але, як я і думаў, яно амаль памірала ад голаду. Я нарэзаў галінак з бліжэйшых дрэў і перакінуў яму за агарожу. Калі яно паела, я хацеў было весці яго на вяроўцы, як раней, але ад голаду яно так прысмірэла, што пабегла за мной само, як сабака, Дарогай я карміў яго некалькі разоў, і з таго часу яно зрабілася такім-жа свойскім, як і астатнія мае хатнія жывёлы, і так да мяне прывыкла, што не адыходзіла ад мяне ні на крок.

Надышоў снежань, калі павінен быў паспець мой хлеб. Засеяны ўчастак быў невялікі, таму што, як я ўжо казаў, у мяне ад засухі загінуў увесь пасеў першага года, і заставалася не больш поўгарца кожнага гатунку зерня. На гэты раз ураджай чакаўся вельмі добры, але раптам я ўбачыў, што зноў рызыкую згубіць увесь пасеў, бо маё поле знішчаецца шматлікімі ворагамі, ад якіх цяжка аберагчыся. Гэтыя ворагі былі, па-першае, козы, па-другое, тыя звяркі, якіх я называў зайцамі. Магчыма, зеляніна рысу і ячменю была ім да смаку, яны днявалі ды начавалі на полі і начыста пад’ядалі маладыя парасткі, перш чым яны паспявалі закаласіцца.

Супроць гэтага быў толькі адзіны сродак: абгарадзіць усё поле, што я і зрабіў. Але работа гэтая была вельмі цяжкай, галоўным чынам таму, што трэ’ было спяшацца, бо звяр’ё, не шкадуючы, знішчала збожжа. Аднак маё поле было такое маленькае, што праз тры тыдні загарожа была гатова. Пакуль я яе скончыў, я ўдзень палохаў ворагаў стрэламі, а нанач прывязваў да загарожы сабаку, які брахаў усю ноч. Дзякуючы ўсім гэтым захадам, пражэрлівыя жывёлы пакінулі мяне, і мой хлеб хутка пачаў расці і налівацца.

Але як раней, пакуль збожжа было зялёнае, мяне руйнавалі чатырохногія, таксама цяпер пачалі мне шкодзіць птушкі, калі збожжа закаласілася. Неяк раз, абышоўшы сваё доле, я ўбачыў, што над ім кружаць цэлыя зграі ўсялякіх птушак. Уся гэтая процьма, відаць, чакала, калі я пайду, каб накінуцца на збожжа. Я зараз-жа выпусціў у яе зарад шроту (бо заўсёды насіў з сабой стрэльбу), і не паспеў я стрэліць, як з поля ўзнялася другая зграя птушак, якіх я не заўважыў.

Гэта не на жарты ўсхвалявала мяне. «Яшчэ некалькі дзён такога рабаўніцтва, і бывай усе мае надзеі, — казаў я сабе: — у мяне няма больш насення, і я застануся без хлеба». Я не мог прыдумаць, чым дапамагчы гору. Але трэба было, чаго-б гэта ні каштавала, абараніць свой хлеб, хаця-б давялося пільнаваць яго дзень і ноч. Я пачаў з таго, што абышоў усё поле, каб упэўніцца сваімі вачамі, ці многа шкоды нарабілі мне птушкі. Высветлілася, што збожжа значна папсавана, але як ўраджай быў вялікі, то з гэтай стратай можна было яшчэ памірыцца, каб толькі ўдалося зберагчы астатняе.

Я зарадзіў стрэльбу і зрабіў выгляд, што ўходжу з поля (я бачыў, што птушкі стаіліся на бліжэйшых дрэвах і чакаюць, каб я пайшоў). Сапраўды, толькі я адышоў настолькі, каб гэтыя зладзеі не маглі мяне бачыць, як яны пачалі апускацца на поле адзін за адным. Гэта страшэнна мяне раззлавала. Спачатку я было хацеў пачакаць, каб спусцілася ўся зграя, аде не мог сцярпець. «Ды гэта-ж з-за кожнага зерня, якое яны з’ядуць цяпер, я можа трачу ў будучым цэлы гарнец хлеба», пранеслася ў мяне ў галаве. Я падбег да агарожы і стрэліў: тры птушкі засталіся на месцы. Гэтага толькі мне і трэ’ было: я падняў усіх трох і павесіў іх на страх іншым. Вы сабе ўявіць не можаце, які вялікі эфект зрабіла гэтая мера: не толькі ніводная птушка не села больш на поле, але ўсе паляцелі з гэтай часткі вострава: ва ўсякім разе, я не бачыў аніводнай за ўвесь час, пакуль тры мае пудалы віселі на шасту. Лёгка паверыць, як я быў гэтаму рады.

Да канца снежня збожжа выспела, і я зняў ураджай — другі раз у гэтым годзе. Перад жнівам у мяне былі вялікія цяжкасці, бо ў мяне не было ні касы, ні сярпа: але, добра памеркаваўшы, я падумаў выкарыстаць для гэтай работы шырокі цясак, які я ўзяў з карабля разам з іншай зброяй. Аднак, хлеба было ў мяне так мала, што ўборка яго не патрабавала вялікай працы, ды і прыбіраў я яго асаблівым спосабам: зрэзваў толькі каласы. Яны змясціліся ў мяне ў двух вялікіх кошыках. Калі ўсё было сабрана, я перацёр калоссе рукамі, каб аддзяліць лушпайкі ад зерня, і ў выніку з поўгарца насення кожнага гатунку атрымаў каля двух мерак рысу, дзве з паловай меркі ячменю (вядома, прыблізна, бо ў мяне не было чым мераць).

Такая ўдача вёльмі мяне падбадзёрыла: цяпер я мог спадзявацца, што з цягам часу ў мяне будзе сталы запас хлеба. Але перада мной узнікаў новы рад цяжкасцей. Як ператварыць зерне ў муку? Як прасеяць муку? Або, — нават калі дапусціць, што гэта ўсё зроблена, — то як вымесіць з мукі цеста? Як, урэшце, спячы хлеб? Нічога гэтага я не ўмеў. З прычыны гэтых цяжкасцей я рашыў не чапаць ураджаю і пакінуць усё зерне на насенне, а тымчасам, да наступнай сяўбы, пастарацца вырашыць галоўную задачу, гэта значыць, знайсці спосаб ператварыць зерне ў печаны хлеб.