Забытая кніжка
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1924
Крыніца: Сялянская Праўда. 1924. 30 лістап.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі пецярбурская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» распачынала сваю працу пятнаццаць гадоў назад, яна вельмі правільна паставіла на першым месцы выданьне твораў тых нашых аўтараў, на якіх вырасьлі першыя пакаленьні барацьбітаў за беларускую справу.

Да лічбы такіх аўтараў належыць бясспрэчна і Вінцук Дунін-Марцінкевіч, хаця з боку ідэалягічнага ён нам нічога ня даў, але захаваная ў яго мастацкіх творах краса сама прамаўляла ў роднай мове нашай да нашага сэрца і будзіла ў ім гарачую любоў да Бацькаўшчыны, любоў, гатовую на вялікія ахвяры.

Але пецярбурская суполка выдала толькі эпічныя творы Марцінкевіча, моўчкі прайшоўшы міма яго драматычных твораў. Тым часам іменна драматычная творчасьць Марцінкевіча мае гістарычнае значэньне: ён — тварэц, бацька сучаснага беларускага тэатру — і як аўтар раду п’ес, і як сцэнічны дзеяч.

З трох вядомых нам п’ес Марцінкевіча: «Залёты», «Пінская шляхта» і «Сялянка» — зьявiліся ў друку за апошнія гады толькі дзьве першыя.

«Сялянка» ж[1], якая была надрукавана ў Вільні, у друкарні Завадзкага ў 1846 годзе (напісана не пазьней пачатку 1844 году), — прадстаўляе цяпер вялікую бібліяграфічную рэдкасьць і зусім недаступна дасьледчыкам. А тым часам гэта дужа характэрны дзеля марцінкевічаўскае эпохі твор, які адзiн толькі — у пяцьдзясятых гадох — і быў пастаўлены на сцэне пры жыцьці аўтара, іграўшага роль войта Навума. «Сялянка» была пастаўлена як апэрэтка, і музыку да яе напісаў зямляк і прыяцель Марцінкевіча, найвялікшы музыка нашага краю Станіслаў Манюшка.

Ноты арыяў Манюшкі ці прапалі, ці мо пайшлі ў сьвет часткамі як асобныя песьні. Друкаваны ж экзэмпляр «Сялянкі» Марцінкевіча перахоўваецца ў кніжным аддзеле Беларускага музэю ім. Івана Луцкевіча ў Вільні.

Гэта — невялічкая кніжачка, фармату малой шаснасткі, 109 страніц, аддрукаваная лацінікай. Характэрна ў ёй тое, што, як у тыя часы і было на дзеле, па-беларуску гавораць толькі сяляне і жыды, а паны ўжываюць польскае мовы.

Сёлета 30 (а па стараму стылю 17) сьнежня мінае 40 гадоў ад дня сьмерці «бацькі» новага беларускага тэатру. Гожа было б памянуць яго з гэтае нагоды, узнавіўшы пастаноўку на сцэне яго твораў (да «Залётаў» напісала музыку нядаўна памершая ў Вільні Марыя Кімантовая). А йшчэ лепш было б перадрукаваць першы напісаны Марцінкевічам, але няведама чаму прызабыты твор яго — «Сялянку».

  1. Поўны тытул яе: Sielanka, opera we dwuch aktach, napisana przez Wincentego Dunina-Marcinkiewicza. Druk Józefa Zawadzkiego. Wilno, 1846.