Завіруха (1929)/Вечная бура

Бунтар Вечная бура
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
А я іду
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вечная бура.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕЧНАЯ БУРА

Спрадвеку тут шумяць кусты,
Яшчэ да зор узбуджанага гаю,
Спрадвеку стогне лес,
Як з ворагам ў апошняй бойцы раць,
Як мора, гразь балот
Калышацца ад краю і да краю, —
І віхру страшнага
Ніколі тут нікому ня уняць.
І бураломныя гады,
Як хмары чорныя нясуцца над зямлёю…
Ўсё ломяць на шляху…
А кволых ўсіх людзей мяняе новы род.
І хутка ўсё бяжыць,
Нібы у летні дзень авечкі чарадою
Імчацца з поля ў хлеў,
Як ночку цёмную узьдзене чуць усход…
...............
Узьнялася вось новая бура, —
Цені ўстаюць з беларускіх балот…
Жыцьцё ўсё — дзе сьмерць і хаўтуры,
Дзе крыж і магіла — людзей карагод.
Край родны! Сонца тваё узыходзіць!
Бачыш — хмару расьсек, вунь, прамень…
Чуеш ты крыкі: к Свабодзе! к Свабодзе!
Ноч памірае… Зьяўляецца дзень!
А бура ня ціхне… О, вечная бура!
Ты віхрам зьмятаеш да лепшага шлях;
Ты нішчыш няволю, зьнявагу, пануру,
Ты слабаму — радасьць, а моцнаму — страх!
Зьмяшаліся… людзі, пажары і крыкі… і
Сьвінцовы дождж мые усходы вясны…
Народ ужо верыць, што будзе Вялікім,
Што праўдаю стануць чароўныя сны!
Яго парадзілі бясстрашныя хвалі,
Ён вечнае буры малое дзіця…
І бурай нясецца к няведамай далі,
Шукаючы: Сонца!.. Свабоды!.. Жыцьця!..

1921 г.