Завіруха (1929)/З сучасных настрояў

Невядомая З сучасных настрояў
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Песьня лірніка
Іншыя публікацыі гэтага твора: З сучасных настрояў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З СУЧАСНЫХ НАСТРОЯЎ

… Калі настрой душы маей
Кране па струнах ліры гучнай,
У даль ляціць акорд сьмялей,
Які з поэтам неразлучны.

І гэтай песьні адгалос,
Які у полі віхрам скача,
Убачыць шмат на сьвеце сьлёз
А сьлёз маіх — ніхто ня бачыць.

Хачу я пець на новы лад,
Каб гук ляцеў вясёлай песьні…
Сьпяваю сумна, рад-ні-рад,
Хоць сонца й сьвеціць на прадвесьні.

Хачу я пець пра кветкі, май,
Пра погляд зорак з небасхілу…
Зірну наўкола там, дзе гай,
Чарнее поле ад магілаў.

Крыжы стаяць — пакуты знак —
Там ціха сьпяць байцы за волю…
Мільёны дзетак-небарак,
Там між магіл шукаюць долю.

А сьмерці воблік тут і там
Вітае вечна над балотам…
І хоць ня страх памерці нам,
Але і жыць яшчэ ахвота.

Я нейкім чорным туманом
Усё жыцьцё сваё спавіты…
Я бачыў шчасьце толькі сном…
Мой човен хвалямі разьбіты.

Змагаю сілу бурных хваль,
Пакуль ня згіну у змаганьні…
Гляджу я праз туман у даль,
Бляск сонца бачу на кургане.

І я хачу разьвеяць сум,
Каб песьні радасьці пець краю…
Але ўвесь рой вясёлых дум
Жыцьцё бяз жалю разганяе…

… І зноў пад гукі лірных струн
У чорных колерах ўсё бачу…
Сьмяюся, моцна як лясун…
І ціха… ціха… ціха плачу.

24-I 1922 г.