Завіруха (1929)/Мне сьнілася

Ведай, сьвет Мне сьнілася
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Адарваным
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мне сьнілася…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МНЕ СЬНІЛАСЯ…

Мне сьнілася ў цішы вясеньняй цёплай ночы,
Што вольным быў краіны ўсёй абшар,
Што вольным быў народ, якім даўно быць хоча,
І патухаў адвечны тут пажар.

Здавалася: браты, што стогнуць у няволі,
Ужо парвалі йржаўлены ланцуг…
Ад края ў край на родным вытаптаным полі
Спакойна йшоў сталёвы, новы плуг.

І гэты плуг араў глыбокія разоры, —
Ён раны засыпаў — падзелаў сьлед…
Араты песьню пеў, прыгожа слаў узоры,
На тых ганях, дзе плакаў бацька й дзед.

Вось бачу я у сьне: зямля апошняй скібы
Засыпала краіны той парэз,
Які мяжою быў — дзяліў адну сялібу…
На месцы тым пастаўлен зьдзеку хрэст.

І кроўю тэй, што брызнула з глыбокай раны,
Заліўшы чырваньню увесь прастор,
Узбуджаны народ ўсім ворагам няждана
Ў адплату піша сьмертны прыгавор.

1921 г.