Гудзе звон У дарозе
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Работа йдзе
Іншыя публікацыі гэтага твора: У дарозе (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ДАРОЗЕ

Йду цярністым шляхам між лясоў краіны,
Полем камяністым, порасьлем балот…
Сьлед мой застаецца, сьлед мой не загіне,
Хоць яго і топча захад і усход…

Я іду і бачу, як красуе жыта,
Што калісь пасеяў бацька мой і дзед;
Пауздоўж дарогі шмат яго пабіта,
Нібы тут таптаўся людзей цэлы сьвет.

Бачу і ярынку — шоўкам сьцеле поле,
Там, дзе ўчора слаўся воблакам дзірван,
Бачу свайго брата — ходзіць ён паволі,
Сам сабе ня верыць, што цяпер ён пан.

Што ён пан вялікі сваёй шчырай працы,
Што сабе пажне ён сьпелы свой загон,
Што сабе будуе ён цяпер палацы,
Што ужо ня прыдзе цяжкі той прыгон.

А над галавою — сьпеў я птушак чую,
Сьпеў вясёлы, гучны, што ня родзіць сум.
І пакуль у небе вокам іх вартую,
Ў голаву прыходзіць шмат салодкіх дум.

І крычу я моцна, моцна, як шалёны:
Гэй, за мною сьмела, хто лепш хоча жыць, —
Водны край багаты, нас, браты, — мільёны,
Можна хутка, лёгка шчасьце нам здабыць!

І я зноў дыбаю, йду без супачыну,
Назад паглядаю, ці ідзе народ…
Сьлед мой шлях пакажа, сьлед мой не загіне,
Хоць яго і топча захад і усход.