Чужая краіна… Дзень цэлы ў сумоце,
І думкі дадому ляцяць.
Дзе хата старэнька стаіць пры балоце
І вербы над рэчкай шумяць.
Дзе лепшыя хвілі жыцьця у няволі,
Як хмаркі на небе, прайшлі,
Дзе ўсё міла сэрцу: балоты і полі,
І кветкі, што ў лузе ўзышлі.
Дзе лес старадаўні аб людзях гамоніць,
І песьню аб волі пяе,
Дзе звон над капліцай так жаласна звоніць
І воран над вёскай снуе.
Дзе вочы дзяўчынкі гараць, нібы зоркі,
Якую я гэтак кахаў,
Аб першым каханьні, дзе чуў я гаворкі,
Як ў гаі яе спатыкаў.
Туды мае думкі бягуць, нібы хвалі,
Ня можна ніяк сустрымаць,
О, божа мой мілы, зусім ты бяз жалю,
Нашто нас было разлучаць?
Каб ведаў ты толькі, як край свой кахаю,
Як міл ён для сэрца майго, —
Заўсёды я думкай ў тым краі вітаю,
Я толькі жыву ля яго.
Край родны, край сумны, — крыжоў і балотаў,
Ці хутка спаткаюся з ім,
Ці хутка пачую я песьню чаротаў
Над сонным балотам тваім.
Кузьнецк, Сар. губ. 1917 г.
|