Запаведзь (Шаўчэнка/Купала)

Запаведзь
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: http://knihi.com/Taras_Saucenka/Zapaviedz.html
Іншыя публікацыі гэтага верша: Запавет (Шаўчэнка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як памру я, пахавайце
На Ўкраіне мілай,
Сярод стэпу на кургане,
Дзе продкаў магіла:
Каб нязмеранае поле,
Дняпро і абрывы
Было відна, было чутна,
Як раве бурлівы!
Як пагоніць з Украіны
У сіняе мора
Кроў варожжу… Во тады я
І нівы, і горы —
Ўсё пакіну й да самога
Бога палунаю
Маліціся… А да тых пор
Бога я не знаю!
Пахавайце ды ўставайце,
Кайданы парвіце
І варожай злой крывёю
Волю акрапіце!
І мяне ў сям’і вялікай,
Ў сям’і вольнай, новай
Не забудзьце памянуці
Добрым ціхім словам.

(1845)