Запавет салдата
Аўтар: Мікола Сурначоў
1944

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я не ведаю, дзе праляглі яны,
Сцежкі тыя,
Па якіх мне ісці з вайны.
Ці ўзышло тое дрэўца,
Што першым здалёк
Накіруе на мяне свой зялёны зрок,
І як зваць тую рэчку
Між лясоў, асакі-кусачкі,
Дзе мяне не пазнаюць
Балот маіх дзікія качкі.
І цікава,
Хто сустрэне мяне ля знаёмай дубравы
І пакажа:
«Твой дом далёка,
Спяшайся, спяшайся, салдат,
Да сваіх, цяпер вольных хат!»
Шмат каму не пазнаць гэтай радасці,
Хто пахован намі ў жоўтых курганах
І хто сёння к Адэсе рад ісці
І, як скошаны, падзе ў туманах.
Можа, й мне так жыццём наканована — Не баяцца ні куль, ні мін,
Ад прыволжскіх ісці раўнін
Да Дуная, што ў путы закованы,
А праз хвілю ў ціхі Дунай
Пасці мо ад рукі варожай.
Таварыш!
Мяне пахавай,
Акружы мой курган агароджай.
А пасля перамогі вазьмі мой прах,
Пранясі праз рэкі і горы,
Гарадамі, пасёлкамі,
Пад дажджамі, вясёлкамі
На маёй Беларусі прасторы!

1944