Запавет (Шаўчэнка/Бядуля)

Запавет
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Арыгінальная назва: Заповіт
Пераклад: Змітрок Бядуля
Крыніца: Іскры Ільіча, 1939, - №2 - с. 11
Іншыя публікацыі гэтага верша: Запавет (Шаўчэнка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як памру, дык пахавайце
Мяне на кургане,
Сярод стэпу шырокага,
На Ўкраіне слаўнай,
Каб бяскрайнія разлогі,
І Дняпро, і кручы
Было відна, было чутна,
Як грыміць грымучы.
Як ён змые з Украіны
У сіняе мора
Кроў ворагаў… Вось тады я
І поле, і горы —
Ўсё пакіну, паляту я
Да самага бога
Памаліцца… Да таго ж я -
Не ведаю бога.
Пахавайце ды ўставайце,
Ланцугі парвіце,
І варожай злой крывёю
Волю акрапіце.
І мяне ў сям’і вялікай,
Сям’і вольнай, новай
Памянуць вы не забудзьце
Нязлым ціхім словам.

(1845)