Усход сонца Арол
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
На спатканьне сонцу…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АРОЛ.

Пасадзілі арла у цямніцу,
І сядзеў ён там доўгія годы:
Толькі мог праз жалезныя краты
Пазіраць на аздобу прыроды.

На зямлі ўжо вясна зіхацела,
Ўсё к жыцьцю узьняло ясна сонца.
І журыўся арол у няволі,
Пазіраў на вясну праз ваконца.

Бачыў дзіўны прастор над зямлёю,
У нізіне цямнелася глеба,
І зіяла скляпеньне над ёю
Веснавога блакітнага неба.

Усьміхалась зямля ў асьвятленьні,
І ліліся над ёю бясконца
Залатыя жывыя праменьні
Веснавога магутнага сонца…

Стала нудна арлу у няволі,
Разбурыў ён жалезную клетку —
Бо ён надта імкнуўся да сонца —
І пакінуў навек зьдзекаў сьведку.

Размахнуў свае крыльлі ў прасторы,
Узьляцеў ён у вышу далёка,
Дзе ў чароўнай красе зьяла сонца,
І агледзіў прастор ясным вокам.

І задумаў ён моцную думу —
Склікнуць сябраў і з імі супольна
Збудаваць жыцьцё новае дзеткам,
Каб жылі яны шчасна і вольна…