Роднай старонцы Вогнішча
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
У купальскую ноч
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вогнішча (Журба).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОГНІШЧА.

Працаўніком асьветы.

Падкладайце, браты,
Сюды дроўцаў хутчэй,
Каб ня згас наш агонь,
Каб сьвяціў ён ярчэй!
Тым, хто ў цемры жыве,
Каб мігцеў гэты сьвет,
Каб маланкай палаў
Чараўны агняцьвет!
Каб сьвяціў сьцежку нам,
Каб ён вечна гарэў:
Хто ў бяздольлі жыве,
Каб той сэрца сагрэў.
Хай яго адусюль
Браты бачуць мае:
Думкі вогнішча тым
Хай распалюць свае.
Дык палай-жа, агонь,
Гэй, ярчэй ты палай,
Дзіўны сьветач ты наш,
Засьвяці на ўвесь край!
Не шкадуйце-ж драўцоў,
Мае сябры-браты:
Разьняціце ў душах
Гэты вогнік сьвяты.
Каго люты мароз
Тут так моцна скаваў,
Каб сьвяты ваш агонь
Асьвячаў, аграваў…
Дык палай-жа, сьвятло,
Ясным сонцам палай:
Хай праменьні твае
Паляцяць на ўвесь край!
Дай нам моц, каб хутчэй
Люд магутным тут стаў,
Абудзі, узьнімі —
Каго сон спанаваў!