Спрадвеку спаў ён цёмны, хмурны,
Забіты й прыгнячоны ўвек.
Але пранёсься выбух бурны —
І ўстаў асілак-чалавек.
За доўгі час набраўся сілы,
Загартаваўся і узрос:
У бой пашоў за край ён мілы
І меч над катамі узьнёс.
Лілася кроў чырвонай хваляй,
Ад краю ў край віхор гудзеў,
А хвалі бурна клекаталі,
Будынак тросься і трашчэў…
І вось патроху выбух буры
Над стараной пачаў сьціхаць.
Руіны й кроў — адзнак віхуры —
Краіна стала зажыўляць.
Хоць волат быў у змардаваньні,
Увесь ў крыві і ў ранах ён,
Але магутнае змаганьне
Дало здаровы значны плён.
Заварушылася краіна,
Заве дамоў сыноў сваіх
На адбудову ўсіх руінаў,
Каб больш ня ведаць бед ліхіх…
Хвала-ж табе, чырвоны волат!
Ты вартаўнік абшараў ўсіх,
Бо начаку твой грозны молат
Для новых ворагаў тваіх!
|