ГАСПАДАРУ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ.
(Прысьвячаю IV-му Ўсебеларускаму Зьезду Саветаў).
Яшчэ нядаўна быў той час,
Калі на нашай Русі Белай
Гаспадаром быў доўга ў нас
Багаты кляс.
Народ наш быў прыціснуты, нясьмелы.
Але ўзьнялася бура,
Магутны загудзеў віхор —
І наша простая натура
Убачыла прастор.
Узьняўся волат-вялікан,
Парваў адвечныя ён путы,
І над жыцьцём сваім стаў пан,
Хоць быў прыспан
І злою сілаю спрадвеку скуты.
Узмоцненыя сілы
З барацьбітамі ён зьяднаў
І край свой бедны і пахілы
К жыцьцю, к сьвятлу узьняў.
Кіруй-жа краем, гаспадар,
Вядзі народ да сьветлай долі!
Ты барацьбы магутны дар,
Краіны твар,
Ты шчыры вартаўнік народнай волі.
Жыві-ж у краі вечна,
Будуй вялікі новы гмах,
Што будзе красаваць адвечна!
Жыві, чырвоны сьцяг!..
|