Заранкі (1924)/Дзеткам/Дзедка-Мароз

Сьняжынкі Дзедка-Мароз
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Узімку

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЕДКА-МАРОЗ.

Ў вопратцы белай,
Сьнежнай, даўгой,
З белай пушыстай
Ён барадой, —

Хутка прышоў к нам
Дзедка-Мароз;
Холаду й сьнегу
Шмат нам прынёс.

Шчыльна закрыў ён
Ржышча ўсіх ніў,
Рукі і твары
Пачырваніў.

Ходзіць у полі,
Сьнегам хрушчыць
Сіверы водзіць,
Гучна трашчыць.

Дзеткі, выходзьце
Дровы рубаць,
Скончыўшы працу, —
Ў сьнежкі гуляць,

З дзедам змагацца
З белым-сівым:
Ён вам гулянку
Справіў усім.