Заранкі (1924)/Дзіцячыя гады

У маёвую ноч Дзіцячыя гады
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Пісьменьніку-гуманісту

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗІЦЯЧЫЯ ГАДЫ.

Як толькі ўспомню, я парою,
Дзіцяцтва залатыя сны,
Крыніцай сьветлай прада мною
Нясуцца дні маёй вясны.
О, жыцьця раніца сьвятая,
Душы і сэрцу дарагая,
Заўсёды ў памяці маёй
Ты будзеш зьяць сваёй красой!

І роднай маткі вобраз мілы;
Яе каханьне да мяне.
І маладыя мае сілы
Ўсплываюць часта ў сьветлым сьне.
Вясной, ў бляску срыбнай ночы,
Як красаваўся дзіўна сад,
Я першы раз адплюснуў вочы
І сьвета хараству быў, рад.

Я рос сярод-красы прыроды,
Душу сваю з прыродай зьліў;
І ў сьветлы час і ў час нягоды —
Яе змаленства я любіў.
І з кожнай кветкі на лугох:
І з кожнай траўкі на палёх
Цудоўну моц я даставаў
І шчасьце ў сэрцы гадаваў.

Зямлёй і небам любаваўся
І чуў іх вечную красу;
Я часта ранкам углядаўся
У прамяністую расу.
Вясной чароўнай і пахучай
Любіў я рана уставаць
І сьветлы золак, спатыкаць.
Тады з палёў струёй жывучай

Мне звон чароўны прылятаў,
Душу ён песьняй напаўняў.
Хадзіў тады я сьветлы, дзіўны
І чуў я водгук пераліўны…
Удзень і ўночы серабрыстай
Я цягам хараство лавіў.
І шмат я ўзяў уцехі чыстай
Ад зор, што змалку палюбіў.

Я добра помню сьветлы дзень:
Пашоў я ў гай па роднай глебе,
Бляск сонца не хаваўся ў цень,
Сьпявалі жаўраначкі ў небе.
Я ў гаі кветкі — сон зьбіраў.
Стаяла сонейка высока.
Ў кустох лазовых, недалёка,
Тут салавейка шчабятаў.

Няўмочна ў рамках зеляніны
Люстраны плюскатаў ручэй.
Ад хараства лясной нізіны
Ня мог я адарваць вачэй.
А во абраз яшчэ ўсплывае.
Пурпурам зьяе ўвесь усход,
Бы агняцьвет там палыхае.
Душа імчыць да неба ўзьлёт.

Сярод званцу і палыноў
Я з вудачкай па сьцежцы вузкай
Іду к вярбінцы ля кустоў,
А сьлед мой цягнецца істужкай.
Канюх крычыць, бы на бяду.
Кідаю леску я ў ваду,
За паплаўком сачу няўхільна,
А сэрца б‘ецца пільна, пільна…

А во й папалась срэбна рыбка.
Хутчэй у збан яе кладу…
Ўвесь ранак я над рэчкай зыбкай.
Ўжо позна. Сьнедаць я іду…
Эх, дзецтва, дзецтва залатое,
Цябе ніколі не забыць!
Шчасьлівы час той з яснатою
Ў душы заўсёды будзе жыць!