Не забыць мне дзён вясеньніх,
Ўсю чароўнасьць, сьветласьць іх, —
Як хадзілі ў луг мурожны
Кветкі рваць з табой ўдваіх.
Не забыць мне гай шумлівы,
Шчабятаньне салаўя.
Красавалі кветкі, дрэвы,
Як з табой спаткаўся я.
Помню жыта я за вёскай,
Дзе дарога ў бор вяла,
З васількамі на галоўцы
З звонкай песьняй ты ішла.
Не забыць мне голас мілы,
Песьню гучную тваю,
Што ў палёх зьвінела часта,
Душу цешыла маю.
Помню ясным летнім раньнем
Ты у сад прышла ка мне.
Ярка вішні чырванелі,
Сонца зьяла ў вышыне.
А цяпер так нудна, шэра,
Вецер сьвішча і гудзіць,
Стогне сумны бор за вёскай,
З неба мутны сьнег ляціць.
|