Заранкі (1924)/Памяці Ядвігіна Ш.

Пісьменьніку-гуманісту Памяці Ядвігіна Ш.
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Песьняру хараства

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАМЯЦІ ЯДВІГІНА Ш.

(З прычыны яго сьмерці 26 лютага 1922 г.)

Сумуй, краіна беларусаў,
Жалобны апрані убор,
Бо змоўк пісьменьнік твой яскравы,
Сьмяртэльны ўнёс яго віхор…
Ён шчыра зычыў долі краю,
Чакаў сьвятлейшага жыцьця.
І вось зара ўзыйшла ў краіне,
А ён — у царстве нябыцьця.
Але ў сваіх жывучых творах
Ты ў краі вечна будзеш жыць!
Таго радзіма не забудзе,
Хто шчыра ўмеў яе любіць.
На роднай глебе беларускай
Твая „Бярозка“ й „Васількі
Тут будуць вечна красавацца,
Як чараўныя аганькі.
Агонь ня згасьне вострых словаў;
Іх беларусам не забыць,
Пакуль наш край існуе ў сьвеце,
Пакуль наш люд тут будзе жыць!
Ты гумарам, сатырай ёмкай
Людзей палепшыць цёнгля дбаў;
З каханьнем шчырым к чалавеку
Яго заганы маляваў.
Жыцьцё зьвяроў і розных птушак
Любіў ты шчыра, як дзіця, —
І з-пад пяра твайго паўсталі
На сьвет малюнкі іх жыцьця.
Твайго імя нам не забыцца
У доўгім шэрагу вякоў.
Прымі-ж хвалу, пісьменьнік слаўны,
Краіны роднае сыноў!