Заранкі (1924)/Песьняром жальбы

Васкрос край… Песьняром жальбы
Верш
Аўтар: Янка Журба
1924 год
Годзе плакаць!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯРОМ ЖАЛЬБЫ

Гэй, жальбы песьняры,
Годзе ўжо сумаваць
Калі-ж будзе вам час
Весялей засьпяваць?!

Гэй, выходзьце, сябры,
Вы у поле хутчэй,
Палюбуйцесь красой
Беларусі сваей!

Вы зірнеце наўкол:
Скрозь аздоба зіхціць;
Птушак песьні ўгары —
Аж паветра дрыжыць.

Вунь стаіць ля кустоў
Старасьвецкі курган;
А наўкола яго —
Рознакветны дыван.

Вунь працоўнік арэ
Скібы чорнай ральлі
І хапае грудзьмі
Пах ад сьвежай зямлі.

Вунь лясок за гарой.
Колькі дзіўных там чар!
Як прынадна заве
Зеляніны гушчар!

Там вазёрка блішчыць
У кустох лазьняка,
А там срэбрам бруіць
У нізіне рака…

Ужо золак зазьяў
І над нашай зямлёй;
У краю сонца ўзышло
З залатой яснатой!

Сваю долю наш люд
Адшукаў ў барацьбе.
Жыцьцё новае ўжо
Ён будуе сабе…

Дык-жа кіньце, сябры,
Сумаваць, гараваць!
Ці ня час ужо вам
Весялей засьпяваць?!