Зара Хрысьціянства

Зара Хрысьціянства
Артыкул
Аўтар: Аляксандр Коўш
1928 год
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 157

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Была зіма, зіма поўдня — з дрэвамі без лісця і пладоў, з частымі дажджамі, з свісцячым ветрам, з начамі халоднымі і жудаснымі.

Па гарадох Іудзеі кіпела жыццё, — бо рымскі імператар Цэзар Аўгуст даў загад перапісаць усе падуладныя яму народы, і ўсе павінны былі ісці запісацца ў свой родны горад.

Падпарадкуючыся гэтаму загаду, пайшоў з Назарэта ў Віфлеем і стары сталяр Язэп з абручанай яму Дзевай Марыяй, быўшай не празнай. Яны былі вельмі бедныя і не маглі за грошы купіць сабе той прытулак, які багатыя знаходзілі сабе нават у самых перапоўненых гатэлях.

Змораныя доўгай трохдзённай падарожжай па горных шляхох, святыя падарожнікі падыходзяць то да аднаго, то да другога дома, просячы пусціць іх на ноч. Яны абышлі ўсе вузкія і брудныя вуліцы Віфлеема, але ніхто не злітаваўся над беднымі падарожнымі.

Пахадзіўшы дарэмна ў цемнаце і холадзе па віфлеемскіх вуліцах, яны ўрэшце апынуліся за местам, знайшлі пустую пяшчэру, у якую пастухі падчас непагоды заганялі быдла. І зайшлі яны ў хлеў, дзе было хаця ж трошкі зацішней ад ветру, дажджу і дзе не адчувалася начная сцюжа.

І тут у гэтым хляве адбылося вялікае здарэнне: на горбачцы саломы быў паложаны, радзіўшыся ў плоці, Цар Віфлеемскі, тут знайшоў сабе месца Той, хто прыйшоў дзеля таго, каб сваёй кроўю спасці род чалавечы.

Якое страшное паніжэнне перацярпеў Бажэсцвенны Спасіцель ужо пры самым нараджэнні Сваім! Ужо пры нараджэнні Яго збыліся словы Святога Пісання: «Во своя прииде и свои Его не прияша». Людзі не далі яму нават і столькі месца, каб прытуліць галаву. Дзіцятка Ісус ляжыць у пяшчэры, у жалабу, а з людзей нават ніхто і не думае аб тым, што здарылася на зямлі, ніхто не думае, што Бог зышоў з неба на зямлю, што Слова стала Целам.

У гэтую цудоўную, у гэтую святую ноч недалёка ад пяшчэры Спасіцеля толькі пастухі не спалі, яны пільнавалі статкі і, разлажыўшы вогнішча, грэліся каля дыміўшыхся трашчучых сукоў. Яны не спалі па сваім абавязку ў гэтых гадзінах, у той час, як спаў Віфлеем, спаў Іерусалім, спала ўся Іерусалімская зямля; спала ўсё чалавецтва, увесь свет быў ахоплены сном, — не ведаючы, што ў гэтую часіну адбываецца пералом ва ўсім чалавечым жыцці, у лёсе былых, сучасных і будучых людзей.

Пакуль што апрача Дзевы Марыі, старога Язэпа толькі некалькі ласкавых пар вачэй кароў ды валоў бачылі святое Дзіця.

Пастухі пільнавалі статкі. Сукі трашчалі, гарэлі і дымілі, і неяк цішэй гучала звычайная гутарка гэтых людзей, — часцей перарываліся галасы, цяжэй з вуснаў выходзілі словы. Хацелася маўчаць, бо нешта невыразнае, нешта надзвычайнае, незразумелае спавівала зямлю.

Нейкае шчасце, даўно, пяць з паловаю тысяч гадоў згубленае шчасце, сходзіла з неба да сэрцаў людзей і перадусім да гэтых простых пастухоў, якія паслі статкі каля гэтае пяшчэры з жолабам.

Цемень начная прайшла. Паміж небам і зямлёй ужо блізкаблізка каля іх гарэла, пералівалася, сіяла, трапятала цудоўная зорка. Нешта новае, цудоўнае ўлівалася ў іх душы, сэрцы біліся, вочы разгараліся. Ніколі ў іх жыцці не было падобнае хвіліны.

Яны маўчалі — маўчалі... І раптам перад імі з’явіўся ангел у сіяючым свеце і сказаў: «Не бойцеся. Я прынёс радасную вестку ўсім людзям. У месце Віфлееме радзіўся Спасіцель — Хрыстос. Ідзіце паглядзіце. Ён у пелянах ляжыць у жолабе».

І паплыла ангельская песня. Гэта была песня, якой чакалі і не дачакаліся ўсе дагэтуль жыўшыя і цярпеўшыя пакаленні. Гэта была песня прабачэння і згоды, абяцаючая вечнае шчасце. Тут не было водгуку таго, што паліла і мучыла людзей, успамінаў згубленага шчасця, жалю, раскаяння граху. Тут было адно неабмежаванае шчасце.

Гукі калыхаліся паміж небам і зямлёю. Самае неба расчынілася, — зоры ў тым месцы рассунуліся па абодвух баках, і паліліся тонкія залатыя струі да статка і пастухоў, і ў гэтых струях, як жывыя ўсходы ад Віфлеема і да неба відны былі ангелы; гэта іх вусны пяялі песню згоды, пяялі і паўтаралі ўсе адныя словы: «Слава в вышних Богу и на земли мир, в человецех благоволение».

Але людзі... людзі ўсе спалі.

Над пяшчэрай сіяў цудоўны свет — людзі спалі і не бачылі яго.

Зышоў з неба ў надзвычайным адзенні ангел — людзі спалі і не бачылі яго.

Неба расчынілася, ноч заблішчэла надзвычайным светам — людзі спалі і не бачылі гэтага.

Паплыла цудоўная ангельская песня — людзі спалі і не чулі яе. Іх не цікавіць, што з’явіўся нябесны Пастыр, каб вызваліць іх.

Так было даўно — 19¼ стагоддзяў таму назад. А цяпер?.. Ці ж мала такіх і сярод нас, душы якіх знаходзяцца ў каменным сне?

Ці ж мала такіх, якія амаль не думаюць аб Хрысце і зусім да яго не прывязаны?

У іх іншыя прывязанасці, іншыя думкі, іншыя клопаты, іншыя радасці, іншы бог і спасіцель.

Дзіцятка Ісус ляжыць у жолабе. Людзі адпіхнулі Яго ад сябе. Гэтаму Дзіцяці належыць увесь свет, належыць усё, што ёсць у свеце і чым свет уладае. А між іншым Дзіцятка Ісус ляжыць у жолабе. У Віфлееме не знайшлося ў хаце месца для святога Дзіцяці, людзі адпіхнулі Яго ад сябе.

І як было ўперад, так і цяпер.

Як часта Гасподзь хоча ўвайсці ў чалавечае сэрца, якое з’яўляецца Яго свяшчэннай уласнасцю, якое Ён стварыў і адкупіў коштам Свае святое крыві. Як часта Ён хоча ўвайсці і застацца ў ім.

Гасподзь стаіць каля дзвярэй гордага і кажа: «Сыне, дай мне сваё сэрца!» Але Яму адказваюць: «Няма месца, бо яно занята скупасцю». Каля дзвярэй эгаіста, п’яніцы, распусніка, зладзея, душагубца і г. д. і г. д. — і ўсё атрымлівае адзін адказ: «Месца занята».

І як у тую халодную, непагодную ноч Гасподзь быў пакінены, так і цяпер шмат хто з нас адпіхае Яго ад сябе. Няма месца Госпаду ў нашай душы, — яна ўся занята парокамі, страсцьмі, злосцю, нянавісцю і рознаю іншаю подласцю.

Але гэта яшчэ не ўсё. Ёсць людзі, якія для свайго няшчасця і ў ганьбу для нас радзіліся і застаюцца ў хрысціянстве, але здзекуюцца з Хрыста, не прызнаюць Яго як Найвышэйшага Тварца.

Усе стыхіі сведчылі, што прыйшоў Стварыцель іх, Яго пры- знала Богам неба, бо зараз па нараджэнні Яго паслала зорку. Яго прызнала мора, бо зрабілася цвёрдым пад нагамі Яго. Яго прызнала зямля, бо задрыжэла падчас смерці Яго. Яго прызнала сонца, бо схавала свае праменні ў хвіліну смерці Яго.

Яго прызнала пекла, бо звольніла па смерці Хрыста знаходзячыхся ў ім нябожчыкаў.

Усе стыхіі разам з ангеламі, усхваляючы нованароджанага Ісуса, пяялі, што Ён — Бог.

Але вернемся зноў да тае памятнае ночы.

Ангельская песня сціхла і спынілася, як усё на зямлі, адбываючаеся ў часе. І сказалі пастухі друг да дружкі: «Пайдзем у Віфлеем і паглядзім, што там здарылася». І знайшлі яны там у жолабе ляжачае Дзіцятка і расказалі Дзеве Марыі ўсё, што бачылі і чулі.

Водгук жа тае песні гучаў у іх душах доўга-доўга, аж пакуль яны самі не перайшлі ў новы свет жыцця. А ангелы ў тую ноч ужо не калыхаліся больш усходамі ад Віфлеемскага поля да неба.

Толькі Дзіця адно засталося з грэшнымі.