Заручыны Паўлінкі (1921)
Заручыны Паўлінкі П’еса Аўтар: Францішак Аляхновіч 1921 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Заручыны Паўлінкі. |
ФРАНЦІШК АЛЯХНОВІЧ
Ахвярую Купале.
ЗАРУЧЫНЫ ПАЎЛІНКІ
пьеса ў I акце з песьнямі і скокамі
Адбітка з «Беларускага Звону».
Вільня 1921 г. Друкарня «ДРУК», Субоч, 2.
АСОБЫ:
Сьцяпан Крыніцкі, засьцянковы шляхціц, 45 г.
Альжбета, яго жонка, 40 г.
Паўлінка, дачка Крыніцкіх, 19 г.
Пранцісь Пустарэвіч, сваяк Крыніцкіх, 50 г.
Агата, яго жонка, 43 г.
Якім Сарока, вучыцель, 25 г.
Адэлька, прыяцялька Паўлінкі, 20 г.
- Госьці, музыкі.
ЗАРУЧЫНЫ ПАЎЛІНКІ
пьеска у I акце з песьнямі і скокамі.
Сцэна наладжана гэтак сама, які і у "Паўлінцы" Купалы, значыцца: абшырная сьвятліца з дзьвярмі галоунымі і у бакоўку. Вокны выходзяць у сад. На сцэне стол, лавы, табурэцікі, куфар.
На сьценах абразы.
Дзеецца усе у апошнія гады перад вайной.
Зьява 1
Паўлінка і Альжбета.
ПАУЛІНКА (сядзіць адна задумаўшыся ля вакна і глядзіць уперад).
АЛЬЖБЕТА (уваходзіць). Паўлінка! Што-ж ты тут сядзіш, вочы вытарашчыўшы, як сава! Вось лепш ідзі, памажы мне. - работы шмат...
ПАУЛІНКА. Ах, мамка! не чапайце мяне! Не ў галаве мне цяпер работа!
АЛЬЖБЕТА. А што-ж у цябе ў галаве?-Якім Сарока?..-Эх, Паўлінка! лепш выкінь яго з галавы! Калі яго пасадзілі ў вастрог, дык ужо хутка з іхніх кіпцяў ня выкарабскаецца. Папасьці туды лёгка, а вырвацца трудна.
ПАУЛІНКА. Ах, мамка! ён-жа нічога благога не зрабіў. Ён толькі хацеў дабра для народу!
АЛЬЖБЕТА. Э, нешта мусіць гэткае было, за што трэ' было пасадзіць у турму. Без агня дыму не бывае. Кожны з іх гэтак кажа, што хоча дабра для народу, а тут-бач-адны кажуць, што намаўляў, каб паноў выганяць, а іншые - што кажа бяз шлюбу трэба жыць! Як-жаж так: бяз шлюбу або без паноў жыць?! Гэта неяк не палюдзку.
ПАУЛІНКА. Значыць, па вашаму, мамка. пан Быкоўскі разумнейшы і лепшы за Якіма, калі хацелі мяне замуж за яго аддаць?
АЛЬЖБЕТА. Дык не!.. Ведама-ж, што пан Быкоўскі нейкі без аднэй клепкі - брахун ды ашуканец. Нагаварыў тут, нахваліўся, а ўва ўсей гэтай гутарцы, як кажуць, зярняці праўды не было... Я дык адразу спазнала, які ён чалавек, але вось бацька ўпёрся: хоча, кажа, мець зяця шляхоцкага роду. Хоць ты кол яму на галаве цяшы, нічога не памагала, покуль вось не здарылася гэтая авантура з тваімі клумкамі... Але кажы-ж, калі ласка, як-жа ён усё гэта выцягнуў з хаты? Гдзе-ж ты была? Няўжо-ж ня бачыла?
ПАУЛІНКА (засароміўшыся). Эх, мамка, не пытайцеся!
АЛЬЖБЕТА. Чаму-ж не пытацца?.. (дагадліва, дабрадушна). А, хітрая ты дзяўчына! Ты мусіць зумысьля нешта гэтак наладзіла, каб абсьмяшыць пана Быкоўскага і раззлаваць бацьку на яго... Ну, нічога! Са мной не рабі сакрэтаў. Я-ж твая маці, а ты адна ў мяне дачушка. Зла я для цябе не жадаю... Воля Боска, ўсё добра будзе... Ня сумуй!.. (выходзіць).
Зьява 2.
ПАУЛІНКА (адна). Ах, Божа! Сэрцэйка так баліць, моў выскачыць з грудзей хоча і ляцець да таго, каго гэтак узьлюбіла!.. Але як яму памагчы? што зрабіць? Можа гэтыя зьвяры майго Якімку і ўзапраўды пасадзілі ў вастрог на вечныя часы і прападзе ён там марна! (Прыкладае рукі да грудзей). Ах, сэрца мае! сьцішся! Ня бейся у грудзёх, як птушка зачыняная ў клетцы.
(Пяе):
Супакойся, сэрцэйка, не дрыжы!
Няўжо-ж з грудзей вырвацца хочаш ты?
Не пара цяперака сьлёзы ліць
Ды ў бязсільнай роспачы ўсьцяж тужыць?
Я хацела-б міламу памагчы,
Вызваліць з ягонай тэй бяды.
Ах, дарма ўсё думку думаю,
Нічагусенькі не прыдумаю.
Краты там жалезныя у турме
Не ўзламае мілы мой, мусіць, не
Навакол высокія там муры
Пахавалі мілага без пары.
Раданькі ніякае, ах, няма,
Я бязьсільна дзеўчына, я — адна.
Дык-жа сьцішся, сэрцэйка у грудзёх,
Хай з мяне апошні ўжо выйдзе ўздох.
Зьява 3.
Паўлінка і Адэлька.
АДЭЛЬКА (убягае). Паўлінка! Каб ты ведала, якую я вестку прынясла!.. (Паўлінка сумна глядзіць на Адэльку і нічога ня кажа). Ну ня сумуй! — Якім пісаў! ПАУЛІНКА (ажыўляючыся). Якім пісаў!
АДЭЛЬКА. Але. Праз вакно выкінуў пісульку. Хлопцы знайшлі і прынесьлі.
ПАУЛІНКА. Ну што, што ён піша? Значыцца жыў яшчэ?.
АДЭЛЬКА. Ну чаго яму паміраць!.. Піша перш-на-перш што ў яго ў хаце зрабілі вобыск: перагледзілі ўсе паперкі і ўсе кніжкі. А на кожнай кніжцы было надрукована «дазволена цанзураю». Бо, бачыш, калі на кніжцы няма гэтага «дазволена», дык кніжка благая, а калі ёсьць — дык добрая. Ператрасьлі ўсё, навет у падушках ды пад ложкам шукалі, а без «дазволена» не знайшлі... А пасадзілі яго, кажа, для страху, каб значыць памягчэў і сказаў усю праўду, — а сягоньня, кажа, выпусьцяць яго ўжо на волю.
ПАУЛІНКА (радасна). О, Божанька ты мой! Сягоньня мой Якімка будзе вольны! (цалуе Адэльку). Адэльцянька! Дзякую табе за гэту вестку!.. Але гдзе-ж, у каго-ж гэтая пісулька?
АДЭЛЬКА. У майго брата Цыпрука. Тамака сабраліся хлопцы і чыталі.
ПАУЛІНКА. Пойдзем да яго! Пойдзем хутчэй - я сама хачу яшчэ прачытаць!
АДЭЛЬКА. Пойдзем, Паўлінка! (Абедзьве хутка выбягаюць з хаты)
Зьява 4.
СЬЦЯПАН (уваходзіць з бакоўкі). Гэта, каханенькі-родненькі, можна сказаць дзьве дзюркі ў носе і скончылося… Вось гад які! Каровы, кажа, па сто рублёў, за каня, кажа, тры сотні даў, авечкі маю, кажа… Усё, кажа, маю: і лес маю, і сенажаць маю, жыта, кажа, нажаў коп дзьвесьце, аўса, кажа, таксама дзьвесьце, — а ў начы ў суседзяў клумкі з каморы выцягвае!.. Ух, паганец, каханенькі! Ну, калі ён яшчэ раз пападзе мне пад руку, дык ён тут гэткага манчыза затанцуе, што ня рад будзе, што радзіўся на сьвет Божы!
(Сядае і курыць люльку).
Праўда, што чалавек ён ня просты: у чорным сурдуце ходзіць і на ўсе штукі майстар — і да танца, і да ражанца, як той казаў — ну, ведама, адным словам, чалавек шляхоцкага роду. Але што-ж з гэтага, калі ашуканец і злодзей, каханенькі-родненькі!
Зьява 5.
Сьцяпан і Альжбета.
АЛЬЖБЕТА (уваходзіць). Паўлінка!.. Гдзе-ж Паўлінка! Мусіць пайшла кароў падаіць. (Пабачыўшы Сьцяпана, затрымалася, злажыла рукі на грудзёх і глядзіць на яго).
СЬЦЯПАН (зірнуўшы на жонку, апускае вочы, бо сароміцца, і царапае пальцам у люльцы быццам папраўляючы тытун).
АЛЬЖБЕТА. Ах ты, мядзьведзь дурны! Захацелася яму зяця (перадражнівае) «шляхоцкага заводу, з усякой дэлікатнасьцяй і ўсё такое»... Вось маеш цяпер «усё такое!». Нарабіў сораму ня толькі роднай дачцы, а і сваім сівым валасом... Вось! вось! царапай цяпер кіпцям у люльцы, бо, ведама, сорамна пасьля ўсяго гэтага глянуць людзём у вочы.
СЬЦЯПАН. Дык ты, баба, не мялі языком, каханенькая, родненькая! Языком дзела не паправіш, а толькі горэй зробіш. Язык ня цэп: няхай ціханька сядзіць за зубамі і дарэмна не балтаецца.
АЛЬЖБЕТА. Дык-жаж ня мы адны тут былі. Ці-ж ты забыўся, што ўвесь гэты наш сорам бачылі і Пустарэвічы. Ен-жа — Пранцісь Пустарэвіч — і злавіў за вакном у садзе гэтага гіцля, каб яму пуста было! Ім ты ня скажаш трымаць язык за зубамі. Хутка ўся ваколіца будзе ведаць і нельга будзе людзём ад сораму вочы паказаць...
СЬЦЯПАН. Але... Няма што казаць — справа дрэнная...
АЛЬЖБЕТА. Каб ты згодзіўся, дык можна было-б паправіць.
СЬЦЯПАН. Як?.. Ня хачу я бачыць гэтага падлу!.. Я яму тут затанцую такую падзікварту ажно яму падзіспаць захочацца...
АЛЬЖБЕТА. Ды ты аб кім? Я-ж не аб ім.
СЬЦЯПАН. А аб кім?
АЛЬЖБЕТА. Аб Сароцы.
СЬЦЯПАН. Аб Сароцы? Яшчэ ляпей! Добра прыдумала, каханенькая, родненькая! Бобу баба аб’елася ці што? Ен-ж згніе ў турме за свае афішкі ды забастоўкі!
АЛЬЖБЕТА. Кажуць, што хутка ўжо на волю выйдзе.
СЬЦЯПАН. А хай ён прападзе і адчапіся ад маей галавы. Не хачу я навет знацца з гэтакім катаржнікам, хай ён на першай асіне павесіцца!
АЛЬЖБЕТА. Быў жа час, калі ты інакш казаў і навет любіў гэтага мальца.
СЬЦЯПАН. Каб ня гэтыя афішкі ды розныя фармазонскія кніжкі, дык нічога, хлапец быў да рэчы… Але наконта таго, каб аддаць яму Паўлінку, дык і слухаць не хачу! Не для пса кілбаса! Не аддам я сваю дачку за мужыка, хаця ён навет вучоны вучыцель. Усе мы былі шляхоцкага роду і з мужыкамі радні не завадзілі. Бацька мой, сьвяты супакой яго душачцы, Калістрат Крыніцкі, у дамавіне сваей перавернецца, калі даведаецца, што яго ўнучка выйшла замуж за Якіма Сароку, каханенькая родненькая! І больш, каб я аб гэтым сьвінапасе ў сваей хаце ня чуў ніякай гутаркі, бо табе кудлы ўсе вырву, а яму лоб расшэплю! (выходзіць у бакоўку).
Зьява 6.
Альжбета (адна), пасьля Паўлінка.
АЛЬЖБЕТА. Эх, ты гнілая качарэжка! „Адзін лапаць, другі бот, а я шляхціц далібог“… Вось набраўся фанабэрыі — на сьмех людзём дый толькі!
ПАУЛІНКА (убегае). Мамачка! родненькая! Якімка сягоньня будзе ўжо на волі! АЛЬЖБЕТА (паказваючы пальцам на бакоўку, што там ёсьць бацька). Ціха!
ПАУЛІНКА (радасным шоптам). Мамка! Ен пісаў пісульку да брата Адэлькі!.. Але вось бяда: цяпер усе ўжо ведаюць і будуць сьмяюцца з мяне з прычыны здарэньня з гэтым панам Быкоўскім. Як даведаецца аб гэтым Якімка, дык яшчэ падумае, што і ўзапраўды нешта было ў мяне з гэтым зломкам! А гэта ўсё бацька вінаваты! (плача). Каб ня бацька, дык-бы й не было гэтага сораму...
АЛЬЖБЕТА. Супакойся, Паўлінка! Я ўжо тут з ім гутарыла...
ПАУЛІНКА (зацікавіўшыся). Ну, а татка што?
АЛЬЖБЕТА (уздыхнуўшы). Эх, і слухаць ня хоча. Я яго і так, і сяк... Не, кажа, і не! Я яму лоб, кажа, гаду расшэплю — вось! Але нічога, дзетанька, трэба пацярпець, пачакаць, мо’ бацька і адпусьціцца.
ПАУЛІНКА. Мамка! Трэці год мы кахаемся, трэці год мы чакаем тэй часіны, калі татка адпусьціцца і хіба ўжо гэтак усё жыцьцё перэчакаем!.. Калі татка ня згодзіцца, дык я даўжэй ужо чакаць ня буду: уцяку з роднай хаты без таткаўскага багаславенства, хай будзе як будзе!
АЛЬЖБЕТА. Што ты! што ты! Як жаж гэтак без багаславенства! Бог шчасьця не пашле. ПАУЛІНКА. А гэтак шчасьце? Чакаць таткаўскай згоды, а бачыць толькі таткаўскія фанабэрыі? Тужыць за мілым, а скакаць нейкія выкрутася з панам Быкоўскім? Я ўцяку, далібог, уцяку, а калі ня ўцяку, дык павешуся! (плача).
АЛЬЖБЕТА. Ну, ціха, дзетанька, ня плач, Бог дасьць усё добра будзе, бацька адпусьціцца, ня плач. Вось пачакай, я пайду яшчэ з ім пагутару. (выходзіць са сьлязой на вачох у бакоўку).
Зьява 7.
ПАУЛІНКА (пяе).Год трэці ўжо дарэмна, ах,
Чакаем шчасьця мы свайго,
Душу няраз агорне страх:
Ці дачакаемся яго.
А татка упіраецца,
Каб за Якіма я ішла,
Бо хоча зяця паніча, —
Во чыста далібог бяда!
Далей так жыць ня маю сіл,
Ня маю сіл зцішыць тугу, —
Пайду за тым, хто мне так міл
І з роднай хаты уцяку.
Зьява 8.
Паўлінка і Якім.
ЯКІМ (пры апошніх словах песьні паяўляецца на парозе. Ен ціха падыходзіць да Паўлінкі і абыймае яе). Вось і я — як тут быў! ПАУЛІНКА (спалохалася). Ах, як напалохаў!
ЯКІМ. Выбачай, золатца, што я ўвайшоў так ціха і падслухаў тваю песьню.
Выбачай, і дзякую табе за твае словы каханьня. Я думаў, што можа мая Паўлінка дзеля пана Быкоўскага забылася аб сваім Якімцы, але бачу, што ты для мяне ўсё такая самая, як раней была!..
ПАУЛІНКА. Вось яшчэ чаго! Але ты, значыцца ўжо зусім вольны! калі-ж выпусьцілі?
ЯКІМ. А вось нядаўна. І перш-на-перш я прыбег да свае зязюлькі, каб даведацца, ці любіць мяне так, як раней.
ПАУЛІНКА. Ого, які цікавы! Хутка састарэішся!
ЯКІМ. Цікавы, бо ад гэтай цікавасьці залежыць усё маё жыцьцё, усё маё шчасьце. Цікавы, бо ад твайго каханьня, Паўліначка, прыбывае мне сілы змагацца з жыцьцём і з благімі людзьмі. Бо калі я ведаю, што ты мяне любіш, тады я раблюся дужы, крэпкі, такі, што здаецца ўвесь сьвет-бы выклікаў на барацьбу.
ПАУЛІНКА (туліцца да яго з каханьнем). Якімка мой!.. А ці гэты поп, аб каторым ты казаў, што прыедзе ў Міхалішкі, яшчэ назад не паехаў?
ЯКІМ. Не яшчэ, не паехаў… Але я цяпер думаю інакш зрабіць. Ня будзем ужо шыта-скрыта шлюб браць, а раней паспытаемся дабіцца згоды бацькоў тваіх. Я цяпер бачу, што раней бацька твой меў на мэце пана Быкоўскага, але цяпер, калі ўжо гэта кончылася, можа і Якім Сарока будзе да спадобы. Ды апроч таго ў сэрцы маім гэтулькі каханьня, у душы гэтулькі радасьці і надзеі, што як толькі пабачу яго, дык, здаецца, адразу пераканаю. Ды няўжож татка твой камень, а не чалавек! Няўжож ён ня ўцяміць таго, што толькі там шчасьце, дзе ёсьць каханьне, а хто-ж будзе мацней кахаць цябе, чымсь я?
ПАУЛІНКА. Мамка ўжо перайшла на наш бок і стараецца ўгаманіць татку.
ЯКІМ. Ну, вось бачыш, зязюлечка! мамка ўжо за нас. Я веру, што і бацька хутка зьмягчэе! Ну, а калі не, дык тады пойдзем ужо да шлюбу насупроць яго волі. Калі ён шчасьця даць нам ні хоча, самі сабе яго здабудзем і зробім так, як учора абмазгавалі. Добра, Паўліначка? ты згодна?
ПАУЛІНКА. Добра
ЯКІМ. О, мая ты харошая, добрая, залаценькая!.. (цалуюцца).
Зьява 9.
Тыя-ж і Сьцяпан з Альжбетай.
СЬЦЯПАН (уваходзіць з бакоўкі, за ім Альжбета). А гэта што, каханенкі-родненькі! Хочаш мусі, каб я цябе кіём па патыліцы змазаў, гіцэль ты гэтакі каханенькі! Хто пазволіў табе пераступіць парог маей хаты дый яшчэ тут цалавацца з Паўлінкай! Вон з мае хаты і каб духу твайго тут не было!
ЯКІМ. Паслухайце толькі мяне, пане Сьцяпане!..
СЬЦЯПАН. Вон! — і чуць цябе не хачу, каханенькі родненькі, падла ты гэтакі!..
ЯКІМ. Адзін, апошні раз паслухайце толькі мяне — і даю вам слова, што больш ніколі не пераступлю парогу вашай хаты.
СЬЦЯПАН. Вон, кажу табе, пакуль я добры!
АЛЬЖБЕТА (супакайвае мужа, цягне яго да лавы і содзіць). Паслухай-жа чалавека, калі хоча табе сказаць нешта…
ЯКІМ. Пане Сьцяпане! Крыўду вялікую мне робіце, паночку! Я вам зла ніколі ніякага не зрабіў…
СЬЦЯПАН (бармоча з іроніяй пад нос). Зла ніякага не зрабіў!.. Гм…
ЯКІМ. Але! Ніякага вам зла не зрабіў, — наадварот, заўсёды паважаў вас і любіў, як роднага бацьку. Любіў вас дзеля таго, што палюбіў вашу дачку ўсей душой, так як ніколі яшчэ не любіў і нікога ўжо больш так любіць ня буду… Паўліна таксама любіць мяне…
СЬЦЯПАН. Пабачым! Я ей гэтае каханьне выбью з галавы!..
ЯКІМ. Але! любіць мяне, бо сама мне гэта казала. А ці ёсьць на сьвеце вялікшае шчасьце, як каханьне, як згоднае жыцьцё двох істот, якія, палюбіўшыся, будуць у радасьці жыць разам да самай сьмерці. Вы хочаце адабраць ад нас гэтае шчасьце, вы сваей бязлітаснасьцю хочаце разьбіць на век нашы сэрцы. Пане Крыніцкі! Ня шукайце чорнага сурдуту ды белай косткі ды блакітнай крыві! Пад шэрай сьвіткай ня раз бьецца лепшае сэрца, як пад модным сурдутам, а чырвоная кроў ляпей сагрэвае нашы напруджаныя работай жылы, чымсь блакітная. Вы кажаце, пане Сьцяпане, што вы шляхціц, а я - мужык... Паночку! Але якая ўзапраўды між намі рожніца? Што ў вашых паперах напісана іншае, а ў маіх інакшае? Але не ў паперцы справа!.. Няўжож я ня гэтакі самы сын свае бацькаўшчыны Беларусі, які і вы? Няўжож мы рожнімся мовай, ці сэрцам сваім, ці сваім каханьнем? Вы любіце свой родны загон, на каторым узрасьлі і каторы потам сваім аблівалі і я гэтак сама свой родны загончык люблю.. Калі выйдзеце вясной у поле, вам міла ласкоча сэрца песьня жаўранка, які трапечацца ў вышыні нябеснай над вашай галавой, - так сама і маё сэрца цешыцца з прыходу вясны. Ваша моладасьць ўжо прайшла, але вы зразумейце нас маладых! Наша любоў - гэта як тая песьня жаўранка ў веснавы час - гэта першы ўздох збудзіўшыхся сэрцаў нашых. Вы ня можаце ўзяць стрэльбу і ўбіць жаваранка, што пяе песьню вясны, дык як-жаж вы можаце ўбіць тое, што ў нас цяпер ёсьць найдаражэйшае, найпрыгажэйшае - нашу любоў? Не! вы гэтага ня зробіце, пане Сьцяпане! Вы гналі мяне вон з хаты, але вы гэтага ня зробіце - і вось з гэтай верай я цяпер стаю перад вамі. Я не хацеў-бы тайком без вашага багаславенства ажаніцца з Паўлінкай, бо веру, што ў вашых грудзёх не цьвёрды камень, а жывое бьецца бацькаўскае сэрца. І вось (бярэ Паўлінку за руку і становіцца на калены) цяпер я стаю перад вамі ўкленчыўшы і чакаю, каб ваша рука багаславіла нас. АЛЬЖБЕТА (выціраючы сьлёзы, да Сьцяпана). Ну дык-жа багаславі! чаго чакаеш?
СЬЦЯПАН (таксама выціраючы вочы). Чакай, мне нешта на вусы з вока капае. (падыходзіць да маладых). Ну дзьве дзюркі ў носе.
ЯКІМ. ...І скончылося, пане Сьцяпана, - і багаславеце ўжо!
СЬЦЯПАН. Ну, няхай вас Бог багаслаўляе так, як я вас багаслаўляю, і нашле вам шчасьце, каханенькія-родненькія... (цалуе ў галаву Якіма і Паўлінку).
ЯКІМ. Вось, бачыш, Паўлінка! Відаць, што хаця ты родная дачушка, а я лепш за цябе ведаю твайго татку. Я казаў, што адпусьціцца - вось і адпусьціўся!
СЬЦЯПАН. Бо-ж ты, каханенькі-родненькі, гаворыш, як поп у царкве, або адвакат якійсь.
Зьява 10.
Тыя-ж і Пранцісь з Агатай.
ПРАНЦІСЬ (убегае; за ім Агата). Глупства, пане добрудзею, глупства... Знайшлася, сват! У саломе на калёсах знайшлася!..
СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА. Хто знайшоўся?
ПРАНЦІСЬ. Шапка мая знайшлася. Я думаў, што яе сьвіснуў гэты ваш Адольф Быкоўскі, а яна вось-цо-да ў салому шэльма закапалася, пане добрудзею...
СЬЦЯПАН. Чаму-ж гэта, сват, кажаш: "ваш" Адольф Быкоўскі? Такі ён наш, які і ваш каханенькі-родненькі, каб яго трасца змурдавала!
ПРАНЦІСЬ. Глупства, пане добрудзею... вось-цо-да. Не да маей ён дачкі падлабуніваўся, але да тваей.
АГАТА. Дык ты-ж, трухлявая калода, не аб тым пачаў... То ён аб шапцы, то ён тудэма-сюдэма, а самае важнае забыўся: пана Быкоўскага арыштавалі!
УСЕ (зьдзіўленые). А!.. За што?!
АГАТА. Кажуць, што падпісваў нейкі вэксаль і, памыліўшыся, тудэма-сюдэма, замест свайго прозьвішча чужое падпісаў.
СЬЦЯПАН. А! бач яго! такі разумны здаваўся, а вось як памыліўся, каханенькі-родненькі!
АЛЬЖБЕТА. І за гэтакую памылку чалавека арыштавалі!.. Вось за якое глупства цяпер можна папасьці ў вастрог.
ПРАНЦІСЬ. Але, свацейка, глупства, пане добрудзею... Вы не маркоцьцеся. Спраўнік казаў, што яго хутка выпусьцяць.
СЬЦЯПАН. А хто-б аб ім маркоціўся! Хай ён згіне-прападае гэтая падзікварта праклятая! І не ўспамінай больш аб ім, сват, бо злавацца буду, каханенькі!
ПРАНЦІСЬ. А, добра што ўспомніў!.. Есьць кварта, пане добрудзею! (выцягвае з-за пазухі бутэльку). Ну, трымайся, сват! (пье і дае Сьцяпану). Свацейка, хадзі й ты да кумпаніі, выпьем хаўтурнага па пану Быкоўскім. (Паўзіраецца па хаце і раптам пабачыў Якіма да Паўлінку). А!!! а гэты… гэты як-жа, пане добрудзею, сюды папаў?
СЬЦЯПАН (крыху засароміўшыся, ня ведае што адказаць). Ён… бачыш, каханенькі-родненькі, таго… знакам тым…
АЛЬЖБЕТА. Якім Сарока вось пасватаўся за нашу Паўлінку.
ПРАНЦІСЬ. А вось-цо-да, пане добрудзею… Калі так, дык трэба, сват, рабіць запоіны!.. А покуль што… (да жонкі) гэй, баба! цягні з возу яшчэ пляшку, там у мяне ў саломе пад сядзеньнем зарыта.
АГАТА. А табе, ты мачыляпа пракляты, каб толькі была аказія напіцца, тудэма-сюдэма! (выходзе).
ПРАНЦІСЬ. Глупства, глупства, пане добрудзею, вось-цо-да! А цяпер трэба выпіць за здароўе маладых. Ці смутак, ці радасьць — гарэлка ніколі не зашкодзіць!.. Ну, дык каб ім добра жылося і… вось-цо-да! (пье).
АГАТА (уваходзіць з бутэлькай; да Сьцяпана). А народу-ж, сваток, сабралося шмат каля тваей хаты — з усей ваколіцы… Пытаюцца, ці праўда, што Якім пасватаўся за Паўлінку. Ня важацца зайсьці… Вось гляньце праз вакно!
СЬЦЯПАН. Альжбета! Кліч усіх у хату… (падыходзіць да вакна). Хадзеце-ж, хлопцы, чаго да вакна прыклаліся, хадзеце ў хату!
АЛЬЖБЕТА (пры дзьвярох). Хадзеце, родненькія, да нас! паскакаем ды пасьпяваем крыху.
Зьява 11.
Тыя-ж і хлопцы ды дзяўчаты (уваходзяць).
ЯКІМ (да Паўлінкі). Я чуў, што ўчора, Паўлінка, ты скакала тут лявоніху з панам Быкоўскім, а цяпер пойдзем са мной. Манчыза я ня ўмею, а родную лявоніху патраплю ня горш за іншых. (Да музыкаў). Гэй музыкі! Грайце лявоніху!
(пяе):
Вось, Паўлінка, ты цяпер ужо мая,
Скончылася наша гора і бяда.
У каханьні перашкод ужо няма,
Багаславіла нас бацькаўска рука.
За нікога з іншых замуж не пайду,
Бо хлапца аднога толькі я люблю.
А хлапец той, маладзец той, мой Якім,
Я шчасьліва буду толькі з адным ім.
Глупства, пане добрудзею, вось-цо-да!
Мне гарэлка лепш смакуе чымсь вада.
Як гарэліцы пацягнеш добры цмок,
Дык бяры пад паху бабу дый у скок.
Ах, тудэма-ты-сюдэма-пьяніца,
Табе толькі ў галаве гарэліца.
То кабылу, то ён шапку загубіў,
Бач, каб жонку ўласну зчасам не прапіў!
(Скачуць лявоніху)
Заслона.
Менск. 1921 г.